Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Чаму мы любім аперэту? (1982 г., Беларусь)

Чаму мы любім аперэту? (1982 г., Беларусь)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ЧАМУ МЫ ЛЮБІМ АПЕРЭТУ?

Той вечар быў незвычайны па многіх прычынах. Калі засталіся ззаду пахмурныя, пацямнелыя ад восеньскіх дажджоў дамы, за паваротам, выхаплены з кастрычніцкага прыцемку, асветлены промнямі пражэктараў, паўстаў – нібы цуд, нібы казка – велічны белы будынак. Над галоўным уваходам – скульптурная кампазіцыя. Пяць жаночых фігур, вылучаных "кантравым", як сказаў бы фатограф, святлом. 

– Лішняга... няма? – з надзеяй і хваляваннем ("А раптам не трапім? Як жа там без нас?!") неаднойчы спыталі ў мяне, пакуль дайшла да дзвярэй. 

Узрушанымі тварамі поўнілася гаманкое фае. Публіка відавочна прэм'ерная. Акцёры, рэжысёры, мастакі, крытыкі і проста гледачы размаўлялі, прагульваліся, з цікавасцю аглядалі інтэр'еры будынка – сучасна аформленае фае-бар, "круглае" фае, глядзельную залу. 

У той вечар гучала шмат урачыстых, віншавальных слоў, пажаданняў – творчай неўтаймоўнасці, новых спектакляў, адмысловых акцёрскіх работ, шчырых глядацкіх усмешак і воплескаў. 

А потым, калі паціху, неўпрыкмет знікла святло ў суквеццях люстраў і паўзмрок ахінуў глядзельную эалу, – дырыжор узмахнуў палачкай, і музыка, быццам вызваленая з палону нотных лінеек і значкоў, запоўніла прастору глядзельнай залы, заўладарыла ў ёй. 

Беларуская аперэта святкавала ў той кастрычніцкі вечар сваё наваселле. Вандроўны, "шматпакутны" тэатр музкамедыі, які часова "прапісвалі" на сваёй "жылплошчы" клуб імя Дзяржынскага і Палац прафсаюзаў, Дом афіцэраў і Палац чыгуначнікаў імя Ільіча, набыў нарэшце пастаянную трывалую прапіску на вуліцы Нагіна. Наваселле супала з адкрыццём новага, адзінаццатага сезона, архітэктурная прэм'ера – з прэм'ерай славутай аперэты Іагана Штрауса "Лятучая мыш". 

Усё гэта згадалася, калі я атрымала рэдакцыйнае заданне: напісаць пра жыццё маладога тэатральнага калектыву ў новым будынку. 

З чаго ж пачаць гаворку? 

Згадаць колішнія ўражанні спектакляў, убачаных з глядзельнай залы, з-за куліс, а аднойчы нават з аркестравай ямы, – "Фіялкі Манмартра" і "Марыцы", "Сільвы" і "Халопкі", "Паўлінкі" і "Несцеркі", "Бабскага бунту" і "Пацалунка Чаніты"; узнавіць асацыяцыі, выкліканыя акцёрскімі работамі Наталлі Гайды, Ніны Равінскай, Вячаслава Фаменкі, Уладзіміра Лінкевіча, Віктара Бажэнава, Вікторыі Мазур, Нінель Белавусавай? 

А мо, паразважаць наконт спецыфікі складанага, сінтэтычнага жанру, дзе вакальныя партыі спалучаюцца з рэчытатывам, танец – з драматычнымі перажываннямі, мастацтвам пераўвасаблення? 

Ці занатаваць на паперы пачутыя незнарок глядацкія меркаванні, у якіх прадстаўлена ўся шкала эмоцый і ацэнак – ад захаплення да з'едлівых закідаў – рэплікі, накшталт разважанняў персанажаў знакамітай гогалеўскай п'есы "Тэатральны раз'езд пасля прадстаўлення новай камедыі"? 

А можа, зрабіць невялічкі экскурс у гісторыю і паведаміць чытачам, што "маленькая опера" – так перакладаецца з італьянскай мовы слова "аперэта" – нарадзілася ў Францыі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя. Адзначыць, што класікамі тагачаснай французскай аперэты лічыліся Ф. Эрве і Ж. Афенбах, што сусветную вядомасць венскай, а пазней нававенскай аперэце прынеслі творы Штрауса, Кальмана, Легара. Не забыцца і пра тое, што на пачатку нашага стагоддзя ў Амерыцы "адшукаўся" блізкі "сваяк" аперэты – мюэікл. I, вядома, расказаць, пра нараджэнне ў 20-х гадах савецкай аперэты, якая звязана з імёнамі I. Дунаеўскага, М. Стрэльнікава, Б. Аляксандрава, Ю. Мілюціна, Ц. Хрэннікава. 

17 студзеня 1971 года... Гэты дзень стаў днём нараджэння Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. Але наўрад ці слушнай будзе думка, што беларускай аперэце ўсяго 10 гадоў. Бо яшчэ ў 1915 годзе ў Вільні літаратурна-драматычным гуртком была пастаўлена першая беларуская музычная камедыя "Залёты" М. Кімант-Яцыны на тэкст В. Дуніна-Марцінкевіча. У Мінску і Віцебску, Гомелі і Гродне, Магілёве, іншых гарадах Беларусі да Кастрычніцкай рэвалюцыі рэгулярна выступалі рускія трупы класічнай аперэты. З 1935 года ў Мінску пад кіраўніцтвам вядомага рэжысёра В. Бебутава працаваў тэатр, у рэпертуары якога былі пазначаны пераважна музычныя камедыі. А непасрэднымі папярэднікамі сённяшняга тэатра былі Бабруйскі вандроўны музычна-драматычны тэатр, які ўзнік у 1956 годзе, і Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі, створаны на аснове Бабруйскага ў 1965-м. 

Дзесяць сезонаў, дзесяць гадоў працы... За гэты час на мінскай сцэне набылі сваё сцэнічнае ўвасабленне больш за трыццаць спектакляў беларускіх, савецкіх, замежных аўтараў. Акрамя згаданых – "Вяселле ў Малінаўцы" Б. Аляксандрава і "Бабскі бунт" Я. Пцічкіна, "Цыганскае каханне" Ф. Легара і "Увага, здымка!" А. Эшпая, "Патрабуецца гераіня" В. Баснера і "Чацвёра з вуліцы Жанны" А. Сандлера, "Вольны вецер" I. Дунаеўскага і "Рэпартаж з пекла" Я. Глебава. 

Але, зразумела, адметнасць творчага аблічча калектыву вызначае перш за ўсё нацыянальны рэпертуар, творы беларускіх кампазітараў, напісаныя на беларускім матэрыяле. Менавіта на сцэне тэатра нарадзіліся і ўбачылі святло рампы чатыры творы Юрыя Семянякі – гераічная музычная камедыя "Спявае "Жаваранак", якой тэатр адкрыў свой першы сезон, аперэта-вадэвіль "Тыдзень вечнага кахання", музычная казка для дзяцей "Сцяпан – вялікі пан" і, вядома ж, "Паўлінка" – гераіня неўміручай купалаўскай п'есы набыла на музычнай сцэне сваё новае жыцце. На пачатку 1980 года мінскі глядач вітаў дасціпнага і вынаходлівага Несцерку, героя аднайменнай аперэты маладога кампазітара Рыгора Суруса. Дарэчы, не так даўно "Несцерка" атрымаў саюзнае прызнанне – другую прэмію ўсесаюзнага конкурсу на лепшы музычны твор для дзяцей і юнацтва... 

Згадаўшы сякія-такія факты з жыцця маладой тэатральнай сям'і, самы час расказваць і пра яе новую хату. 

Тэатр музкамедыі ўзведзен будаўнічым трэстам № 7 камбіната "Мінскбуд" па праекту заслужанага архітэктара БССР А. Ткачук, архітэктара У. Тарноўскага і інжынера У. Кацнельсона. 

"Зялёная" моладзь наўрад ці памятае, а вось мінчане сталага веку абавязкова пацвердзяць, што калісьці на месцы тэатра стаяў невялічкі клуб тонкасуконнага камбіната – тут была свая кіназала, працавалі гурткі мастацкай самадзейнасці. Калі пачалася распрацоўка праекта, існаванне клуба вызначыла "пасадку", як гавораць архітэктары, і кампазіцыю тэатра аперэты. Клуб "стаў" глядацкай часткай тэатра, дзе размяшчаюцца зараз касы і вестыбюль. Да іх "далучыліся", умоўна кажучы, глядзельная зала і сцэнічная частка. 

Велічны белы будынак на скрыжаванні вуліц А. Мяснікова і К. Цэткін... Суцэльныя, абліцаваныя вапняком сцены, невялічкія ўстаўныя вітражы. Урачыста пазначае галоўны ўваход у тэатр кампазіцыя "Музы", выкананая мінскім скульптарам Л. Зільберам з чырвонай медзі. Пяць жаночых фігур сімвалізуюць муз паэзіі, музыкі, тэатра, жывапісу, танца – тых, якіх аб'ядноўвае ў сабе мастацтва аперэты. Лёгкія, імклівыя постаці, высакародныя абліччы, цікава знойдзеныя дэталі – Пегас, скрыпачка, тэатральныя маскі, пэндзаль – утвараюць скульптурную групу, якая арганічна звязана з будынкам. Хутка побач з тэатрам будзе ўстаноўлена манументальна-дэкаратыўная кампазіцыя "Батлейка", прысвечаная беларускаму тэатру, таксама работа Л. Зільбера. 

У афармленні тэатра аперэты выкарыстаны светлы мармур, фарбаваная тынкоўка, гіпсавыя дэкаратыўныя элементы, залацістае шкло і латунь. Цікава, што архітэктурна-мастацкае вырашэнне інтэр'ераў заснавана на іх паступовым узбагачэнні і ўскладненні. 

Сцены і столь глядзельнай залы таксама светлыя. I таму па кантрасце з імі асабліва выразнай, інтэнсіўнай па колеру выглядае габеленавая заслона, вытканая на Бабруйскім мастацкім камбінаце па эскізах заслужанага дзеяча мастацтваў БССР А. Кішчанкі і мастачкі А. Більцюковай. 

З цікавасцю спыняецца глядач перад дэкаратыўнымі гіпсавымі рэльефамі – напаўзабытым відам аздаблення, які ўпрыгожвае калоны круглых фае першага і другога паверхаў і партальную сцяну глядзельнай залы. Архітэктар М. Ткачук і скульптар Ю. Якубовіч вырашылі рэльефы ў выглядзе асобных кветак і буйных кампазіцый. 

Па эскізах мастакоў Б. Дразда, В. Міхайлюка, Ф. Халабец выкананы латунныя дэталі інтэр'ера – надпісы, свяцільні, дзвярныя ручкі. Скульптар М. Бяляеў – аўтар дэкаратыўных масак-вадалеяў, якія з'яўляюцца часткай сценкі-фантана ў скверы ля будынка тэатра. Люстры з залацістага шкла выкананы рыжскім камбінатам "Максла" па эскізах мастака Ю. Індрыксона. 

Вельмі прасторная сцэна новага тэатра – яе можна параўнаць хіба што са сцэнай нашага опернага. Ар'ерсцэну, таксама вельмі прасторную, можна выкарыстоўваць у якасці рэпетыцыйнай залы. У новым будынку ёсць спецыяльныя памяшканні для рэпетыцый салістаў, хору, аркестра, танцоўшчыкаў. 

На календары зараз май, вясна ўбіраецца ў сілу, а ў будынку па вуліцы Нагіна самы гарачы час, сезон у поўным разгары. 

У бліжэйшы час афішы паведамяць нам пра прэм'еры аперэты І. Кальмана "Прынцэса цырка", пазапланавага спектакля "Жаніцьба гусара" Г. Гладкова, які будзе падрыхтаваны сіламі творчай моладзі. Сваё сцэнічнае жыццё набудуць спектаклі савецкай класікі "Неўтаймаваны гасконец" К. Караева і "Герцаг Сіняя Барада" Ж. Афенбаха. 

Але ж галоўным застаецца клопат трупы пра нацыянальны рэпертуар. Зараз з тэатрам актыўна супрацоўнічаюць кампазітары і драматургі Юрый Семяняка, Ігар Лучанок, Рыгор Сурус, Андрэй Макаёнак, Артур Вольскі, Леанід Захлеўны, Аляксандр Дзялендзік, Кім Цесакоў, Хведар Жычка, Аляксандр Чыркун, Валянцін Лукша. 

...I ўсё ж – чаму мы любім аперэту? Мабыць, за весялосць і жыццесцвярджальнасць, якасці, якія, здаецца, закладзены ў самой прыродзе музычнай камедыі. За дэмакратызм і дасціпнасць, што робяць яе найбольш папулярным жанрам музычнага мастацтва. Яна шчодра дорыць нам добры настрой, душэўную бадзёрасць і энергію.

Т. МУШЫНСКАЯ. 
Беларусь. – 1982. – № 6. – С. 26.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: