Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Мая чароўная лэдзі" ў тэатры музкамедыі БССР (1982 г., Тэатральны Мінск)

"Мая чароўная лэдзі" ў тэатры музкамедыі БССР (1982 г., Тэатральны Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

"МАЯ ЧАРОЎНАЯ ЛЭДЗІ" Ў ТЭАТРЫ МУЗКАМЕДЫІ БССР

У планах тэатра музычнай камедыі мюзікл Ф. Лоў "Мая чароўная лэдзі" стаяў не адзін год. Напэўна, гэта і не блага: тэатр прыглядаўся, "прымерваўся", ацэньваў свае сілы... Калі стала ясным, што мастацкія сілы для гэтага спектакля ў калектыве ёсць, галоўным стала пытанне аб пастаноўшчыку. Так, гэта было цяпер галоўным, таму што пастаноўка сучаснага мюзікла мае на ўвазе наяўнасць цэлага комплексу кампанентаў, у якім традыцыі музычнага тэатра непасрэдна састыкоўваюцца з самымі новымі сродкамі сучаснага музычна-тэатральнага прадстаўлення. 

Народны артыст БССР Сямён Штэйн не мае патрэбы ў асобых рэкамендацыях. Буйны оперны рэжысёр, ён у кожнай сваёй пастаноўцы дэманструе высокі мастацкі густ, вастрыню светаўспрыняцця, сучаснасць мастацкага мыслення. Гэта пацвярджаюць не толькі яго работы ў Беларускім тэатры оперы і балета (дзе асобай увагі заслугоўваюць пастаноўкі беларускіх нацыянальных оперных спектакляў "Зорка Венера", "Джардана Бруна", "Сівая легенда", "Сцежкай жыцця"), але і пастаўленыя ім спектаклі на галоўнай опернай сцэне краіны – у Вялікім тэатры Саюза ССР ("Зоры тут ціхія", "Баль-маскарад"), у Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы і балета Балгарыі ў Сафіі ("Зара", "Зоры тут ціхія"). 

З Беларускім тэатрам музычнай камедыі Сямёна Штэйна звязвае даўняя творчая дружба. Ён – пастаноўшчык першай нацыянальнай беларускай аперэты "Паўлінка", першай беларускай аперэты-вадэвіля "Тыдзень вечнага кахання", першай беларускай аперэты для дзяцей "Сцяпан – вялікі пан" кампазітара Юрыя Семянякі. I вось новая сустрэча калектыву тэатра музычнай камедыі з рэжысёрам Штэйнам – у мюзікле "Мая чароўная лэдзі". 

Задача перад пастаноўшчыкам стаяла нялёгкая: трэба было даць новую сцэнічную версію сюжэту, які неаднаразова разыгрываўся на многіх драматычных і музычных сцэнах. 

Вельмі тонка рэжысёр вызначыў для сябе адносіны да двух аўтараў мюзікла. Падчас работы над спектаклем ён патрабаваў ад артыстаў, каб яны перад кожнай рэпетыцыяй чыталі Шоў, імкнуліся зразумець своеасаблівасць п'есы, ход думак драматурга, асабліва яго рэмаркі. Потым пачаў гаварыць акцёрам так: "Чытайце Шоў, начытвайцеся і... забывайце аб ім. Мы ставім не Шоў, а тое, што ўбачыў і пачуў кампазітар Лоў!" 

Рэжысёр паставіў задачу прыйсці да своеасаблівай інтанацыі кампазітара, да музыкі, у якой Лоў вельмі дакладна стварыў атмасферу дзвюх Англій, намаляваў два вобразы ўрачыстасці, радасці, свята. Рэжысёр паказвае гэтыя дзве Англіі: фешэнебельна-важную, напышлівую – і жабрацкую; супрацьпастаўляе баль у пасольстве, які праходзіць ва ўрачыстым маўчанні, тэмпераментнаму эмацыянальнаму "балю" галоты на рынку... 

– Развіваючы гэту думку аб супрацьпастаўленні дзвюх Англій, – гаворыць Сямён Аляксандравіч, – мы прыйшлі з мастаком Анатолем Марозавым да рашэння – зрабіць толькі два заднікі, на якіх гэта супрацьпастаўленне было б дакладна адлюстравана. I паставіць на авансцэне ў процілеглых канцах два манекены, якія зноў жа павінны сімвалізаваць гэты яркі кантраст: злева, каля дзверы ў дом прафесара Хігінса, – рэспектабельнага прадстаўніка так званага вышэйшага кола, справа – ля ўвахода ў шынок – прадстаўніка трушчоб, "вуліцы"... 

У пастаноўцы рэжысёра, у сцэнаграфіі эмацыянальна, бачна знойдзена сутыкненне гэтых дзвюх Англій, якія існуюць у рэзкім, непрымірымым канфлікце... 

Спектакль "Мая чароўная лэдзі" – аб стварэнні асобы. Але гэта ўзаемнае стварэнне. Не толькі прафесар Хігінс з вулічнай кветачніцы стварае чароўную лэдзі, але і Эліза Дулітл стварае новага Хігінса. I тут асаблівае значэнне набывае фінал спектакля, бліскуча вырашаны пастаноўшчыкам. 

...Героі зразумелі, што адбылося з імі: яны знайшлі адзін аднаго. Кампазітар злучае іх сваёй музыкай: гэта тэма "Я танцаваць хачу", якая іграе асобую ролю ў музычнай драматургіі твора. Прайшоўшы праз музычную тканіну, тэма гэта ў фінале гучыць урачыста, радасна... А двое шчаслівых людзей ідуць з глыбіні сцэны да рампы, да гледачоў. Яны ідуць побач, не гледзячы адзін на аднаго, і шчасліва смяюцца. Гэты смех – перамога іх узаемаадносін і вышэйшая кропка спектакля... I зала, якая чакала, хацела такога паварота падзей, наладжвае героям авацыю... 

Спектакль "Мая чароўная лэдзі" багатае і яркае палатно, сатканае з многіх кампанентаў: сюжэт і музыка, рэжысура С. Штэйна, сцэнаграфія А. Марозава, работа балетмайстраў В. Бутрымовіча і народнай артысткі БССР А. Карзянковай, хормайстраў Н. Андросавай і М. Шпакоўскай. Самых добрых слоў заслугоўвае работа музычнага кіраўніка спектакля А. Лапунова, тонкае прачытанне ім партытуры, дакладнасць інтэрпрэтацыі музычнай драматургіі твора. 

Адметным у спектаклі з'яўляюцца сапраўдны мастацкі ансамбль, свабода сцэнічных паводзін акцёраў. Кожны з удзельнікаў спектакля працуе з поўнай аддачай. I гэта датычыць не толькі салістаў. Свабодны пераход герояў ад слова да спеваў, ад спеваў да танца і зноў да слова – гэта асобае дасягненне стваральнікаў спектакля, у тканіне якога няма звычных швоў і плынь якога разгортваецца арганічна і натуральна. 

У спектаклі многа акцёрскіх удач. Можна назваць К. Лосева – Пікерынга, Ю. Лазоўскага і А. Ранцанца (Альфрэд Дулітл), I. Скарабагатаву (місіс Пірс), Н. Рэвінскую (місіс Хігінс)... 

Асобае месца ў спектаклі займае Н. Гайда. Актрыса тонка ўлавіла дыханне залы, з асаблівай лёгкасцю яна пражывае жыццё сваёй гераіні, дэманструючы чароўную свабоду знаходжання на сцэне, надзвычайную самааддачу. На нашых вачах ператвараецца Эліза Дулітл з брыдкага качаняці ў белага лебедзя. "Трыумфам пераўтварэння" можна назваць гэту бліскуча выкананую Н. Гайдай ролю. 

Яе партнёр у спектаклі – малады саліст тэатра Р. Харык. Самае галоўнае ў яго рабоце над партыяй Генры Хігінса – "спасціжэнне своеасаблівай логікі прафесара Хігінса, яго ўчынкаў, алагічных для іншых і лагічных для яго. Гэта і ёсць тое зерне, якое выяўляе акцёр, ствараючы характар". Так гаворыць аб артысце С. Штэйн. I працягвае: 

– Тое, што робяць Наталля Гайда і Рыгор Харык, – далёка за межамі "аперэтачных эмоцый". Гэта па-сапраўднаму высокае мастацтва тэатра... 

Што можна да гэтага дадаць? Трэба прыйсці на спектакль, сустрэцца з яго героямі, з мудрай п'есай, з чароўнай музыкай. Такі спектакль будзіць думку і кранае сэрца.

А. РАКАВА.
Тэатральны Мінск. – 1982. – № 6.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: