Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Класіка гарантуе (1990 г., Літаратура і мастацтва)

Класіка гарантуе (1990 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

КЛАСІКА ГАРАНТУЕ

Ахвотна ходзіць публіка на класічную аперэту – як у гоcці да добрага знаёмца. І не таму, што ўспрымае класічную назву як гарантыю ад неспадзевак у самім відовішчы. (Вядома ж, і класіка воляю пастаноўшчыкаў можа падацца зусім не традыцыйнаю, неспадзяванай, а то і неўразумелай). Класічная назва для публікі – гарантыя таго, што, які б ні атрымаўся спектакль, абавязкова пачуеш у ім знаёмую ўсяму свету музыку. Нават пры самым рэвалюцыйным – "з нажніцамі" – прачытанні аўтарскай партытуры і лібрэта пастаноўшчыкамі.

Вось і прэм'ера "Прынцэсы цырка" гарантавала гледачу магчымасць паслухаць вядомую ды любімую музыку. Да таго ж, на сцэне тэатра музкамедыі "рэвалюцыйных нечаканасцей" гэтым разам не было: аперэту І. Кальмана ставіў С. Штэйн, рэжысёр, які з амаль Гіпакратавай ашчадлівасцю ды асцярожнасцю падыходзіць да арганізму ўсялякага твора, – "не нашкодзь!" І то праўда: небяспечна частаваць навацыямі гледачоў, для якіх памятнымі ўражаннямі зрабіліся або калісьці папулярны фільм "Містэр Ікс" з непаўторным Георгам Отсам, або пазнейшая тэлеверcія "Прынцэсы цырка". Таму ці не лепш будзе – прапанаваць сцэнічанаму густу прыхільнікаў аперэтачнай класікі немудрагелістую, але мудрую канцэпцыю, знайсці штосьці накшталт Саламонава рашэння?

Думаю, дзякуючы менавіта гэткаму рашэнню пастаноўшчыкаў і прыняла публіка новы спектакль. У ім на пярэстым, поліфанічным фоне (тут і меладраматычная інтрыга, і набор дзяжурных жарцікаў, і неўтаймоўнае полымя кахання) ненадакучліва саліруе вечная тэма чалавечай годнасці. А музыка (як і мае быць у аперэце) – на сваім, на падкрэслена пачэсным месцы.

Ледзь толькі прагучыць уверцюра, нагадаўшы знакаміты матыў арыі Mіcтэpa Ікс, і pacхінецца заслона – першае, што заўважыш на сцэне… музыка. (Музычны кіраўнік пастаноўкі А. Сасноўскі, дырыжор С. Бурак). Дырэктар цырка Рэнар (артыст К. Лосеў) дырыжыруе аркестрам. Па левую руку ў яго драўляныя духавыя, па правую – медзь. Яркі ўрачысты цыркавы марш! Адыграўшы першы куплет, музыканты, не перапыняючы сваю справу, бадзёра крочаць у партэр... Чытачы, якія хоць калі зведалі на сабе ўзрушальную блізкасць духавой музыкі (а такіх людзей, я ўпэўнена, большасць), могуць сабе ўявіць стан публікі – "абкальцаванай " меднагалосым фортэ і да ўсяго аслепленай блуклівым промнем пражэктара, скіраваным у цёмную залу. Ілюзія цыркавога амфітэатра! Толькі потым вока заўважае: нешта ж ёсць і на сцэне.

А на сцэне – відарыс Эйфелевай вежы і вулічнай рэкламы (мастак З. Марголін). І – свая публіка: цыркавыя жанглёры; кавалеры ў цывільных строях і вайсковых мундзірах, сухарлявыя і пузаценькія – спадарожнікі і паклоннікі свецкай зоркі Тэадоры Вердзье (Н. Гайда). І мужчынскі хор гучыць і выглядае, дарэчы, досыць няблага, як увогуле хор у гэтым спектаклі (хормайстры Н. Андросава, Л. Барысенка).

Як і мае быць у трохактовым спектаклі, паступова і падрабязна пакажа тэатр ycіх персанажаў гэтай шматнаселенай аперэты, разгорне ланцужок стасункаў і падзей.

Прыхільнікі Н. Гайды будуць захоплена вітаць кожны яе выхад. (Не магу не зазначыць, што сваю долю ў глядацкі поспех артысткі, нібыта гожая аправа ў хараство дыямента, дадаюць фантазія і густ мастака па касцюмах В. Жалонкінай).

Павесяляць вока яркія фігуркі цыркачоў, чые ўборы нагадваюць ці то папяровыя кітайскія ліхтарыкі, ці то казачна экзатычных птушак, матылёў. Ды вось шкада: бракуе выканаўцам, артыстам балета (балетмайстар В. Бутрымовіч) адпаведных тэмпу, рытму, "рызыковай", эксцэнтрычнай, акрабатычнай пластычнасці. На жаль, і разлічаны на асаблівы эфект з фасфарычнымі фарбамі, адцененымі цемраю сцэны, з лятучым "жоўтым шалікам" і гэткім жа жоўтым штучным чалавечкам (пра сябе пахpысцілa яго "лялька Чынгізхан") і да т. п. – гэты ілюзіён прыцягвае ўвагу мо на якую хвіліну, а далей успрымаецца рыхтык нуднаваты ўстаўны нумар.

Штрыхі камедыйнасці, зразумела, уласцівай кальманаўскаму твору, прынясуць з сабою закаханыя Мары (Л. Кудзелка) і Тоні (Г. Нікіцін), "мяшанец тыгра і грымучае змяі" Караліна (А. Крайнікава) і пакорлівы метрдатэль рэстарана "Зялёны папугай " Пелікан (А. Ранцанц), барон дэ Крэвельяк з яго арыстакратычнымі прэтэнзіямі і подлымі задумамі (Г. Казлоў), мітусліва-шэранькі баронаў сакратар (В. Сердзюкоў).

Эфектна, "зрываючы апладысменты", з'явіцца перад публікай кароль манежа Містэр Ікс (Р. Харык): адкрыецца лесвіца ў глыбіні сцэны і пакрочыць па ёй чалавек у фраку з накідкай накшталт кажановых крылаў, у белым цыліндры пад чорнаю паўмаскаю. Выйдзе і праспявае сваю цудоўную арыю, не па-аперэтачнаму сур'ёзны, драматычны, чый лёс – хаваць сябе пад маскай блазна, а імя – пад безаблічным "ікс".

Будзе некалькі ўдалых ансамбляў (скажам, другі дуэт Тэадоры і Містэра Ікс на баронавым балі; сцэна "выкрыцця" Містэра Ікс; дуэт Караліны і Пелікана і працяг дзеі, калі да іх далучаюцца маладыя Мары і Тоні).

І пры ўсіх акалічнасцях застанецца на першых ролях музыка, класіка, якая ніколі не расчаруе сваіх прыхільнікаў. Аперэта ж саткана з яе. А яшчэ – рэфрэнам зробіцца цыркавы марш, неаднойчы прашпацыруюць праз партэр музыканты-духавікі, а іх спадарожнік пражэктар будзе бязлітасна сляпіць вочы гледачоў, каб толькі не пабачылі, што ў гэтыя хвіліны на сцэне ідзе перастаноўка.

Звычайная "чыстая перамена", як вядома, – гэта калі дзеля перастаноўкі дэкарацый пры адкрытай заслоне на сцэне і ў зале тушаць святло. На гэтым жа спектаклі "чыстая перамена" суправаджаецца выхадам музыкаў у партэр. Цудоўна? Цудоўна! Вось толькі пражэктара пры гэтым, здаецца, замнога. Шчыруе раз за разам, як, прашу прабачыць, на нейкай аблаве. (Успомніце эпізод у вядомай кінастужкі "Мефістофель": пражэктараў промень упалёўвае маленькую безабаронную фігурку акцёра і ганяе яе па гіганцкім пляцу новага тэатра. Аднак гэта так, між іншым). Дык вось. Калі напачатку гэткі эпатаж надае пікантнасць атмасферы ў зале, узнімае настрой, дык з цягам спектакля ў час маршава-пражэктаравых заставак… Не сказаць, што пачуваеш сябе крымінальнікам на турэмным двары, але ж людзей з партэра, у іх ліку і сябе, пачынаеш троху шкадаваць. Бо ім перападае "звышдапушчальная доза" асляпляльнага святла. Людзям жа, нераўнадушным да тэатра, спектакляў даводзіцца глядзець і многа, і розных. Але глядзець даводзіцца не многімі і не рознымі, а ўсё тымі ж, на ўсё жыццё аднымі, уласнымі вачамі. І калі што для іх задужа, тое ўжо не здорава.

А, можа, я памыляюся? Можа, варта было проста заплюшчыць вочы ды слухаць марш (ну, і сапраўды, глупства якое – пражэктар яе раздражняе: дык не глядзі!). І загалёкаць: "Здорава! Здорава! Здорава!"

Няхай даруе мне тэатр, што гэтак не раблю. І няхай паверыць, што радуюся шчыра за прэм'еру, за працяг творчага жыцця ў неверагодна складанай унутрытэатральнай атмасферы. Не хаваю свайго святочнага настрою – у новай пастаноўцы я знайшла для сябе прыемнае. Шкадую, што ўражанні мае абямжоўваююа ігрою толькі аднаго склада акцёраў. І спадзяюся, што ад спектакляў з іншым складам выканаўцаў гэтыя ўражанні былі б не горшыя…

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 1990. – 12 студз. – С. 10–11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: