Главная \ Пресса \ Не пайду я ў манастыр, лепш схаджу ў аперэту (2000 г., Культура)
« Назад

НЕ ПАЙДУ Я Ў МАНАСТЫР, ЛЕПШ СХАДЖУ Ў АПЕРЭТУ

Адразу прызнаюся: у Мінску і ўвогуле на Беларусі можна пайсці толькі "НА аперэту". А вось "У аперэту" нельга трапіць па-ранейшаму. Бо наш "тэатр аперэты", як мы яго неафіцыйна называем, раней быў Дзяржаўным тэатрам музычнай камедыі Беларусі, а зараз стаў Беларускім дзяржаўным музычным тэатрам. I ў пацверджанне гэтай назвы паставіў, вядома, не аперэту, а камічную оперу Ціхана Хрэннікава "Даратэя".

Сёння, калі ўжо сцішыліся вясновыя страсці на тэму "Ах, чаму ж не знайшлося грошай на аўтара, які так хацеў прыехаць!", можна разважаць пра спектакль больш удумліва. Тым болей, што ён стаў адзінай вакальнай прэм'ерай сезона ў гэтым тэатры. I разам з тым, далёка не першым сведчаннем "музычнасці", а не проста "аперэтачнасці" нашага тэатра.

Асабіста для мяне першай ластаўкай новага статуса тэатра быў нашумелы ў 80-ых "Клоп", за ім – мюзікл Уладзіміра Кандрусевіча "Джулія" (а пазней і "Шклянка вады"), шматлікія балетныя пастаноўкі і, нарэшце, камічная опера Даніцэці "Viva la mamma!", якая па віртуознасці вакальных партый належыць да вяршынь сусветнага bel canto. У параўнанні з "мамай" цяперашняя "Даратэя" – усяго толькі маленькая "дачка". Яна пакуль добра "вывучыла ўрок" (засвоіла традыцыі, нават абыграла тое-сёе па-свойму), але ўсе чакаюць, у каго ж вырасце яе "музычнасць", з якімі жанрамі і, галоўнае, стылямі яна будзе сябраваць у далейшым.

Не, я зусім не збіраюся крытыкаваць "Даратэю" за традыцыяналізм пастаноўкі. Наадварот, гэта, безумоўна, адзін з лепшых спектакляў за апошнія сезоны. У ім сабраны цудоўны акцёрскі склад, кожны з артыстаў раскрываецца шматгранна, часам з незвычайнага для ўсіх боку (рэжысёр Барыс Лагода).

Ірына Заянчкоўская, якую мы часцей бачылі ў ролі гераіні (а яшчэ часцей і ўвогуле не бачылі ў апошніх прэм'ерах), малюе сваю Даратэю даволі маладой і нават прывабнай (можа, толькі наўмысна крыху безгустоўнай) жанчынай, якая рашуча імкнецца да сваёй мэты – удала выйсці замуж. I пры гэтым, што вельмі важна, не збочвае з вернага шляху на "не тыя" (у прамым сэнсе слова) ноты.

Віктар Бажэнаў (Мендоса), які схіляе перад ёй галаву, сам заслугоўвае таго ж з боку гледачоў. Паспачуваць можна хіба адзінаму – таму, што мы раней не бачылі яго ў галоўных ролях падобнага плана.

Такі ж узнёслы, зусім не "дзяжурны" набор кампліментаў можна запісаць на рахунак Анатоля Касцецкага (Джэрома), Ірыны Цярэнцьевай (Інэса), Антона Заянчкоўскага (Фернанда), Дзмітрыя Якубовіча (Антоніо), Ірыны Скорабагатавай (настаяцельніца манастыра), Анжэлікі Чумаковай (Фраскіта). У ролі "характарнага" героя выступае нават дырыжор Аляксандр Сасноўскі, які не толькі спрытна "налівае" з нагоды вяселля дачкі гаспадара, але з не меншым гумарам адгукаецца на сцэнічныя падзеі, прычым як словам, так і музыкай – калажнымі цытатамі, якіх няма ў першакрыніцы. 

Гэтак жа выдатна дапаўняюць сцэнарый і двое артыстаў балета ў якасці зграбных кабальера (балетмайстар Ніна Дзячэнка), якія і ўмешваюцца ў дзеянне на правах "слова ад аўтара", і садзейнічаюць стварэнню тэмпераментнага іспанскага каларыту.

Спектакль уражвае лаканічнай і стылёва дакладнай сцэнаграфіяй (мастак Яўген Ждан), эпіграфам да якой, як і да спектакля цалкам, становіцца ўзорысты веер, увасоблены на суперзаслоне. Шыкоўнае відовішча ўяўляюць сцэнічныя строі, нафантазіраваныя Ірынай Шыцікавай, якая, як і заўсёды, працуе "па сумяшчальніцтве" не толькі прымадоннай (Леанора), але і мастаком па касцюмах, і літаратурна-сцэнічным рэдактарам лібрэта.

На гэты раз рэдактура была мінімальнай. I таму відавочным "нафталінам" глядзяцца сцэны, што развенчваюць "двурушную сутнасць" прадстаўнікоў духавенства. Тым больш, што і Арнольд Ранцанц іграе свайго падрэ Пабла старымі, добра абкатанымі прыёмамі.

Затое крыху пратухлай "свежанінкай" вее ў спектаклі ад постаці дона Карласа. Не змяніўшы нічога ў літаратурным тэксце, пастаноўшчыкі прачыталі яго па-свойму, не пашкадаваўшы на служку састарэлага Мендосы "блакітных" фарбаў. Можа, гэта і адпавядае гістарычным рэаліям, калі маладая жонка з'яўлялася ў лёсе мужчыны як узнагарода за здабытую славу і багацце, але зусім не пасуе да тэатральнай традыцыйнасці пастаноўкі і атмасферы лёгкай гульні, не абцяжаранай глыбокім філасофскім падыходам.

Яшчэ адной крыўднай недарэчнасцю сталася выкарыстанне харавой фанаграмы замест жывога гучання. І гэта – не ў нейкім драмспектаклі, а ў оперы, прычым у тэатры, што толькі-толькі дамогся статуса музычнага.

Гэты прыём мог бы быць часткова апраўданым толькі тады, калі ад артыстаў хору патрабаваліся б няспынныя скокі ці рухавасць, уласцівая мюзіклу (хаця і ў гэтых выпадках прафесіяналы не бачаць праблемы).

Так што, калі вы хочаце пазбавіцца будённых праблем, паглядзець на тэатралізаванае "заморскае" жыццё ў наіўнай "камедыі пераапрананняў" Шэрыдана, а ткасама пачаставацца зусім не бутафорскімі "гарэлкай з цукеркай" (наліваюць і публіцы, але найперш "сваім" у глядзельнай зале), – прыходзьце на "Даратэю". Як кажуць, у гэтым "no problems". Праблема ў іншым: куды пойдзе сам тэатр пасля "Даратэі". Бо тую ж "Лятучую мыш" у ім ізноў замяняе "мышыная валтузня" ў кулуарах. Але ж узляцеў калісьці да сапраўднага сусветнага ўзроўню той жа "Клоп"! Можа, таму, што ўявіў утульную канапу батутам?..

Н. Б.
Культура. – 2000. – 24–30 чэрв. – С. 8.