Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Каханне – і грошы (1987 г., Літаратура і мастацтва)

Каханне – і грошы (1987 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

КАХАННЕ – І ГРОШЫ

Першым з тэатральных калектываў Мінска пачаў новы сезон Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР. Яго летнія гастролі прайшлі ў Смаленску, дзе быў паказаны асноўны рэпертуар тэатра, у тым ліку і нядаўняя прэм'ера – музычная камедыя Я. Глебава "Мільянерка". Пра гэты твор кампазітара, упершыню пастаўлены Маскоўскім дзяржаўным тэатрам аперэты, "ЛіМ" пісаў летась (гл. нумар за 3 кастрычніка 1986 г.). А сёння з чытачамі нашага штотыднёвіка думкамі пра новую, мінскую пастаноўку "Мільянеркі" дзеліцца смаленскі крытык У. Панцялееў.

Смаляне з артыстамі Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі сустрэліся ўпершыню. Увесь ліпень доўжылася наша знаёмства з гэтым таленавітым, своеасаблівым, а таму і цікавым калектывам. У рэпертуары яго поруч з класікай – Ф. Легарам, I. Штраусам, I. Кальманам – быў прадстаўлены шырокі спектр музычных камедый савецкіх кампазітараў, што станоўча адрознівала тэатр ад іншых, ранейшых гастралёраў і, вядома, спрыяла яго поспеху. Тут і "Мільянерка" Я. Глебава, і "Дзяніс Давыдаў" А. Мдзівані, і "Несцерка" Р. Суруса, і "Сірано" С. Пажлакова... Усе яны ішлі пры перапоўненай зале Смаленскага абласнога драматычнага тэатра (а яна налічвае больш чым 800 месцаў).

"Мільянерка" Я. Глебава была паказана тройчы. І штораз – з аншлагам. Поспех камедыі, думаецца, у тым, што аўтару музыкі ўдалося пранікнуць глыбока ва ўнутраны свет персанажаў вядомай п'есы Б. Шоу, даць трапную і запамінальную музычную характарыстыку кожнаму з іх. Вострая дынаміка, уласцівая развіццю дзеяння твораў вялікага англійскага драматурга, неспадзяванасць сітуацый, гумар, – усё гэта атрымала ўвасабленне ў музычнай камедыі большае, на мой погляд, чым было "запраграмавана" ў лібрэта В. Івановай.

Поспех спектакля вызначыла і суладная праца пастановачнай групы (рэжысёры В. Іванова, А. Буцвілоўскі, дырыжор А. Сасноўскі, мастак У. Арэж'еў {Арэф'еў}). Пастаноўшчыкі, кожны сваімі сродкамі, імкнуліся да гранічнага дынамізму, да максімальнага раскрыцця гуманістычнай ідэі спектакля, яго вострасатырычнай сутнасці – выкрыцця духу нажывы, таго, што нявечыць самае святое. 

Выхадная арыя Эпіфаніі (мільянеркі) захоплівае актыўнасцю, імклівасцю. Артыстка Н. Гайда выконвае яе бліскуча. Вакальнае майстэрства, дапоўненае яркай сцэнічнай выразнасцю, дакладнасцю руху, пластыкі спрыяе стварэнню вобраза жанчыны валявой, разумнай, энергічнай і, на першы погляд, дужа распешчанай. Мільёны, якімі яна валодае, робяць Эпіфанію недасяжнай для іншых. І гэтыя вялікія грошы – прычына раздвоенасці яе душы, пастаяннай незадаволенасці.

Як вядома, Эпіфанія – у цэнтры падзей. Усё дзеянне так ці інакш "працуе на тэму" кахання мільянеркі. Дзеянне ж, згодна з рэжысурай, то вынесена на авансцэну, набліжана да гледачоў, што дае магчымасць буйным планам пабачыць кожны персанаж, угледзецца ў пастаноўку, якая вакол яго; то, нібыта рассоўваючы рамкі сцэны, перамяшчаецца ўглыб... I тады нібы павялічваецца сцэнічная прастора, напаўняецца свежым паветрам, і тэма чакання вялікага сапраўднага кахання, а ў рэшце рэшт, у фінале – сама тэма кахання гучыць надзвычай выразна, густа, пранікнёна.

Адзначу і чуйнае ўзаемадзеянне партнёраў. Кожны з іх, увасабляючы свой характар, сваю задуму, дапамагае галоўнай гераіні раскрыць свой адметны вобраз, выказаць, прынамсі, пагарду да шэрасці, дзяляцтва, бяздумнага назапашвання грошай, ханжаства. Хітры і знешне памяркоўны адвакат Сэгемар (К. Лосеў); слабавольны, хаця і гожы з выгляду, муж Эпіфаніі Элестэр, які кахае іншую жанчыну (М. Адамовіч); недалёкі і беспрынцыповы Эдрыен, які наважыўся на мільёны (А. Ранцанц); саперніца Эпіфаніі прасцячка Полі (Л. Кудзелка)... Добрыя вакальныя і сцэнічныя магчымасці кожнага з выканаўцаў, з удзелам якіх мне давялося глядзець і слухаць "Мільянерку", і спрыяюць стварэнню таго жывога ансамбля, які вымагае ад гледача то шчырага смеху, то воплескаў.

Вялікае сапраўднае пачуццё нельга купіць. Спазнаўшы ж яго, робішся настолькі багаты, што мільёны, золата блякнуць, губляюць уладу сваю, і сілу, і значэнне. Усе недарэчныя пошукі, пакутлівыя ваганні, нават "выбрыкі" Эпіфаніі і, нарэшце, каханне да ўрача (Р. Харык), узаемнае іх пачуццё, – пацвярджэнне гэтага. Тэма ўсемагутнасці непадкупнага кахання вельмі, на маю думку, ёмка праведзена ў музыцы – то бурнай, нават рэзкаватай, то рамантычна-натхнёнай, празрыстай. Дуэт Эпіфаніі і ўрача – апошні эмацыянальны і лагічны акцэнт у спектаклі.

Колькі слоў пра аркестр. Ён чуйны, дакладны ў перадачы найдрабнейшых нюансаў. Ён – натхнёны. Па рэакцыі залы, якая суперажывае разам з музыкай, адчуваеш добрую творчую форму аркестра на працягу ўсяго дзеяння.

Уражанне ад спектакля, на маю думку, псуе канцоўка. Наўрад ці была неабходнасць усё, што мы пабачылі і пачулі, "увязваць" з перабудовай, якая адбываецца ў нашай краіне. Апроч неўразумеласці, прапанаваны фінал нічога выклікаць не можа, хоць зала і апладзіруе, разумеючы, што пастаноўшчыкі перастараліся з добрымі намерамі. (У лібрэта мінскага спектакля выкарыстаны варыянт фіналу, зроблены Б. Шоу менавіта для пастановак "Мільянеркі" ў Савецкай Расіі: неўтаймоўная Эпіфанія імкнецца ў Маскву, каб уключыцца ў працэс будаўніцтва новага жыцця ў маладой дзяржаве. Большасць гледачоў тэксту п'есы не ведае, многія, ад няведання, абураюцца тым, што да Б. Шоу зроблены адвольныя "прыпіскі" на тэму сённяшняга дня. Калі ж і аспрэчваць фінал музычнай камедыі, дык рабіць гэта варта толькі з пункту гледжання арганічнасці "расійскага" варыянту тэксту ва ўсёй эстэтычна-вобразнай сістэме новага твора, з пункту гледжання мастацкай адпаведнасці. – Рэд.).

Уладзімір ПАНЦЯЛЕЕЎ,
загадчык аддзела культуры газеты "Рабочий путь" (г. Смаленск).
Літаратура і мастацтва. – 1987. – 25 верас. 



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: