Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Абжыванне "ТэАрта" (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 27.10.2012)

Абжыванне "ТэАрта" (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 27.10.2012)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

АБЖЫВАННЕ "ТЭАРТА"

Пункт апоры ці адрыву: у пошуках мяжы дапушчальнага

"ТэАрт" — гэта ўжо брэнд. І вельмі раскручаны. Не толькі таму, што такая гучная і папраўдзе "гаваркая" назва дадзена Міжнароднаму форуму тэатральнага мастацтва, які меў добрага папярэдніка — "Тэатральны тыдзень…" з адным з вядучых банкаў краіны. Сваю славу "ТэАрт" напрацаваў і тымі спектаклямі ды калектывамі, якія яго арганізатары ўключаюць у праграму, і самім правядзеннем фестывалю, адметнай арганізацыяй, дзе ўсё працуе як гадзіннік.

Яны — незразумелыя?

У тым, што "ТэАрт" патрэбны як глыток свежага паветра, няма, здаецца, сумневу. Бо бачыць на свае вочы, што робіцца ў суседзяў і ў свеце, заўсёды вельмі важна: як-ніяк, 14 спектакляў 11-і тэатраў з 8-і краін. Прычым спектакляў не абы-якіх, а самых нашумелых, у тым ліку адзначаных узнагародамі, што дае магчымасць правесці паралелі з нашай Нацыянальнай тэатральнай прэміяй.
Праўда, стаўленне да ўбачанага бывае розным. І часам сярод саміх дзеячаў айчыннага тэатра распаўсюджваецца думка: маўляў, няма чаго вазіць да нас "незразумелыя" спектаклі, разлічаныя на замежную публіку. Сама была сведкай таго, як з некаторых паказаў нашы артысты і, што самае крыўднае, рэжысёры — сыходзілі нават не ў антракце, а пасярод дзеі, "карыстаючыся" тым, што многія спектаклі былі пастаўлены без перапынку.

Але тут ужо пытанні не да арганізатараў. Бо яны, наадварот, рабілі ўсё магчымае, каб форум маглі наведаць не адно тэатралы-аматары, але і спецыялісты — цяперашнія і будучыя. На многіх паказах можна было бачыць, як студэнты Акадэміі мастацтваў ды валанцёры займалі прыступкі, рассаджваліся проста перад сцэнай, стаялі ля сцен — і, да ўсяго, вучыліся. Не толькі на сваіх, але і на чужых поспехах ці памылках.

У гэтым сэнсе ўвесь "ТэАрт" можна назваць вялізным майстрам-класам, дзе максімальна сціралася мяжа паміж жывымі класікамі і тымі, хто толькі гуляе — у класікаў ці нават усё яшчэ… у старамодныя класікі, намаляваныя мелам на асфальце. Былі і творчыя сустрэчы (прычым не толькі ў кулуарах, але і ў навучальных установах, нават у глядзельнай зале пасля спектакля), і майстар-класы.

Арганізатары прадугледзелі ўсё?

Шыкоўны буклет, адметная рэклама. Спраўна працаваў сайт форуму: свежая інфармацыя там з’яўлялася нават не штодзень, а часам і штогадзінна. Ён, можна сказаць, ператварыўся ў дзённік фестывалю, бо ўжо зранку там можна было знайсці і фотарэпартажы з вячэрніх спектакляў, і інтэрв’ю з удзельнікамі. Такую дасканаласць у нас можна назіраць хіба на "Славянскім базары ў Віцебску". Іншыя ж фестывалі, здараецца, не займаюцца абнаўленнем сайтаў па некалькі не тое што месяцаў — гадоў! А іншыя і ўвогуле іх не маюць.

Вынік такой хуткай ды зладжанай арганізацыйнай працы, здзейсненай Цэнтрам візуальных і выканальніцкіх мастацтваў, быў пацверджаны, да ўсяго, "надзвычайным здарэннем", падкінутым будаўнікамі. Рамонтныя работы ў Музычным тэатры, дзе павінны былі адбыцца пяць фестывальных спектакляў, зацягнуліся. І літаральна ў апошні момант кіраўніцтву Цэнтра давялося шукаць новыя пляцоўкі, неяк размяшчаць там публіку, што набыла білеты ў іншую залу, урэшце, папярэджваць уладальнікаў білетаў пра гэтыя пераносы. У такіх умовах ніводны з запланаваных спектакляў не сарваўся, усе гледачы паспелі заняць свае месцы. Бо акрамя абвестак усімі магчымымі і немагчымымі сродкамі, уключаючы сацыяльныя сеткі, ля Музычнага тэатра дзяжурылі валанцёры.

