Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Мне здавалася, я не магу кахаць" (2006 г., Звязда)

"Мне здавалася, я не магу кахаць" (2006 г., Звязда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

НАТАЛЛЯ ГАЙДА: "МНЕ ЗДАВАЛАСЯ, Я НЕ МАГУ КАХАЦЬ" 

Яе працоўная кнiжка пачынаецца з нечаканага запiсу – юрысконсульт, у якасцi якога будучая салiстка тэатра музычнай камедыi адпрацавала амаль год. Сваё прозвiшча яна ўзяла ад дзеда – венгра Феранца Гайда, пакiнула яго нават калi выйшла замуж. Наша сённяшняя гераiня – артыстка Наталля ГАЙДА. 

– Пра музычную будучыню марылi з дзяцiнства? 


– Да 9-10 класаў я нават не ведала, якую прафесiю выбраць. Мая мацi магла стаць выдатнай спявачкай, калi б не 41-ы год – у пачатку Вялiкай Айчыннай яна пакiнула вучобу ў кансерваторыi, пачала працаваць у фiлармонii. Бацька ж быў геолагам. Так, маё дзяцiнства прыпала на вайну, да 44-га мы жылi ў Свярдлоўску, потым пераехалi да бабулi ў Сямiпалацiнск. Безумоўна, я часцяком успамiнаю саракавыя. Ну, напрыклад: мне ўсяго тры, зiма, у кватэры, якую мы дзелiм з яшчэ адной сям’ёй, вельмi холадна, я ў палiто i хустках, бачныя толькi вочкi. Прыйшлi суседзi, натапiлi, распранулi, пачалi вычэсваць вошаў. Ноччу вярнулася з працы мацi i прынесла мне плюшачку, смачней за якую я ўжо нiколi нiчога не ела. Памятаю, як хадзiлi з мацi на барахолку гандляваць рознай драбязой, рассцiлалi абрус, выкладвалi нейкiя хатнiя прылады. Неяк да нас падышоў дзядзька i запытаў: "А за малое колькi хочаце?". Так моцна я нiколi не пужалася. Памятаю, як бабуля сшыла мне на гаршчок кружочак з бела-блакiтнай тканiны, каб сядзець цёпла было. Калi я заставалася дома адна, дык апранала яго на галаву, танцавала i спявала "Эх, яблочко". 

– А пасля Вялiкай Айчыннай, ужо ў Сямiпалацiнску, вы "пазнаёмiліся" i з наступствамi ядзерных iспытаў… 

– Так, i таму шмат хварэла. Але ўсё роўна дзяцiнства было шчаслiвае. Я была вельмi апантанай, актыўнай дзяўчынкай, мяне нават празвалi Наткай-цiмураўкай – увесь вольны час я наведвала нейкiя гурткi, спявала-танцавала. Мяне паважала мясцовая дзятва, асаблiва пасля аднаго выпадку: аднойчы мяне злавiлi дваровыя хлопцы, каб выведаць нейкi сакрэт, пачалi выкручваць рукi, а я маўчу, яны – больш, i тут убачылi, як я пабялела. Потым высветлiлася, што ў мяне быў вывiх. Але я так нiчога i не сказала. Была прагная да славы, але не фанабэрыстая. Пра кар’еру спявачкi, як i казала, нават не думала. Толькi ў 9-м класе настаўнiца з Палаца пiянераў, дзе я займалася, адзначыла: "Табе трэба спяваць". На што мая мацi адказала: "З тваiм кiрпатым носам?" Але гэта мяне не спынiла. 

– Таму вы двойчы паступалi ў маскоўскую кансерваторыю? 

– Так, бо вырашыла – калi я нешта ўяўляю, мяне возьмуць. Сталiца мяне не зразумела, трэба было выбiраць будучыню – узяла я даведнiк па ВНУ, дзе i знайшла Свярдлоўскi юрыдычны iнстытут. Вырашыла змагацца з несправядлiвасцю. Але ўжо на трэцiм курсе пачала вучыцца ў кансерваторыi (хоць музычную школу не заканчвала) на вячэрнiм аддзяленнi. Дыплом юрыста атрымала i нават адпрацавала год юрысконсультам. Кiнула, бо ў кансерваторыi сказалi, што трэба займацца нечым адным. 

– У кансерваторыi пазнаёмiлiся i з будучым мужам… 

– Ведаеце, у маладосцi я думала, што адна буду жыць. Мне здавалася, што я не магу кахаць, бо надзвычай хутка расчароўваюся. Варта было маладому чалавеку нешта не так зрабiць, як… Фраза, учынак, якiя мне не падабалiся, маглi забiць усё. А калi я чалавека не бачыла тыдзень цi месяц, то яго як нiколi i не было. Вось я i пачала думаць, што мне ўвогуле не дадзена кахаць. Потым мне муж сказаў: "Ты гэта вельмi добра на сцэне робiш, на жыццё нiчога не застаецца". На што я адказала: "Дык якiя там героi!" 

– Але ж Юрый Георгiевiч змог упэўнiць… 

– Мы пазнаёмiлiся яшчэ пры паступленнi ў кансерваторыю. Мне было 22. Ён прызнаўся, што звярнуў на мяне ўвагу адразу. Я не паверыла, маўляў, усе вы так кажаце. А муж пачаў расказваць, у чым я прыходзiла на кожны тур, як выглядала, што была ўся загарэлая. Нават апiсаў маю маленькую чорную сукенку. А з 2-га курса ён стаў упарта да мяне заляцацца. Я ж разважала. У той час ён быў з невялiкiм лiшкам вагi. Справа ў тым, што Юра доўгi час займаўся спортам, нават уваходзiў у юнацкую зборную РСФСР па бегу на каньках на кароткiя дыстанцыi. Потым кiнуў – i таму пацяжэў, але хуценька "выправiўся". Памятаю, як дзяўчынкi, калi ў першы раз ацэньвалi паступiўшых хлопцаў, казалi: "Ай, няма на каго глядзець. Толькi вось гэты прыгожы". Я ж толькi пацiснула плячыма: "Хто, гэты з тоўстым пузам?" 

– Погляд свой хутка змянiлi? 

– Даволi. Ён вельмi прыгожа заляцаўся: у маiм iнтэрнацкiм пакоi кветкi не пераводзiлiся, ён заўжды iмкнуўся дапамагчы. I галоўнае, я зразумела, што ён такi ўважлiвы не толькi да мяне. Ведаеце, як бывае: у пачатку кахання чалавек iмкнецца быць лепшым, чым ёсць. А потым усё заканчваецца i чалавек ужо зусiм iншы. А Юрый… Ён i да бабулi сваёй так ставiўся, i ў цягнiку жанчынам месца ўступаў. I потым… ён увесь час насiў "бабачку". Дык сяброўкi мне казалi: "За каго ты замуж збiраешся? Ён жа спiць у "бабачцы". Мамчын сынок". Яны яго проста не ведалi. А што стала "апошняй кропляй"? Неяк мы паехалi ў спартыўны лагер, i ён так прыгожа калоў дровы, я потым казала: "Калi б не ўбачыла цябе за гэтай справай, не закахалася б так". Мы зарэгiстравалiся 27 красавiка, а 1 мая мне спаўнялася 26. Таму я папрасiла: давай зробiм вяселле ў красавiку, каб я выйшла замуж у 25. 

– Формулу "жаночага шчасця" за гады сямейнага жыцця знайшлi? 

– Шчасце – гэта настолькi пераменлiвая велiчыня, гэта iмгненне: найвышэшага ўздыму, любоўнага экстазу, удачы ў кар’еры. Калi мяне пытаюць, цi шчаслiвая я, грэх казаць, што не. Я атрымала прафесiю, пра якую марыла, мне давалi добрыя ролi, я працавала ў любiмым тэатры, у мяне – сям’я, дачка, унучка. Мяне разумелi дома, я ведала, што калi прыйду пасля спектакля, будзе спакой, мне прыгатуюць абед, накормяць. I зробiць гэта… муж. Таму я лiчу сябе некалькi непаўнацэннай, бо я дрэнная гаспадыня, але добры сябар. Я не ўмею, не люблю стаяць ля плiты. Гэта мяне засмучае. Нездарма гавораць, што шлях да сэрца мужчыны ляжыць праз страўнiк. А я… Мой муж – салiст опернага тэатра, барытон, народны артыст Беларусi, у яго i сапраўды больш вольнага часу, але гэта цалкам не апраўдвае мяне. Я нярэдка кажу Юру: "Што б я без цябе рабiла?". На што ён адказвае: "Быў бы нехта iншы". А я: "Не, у такiм выпадку я жыла б адна". Не кожны можа з гэтым змiрыцца. Так, я чула: патрэбна было б – навучылася б. Безумоўна, але наколькi б мяне хапiла? 

– I ўсё ж вы лiчыце, што кар’ера не менш важная, чым сям’я… 

– Гэта складанае пытанне. Я ведала, што, калi б мне па працы неабходна было сарвацца, з’ехаць, я б пакiнула ўсё. Праца – гэта тое, што нiколi не здрадзiць, тут усё залежыць толькi ад цябе. Дапусцiм, я ахвяравала б тэатрам дзеля выхавання дзiцяцi. Але ўжо ў 12-13 гадоў яно становiцца самастойным, яму не патрэбная апека мацi, ён падрастае i пакiдае дом. А потым, калi бацькi кажуць: ды мы для цябе… То чуюць у адказ: я вас не прасiў. Таму праца займае далёка не апошняе месца ў жыццi. Хоць часцяком я i разважаю – як гэта я магла пакiдаць дачку дома адну ў два з паловай гады? Але што было, тое было. Я ведаю жанчын, для якiх шчасце – мужа добра пакармiць дый малое са школы дачакацца. Для мяня гэта непрымальна. 

– А ў чым сакрэт "погоды в доме"? 

– Захаванне адносiнаў залежыць ад абодвух. Усё жыццё i кожны дзень трэба iмкнуцца адно аднаму спадабацца. Не расчароўваць нi ўчынкамi, нi словамi. А гэтага можна дабiцца толькi разумеючы чалавека – яго стан, настрой. Безумоўна, сярод людзей шмат эгаiстаў, i сярод iх – я. На жаль, часцяком не заўважаю, што адбываецца з блiзкiмi. Яшчэ трэба ўмець не перарабляць чалавека пад сябе, iсцi на ўступкi. I дзiкае захапленне, i страсць праходзяць. Галоўнае, каб памiж мужчынам i жанчынай была i духоўная еднасць. У нас з Юрыем амаль не было пiкавых сiтуацый. Я не адчувала дзiкай рэўнасцi, мне не давалi падставы, я – таксама. Хоць сiтуацыi былi. Тэатр ёсць тэатр – плёткi, iнтрыгi. Да мужа нават ананiмкi прыходзiлi. Ён да гэтага ставiўся спакойна, гаварыў: "Нацiк, чаго ты хочаш, ты ж на вiду". 

– Лепшым жаночым узростам вы лiчыце… 

– Адкажу дакладна, для мяне – з 35 да 54 гадоў. Гэта быў творчы росквiт, вельмi iнтэнсiўны, i, галоўнае, у гэтыя гады быў пiк мяне як жанчыны. Я ўжо ведала, што магу, авалодала амаль усiмi прафесiйнымi навыкамi. I выглядала я ў гэты прамежак часу лепш за ўсё. Знайшла сябе, свой вобраз, зразумела, што я ёсць. 

– I атрымлiвалi лепшыя ролi… 

– Так, у 1969-м я прыйшла працаваць у Оперны тэатр у Мiнску (перад гэтым аддала чатыры гады свярдлоўскаму тэатру оперы i балета), а праз год – у Музкамедыю, якая толькi адкрылася. Я вельмi любiла аперэту, i даволi вялiкi час блiзкiя не прымалi гэтага, казалi: маўляў, з якой нагоды ты пайшла з оперы? Потым дзiвiлiся, як можна працаваць столькi гадоў на адным месцы. А я проста амаль адразу знайшла свой тэатр. Калi я была маладой, то была ўсёедная, спектакляў было шмат. А зараз я, на жаль, чакаю роляў, iх не хапае. Да ўзросту я стаўлюся спакойна. Адзiнае, што мяне засмучае, што пасля 60 цяжка захоўваць вагу, таму час ад часу я сяджу на дыетах. Хоць i папесцiць сябе магу – люблю шампанскае, марцiнi, мяса, марожанае. 

– Ваша дачка Анастасiя пайшла па шляху бацькоў? 

– Яна закончыла музычную школу, а потым i музычна-педагагiчны iнстытут, я лiчу, што сучасны чалавек у любым выпадку павiнен ведаць нотную грамату. Калi Насця атрымала чырвоны дыплом, то прыйшла да мяне са словамi: "Вось табе, мамчык!" На што я адказала: "Не, гэта табе". Мая праўда: зараз дачка выкладае культуралогiю. А яшчэ ў нас падрастае ўнучка Арыша. Безумоўна, мы часта бачымся з iмi, не менш, чым калi жылi разам. Раней у нас з мужам i дачкой вельмi не супадалi графiкi, i мы маглi не перасякацца па некалькi дзён, хоць i жылi ў адной кватэры. 

– Насця не крыўдзiлася на такую занятасць? 

– Яна вельмi паважлiва ставiлася да нашай працы. Гаварыла сваiм сяброўкам, калi тыя прыходзiлi да нас у час абеду: "Цiшэй, бацькi адпачываюць". Я, безумоўна, адчуваю, як многа недадала дачцэ. I сёння памятаю, як яна, малеча, сказала: "Мама, ну, нарадзi мне брацiка цi сястрычку, цi хоць сабачку". Мне нараджэнне Насцi цяжка далося, я ведала, што больш дзяцей мець не змагу, а мабыць, няма ў мяне моцнага мацярынскага iнстынкту. 

– А сорамна ў жыццi ўвогуле часта бывае? 

– Не, я iмкнуся пазбягаць такiх сiтуацый. Але ёсць некалькi выпадкаў, пра якiя памятаю сёння i чырванею. У нашай школе была вечарына. I адзiн вучань, вельмi гарны хлопец, вельмi падабаўся нашым дзяўчынкам, за iм бегалi ну ўсе. Звалi яго Дэка Гусеў. I вось я стаю ля сценачкi i бачу – да мяне, каб запрасiць на танец, iдзе адзiн малады чалавек, добры, сцiплы, але не такi ўжо i прыгожы. А за iм, божухна, Дэка. Канешне, я адмовiла першаму. Але як толькi мы з Дэкам пачалi танцаваць, я адчула такi смутак! I пайшла з таго вечара. А сорамна i зараз, што так пакрыўдзiла першага хлопца.

Н. ЦЕЛЕШАВА. 
Звязда. – 2006. – 12 жн.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: