Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Музычны "Несцерка" (1982 г., Звязда)

Музычны "Несцерка" (1982 г., Звязда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

МУЗЫЧНЫ "НЕСЦЕРКА"

Калектыў Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР параўнальна малады, але ён здолеў назапасіць даволі багаты вопыт, заваяваць аўтарытэт у аматараў музычнага мастацтва і набыць сваіх сталых слухачоў. За дзесяць гадоў існавання тэатр ажыццявіў пастаноўкі значнай колькасці спектакляў, сярод якіх чатыры належаць пяру беларускіх кампазітараў. Адзін з іх – музычная камедыя Р. Суруса "Несцерка". 

Галоўны герой твора – гэта знаходлівы селянін-бядняк, які з даўніх часоў з’яўляецца любімым персанажам шматлікіх беларускіх народных казак. У іх ён дзякуючы сваёй кемлівасці і дасціпнасці заўсёды перамагае, з гонарам выходзіць з усіх складаных, і здавалася б, невырашальных сітуацый. Ён жа стаў і адным з самых папулярных герояў народнага выяўленчага мастацтва. 

Казкі, традыцыйнай уступнай стылістычнай формулай якіх былі словы: "Жыў Несцерка, было ў яго дзяцей шэсцерка", прыцягнулі ўвагу беларускага пісьменніка і драматурга В. Вольскага, і ў 1940 годзе на сцэне другога беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра (цяпер тэатр імя Я. Коласа) з’явілася яго камедыя "Несцерка". У 1946 годзе спектакль быў удастоены Дзяржаўнай прэміі СССР і набыў вялікую папулярнасць. Да п’есы звярталіся шматлікія калектывы мастацкай самадзейнасці, ставілі яе і прафесійныя тэатры, адным з якіх быў і Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача. 

Малады беларускі кампазітар Р. Сурус у сваёй творчасці часта звяртаецца да беларускай народнай песні і танца, большасць яго музыкі заснавана менавіта на фальклоры. Яго ж шырока і поўна Р. Сурус выкарыстаў і ў партытуры, напісанай для спектакля, пастаўленага на сцэне тэатра юнага гледача ў 1971 годзе. Музыка была ўхвалена грамадскасцю і крытыкай, аднак не пакінула ў кампазітара пачуцця задавальнення. П’еса В. Вольскага, поўная чыста народнага гумару, дасціпнасці, нечаканых сцэнічных ходаў, бачылася аўтару музыкі ў выглядзе музычнага спектакля. Аднак, для здзяйснення такой задумы патрэбна было спецыяльнае лібрэта, напісанае з улікам спецыфікі жанру, а яго не было. 

В. і А. Вольскія напісалі лібрэта музычнага спектакля. Р. Сурус бярэцца за работу і ў 1976 годзе заканчвае музычную камедыю. Але першы варыянт не зусім задаволіў аўтара, ды і ў час праслухоўванняў у Саюзе кампазітараў БССР і ў тэатры было зроблена нямала заўваг і прапаноў накіраваных на паляпшэнне новага музычнага твора. Больш як два гады спатрэбілася кампазітару на стварэнне новай рэдакцыі спектакля і, урэшце, музычная камедыя "Несцерка" ўбачыла святло тэатральнай рампы. 

Гэта быў закончаны па музычнай драматургіі твор, поўны цікавых рэжысёрскіх і акцёрскіх знаходак, цэласны па свайму сцэнічнаму вырашэнню і мастацкаму афармленню. 

Музыка яго вылучаецца прафесіяналізмам і шырокім выкарыстаннем беларускай народнай песеннасці. Цяжка пералічыць усе песні, на аснове якіх створаны асобныя сольныя нумары, дуэты, трыо, шматлікія хоры і аркестравыя эпізоды. Гэта пралог музычнай камедыі, пачатак другой карціны, усе сцэны скамарохаў і батлеечнікаў, песні Насці, Юрася, абрад вяселля і многія іншыя. Аднак, шырока карыстаючыся беларускім фальклорам, аўтар музыкі не пайшоў па шляху спрашчэння музычнай мовы свайго твора, а прымяніў у ім складаныя і часам вострыя гарманічныя спалучэнні, цікавыя метрарытмічныя знаходкі, дзякуючы чаму музыка адпавядае ўсім патрабаванням сучаснасці. Прыцягвае ўвагу грунтоўная і маляўнічая інструментоўка, што сведчыць пра добрае веданне кампазітарам магчымасцей тэатральнага сімфанічнага аркестра. Музыка пабудавана на прынцыпах лейттэматызму, а гэта не толькі дапамагае лепшаму ўспрыманню спетакля, але і аб’ядноўвае яго музычную драматургію ў адзінае цэлае. 

Рэжысёр-пастаноўшчык Б. Утораў знайшоў "ключ" для раскрыцця характараў галоўных герояў музычнай камедыі, цікава і нестандартна выстраіў масавыя сцэны, і спектакль глядзеўся лёгка, выклікаў асацыяцыі з чыста народным тэатрам. Такому ўяўленню дапамагалі і маляўнічыя стылізаваныя дэкарацыі мастака Б. Герлавана, які здолеў пранікнуць у самую сутнасць задумы твора, трапна "апрануць" яго герояў. 

Музычная камедыя адразу ж спадабалася слухачам, трывала ўвайшла ў рэпертуар тэатра і атрымала дыплом другой ступені і прэмію Усесаюзнага агляду-конкурсу музычных спектакляў 1979-80 гадоў. аднак, пасля першых жа спектакляў "Несцеркі" ў друку з’явілася некалькі рэцэнзій, у якіх гаварылася пра асобныя недахопы пастаноўкі, і таму паўставалі пытанні: ці ўлічыць тэатр гэтыя заўвагі, ці адпрацуюць артысты больш дасканала вобразы сваіх герояў? Ці палепшыцца выканаўчае майстэрства хору і яго паводзіны ў масавых сцэнах? Як прагучыць аркестр? Ды, зрэшты, як будзе ўспрымацца музычная камедыя праз пэўны час пасля свайго выхаду на сцэну? 

На ўсе гэтыя пытанні можна атрымаць адказ, наведаўшы тэатр. І першае, на што звяртаеш увагу, – гэта тое, што спектакль "устаяўся", набыў большую ансамблевасць, лепш сталі гучаць хор і аркестр под кіраўніцтвам галоўнага дырыжора тэатра, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР І. Абраміса. Усталявалася і група вядучых салістаў спектакля, ды і ўсяго складу трупы. 

Цэнтральны вобраз камедыі – Несцерка ў выкананні артыста В. Бажэнава, – гэта абаяльны, дасціпны і шчыры чалавек, надзелены пачуццём уласнай годнасці. Артыст не толькі пераканаўча праводзіць сваю складаную ролю, багатую на самыя разнастайныя сітуацыі, і знаходзіцца ўвесь час у цэнтры падзей, але і выдатна спраўляецца з яе даволі складаным вакалам. 

Нямала вясёлых хвілін прыносіць слухачам заслужаная артыстка РСФСР Н. Равінская ў ролі Мальвіны. Яна стварыла яркі вобраз сквапнай, ганарлівай і абмежаванай ганчарыхі, якая ўдала гандлюе на кірмашы гаршкамі і міскамі і любой цаной хоча аддаць за "гжэчнага і вучонага " шкаляра сваю дачку, наперакор яе жаданням. 

Процілегласцю валявой Мальвіне з’яўляецца яе муж Мацей. У выкананні заслужанага артыста БССР В. Шаўкалюка – гэта зацюканая істота, якая толькі ў канцы спектакля рашуча пярэчыць жонцы. 

Як нельга больш пасуюцца да Несцеркі яго сябры-скамарохі ў выкананні заслужанага артыста УССР Ю. Лазоўскага, артыстаў В. Сердзюкова, А. Цівунова і заслужанага артыста БССР В. Фаменкі. Яны, як і галоўны герой, заўсёды знаходзяцца ў цэнтры падзей, нязменна вясёлыя, няўрымслівыя і дасціпныя, іх ансамбль упрыгожвае спектакль, надае яму народныя рысы. 

Даволі складаны вобраз пыхлівага і, разам з тым, дурнаватага шкаляра Самахвальскага надзвычай удала ўвасобіў на сцэне артыст Г. Казлоў. 

Каларытную фігуру Пана добра паказаў У. Лінкевіч. Не менш каларытнымі былі артысты А. Кастэцкі і Ю. Харытонаў у ролях шляхцюкоў. 

Лірычныя героі спектакля – Насця ў выкананні артысткі В. Пятліцкай і Юрась, вобраз якога стварыў артыст Р. Харык, валодаюць прыгожымі, добра пастаўленымі галасамі, артыстычнымі здольнасцямі і ўпэўнена праводзяць свае ролі. На жаль, лібрэта камедыі не надзяліла іх жаданнем барацьбы за сваё шчасце, а зрабіла паслухмянымі і бязвольнымі. І таму, нягледзячы на ўсе намаганні артыстаў, яны так і застаюцца "блакітнымі героямі", хоць і іграюць, і спяваюць добра. 

З цікавасцю глядзяцца абодва лялечныя прадстаўленні і асабліва пантаміма ў выкананні артыстаў балета І. Капейкіна, Т. Афанасьевай, В. Казінца, В. Маняці і Г. Бачылы, у якой яны ігралі Антона і Антоніху, Ульяну, Франта-элеганта і Казака, капіруючы прысутных на свяце герояў спектакля. 

Нельга не ўхваліць працу балетмайстра народнага артыста БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР С. Дрэчына, які паставіў у спектаклі беларускія народныя танцы і пантаміму. Прыемна адзначыць, што ў спектаклі ўдзельнічае шмат маладых таленавітых артыстаў, якія арганічна ўвайшлі ў новыя для іх ролі. 

Спекталь пакідае глыбокае ўражанне дзякуючы сваёй дасціпнасці, весялосці, хуткаму тэмпу дзеяння, народнасці, адпаведнасці ўсім законам жанру музычнай камедыі. І хочацца верыць, што тэатр зробіць яго традыцыйным у адкрыцці кожнага новага сезону, як зрабіў гэта тэатр імя Янкі Купалы паказам "Паўлінкі", а тэатр імя Якуба Коласа – паказам таго ж самага "Несцеркі".

Д. ЖУРАЎЛЁЎ,
музыказнавец, заслужаны дзеяч культуры БССР.
Звязда – 1982. – 9 студз.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: