Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Шляхі пошуку (1992 г., Мастацтва)

Шляхі пошуку (1992 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ШЛЯХІ ПОШУКУ

Са сцэны рэспубліканскага Дзіцячага музычнага тэатра-студыі "Казка" прагучала чароўная музыка, аўтарамі якой разам з дарослымі з'яўляліся і дзеці. Шчаслівыя ўсмешкі, асаблівы, прыўзняты, святочны настрой. І дзіўна! Упершыню ў Беларусі прагучала сапраўдная дзіцячая опера.

Самае цікавае, што сааўтарамі англійскага кампазітара Дарэла Рансуінка былі дзеці. Іх творчасць была прадстаўлена вершамі, песнямі і танцавальнай музыкай.

Алена ЧУЛЯЕВА, хормайстар сярэдняй школы № 170 з эстэтычным ухілам:


– Мы проста не ведаем сваіх дзяцей, іх магчымасцей. Па ініцыятыве Наталлі Аляксандравай, музыказнаўцы Саюза кампазітараў Беларусі, у мінулым годзе на навуковай канферэнцыі Дзіцячага музычнага фестывалю ў Санкт-Пецярбургу, прысвечанага юбілею С. Пракоф'ева, быў пакладзены пачатак гэтаму незвычайнаму для нашай краіны знаёмству з традыцыямі брытэнаўскай сістэмы эстэтычнага выхавання дзяцей. Я з канцэртмайстрам Галінай Заяц толькі рукамі развялі.

Цяжка нават уявіць сабе: на сцэне 250 дзяцей! Хто бачыў, хто чуў, каб вучні шасці сярэдніх школ Мінска з харавым, эстэтычным і харэаграфічным ухіламі (пры садзеянні дзіцячага хору Палаца культуры МТЗ, тэатра-студыі "Казка", навучэнцаў музычнай гімназіі пры кансерваторыі) самастойна падрыхтавалі буйны оперны твор па лібрэта-казцы "Чараўнік" Д. Рансуінка!

Уступны раздзел оперы і яе фінал напісаны кампазітарам – натуральна, з тэкстам на англійскай мове. Дарэчы, на англійскай гэтыя эпізоды і выконваліся нашымі дзецьмі. Акрамя гэтага ў спектаклі шэсць рознахарактарных сцэн, музычная драматургія якіх павінна быць пабудавана на беларускай песенна-фальклорнай аснове з выкарыстаннем нацыянальнага музычнага інструментарыя – дудачак, "вясковых" скрыпак, цымбалаў, ударнай групы, а таксама беларускіх народных "інструментаў-цацак", так званых гудзелак, свісцёлак, трашчалак, вядомых нам з дзяцінства.

Ні ў педагогаў, ні ў дзяцей такога вопыту, вядома, не было. А ўсе нашы тэлевізійныя забаўляльныя праграмы накшталт "Поля цудаў" зусім не адпавядаюць патрабаванням сённяшняга дня. Нечаканым для мяне, педагога з пэўным стажам, было адкрыццё ў дзіцячай душы вялікага, яшчэ не раскрытага і не выкарыстанага творчага і духоўнага патэнцыялу асобы. Гэта датычыць усяго: слова і мелодыі, малюнка і танцавальнай рытмікі...

Сапраўды, "неисповедимы пути Господни", якія прыводзяць нас да пераацэнкі не толькі асабістага духоўнага светаўспрымання, але і той чысцюткай крынічкі, якой з'яўляецца душа дзіцяці. На жаль, па віне дарослых нават гэтыя крынічкі, якія жывяць наш заўтрашні дзень, закаламучаны. Экалагічная праблема ў першую чаргу датычыць свету нашых дзяцей. Не толькі экалогія прыроды і каляземнай прасторы, бліжэйшы і далёкі космас павінны нас хваляваць... Чаго будзе вартая жывая прырода, калі мёртваю будзе душа?! Што мы скажам будучыні, чым апраўдаемся перад сумленнем дзяцей нашых, якую будучыню апакаліпсіса нясём ім, не разумеючы ў турботах дня сённяшняга, што не хлебам адзіным жыве чалавек?..

Вяртаючыся да прэм'еры дзіцячай оперы, трэба сказаць, што духоўная ідэя, прапанаваная ў першапачатковым варыянце лібрэта, у многім жадала лепшага: і ў трактоўцы самога сэнсавага матэрыялу, і ў дэталях асобных сцэн, якія датычаць успрымання адвечных паняццяў дабра і зла. Руплівая перапрацоўка лібрэта кіраўніком тэатра-студыі "Казка" Глебам Аляксандравым, рэжысёрам-пастаноўшчыкам Вячаславам Цюпам, асістэнтам рэжысёра Ірынай Дубашынскай, а таксама настаўнікамі і вучнямі сярэдніх школ № 119, 133, 136, 168, 170 дала добры плён – спектакль атрымаўся.

Неардынарнасць вырашэння драматургіі опернага лібрэта, якое спалучала ў сабе прынцыпы англа-славянскіх музычных культур, што абапіраюцца ў сваёй аснове на традыцыі песенна-інструментальнага фальклору – гетэрафоннага і гамафонна-гарманічнага, – прывялі да своеасаблівага мастацка-музычнага ўспрымання.

Маляўнічая відовішчнасць тэатральных светлавых эфектаў, калейдаскапічнасць гукавыяўленчых сродкаў – ад размоўных дыялогаў дзяцей да разгорнутых музычна-драматургічных сцэн нумарной структуры – усё гэта стварала адчуванне ўнутранай яркай дынамікі, падкрэсленай удала знойдзеным рэжысёрскім вырашэннем В. Цюпы (паліфанізацыя рознахарактарных планаў дзеяння, асабліва прыкметных у Прэлюдыі, харэаграфічных сцэнах і фінале опернага спектакля).

Гаворыць Дарэл РАНСУІНК, англійскі кампазітар:

– Першае, што мяне ўзрадавала ў вашых дзецях, – гэта ўменне і гатоўнасць спяваць – і ўсё гэта вельмі натуральна, без аніякага націску і намаганняў збоку.

Праз Брытанскі Савет я меў магчымасць пазнаёміцца з музычнай культурай вашай краіны, у прыватнасці Санкт-Пецярбурга (тут таксама прайшла прэм'ера майго "Чараўніка") і Мінска, і гэта яшчэ раз пераканала мяне і майго калегу Ніка Уінтэра ў неабходнасці ўмацавання і пашырэння такіх кантактаў. Бо дзеці ў нас аднолькавыя і нам не ўсё роўна, якім шляхам пойдзе іх выхаванне. Брытэнаўская сістэма эстэтычнага выхавання дзяцей (накшталт таго, як у вас ёсць музычна-эстэтычная сістэма выхавання дзяцей Д. Кабалеўскага) дазваляе нам у нейкай ступені захаваць і нават развіць свае нацыянальныя музычныя традыцыі, якія, безумоўна, значна ўзбагацяцца ўзаемным вопытам.

У мяне склаўся добры кантакт, нават больш таго – дружба з кампаэітарам Сяргеем Баневічам, які піша спецыяльна для дзяцей. Ён працуе ў Дзяржаўным дзіцячым музычным тэатры "Зазеркалье" ў Санкт-Пецярбургу і плануе паставіць некалькі маіх твораў. Дарэчы, яго "Гісторыя Кая і Герды" паводле п'есы Я. Шварца "Снежная каралева", наколькі я ведаю, з поспехам ішла ў вашым тэатры.

Калі казаць пра мінскую прэм'еру "Чараўніка" і параўноўваць з адпаведным спектаклем у Санкт-Пецярбургу, маю ўсе падставы павіншаваць беларускіх калег з сапраўднай удачай. Асабліва хораша глядзяцца 1-ая, 2-ая і 4-ая сцэны. Ды і ўвесь спектакль сведчыць пра мэтанакіраваную, напружаную і зладжаную працу дарослых і дзяцей.

Вельмі ўражаны ўменнем працаваць з дзецьмі хормайстра Тамары Гулінай. Яе працавітасцю можна толькі захапляцца.

Што да асаблівасцей опернай музыкі для дзяцей у нашай краіне, то адзначу: не ў англійскіх традыцыях дарослым пісаць мюзіклы, адрасаваныя дзятве. Звычайна дзеці самі пішуць, самі выконваюць. Прысутнічае толькі лёгкая карэкціроўка з боку дарослых. Сустракаюцца, вядома, спектаклі са змешаным складам выканаўцаў: дарослыя – дзеці, накшталт майго "Чараўніка" ў вашым тэатры. I тут мы бачым сваю задачу ў тым, каб паступова вызваляць ад уплыву дарослых творчую ініцыятыву дзяцей. Яшчэ хачу сказаць, што ў вашых дзяцей вялікая будучыня. Ім толькі трэба дапамагчы ўсвядоміць саміх сябе, свае духоўныя патэнцыяльныя магчымасці, адпаведна ўсё тое, што дадзена ім ад Прыроды...

Я разумею, што ваша краіна перажывае вялікія цяжкасці, людзям – не да мастацтва. Але, магчыма, менавіта гэтак наканавана пазбавіць нас ад узаемнай адчужанасці – дзякуючы мастацтву любіць дзяцей.

Так, сапраўды, ценявыя бакі, звязаныя з першай пастаноўкай у Беларусі дзіцячай музычнай казкі "Чараўнік", вядомыя вузкаму колу. "Уваход" у Дзіцячы музычны тэатр-студыю "Казка", як і ў цэлым у тэатральны свет музыкі для дзяцей, загрувашчаны многім. І самае жахлівае тут – абсалютная абыякавасць "сильных мира сего" да сапраўднага становішча спраў у музычна-эстэтычным выхаванні падрастаючага пакалення. Фактычна бяздзейнічаюць шматлікія так званыя эстэтычныя цэнтры рэспублікі, музычныя таварыствы, ды і Саюз кампазітараў, узначальваемы Ігарам Лучанком, на жаль, застаўся ўбаку ад гэтай праблемы. Тут, відаць не разумеюць ці забыліся на тое, што выхаванне дзяцей – задача агульная. I адказнасць за вынікі гэтага выхавання таксама агульная.

Гаворыць Глеб АЛЯКСАНДРАЎ, мастацкі кіраўнік Дзіцячага тэатра-студыі "Казка":

– Менавіта маёй жонцы, "генератару" зусім неардынарных і незвычайных ідэй, якія тычацца выхавання дзяцей, абавязаны многімі ўдала знойдзенымі вырашэннямі ў пастаноўках музычна-тэатральных спектакляў для дзяцей, прычым на працягу ўсяго жыцця. А таксама абавязаны ўсяму вопыту, набытаму за гады працы галоўным дырыжорам і дырэктарам опернага тэатра ва Уфе, практыцы, назапашанай у Саратаўскім акадэмічным тэатры оперы і балета і, нарэшце, у тэатры-студыі "Казка" пры Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Беларусі.

Зазначу адразу, што служэнне дзецям – справа цяжкая і складаная. Але нехта павінен гэта рабіць, каб не было страчана яшчэ адно пакаленне. Назаву некалькі імёнаў акцёраў тэатра музкамедыі: Аляксандр Арцем'еў (тэнар), Уладзімір Барухін (барытон), Валянціна Міціна (сапрана), Ларыса Казючыц (каларатурнае сапрана), Ірына Літвін (мецца-сапрана). У адной "камандзе" з імі Святлана Клімковіч, адказная за літаратурную частку.

Менавіта на іх падае асноўны цяжар чарнавой, цяжкай, няўдзячнай работы, звязанай з тэатральнай кухняй.

Яны – бабкі-павітухі кожнага немаўляці – чарговай музычна-тэатральнай прэм'еры для дзяцей. Усе артысты жывуць адной ідэяй, якая нас аб'ядноўвае, – ідэяй высокага служэння той ісціне, якая жыве ў душы дзіцяці.

За той час, што існуе студыя (прыкладна год), удалося не больш, не менш – паставіць чатыры спектаклі. У такім напружаным рытме нарадзіліся музычныя старонкі оперных пастановак "Асцярожна! Баба-Яга" В. Плешака, "Стойкі алавяны салдацік" і "Гісторыя Кая і Герды" С. Баневіча, "Чараўнік" Д. Рансуінка. I гэта ў цяжкіх умовах фінансавага крызісу, калі часта акцёры заставаліся без зарплаты, нават без капейкі ў кішэні. Дзякуй Богу, свет не без добрых людзей. Сумеснымі намаганнямі Упраўлення культуры, гарвыканкама і камерцыйнага банка "Беларусь" здолелі выратаваць фінансавы бюджэт тэатра. Да гонару Міністэрства культуры, яно таксама не засталося ўбаку і неаднойчы аказвала тэатру фінансавую дапамогу. Так, напрыклад, акцёрская група была забяспечана ўсім неабходным для гастроляў у чарнобыльскай зоне.

З усяго свету па нітцы... Тэатр жыве! Жыве яго ідэя стварыць сістэму ўсебаковага музычна-эстэтычнага выхавання дзяцей шляхам зліцця разнародных пластоў дзіцячай творчасці.

Тады магчымы і інтэрнацыянальны абмен вопытам, галоўная мэта якога – захаваць душу маленькага чалавека.

P. S. Прашу ганарар за публікацыю артыкула пералічыць на рахунак № 601416 у Маскоўскім аддзяленні Мінскбізнесбанка (Дзіцячы тэатр-студыя "Казка").

Л. ШЛЕГ. 
Мастацтва. – 1992. – № 9. – С. 56–58.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: