Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Новы год пасярэдзіне вясны (2002 г., Культура)

Новы год пасярэдзіне вясны (2002 г., Культура)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

НОВЫ ГОД ПАСЯРЭДЗІНЕ ВЯСНЫ

Хочаш-не хочаш, а "Шчаўкунчык" П. Чайкоўскага даўно і трывала лічыцца самым "калядным" балетам: калі асабліва не змяняць лібрэта, дык навагодняя елка там вырастае проста на сцэне. А ўжо падарункі "пад елкай" залежаць ад самой пастаноўкі – тым больш, што апошнім часам усё больш становіцца новых прачытанняў старой казкі. Ды якіх прачытанняў! Тут і спектакль Марыінкі з больш хуткімі (і гнуткімі) музычнымі тэмпамі Валерыя Гергіева і шыкоўна-эпатажнай сцэнаграфіяй Міхаіла Шамякіна, і песімістычна-змрочны "Шчаўкунчык" Яўгена Панфілава з Пермі, прадэманстраваны на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску.

У Беларускім дзяржаўным музычным тэатры не надта клапаціліся пра тое "новае" – хіба назву памянялі на "Зачараваны прынц", дый то не зараз, а некалькі гадоў таму, калі гэты балет упершыню з'явіўся на "аперэтачнай" сцэне. У цяперашняй прэм'еры новым было мастацкае афармленне балета, бо старыя прыстасаваныя дэкарацыі разваліліся папросту на вачах. А яшчэ "навінкай" стала жывое гучанне аркестра, бо раней спектакль ішоў пад фанаграму.

Сказаць, што аркестр пад кіраўніцтвам Аляксандра Сасноўскага сапраўды зачараваў, значыць крыху пакрывіць душой. Але ж і не расчараваў! Усё было сыграна даволі прыстойна, з захаваннем традыцый. А тое, што на прэм'еры, каб выратаваць сітуацыю падчас па-дэ-дэ, дырыжору давялося самому спяваць сола, будзем лічыць неспадзяванай дробяззю: добра тое, што добра заканчваецца.

Не прэтэндуе на нейкую звышзнаходку і праца мастака-пастаноўшчыка – заслужанага дзеяча культуры Беларусі, лаўрэата прэміі "За духоўнае адраджэнне" Яўгена Ждана. У яго сцэнаграфіі прысутнічаюць элементы інсітнага мастацтва, стылізацьія "пад дзіцячы малюнак", і гэта як мага лепей адпавядае жанраваму вызначэнню балета-казкі. Усе сцэнічныя строі таксама дастаткова традыцыйныя, можна нават сказаць – класічныя (вось толькі ад шэрых трыко мышэй патыхае "класікай" 50-ых і эпохай рэалізму).

"Акварэльная" харэаграфія Вайнонена завяршае атмасферу амаль хатняй утульнасці, дзе заўсёды ёсць месца настальгіі па маленстве і юнацтве. Да таго ж, сцэнічная рэдакцыя, якую зрабіла галоўны балетмайстар тэатра, заслужаная артыстка Расіі Ніна Дзячэнка, была накіравана на некаторае скарачэнне спектакля, яго максімальнае "ўшчыльненне", пазбаўленне "агульных разважанняў".

Справа ў тым, што гэтым балетам збіраюцца актыўна папаўняць "ранішні" рэпертуар тэатра – і ў такім выглядзе спектакль ідэальна падыходзіць для дзіцячага ўспрымання. Прычым без усялякіх скідак на тое, што "для ранішніка", маўляў, і так абыдзецца. Бо танцуюць у гэтым балеце Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў – непераўзыдзеныя артысты, лаўрэаты шматлікіх міжнародных конкурсаў (такой колькасцю высокіх замежных узнагарод не можа пахваліцца ніводзін іншы саліст балета Беларусі). Дарэчы, са "Шчаўкунчыкам" іх звязвае шмат цікавых успамінаў. У тым ліку, пра навагоднія гастролі ў Амерыцы, дзе ім давялося выконваць партыі Машы і Прынца ў іншай харэаграфіі – Бэна Сцівенсана. Адбывалася гэта ў тэатры горада Х'юстана (штат Тэхас), трупа якога лічыцца трэцяй у ЗША па сваім узроўні і маштабах (адных вядучых пар, занятых у "Шчаўкунчыку", там ажно пяць).

У "Зачараваным прынцы" плануюцца тры склады салістаў, што для гэтага тэатра таксама нямала. Акрамя таго, гэты балет увогуле прадастаўляе максімальныя магчымасці для выяўлення новых салістаў – як сярод артыстаў трупы, так і сярод навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага коледжа. У выніку практычна ўсе сола (і, галоўнае, па-дэ-труа ў выкананні падлеткаў) заслугоўваюць найвышэйшых кампліментаў, а вось два самыя знакамітыя кардэбалетныя вальсы выглядаюць не зусім, так бы мовіць, зграбна і нават увогуле эстэтычна, бо некаторыя "сняжынкі" нагадваюць вялізныя белыя гурбы.

Ды ўсё ж ніякія дробязі не ў стане парушыць светлыя пачуцці ў душы, якія выклікае гэты спектакль. Застаецца спадзявацца, што "Зачараваны прынц" і сапраўды сімвалізуе сабой Новы год – ці, нават, новую эпоху ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры. Эпоху піетэтнага стаўлення да балетнай трупы і яе салістаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 2002. – 11 мая.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: