Главная \ Новости \ Беларусь - маё сэрца
« Назад

Беларусь - маё сэрца 

18.02.2019

Беларусь - маё сэрца1

20 лютага 2019 года а 18.00 Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашаюць на ўрачыстае адкрыццё выставачнага праекта "Беларусь – мае сэрца", якое прымеркавана да паказу  спектакля "Жыццё і смерць Янкі Купалы", прысвечанага першаму народнаму паэту Беларусі.
Сумесны выставачны праект створаны да 100-годдзя БССР і знаёміць гледачоў з роллю Янкі Купалы ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці, культуры, у станаўленні нацыянальнага тэатра. 
На аснове калекцый музея асвятляюцца знакавыя моманты з жыцця і творчасці Янкі Купалы, нашчадка шляхецкага роду Луцэвічаў, які аддана служыў свайму народу паэтычным і публіцыстычным словам. Фотаздымкі і дакументы адлюстроўваюць жыццё паэта ў розных гарадах: Вільня, Мінск, Санкт-Пецярбург, Масква. Узнаўляюць старонкі гісторыі беларускага тэатра фотаздымкі Янкі Купалы з майстрамі сцэны, афішы і фрагменты гістарычных пастановак "Тутэйшых", "Раскіданага гнязда", "Прымакоў" і знакамітай "Паўлінкі", увасобленай як у драме, так і ў жанры аперэты, дзе яркі вобраз галоўнай гераіні на сцэне Музычнага тэатра ўвасобіла Наталля Гайда.
Гледачу прыадкрыюцца сакрэты пастаноўкі ўнікальнага спектакля па п’есе Анатоля Дзялендзіка "Жыццё і смерць Янкі Купалы", прэм’ера якога адбылася ў 2018 годзе. Стваральнікі музычнай драмы-версіі – кампазітар Алег Хадоска, лібрэтыст Анатоль Зэкаў, рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Кавальчык. Адмыслова для выстаўкі эскізы сцэнаграфіі даў Ілья Падкапаеў, мастак-пастаноўшчык тэатра. Фатаграфіі нагадаюць незабыўныя моманты рэпетыцый і прэм’ерных спектакляў.
У рамках адкрыцця выстаўкі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае гледачоў да ўдзелу ў грамадска-культурнай акцыі "Чытаем Купалу разам", пад час якой кожны атрымае магчымасць прачытаць несмяротныя Купалавы радкі, якія сталі сцягам духоўнага адраджэння народа, абуджалі гістарычную памяць народа, фарміравалі грамадзянскі ідэал беларускай дзяржаўнасці, узнялі нацыянальнае мастацкае слова да сусветнага ўзроўню.