Яшчэ адным выпрабаваннем на добрую арганізацыю стаўся перанос спектакля "Персона. Мэрылін" на заўтра, ды яшчэ на дзённы час: выканаўца галоўнай ролі не паспела даехаць. Але "заўтрашняя" зала была не проста паўнюткай, а — перапоўненай.

Чым не прынада?

Фестываль, да ўсяго, востра паставіў праблему "абжывання" ўсё новых тэатральных памяшканняў. Не толькі такіх, як Палац культуры МАЗа (дзякуючы метро туды можна трапіць даволі хутка), але і такіх, як… "засцэнічная" прастора згаданага ўжо Музычнага тэатра. Спектакль "Персона. Мэрылін" паказваўся са зваротнага боку сцэны, за так званай "жалезнай заслонай". Гледачы змясціліся амфітэатрам, на спецыяльных станках — накшталт тых, на якіх спявае хор. У тэатры ўсё яшчэ не было электрычнасці, але для гэтага праекта арганізатары даставілі перасоўны генератар. Падкрэслю, што ўсе гэтыя "непрыстасаваныя ўмовы" былі закладзены ўжо самой эстэтыкай спектакля, і ён праходзіў менавіта на той пляцоўцы, на якой і павінен быў адбыцца.

Дарэчы, у заходнееўрапейскіх краінах падобныя залы, "змайстраваныя" без усякага рамонту, узнікаюць у закінутых басейнах, былых заводскіх цэхах, шахтах, іншых вытворчых памяшканнях, часта — за горадам… У нас жа падобную "пляцоўку" ўдалося знайсці толькі ў закуліссі Музычнага. Што ж, тэатр мог бы падумаць, як яму выкарыстоўваць свой "эксклюзіў" і на будучыню. Чым, дарэчы, не "прынада" для моладзі і аматараў эксперыментаў?

Фантазію аўтараў ды пастаноўшчыкаў маглі абудзіць і "расштурхаць" не толькі элементы новага для нас сцэнічна-"зальнага" начыння, але і самі спектаклі. Іх жанравая палітра была, як і заўсёды на такіх форумах, неабсяжнай: ажно да балета ды мюзікла. Наўмысна пазбягаючы рэцэнзій на кожны з іх, звернем увагу на пэўныя тэндэнцыі развіцця тэатральнага мастацтва, якія маглі б быць прыдатнымі і для нашых творцаў.

"Адхіленне" — "у капеечку"?

Адна з іх — уменне зрабіць спектакль "з нічога". Можна, канешне, кпіць з таго, што, маўляў, камусьці грошай на духоўнасць не хапае, таму і спектаклі па сваім каштарысе атрымліваюцца таннымі. А можна задумацца пра іншае: як з закладзеных у пастаноўку грошай атрымаць максімальны прыбытак — не толькі эканамічны, але і духоўны. Сярод прывезеных спектакляў хіба італьянскі патрабаваў спецэфектаў, дый "Шэрбургскія парасоны" Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра "Карамболь" уляцелі пастаноўшчыкам "у капеечку". Але на тое ён і мюзікл! У астатніх жа спектаклях акцэнт быў зроблены на пастаянныя тэатральныя пераасэнсаванні-"пераўвасабленні". Там, дзе не схаваешся за багаццем убранства і "цудамі тэхнікі", патрабуецца папраўдзе фантастычная ігра. Ці такая ж рэжысура, якая не толькі "схавае" артыстычныя нястачы, але і вывядзе іх за эстэтычнае крэда, звярнуўшыся, да прыкладу, да эфекту "адхілення". У спектаклі "Нічыя доўжыцца імгненне", прысвечаным тэме яўрэйскага гета, замест выбуху эмоцый нам прапанавалі быццам бы "дыктарскі пераказ", які, тым не менш, выклікаў выбух эмоцый у гледачоў.

У пастаноўцы "На дне" паводле М.Горкага Тэатра Оскараса Каршуноваса, у познаньскім пластычным "Мінус 2", пастаўленым харэографам Охадам Нахарынам, было, наадварот, багата інтэрактыву. Прычым не дзеля адно забавы, а яшчэ і з… выхаваўча-асветніцкімі мэтамі. Першы спектакль вымушаў паставіць сябе на месца герояў, пераасэнсаваць не толькі выразы-лозунгі, шчодра раскіданыя па тэксце і адно за адным вынесеныя на спецыяльнае электроннае табло, але і ўласнае жыццё: што ў ім — галоўнае? Другі — запальваў энергіяй руху, якая ўжо сама па сабе, пазбаўленая звыклага "сюжэту", і ёсць тое самае жыццё.

А ці не натхніла кагосьці з нашых аўтараў крэатыўная "алеаторыка" спектакля "Запалі мой агонь"? Справа не толькі ў тым, што аповед пра заходніх рок-зорак тут сплецены з біяграфіямі саміх акцёраў, ствараючы пастаянныя паралелі, але і ў "мазаічнасці" самой драматургіі: яна быццам складзена з асобных фрагментаў — "імгненняў жыцця", прычым зусім не ў храналагічным парадку. І толькі сам глядач у фінале здольны "сумясціць" карцінку, каб усё "сышлося". Пры такіх "зборна-разборных" канструкцыях спектакль можна штораз рабіць новым, складаючы "кавалкі" ў іншай паслядоўнасці, прапускаючы адны, дадаючы другія. Усё — у залежнасці ад аўдыторыі! А прыём, калі аднаго і таго ж персанажа на працягу спектакля іграюць усё новыя артысты, вымушае гледача адчуць сябе ў эпіцэнтры падзей.

Што ж актуальна?

Сярод самых актуальных этычна-эстэтычных праблем, узнятых форумам, стала таксама мяжа дапушчальнага — і ў стасунках з класікай, і ў сучасным рэпертуары. Арыгінал часам станавіўся нават не "пунктам апоры", а ўсяго толькі "пунктам адрыву" ад літаратурнай крыніцы, як гэта адбылося, да прыкладу, з шэкспіраўскай п’есай "У буру". У спектаклях можна было бачыць і цалкам аголеную натуру, прычым не на адно імгненне, а літаральна пастаянна ("Персона. Мэрылін"), і жартоўныя намёкі на фізіялагічныя патрэбы ("Мёртвыя душы"), і іх натуралістычнае ўвасабленне, ажно да ўпарта-паслядоўнай дэманстрацыі, прабачце, чалавечых экскрэментаў ("Аб канцэпцыіі Ліку Сына Божага"). Але, як ні дзіўна, пачатковы ўнутраны пратэст атрымліваў канцэпцыйнае тлумачэнне: аўтарам усіх гэтых "жахаў" былі патрэбны менавіта такія выразныя сродкі, каб данесці сваю думку. Замест банальнай пошласці атрымліваўся боль — жудасны і невыносны. Так што ўсё апраўдвае (ці не апраўдвае) талент. Старая ісціна? Можа, і так.

А што ж мы, беларусы? Акрамя нацыянальнай прэм’еры "Ладдзі Роспачы" (гл. стар. 9 гэтага нумара "К"), у праграме "ТэАрта" была яшчэ "Амазонія" таго ж рэжысёра, дзе таннасць пастаноўкі, згаданая вышэй, не прывяла, на жаль, да творчага феерверку, нават у рамках асобна акрэсленай "Маладзёжнай праграмы" форуму. Для параўнання "ў нас" і "ў іх" — не самы паказальны, шчыра кажучы, расклад. Хаця і без таго артысты нашага Музычнага тэатра могуць зафіксаваць абсалютную перамогу: у мюзіклах яны спяваюць лепш. А наша мастацкая школа можа дадаткова парадавацца за Зіновія Марголіна: без яго сцэнаграфіі расійская пастаноўка мюзікла папросту "развалілася" б.

З аднаго боку, раўнавагу паміж нашым і замежным, трэба спадзявацца, унясе Нацыянальная тэатральная прэмія дэманстрацыяй вылучаных на яе спектакляў. З іншага ж, няблага было б гэтак жа канцэпцыйна ставіцца і да фарміравання нацыянальнага складніка, тым больш, што вольныя ад праглядаў вечары — былі. А ўключэнне ў фестывальную афішу яшчэ аднаго-двух добрых спектакляў (асабліва, калі яны — сталічныя) не патрабавала б аніякіх капіталаўкладанняў. Затое — стала б дадатковым стымулам для нашых творцаў.

12-276a_th 12-276b_th 12-276c
12-276d 12-276e

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА
Культура. – 2012. – 27 кастр. – С. 7.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: