Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пад засенню пяці муз (1981 г., Мінская праўда)

Пад засенню пяці муз (1981 г., Мінская праўда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ПАД ЗАСЕННЮ ПЯЦІ МУЗ

Учора артысты тэатра музычнай камедыі адзначылі двайное свята: адкрыццё сезона і наваселле. Упершыню вокны новага будынка тэатра па-святочнаму засвяціліся агнямі, упершыню глядзельная зала напоўнілася прыхільнікамі музыкі, упершыню мінскія гледачы апладзіравалі цудоўнай аперэце I. Штрауса "Лятучая мыш", прэм’ерай якой калектыў адкрыў свой новы сезон. 

Пра ўчарашні і заўтрашні дзень тэатра мы гутарым з народнай артысткай БССР, вядучай салісткай тэатра Наталляй Віктараўнай Гайдай. 

– Як вядома, мінскі тэатр музычнай камедыі самы малады ў рэспубліцы. Ён створаны ў 1970 годзе, і Вы, Наталля Віктараўна, былі сярод тых, хто пачынаў гісторыю тэатра. Што Вы тады адчувалі? 


– Гэта было летам. Стаяла цудоўнае надвор'е. Яно поўнасцю адпавядала нашаму настрою, і нічога не было больш цікавым, радасным, чым пачуццё, што з нас усё пачынаецца. Здаецца, гэта было так нядаўна, а ўжо калектывам тэатра пастаўлена 30 спектакляў. 

– Асаблівай заслугай тэатра можна лічыць той факт, што на яго сцэне ўпершыню знайшла месца нацыянальная беларуская музычная камедыя. 

– Так, я лічу, што стварэнне нашага тэатра паслужыла штуршком для развіцця беларускай музкамедыі. На першай прэм'еры мы паказалі гераічную музычную камедыю Ю. Семянякі "Пяе "Жаваранак". Гэта спектакль аб мужнай барацьбе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аб партызанах. Тэма спектакля блізкая беларускаму гледачу. Адным словам, гэта было менавіта тое, што і патрабавалася. 

Я іграла ў спектаклі ролю разведчыцы Ірыны. У гэтым праявілася маё акцёрскае шчасце. Таму што вельмі важна пачаць сваю творчую біяграфію ў якім-небудзь тэатры менавіта такой роллю, цудоўнай роллю, каб яна дала магчымасць поўнасцю выказацца, праявіць майстэрства. Такой была для мяне роля Ірыны. 

– Вялікай удачай тэатра крытыкі лічаць пастаноўку камедыі Я. Купалы "Паўлінка", музыка кампазітара Ю. Семянякі. 

– Мы і самі так лічым, таму што пасля "Паўлінкі" беларускія кампазітары ўсё часцей сталі звяртацца да музычнай камедыі, усё больш добрых твораў у гэтым жанры пачало з'яўляцца на нашай сцэне. Гэта "Сцяпан – вялікі пан" і "Тыдзень вечнага кахання" Ю. Семянякі, "Несцерка" Р. Суруса. У гэтым годзе спектакль "Несцерка" заваяваў другое месца ва Усесаюзным аглядзе спектакляў для дзяцей і юнацтва. 

Гэта што датычыць значэння пастаноўкі "Паўлінкі" для тэатра. А для мяне роля Паўлінкі – любімая. У ёй ёсць усё: жывы характар, аптымізм. Але гэта не проста, як мы гаворым, "блакітная" гераіня. Яна змагаецца за сваё шчасце, яе можна паставіць у рад з лепшымі класічнымі жаночымі вобразамі. Гэта роля цікавая сваёй разнапланавасцю: Паўлінка і пакутуе, і плача, і весяліцца, і здзекваецца над Быкоўскім. Вельмі шырокае поле для творчасці. Бо бывае ж так, што музыка ў п'есе цудоўная, а характар гераіні не выпісаны. У такіх выпадках прэса піша: "Акцёр не сумеў пераадолець схематызму ролі". Гэта не пагражае Паўлінцы, яе вобраз напісан ярка. Іграю я яе заўсёды з асалодай, і гледачы прымаюць гэты спектакль добра. 

– Наталля Віктараўна, а ад чаго залежыць поспех той або іншай пастаноўкі, поспех тэатра ў цэлым? 

– Вельмі важна правільная, як мы гаворым, рэпертуарная палітыка тэатра. Для выбару таго або іншага спектакля важны многія ўмовы. Гэта і злабадзённая, хвалюючая тэма, і ўлік магчымасці данай трупы акцёраў, і жанравая разнастайнасць спектакляў. Толькі спалучэнне ўсіх гэтых фактараў пры складанні рэпертуару заўсёды падагравае інтарэс гледачоў, стварае ўмовы для творчага росту акцёраў. Тут ад памылак ніхто не застрахаваны. 

– Далей развіваць добрыя традыцыі тэатра Вы будзеце ўжо ў лепшых умовах: у вас цяпер ёсць свой будынак. Раней гледачу цяжка было арыентавацца: учора вы ігралі ў Доме афіцэраў, сёння – у Палацы культуры чыгуначнікаў, а заўтра яшчэ дзе-небудзь. 

– Гэта перашкаджала нам ствараць пастаянную глядзельную аўдыторыю, не гаворачы ўжо аб зручнасцях для саміх акцёраў. А сёння я ведаю, што я прыйшла на работу, вось гэта мой стол, маё фартэпіяна. Карацей кажучы, цяпер у нас ёсць усё, каб ствараць добрыя спектаклі і наш поспех будзе залежаць толькі ад нас саміх. 

– У калектыву тэатра, відаць, вялікія планы на гэты сезон? 

– Магчымасць працаваць у такіх цудоўных умовах да многага нас абавязвае. 3 класічных твораў калектыў тэатра ў гэтым сезоне будзе працаваць над "Прынцэсай цырка" Кальмана. 

У нашых творчых планах спектакль па п'есе Шэрыдана "Дуэння", музыку да якога напісаў Ц. Хрэннікаў, работа над п'есай А. Макаёнка "Трыбунал", музыка Р. Суруса, пастаноўка для дзяцей "Зачараванага каменя", кампазітар А. Залётнеў. Ёсць над чым папрацаваць калектыву. 

– У апошні час у тэатр прыйшлі і маладыя і артысты. Як яны ўліліся ў калектыў? 

– У нас працуюць нядаўнія выпускнікі Г. Харык, Н. Харужэнка і іншыя. Я веру ў іх. Яны глядзяць, назіраюць, вучацца, аналізуюць. I, галоўнае, не баяцца чарнавой работы. Нельга лічыць ролю закончанай, калі вывучыў словы і музыку. Неабходны пастаянныя, часам знясільваючыя рэпетыцыі, пастаянны пошук. 

Мне хочацца спыніцца яшчэ і на такой праблеме, калі ўжо мы загаварылі аб маладым пакаленні. Я лічу неабходным, каб у тэатр прыходзілі не толькі маладыя вакалісты, але і выпускнікі тэатральных вузаў са слыхам і голасам. 

У музычнай камедыі важна, каб усе ўсё ўмелі спяваць, танцаваць, іграць. Патрэбны зладжаны ансамбль акцёраў. Нездарма на франтоне будынка нашага тэатра фігуры пяці муз: камедыі, паэзіі, музыкі, жывапісу, танца. I пад засенню гэтых муз нам трэба будзе развіваць і ўдасканальваць мастацтва музычнай камедыі.

К. АГЕЕВА. 
Мінская праўда. – 1981. – 16 кастр.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: