Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Вясновая песьня – не толькі ў маі (1993 г., Мастацтва)

Вясновая песьня – не толькі ў маі (1993 г., Мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ВЯСНОВАЯ ПЕСЬНЯ – НЕ ТОЛЬКІ Ў МАІ

Дзіцячы музычны тэатр "Казка" закончыў свой другі тэатральны сезон, які адрозьніваўся ад першага, з аднаго боку, меншай колькасьцю прэм'ер, а з друтога – больш стабільным і ўпэўненым становішчам. Калі свой першы сезон тэатр пачаў з творчых пошукаў, імкнучыся наладзіць кантакт з аўтарамі-аднадумцамі, выпрацаваць уласную канцэпцыю і знайсьці ўласны стыль, дык цяпер ужо можна адзначыць, што на гэтым шляху тэатр дасягнуў шмат, набыў свой адметны твар, а галоўнае – яго апошнія пастаноўкі вызначаюцца высокім прафесіяналізмам. Да гэтага і імкнецца мастацкі кіраўнік тэатра Глеб Аляксандраў, наладжваючы творчыя кантакты з такімі вядомымі пастаноўшчыкамі, як Юрый Аляксандраў і Аляксандр Пятроў з Санкт-Пецярбурга, якія маюць вялікі вопыт работы з дзіцячым рэпертуарам. Плён гэтага супрацоўніцтва – ужо добра вядомыя гледачам сьпектаклі "Гісторыя Кая і Герды" і "Дзіцячы альбом", якія надалі тэатру аўтарытэт высокапрафесійнага калектыву. Але галоўны клопат Глеба Аляксандрава – наладзіць кантакты з беларускімі аўтарамі.

У тэатра ёсьць новы набытак – твор, работа над якім ішла ў цесным кантакце паміж яго стваральнікамі і самім дзіцячым тэатрам. Гаворка ідзе пра оперу Віктара Войціка "Вясновая песьня", прэм'ера якой адбылася на пачатку мая. Аўтар лібрэта – Сьвятлана Клімковіч. У яе вершаваных радках расказваецца няхітрая гісторыя з жыцьця насельнікаў лясной палянкі – Матылька, Страказы, Пчалы і іншых маленькіх істот, якія ўспрымаюць жыцьцё зусім па-чалавечы. Твор гэты прызначаны для дзяцей малодшага ўзросту, таму вобразная сістэма яго простая і даходлівая, але не спрошчаная; няхітрыя перыпетыі сюжэта вучаць маленькіх гледачоў цаніць простыя чалавечыя каштоўнасьці. Рэжысёр-пастаноўшчык сьпектакля – Сусанна Цырук, мастак-пастаноўшчык – Юрый Харыкаў, і музычным кіраўніком і дырыжорам (як і ва ўсіх іншых сьпектаклях) зьяўляецца Глеб Аляксандраў.

На сцэне Дзіцячага музычнага тэатра ўпершыню зьявіўся беларускі твор. Не трэба вышукваць у музыцы нацыянальныя тэмы і матывы, а ў тэксьце лібрэта фальклорных персанажаў. Там гэтага няма. У оперы выразна праслухоўваюцца інтанацыі агульнаеўрапейскай класічнай школы, яе музычная мова – сучасная, свабодная і простая, лёгкая для дзіцячага ўспрыманьня. Беларускія аўтары закранаюць спрадвечныя тэмы, і таму твор гэты нясе ў сабе гуманістычную накіраванасьць. У гэтай оперы няма размоўных дыялогаў, музычны паток няспынны, але дзеці не стамляюцца, бо музыка дастаткова меладычная, з запамінальнымі матывамі.

Рэжысёр знаходзіць эмацыянальнае вырашэньне сьпектакля. Менавіта шчырасьць пачуцьцяў і псіхалагічная праўдзівасьць паводзін персанажаў кранаюць маленькіх гледачоў. Галоўны персанаж сьпектакля – Матылёк, які жыве ў кусьце шыпшыны. А на лясной палянцы вакол шыпшынавага куста жывуць яго сябры – Конік, Страказа, Сьветлячок, Пчала, Хрушч і іншыя. Насельнікі палянкі весяляцца і танцуюць на сьвяце, якое для іх наладзіў Матылёк з нагоды свайго знаёмства з прыгажуняй Заранкай. Але прыгажуня трошкі легкадумная. З-за яе Матылёк ледзь не загінуў, трапіўшы ў павуціньне, якое разьвесіў злосны Павук, ён спадзяваўся захапіць ахвяру і гэтым дагадзіць усемагутнаму Кажану. Але сябры выратоўваюць Матылька, і Заранка ўзнагароджвае яго сваім каханьнем...

Дзеяньне будуецца на супрацьпастаўленьні Дабра і Зла, таму і адпаведная вобразная стылістыка сьпектакля. Сцэнаграфія выступае даволі дзейсным кампанентам, як бы ілюстрацыяй да падзей – сьветлая, ахутаная ружовай смугой палянка і, як супрацьпастаўленьне, узьнікаюць змрочныя скляпеньні Кажана і сетка Павука. Тое ж датычыць і касьцюмаў, яны вельмі выразныя, найбольш удалыя з іх дапаўняюць характарыстыку персанажаў. Але пры гэтым адчуваецца сцэнаграфічная незавершанасьць. Не вельмі пераканаўча выглядаюць галінкі і высокія сьцябліны, якія павінны сімвалізаваць усё багацьце зялёнай палянкі; трохі дзіўна выглядае збудаваньне з правага боку авансцэны, у якім цяжка пазнаць шыпшынавы куст. Але становіцца зразумелай прычына гэтай празьмернай вобразнай лаканічнасьці, калі даведваешся, што больш чым са ста заказаных прадметаў бутафорыі тэатр не атрымаў нават і трыццаці. Вось і давялося тое, што ёсьць, разьмяшчаць па ўсёй сцэнічнай прасторы – тут ужо не да эскізаў мастака...

Складанасьць умоў існаваньня Дзіцячага музычнага тэатра – адсутнасьць свайго памяшканьня і пастаяннай трупы – не спрыяе творчаму працэсу. Але дзякуючы таму, што кампазітар быў удзельнікам усяго рэпетыцыйнага працэсу, ведаў усе цяжкасьці тэатра знутры, ён прыстасаваў музычны матэрыял да магчымасьцей трупы: былі зроблены некаторыя купюры, акрамя таго, асноўную партыю, напісаную для барытона, давялося выконваць тэнару. Тэатр не мае сваёй пастаяннай трупы, працуе на базе Тэатра музкамедыі, і салісты, якія маглі б удзельнічаць у пастаноўцы дзіцячай оперы, былі заняты ў планавых рэпетыцыях тэатра. Але тэнары В. Мінгалёў і А. Арцём'еў у ролі Матылька былі вельмі пераканаўчыя. Калі барытон звычайна акцэнтуе гераічную танальнасьць вобраза, дык гэтыя выканаўцы падкрэсьлілі лірычнасьць сваіх персанажаў.

Вельмі цікавая С. Раманоўская ў ролі Заранкі. Бліскучы артыстызм, незвычайная пластычнасьць артысткі робяць створаны ёю вобраз прыцягальным, грацыёзным і вытанчаным. Таксама цікавая ў гэтай ролі маладая салістка Л. Лют – яе Заранка вельмі лёгкая, мініяцюрная, рамантычна-ўзьнёслая. Студэнтка кансерваторыі I. Цярэнцьева яшчэ не мае сцэнічнага вопыту, гэта яе першая работа ў тэатры, таму свае артыстычныя здольнасьці яна проста не змагла выявіць. Як і ўсім студэнтам кансерваторыі, ёй не хапае харэаграфічнай падрыхтоўкі і раскаванасьці. Больш упэўнена адчувае сябе на сцэне А. Бундзелева – таксама студэнтка кансерваторыі. Пэўны вопыт работы ў тэатры ў яе ўжо ёсьць. Яна разам з артысткамі В. Міцінай і І. Ліцьвін выконвае ролю Страказы, прывабнай і зграбнай сяброўкі Заранкі. Адчуваецца добрая пластычная падрыхтоўка ўсіх выканаўцаў гэтай ролі, і кожны з вобразаў мае адметнасьць.

Паводле задумы рэжысёра сьпектакль атрымаў агульнае пластычнае вырашэньне. С. Цырук падабаецца працаваць з артыстамі музкамедыі, бо ўсе яны маюць добрую харэаграфічную падрыхтоўку. Сапраўды, персанажы вельмі рухавыя, артыстам давялося нямала папрацаваць над пластыкай. Сярод астатніх персанажаў асаблівай платычнасьцю вылучаецца вобраз Сьветлячка ў выкананьні В. Шабуні. Гэты артыст патрабавальны да сябе, шмат працуе, і, як вынік, – паказвае высокі ўзровень прафесіяналізму. В. Шабуня ўзбагачае вобраз псіхалагічнымі нюансамі, своеасаблівай характарнасьцю.

Ёсьць у сьпектаклі яшчэ адзін персанаж – Конік, які ў лібрэта існуе як эпізадычны герой, і толькі дзякуючы рэжысёру ён стаў у сьпектаклі прыкметным. Адзіны выканаўца гэтай ролі – малады артыст балета А. Азаркевіч. Гэты персанаж не падобны на ніякія іншыя; ён як бы адасоблены ад іншых; прамога ўдзелу ў разьвіцьці падзей ён не прымае, але Конік са сваёй нязьменнай скрыпкай зьяўляецца як бы дырыжорам сцэны, ён задае рытм, якому ўсе падпарадкоўваюцца. Вельмі эфектна выглядаюць яго скачкі пры мігатлівым асьвятленьні. Сапраўды, больш выразнае выяўленьне сутнасьці персанажа цяжка прыдумаць.

Сілы зла ўвасабляе Кажан, ролю якога выконвае заслужаны артыст Украіны А. Ранцанц. Як адзначае рэжысёр, гэты артыст уважліва і старанна паставіўся да дзіцячага сьпектакля. Дасканала валодаючы інтанацыяй і адценьнямі голасу, ён даходліва даносіць да маленькіх гледачоў усю сутнасьць свайго персанажа. Ролю Павука выконваюць заслужаны артыст Расіі А. Кузьмін і артыст В. Сердзюкоў. Гэта роля вымагае своеасаблівай пластыкі і яркіх характарных рыс, і кожны з выканаўцаў знаходзіць свае сродкі выразнасьці.

У сьпектаклі прымаюць удзел юныя артысты дзіцячай студыі, дзіцячы хор, які нібы каменціруе падзеі ў кульмінацыйныя моманты. Але хор не заўсёды існуе ў рэчышчы сьпектакля, яго ўдзельнікі адасоблена сядзяць збоку ад авансцэны і ў працяглых паўзах зьяўляюцца ці то назіральнікамі, ці то гледачамі.

Дзіцячая студыя ў тэатры існавала з самага пачатку; цяпер праводзіцца таксама масавая работа з дзіцячай аўдыторыяй, наладжваюцца сувязі з гледачом. Гэтаму шмат у чым садзейнічае педагог-арганізатар М. Басёнак. Тэатр знайшоў сродкі на ўтрыманьне гэтай штатнай адзінкі, і за кароткі тэрмін стала відавочнай карысьць яе работы. Акрамя таго, тэатр з дапамогай сваіх спонсараў праводзіць дабрачынныя акцыі – запрашае на сьпектаклі дзяцей-сірот і інвалідаў.

Г. Аляксандраў марыць, каб дзіцячы тэатр "Казка" з цягам часу атрымаў поўную самастойнасьць, набыў статус муніцыпальнага і стаў калектывам, які фарміруе і выхоўвае ў маладога пакаленьня сапраўдны густ і разуменьне высокага мастацтва.


Зоя ЛЫСЕНКА.
Мастацтва. – 1993. – № 9. – С. 31–33.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: