Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Над спектаклем працавалі: (1984 г., Работніца і сялянка)

Над спектаклем працавалі: (1984 г., Работніца і сялянка)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

НАД СПЕКТАКЛЕМ ПРАЦАВАЛІ:

– Як мы расказваем пра тэатр? "Сцэна з акцёрамі – свет дзівосаў...", "За кулісамі – дзесяткі чараўнікоў, якіх ніколі не бачаць гледачы і без якіх стварыць спектакль практычна немагчыма..." Каму ж невядома, што тэатр – вялікі складаны калектыў, а спектакль – твор многіх і многіх рук...

Разважаючы гэтак, мы праходзілі ў службовыя дзверы Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. Некалькі дзён да выпуску прэм'еры. Мастакі жывапіснага цэха пад кіраўніцтвам Уладзіміра Жданава заканчваюць роспіс мяккіх дэкарацый – вялікае палатно, што ляжыць на падлозе цэха, пасля расфарбоўкі дапоўніць "сукенку" сцэны. У сталярнай майстэрні Мікалай Нікіценка і Уладзімір Моўчан абцягваюць атласам крэсла ўласнай канструкцыі. Начальнік механамайстэрні Раман Рысін правярае прыстасаванне, з дапамогай якога ў час спектакля будзе перасоўвацца столік з фруктамі...

Дарэчы, "фрукты" ўжо зроблены і прымацаваны да століка: гронка вінаграду, некалькі груш, ананас. Бутафоры-дэкаратары Юрый Хлусаў, Алег Садоўскі, Алена Радзівонаўна Крайнікава тым часам робяць карнавальныя ліхтарыкі і маскі для артыстаў хору, лейцы для ярка размаляваных коней, на якіх будуць выязджаць персанажы аперэты "Ноч у Венецыі". Апрача ўсяго, бутафорскі цэх абавязаны рамантаваць стары рэквізіт: ці то веер гераіні, ці то ларнет.

Вырабы пашывачнага цэха таксама вымагаюць папраўкі, а то і рэстаўрацыі, асабліва касцюмы са змешаных тканін пасля таго як пабываюць у тэатральнай пральні. Але асноўная работа закройшчыц і швачак – касцюмы да новага спектакля. Колькі іх зроблена да пастаноўкі той жа аперэты Іагана Штрауса "Ноч у Венецыі"? Загадчыца пашывачнага цэха Земфіра Фёдараўна Місючэнка спрабуе падлічыць, і лічба набягае амаль да 200. Апроч таго, шылі чахол для венецыянскай гандолы, якая "праплывае" па сцэне, і драпіроўку для алькова ў доме вяльможы...

I гандолу, педалі якой круціць схаваны ад глядацкага вока машыніст сцэны, і масток-арку над венецыянскім "каналам", і ўзыходзячы месяц, які апяваюць закаханыя героі, – усё гэта мы пабачылі, зазірнуўшы ў залу: пад наглядам рэжысёра-пастаноўшчыка Сямёна Аляксандравіча Штэйна і галоўнага мастака тэатра Анатоля Іванавіча Марозава ішла ўстаноўка і манціроўка дэкарацыйнага афармлення. Адначасова мастак па святле Эдуард Германавіч Блеес і асвятляльнік-рэгуліроўшчык Вера Іванаўна Блеес выпрабоўвалі розныя спалучэнні каляровых промняў: не трэба, каб дэкарацыя венецыянскай ночы выглядала зялёнай ці фіялетавай, пажадана, каб яна была і загадкавая, і не надта цьмяная. I каб трапна былі высветлены твары і постаці персанажаў.

Непадалёк ад сцэны загадчыца рэквізітарскага цэха Антаніна Рыгораўна Галкіна ўдакладняла спіс рэчаў для новага спектакля: ад яе залежыць, каб своечасова з'яўляліся ў руках персанажа люстэрка або лютня, кошык з бутафорскай (у тэатральных промнях – як жывая!) рыбай або венік...

Ну а самі персанажы, ці, больш дакладна, акцёры, што іх увасабляюць? Яны з'явяцца пад час генеральнай рэпетыцыі. Хаця некаторыя прыйшлі ў тэатр ужо з ранку.

З маладымі салістамі, якія ўводзяцца ў спектаклі бягучага рэпертуару, займаюцца рэпетытары, педагогі-балетмайстры. Якраз у рэпетыцыйнай зале мы сустрэлі выпускніцу Беларускай Дзяржаўнай кансерваторыі Людмілу Станевіч. Студэнткай яна стажыравалася ў гэтым тэатры і вось ужо два гады – салістка, падрыхтавала і выканала некалькі роляў у сталых пастаноўках. "Ноч у Венецыі" – яе першы прэм'ерны спектакль. I ёй карціць зазірнуць у касцюмерны цэх, паглядзець, прымераць адпрасаваную новую сукенку для сваёй гераіні – Барбары. А потым, забыўшыся на абед, забегчы да грымёраў. Яны ўносяць істотны штрых у аблічча сцэнічнага героя, вырашаюць, як прычасаць, якія фарбы дадаць на твар артыста. У Людмілы да таго ж – першая прымерка парыка. 

Увесь дзень – ад ранку да прыцемак – прабылі мы ў тэатры музкамедыі. Сустракалі людзей, засяроджаных на сваёй справе, зычлівых і гасцінных, якіх варта далучаць да стваральнікаў спектакля, хаця імёны іхнія ніколі не пішуцца ў тэатральных праграмках... А перад спектаклем бачылі, як расплакалася, зачапіўшы і папсаваўшы карункі новага касцюма, артыстка хору, а касцюмер суцяшала яе, спрытна працуючы іголкай. Бачылі, як завіхаліся ля сваёй каляскі з розным дзіўным грузам рэквізітары. Бачылі, як хваляваліся і памочнік рэжысёра, і народная артыстка, і вартавы пажарнік, і дырыжор за пультам аркестра, і закройшчыца, і юныя балерыны...

Уверцюра. Успыхваюць агні рампы, варушыцца заслона, пачынаецца дзея. Марнаю аказваецца наша спроба злавіць імгненне, калі раптам ператвараецца наш настрой і ход нашых думак і, седзячы ў зале, мы адчуваем сябе ўзрушанымі або павесялелымі, або – здараецца і гэтак – расчараванымі і стомленымі. Дзе ж тая грань паміж вытворчай, тэхнічнай і мастацкай працай калектыву, на якой узнікае невытлумачальны цуд – цуд Тэатра?

Усе людзі, з якімі мы сустрэліся сёння, стваралі свет дзівоснага відовішча. Усе яны – чараўнікі.

Тэкст С. БЕРАСЦЕНЬ.
Работніца і сялянка. – 1984. – № 4. – С. 20–21.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: