Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Уладзімір Лінкевіч – добрай дарогі! (1975 г., Тэатральны Мінск)

Уладзімір Лінкевіч – добрай дарогі! (1975 г., Тэатральны Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

УЛАДЗІМІР ЛІНКЕВІЧ – ДОБРАЙ ДАРОГІ!

press1975-03a У адным з апошніх спектакляў Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР, пастаўленых у мінулым сезоне, Уладзімір Лінкевіч сыграў ролю, якая па свайму вобразнаму ладу, характары вельмі адрозніваецца ад многіх яго папярэдніх работ. Гэта Назар Дума ў аперэце "Вяселле ў Малінаўцы" Б. Аляксандрава. Роля драматычная, гераічная, у ёй артысту давялося "мабілізаваць" усе свае сцэнічныя рэсурсы, крыху адыйсці ад прывычных сцежак у сцэнічных паводзінах, "зрушыць" свае выканаўчыя акцэнты. Роля Назара, чырвонага камандзіра, на першы погляд здаецца простай; такія вобразы шмат разоў сустракаліся ў творах савецкай драматургіі. Аднак яе "прастата" аказваецца падманлівай: Назару Думе даводзіцца быць не толькі любімым камандзірам сваіх байцоў-чырвонаармейцаў. Яму даводзіцца выступаць у ролі белага афіцэра, быць вытанчаным па сваіх манерах, вельмі асцярожным у той жа час, каб не выдаць сябе. Назару трэба ўтойваць свой сапраўдны твар таксама і ад Сафіі і Ярынкі – жонкі і дачкі, каго ён страціў пятнаццаць гадоў назад і да часу не можа, не мае права адкрыцца. Складаны псіхалагічны стан Назара дае акцёру шырокія магчымасці для раскрыцця драматычнага таленту. Уладзімір выдатна рэалізуе гэтыя магчымасці. 

Вакал у гэтай ролі крыху адыходзіць на другі план, хоць і тут артысту ёсць што спяваць. I тут слухачы і гледачы за складанымі паваротамі драматычных падзей паспяваюць адчуць прыгожы, сакавіты голас спевака, яго свабодную плынь. Уладзімір Лінкевіч спалучае ў сваёй ігры гэтыя два пачаткі – вакальны і ігравы, і яны арганічна зліваюцца ў вобразе, увасобленым у спектаклі... 

Я не выпадкова заўважыла, што вобраз, створаны артыстам у спектаклі "Вяселле ў Малінаўцы", па сваім характары з'яўляецца не зусім звычайным для яго творчага амплуа. Праўда, у некаторых спектаклях, пастаўленых па савецкіх аперэтах, артыст сустракаўся з героікай, у прыватнасці ў спектаклі "На світанні" А. Сандлера, дзе ён увасобіў вобраз Івана Кашубы. Аднак найбольш значнае месца ў яго сцэнічным рэпертуары занялі ролі ў класічных аперэтах, у спектаклях, дзе много музыкі, вакалу, дзе найбольш поўна змог праявіцца яго музычны і вакальны талент. 

За плячыма маладога спевака – больш за дзесяць год работы ў тэатрах аперэты ў розных гарадах краіны – Новасібірску, Кемераве, Рызе, Краснадары, каля пяцідзесяці роляў у сарака спектаклях. Аперэта – яго жыццё, яго любоў. Уладзімір зараз не можа ўявіць сябе па-за тэатрам музычнай камедыі, а між тым яго шлях на аперэтачную сцэну пачынаўся зусім не проста. Ён з усмешкай успамінае, як насцярожана ставіўся да тэатру аперэты ў свае юнацкія гады... 

Вучыўся ён у Новасібірскім музычным вучылішчы на вакальным аддзяленні і пасля двух курсаў быў прыняты ў Свярдлоўскую кансерваторыю. Спачатку Уладзіміра прынялі на аддзяленне музычнай камедыі. Яму тады самому падабаўся гэты жанр мастацтва. У яго выглядзе, характары голаса было нешта такое, што пераконвала ў правільнасці гэтага выбару. Але раптам ён адчуў, што зрабіў няправільны крок. Опера! Толькі тут ён бачыў сваё прызванне, у сур'ёзным мастацтве. Музычная камедыя здалася мастацтвам аблегчаным, несур'ёзным... На аддзяленні опернага мастацтва Уладзімір вучыўся з захапленнем, уваходзіў у свет опернай класікі. Адначасова працаваў салістам філармоніі, з асалодай спяваў рамансы Рахманінава, Танеева, Гліера... Гэта не перашкаджала яго педагогу Ф.I. Абразцоўскай гаварыць, што ў Уладзіміра "кальманаўскі" голас. Пасля паспяховага заканчэння кансерваторыі ён усё-такі пайшоў ... у тэатр музычнай камедыі. 

З таго часу прайшло больш як дзесяць гадоў. Уладзімір Лінкевіч стаў прафесійным артыстам аперэты. 

Знаёмлюся са спісам роляў, што сыграў ён за гады работы на сцэне. Вобразы, створаныя ў аперэтах Кальмана: Эдвін у "Сільве", Тасіла ў "Марыцы", Рауль у аперэце "Фіялка Манмартра", Юліян у "Блакітнай мазурцы", Містэр Ікс у аперэце "Прынцэса цырку", Палі Рач у аперэце "Цыган-прэм'ер"... Ён выступаў у "Вясёлай удаве" Легара (граф Даніла), "Вольным ветры" I. Дунаеўскага (Янга), "На світанні" А. Сандлера (Іван Кашуба), "Дзяўчыне з блакітнымі вачыма" В. Мурадэлі (Андрэй Барадзін)... Не будзем далей працягваць гэты спіс. 

У мінулым годзе Уладзімір Лінкевіч увайшоў у трупу Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. Ён вярнуўся ў родныя мясціны: Беларусь жа – яго радзіма. Уладзімір нарадзіўся ў сялянскай сям'і на Віцебшчыне, але паехаў адсюль даўно, яшчэ ў дзіцячыя гады. Увесь час цягнула на радзіму... Цяпер ён жыве і працуе ў Мінску. Вобразы, што створаны ім на сцэне нашага тэатра, вабяць сваёй шчырасцю, чалавечнасцю, лірызмам, іншы раз – мужнасцю і героікай. 

На мінскай сцэне мне давялося бачыць Уладзіміра Лінкевіча ў некалькіх спектаклях, у тым ліку – у двух "кальманаўскіх". Гэта Эдвін у "Сільве" – палкі, імклівы, паэтычны, і Тасіла ў "Марыцы" – горды і бескампрамісны, "па-венгерску" гарачы, чысты ў сваіх пачуццях. Два розных вобразы, але ёсць у іх нешта быццам бы агульнае. Што? Ну, вядома ж – голас спевака, музыка, якой ён "пранізаны". Мяккі, глыбокі, прыгожага тэмбру голас, сакавітасць музычных і тэмбравых фарбаў... У абедзьвюх аперэтах многа вакальнага матэрыялу, ёсць што спяваць, і Уладзімір асабліва даражыць гэтымі ролямі, таму што ў іх інтэрпрэтацыі на першым месцы знаходзіцца музыка, спевы... 

Мне ўяўляецца важным адзначыць – у тэатры музкамедыі БССР ёсць выдатны лірычны герой. Ён мае мноства абліччаў, у розных спектаклях у яго розныя характары, розная манера сцэнічных паводзін, розныя мэты і жыццёвыя ідэалы. Але іграе гэтых розных герояў адзін артыст – Уладзімір Лінкевіч, артыст з прывабным сцэнічным выглядам, які валодае сапраўдным вакалам, без ўсялякіх "скідак на аперэту"; артыст, што свабодна і лёгка адчувае сябе ў любой сцэнічнай сітуацыі і здольны стварыць паўнакроўныя, яркія вобразы, надоўга западаючыя ў памяць гледачоў. Уладзімір Лінкевіч шчодра дзеліцца з імі ўсім, чым валодае. Бачыць яго і чуць – гэта значыць атрымаць вялікую эстэтычную асалоду. Пабывайце на спектаклі, у якім заняты артыст, і вы самі пераканаецеся ў гэтым. 

Алена РАКАВА. 
Тэатральны Мінск. – 1975. – № 3.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: