Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Заўтра не будзе тэатра… (1991 г., Крыніца)

Заўтра не будзе тэатра… (1991 г., Крыніца)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ЗАЎТРА НЕ БУДЗЕ ТЭАТРА…

У красавіку 1987 г. у Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР была прэм'ера спектакля "Клоп" паводле твораў У. Маякоўскага. За гэты спектакль рэжысёр-пастаноўшчык Вячаслаў Цюпа быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. Менавіта "Клоп", як лепшы спектакль сезона, быў адабраны для ўдзелу ва Усесаюзным фестывалі "Тэатр-88", які праходзіў у Маскве. Пасля гэтага "Клоп" быў уключаны ў афішу фестывалю тэатраў музычнай камедыі, які праходзіў у красавіку 1990 г. у Адэсе, дзе спектакль меў вялікі поспех. Але, вярнуўшыся з фестывалю пераможцам, спектакль практычна адразу ж сышоў з рэпертуарнай афішы свайго тэатра. I толькі праз год, у маі гэтага года, спектакль быў адноўлены і прайшоў з нашмат большым поспехам, чым у час рэгулярнага пракату. Дык у чым жа прычына, што глядач ажно год заставаўся ў недаўменні?

На гэтае пытанне адназначна адказаць цяжка. Тут можна шмат гаварыць і пра крызіс, які ахапіў усе музычныя тэатры, і пра канфліктную сітуацыю ў самім тэатры, якая выйшла далёка за ягоныя межы, і пра калізіі, звязаныя з іменем Вячаслава Цюпы. З ягонага назначэння галоўным рэжысёрам (1984 г.) пачынаецца новы адлік часу. В. Цюпа сабраў вакол сябе групу вядучых акцёраў, якія маглі ажыццявіць ягоныя творчыя задумы. Адпавядаць патрабаванням гэтага рэжысёра нялёгка: трэба зразумець ягоную эстэтыку, ягоны новы падыход да рэжысуры. Не ўсе змаглі адмовіцца ад выпрацаванага гадамі акадэмізму ў выкананні. А для акцёра, які працуе ў Цюпы, аднае адоранасці недастаткова, ён павінен быць у выдатнай фізічнай форме, інакш яму могуць зрабіцца не пад сілу нагрузкі, звязаныя з экспрэсіяй і дынамікай пастановак. Прыняць такога рэжысёра маглі толькі тыя, хто меў вялікі творчы патэнцыял, дагэтуль нерэалізаваны.

Сярод галоўных спецыялістаў і ў акцёрскім асяроддзі наспеў канфлікт; не будзем разбірацца ў ягоных падрабязнасцях, скажам толькі, што вынік быў плачэўны. В. Цюпа вымушаны быў пайсці з тэатра. Ён паспеў зрабіць некалькі яркіх пастановак, а "Клапа" ставіў ужо не будучы галоўным рэжысёрам. Практычна адразу пасля вяртання з Адэскага фестывалю, тэатр пакінула народная артыстка БССР Наталля Гайда, імя якой з'яўляецца ягонай візітоўкаю. У гэты самы час пайшоў і Аляксандр Кузьмянкоў, цяпер ён працуе ў Адэсе ў Муніцыпальным шоу-тэатры "Рышэлье". Так распаўся практычна ўжо складзены калектыў, які на чале з В. Цюпам уяўляў сабою новы перспектыўны накірунак у сваім жанры. Усе намаганні па стварэнні альтэрнатыўнага тэатра (будзем так яго называць) былі марныя. Энтузіязм наватараў не знайшоў падтрымкі ні ў тэатры, ні нават у Міністэрстве культуры.

Але пра гэта лепш раскажуць самі акцёры, выканаўцы галоўных роляў у спектаклі. Іхні роздум дапаможа чытачам паўней уявіць сітуацыю.

Заслужаны артыст БССР Грыгорый ХАРЫК:

– Цяперашняя тэатральная сістэма вычарпала сябе, яна дае збоі. Няма сродкаў на стварэнне спектакляў, годную плату артыстам. Гэтая сістэма не працуе на сувязь з гледачом. Калі нічога не прадпрымаць, дык праз год закрыецца большасць музычных тэатраў, і з аднае толькі прычыны: не будзе чым плаціць акцёрам. Гэта не вузкатэатральная праблема, яна нашмат шырэйшая: трэба ратаваць культуру. А ў нас нібыта свядома вядуць тэатр да развалу. Вось з'явіўся В. Цюпа – адзін з тых нямногіх таленавітых маладых рэжысёраў, якіх адзінкі. Зрабілі некалькі цікавых пастановак. Ужо складваўся новы накірунак – тэатр Цюпы, але яму не было падтрымкі. У Міністэрстве культуры нам абяцалі на базе стацыянарнага тэатра стварыць тэатр альтэрнатыўны. Тады мы маглі б працаваць, не сустракаючы процідзеяння. Але гэта былі толькі абяцанні...

Памятаю адзін з першых спектакляў "Клапа", калі ў зале сядзелі маладыя людзі. Апладзіруючы нам, яны скандзіравалі: "Пере-строй-ка!" Тады гэтае слова яшчэ не было лаянкавым, яно было словам надзеі. Дзеля маладых людзей мы тады ігралі.

Заслужаны артыст БССР Герман КАЗЛОЎ:

– Такой высокай ацэнкі спектакля "Клоп", як на фестывалі ў Адэсе, у нас не было нідзе, а тут у Мінску кіраўніцтва тэатра зрабіла ўсё, каб не павезці "Клапа" на гэты фестываль. Калі камісія паглядзела тры спектаклі: "Клапа" і "Сільву" ў пастаноўцы В. Цюпы, а таксама "Прынцэсу цырка" С. Штэйна, дык адразу вырашылі паказаць "Клапа" ў Адэсе. Мала таго, нам, як адзінаму тэатру, які вязе такі унікальны спектакль, дазволілі паказаць на фестывалі яшчэ адзін спектакль В. Цюпы – "Сільву", каб рэжысёр змог паказаць сябе і ў савецкім рэпертуары, і ў класічным. Але кіраўніцтва тэатра зрабіла ўсё, каб не везці два спектаклі. СТД давялося аплачваць усе расходы на паездку, у тым ліку і аплату за прастоі.

Аляксандр КУЗЬМЯНКОЎ:

– Я вельмі люблю музычны тэатр, і адчуваю, што гэта той жанр, дзе я больш поўна магу сябе выразіць. Але тыя формы, у якіх існавала тэатральнае дзейства ў музкамедыі, мяне глыбока не задавальнялі, я ў іх не знаходзіў магчымасці самавыяўлення. I ў мяне ўсё часцей з'яўляліся думкі аб пераходзе ў тэатр драматычны. Але вось з'явіўся В. Цюпа, і я зразумеў, што ён можа стаць у нас рэфарматарам. Гэта чалавек, які тонка адчувае сучаснасць і мысліць сучаснымі катэгорыямі. Ён ускалыхнуў застой, узяў лінію на барацьбу з састарэлым. У тэатры былі людзі, якія мучаліся тымі ж праблемамі, што і я, так у нас склаўся калектыў аднадумцаў. Разам з новым рэжысёрам мы пачалі працаваць па-новаму. Цюпа ламаў уяўленні аб метадах работы ў гэтым жанры, якія складваліся дзесяцігоддзямі. Ён чалавек са сваёй асобай эстэтыкай, безумоўна, авангардны рэжысёр, і для большасці калектыва стаў нязручным, бо цяжка адпавядаць ягоным рэжысёрскім патрабаванням. Цюпу папракалі, што ён "раз'яднаў" калектыў. Але ж у нас не было адзінства ў творчым парыве. Была руціна, застой... Гэта многіх задавальняла. Але для тых, хто мысліць, крызіс жанра відавочны. Калі каціцца па старых рэйках – гэта шлях у тупік. У драматычным тэатры крызісныя з'явы неяк улаўліваюцца і пераадольваюцца, але крызіс, які ахапіў музычныя тэатры, нашмат глыбейшы, і адзінае выйсце з яго – ломка цяперашняй тэатральнай сістэмы...

Але, цяперашняя сістэма і праўда не стымулюе акцёраў на творчы пошук, а пастаяннае месца ў трупе пазбаўляе іх ад самага вялікага клопату – спаборніцтва. Няма канкурэнцыі. У той час, як ва ўсім цывілізаваным свеце толькі канкурэнтная барацьба дазваляе выяўляць найбольш адораных. Гэта натуральны працэс, і ягоныя вынікі ўспрымаюцца як натуральныя. Таму варта пачаць са скарачэння трупы і пакінуць толькі тых людзей, якія могуць канкурыраваць. Апошнім часам з'яўляюцца зачаткі прагрэсіўнай кантрактнай сістэмы, пры якой кожны асобны артыст заключае дамову з адміністрацыяй тэатра на пэўны тэрмін. Такая сістэма дазволіць пастаянна папаўняць трупу новымі акцёрамі і выяўляць найбольш адораных. Так, Грыгорый Харык заключыў дамову са Свярдлоўскім тэатрам аперэты і на сцэне гэтага тэатра паспяхова супрацоўнічае з Віктарам Крываносам, які, у сваю чаргу, таксама працуе там па дагаворы. Аляксандр Кузьмянкоў, дзякуючы аналагічнаму кантракту, меў магчымасць прыехаць з Адэсы для ўдзелу ў спектаклі, і ў далейшым плануецца такое супрацоўніцтва, чаму, дарэчы, вельмі рада публіка – пра Кузьмянкова памяталі ўвесь гэты час. Такая сістэма спрыяе плённаму супрацоўніцтву, узаемапранікненню і пашырэнню новых дасягненняў. Акцёры лічаць, што поўны пераход на кантрактную сістэму неабходны як адна з арганізацыйных мер для выратавання тэатра. Гэтая сістэма ў далейшым можа перайсці на новыя фінансавыя адносіны.

У той час, калі матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што галоўны рэжысёр тэатра Гусеў М.I. пакінуў сваю пасаду. На пасяджэнні мастацкага савета, які праходзіў у апошнія дні мая, было вырашана не працягваць з ім працоўнае пагадненне, тэрмін якога закончыўся. Гэта можна ўспрыняць як умацаванне прагрэсіўнай кантрактнай сістэмы.

I ў тым, што "Клоп" адрадзіўся, можна ўгледзець першы крок па выхаду тэатра з глыбокага крызісу. Дзякуючы энтузіязму новага дырэктара С.Г. Косціна ўдалося сабраць ранейшы склад і вярнуць назад Наталлю Гайду.

Аднак згадаем дзень другога нараджэння "Клапа". Усе выканаўцы працавалі натхнёна. Згарманізаваны ансамбль партнёраў адчуваўся ў дынаміцы дзеяння, у якім зліліся ў адно цэлае харэаграфія, пластыка, вакальныя эпізоды. Апрача таго, амаль акрабатычныя трукі на батуце. Нельга не адзначыць работу хора. Ягоны склад, напалову абноўлены, спрацаваў цудоўна, як і аркестр, якім дырыжыраваў Аляксандр Сасноўскі і які таксама напалову складаецца з новых людзей. Спектакль пайшоў практычна з аднае рэпетыцыі.

Многія кажуць, што "Клоп" – спектакль, які апярэдзіў свой час. А як ставіцца рэжысёр Вячаслаў Цюпа да сваёй творчасці?

– Спектакль з'явіўся ў 1987 годзе. Яшчэ ўражвалі вострыя палітычныя выпады, сатырычныя падтэксты. Злыя языкі прадракалі ўпадак інтарэсу да спектакля праз два гады, калі палітычная сітуацыя зменіцца. Яшчэ не было тбіліскіх падзей, яшчэ нічога не ведалі пра Курапаты, яшчэ не было выбараў у беларускі парламент. Сістэма была непахісная... Прайшло года паўтара. I сапраўды, цікавасць да чыноўнікаў часоў застою знікла. Акцэнт у спектаклі перамясціўся на трагічную гісторыю жыцця простага чалавека. Тое, што гучала нязвонка побач з камедыяй дурняў, стала пранізлівай песняю жывога чалавека ў грамадстве сатанінскіх пачвар. Прайшоў яшчэ год. Спектакль знялі з пракату. I толькі праз чатыры гады, калі спектакль зноў з'явіўся на сцэне, здарылася, здавалася, неверагоднае: зноў сталі актуальнымі ўсе палітычныя алюзіі, толькі персанажы эпохі застою арганічна пераўвасобіліся ў сённяшніх дзеячаў. Кола часу правярнулася – назад. Будзем рабіць высновы?

Зоя ЛЫСЕНКА.
Крыніца. – 1991. – № 10. – С. 42–43.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: