Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Дзве слязы і адзін закаханы на ўсю аперэту (1995 г., Добры вечар)

Дзве слязы і адзін закаханы на ўсю аперэту (1995 г., Добры вечар)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ДЗВЕ СЛЯЗЫ І АДЗІН ЗАКАХАНЫ НА ЎСЮ АПЕРЭТУ

У нашым тэатры музычнай камедыі зноў сенсацыя: да 125-годдзя з дня нараджэння Ф. Легара пастаўлена "Вясёлая ўдава" – ды не ў звычайным "СНГоўскім" варыянце, а ў першапачатковым, аўтарскім, на аснове партытуры, што падарылі самі венцы.

Ах, Вена! Ну калі яшчэ там пабываеш? Хіба што дзякуючы Яго Вялікасці Тэатру. I я адправілася на прэм'еру, не забыўшыся пра насовачку, каб паціху лавіць ёй слязу замілавання.

Але ж насовачка не спатрэбілася. Ужо першая рэпліка "Працэс пайшоў!" вярнула мяне ў палітызаваную рэчаіснасць, а размоўныя дыялогі з іх, прабачце, "вольнасцямі", прымушалі мае вушкі, што называецца, скручвацца трубачкай. Відаць, я не паспявала іх раскручваць, бо вельмі дрэнна чула вакал, асабліва жаночы. Затое куды лепей – групу духавых і ўдарных. А яшчэ – грукат лесвіцы, па якой спрытна скакалі героі. I я зразумела, што гэты спектакль разлічаны менавіта на тое, каб яго – проста глядзець. У тры біноклі адразу. І тады капнула мая

ПЕРШАЯ СЛЯЗА. Божачкі, што ж робім мы, крытыкі! Калісьці я "пашкадавала" на "беднаватае афармленне "Джуліі" – і цяпер, нібы ў адказ, з прэм'еры ў прэм'еру бачу ў гэтым тэатры ўсё болей і болей шыкоўныя сцэнаграфічныя рашэнні і касцюмы, якія часам "засланяюць" музыку, становяцца амаль адзінай вартасцю спектакля. Як, напрыклад, у нашай "удавы, што весяліцца".

Каля падножжа Эйфелевай вежы – маленькая дзяржава. Дзякуючы тонкаму "макіяжу", сцэнічная ўстаноўка выглядае то як парыжскі салон, то як дом Ганны Главары "ў нацыянальным чарнагорскім стылі", з патаемнай альтанкай, што раптам заструменіцца вясёлкай, – то начным кабарэ (мастак І. Нежны). А касцюмы, касцюмы! Ды ніводнай французскай модніцы не ўгнацца за нашымі а ля "парыжскімі грызеткамі", што адзяваліся "ў мадам Т. Тулуб'евай"!

Як і самому Легару – не ўгнацца за Уладзімірам Дарохіным, які па просьбе тэатра дапоўніў аперэту ўласнай партытурай "Начны Парыж". Тут капнула мая

ДРУГАЯ СЛЯЗА. Божачкі, да чаго ж сціплыя нашы беларускія кампазітары! Мінулай восенню да фестывалю "Адраджэнне Беларускай капэлы" яны тайна, ананімна дапісвалі творы за продкаў-суайчыннікаў – відаць, у патрыятычных мэтах. Цяпер вось – за Легара. Ды чаму без "аб'явак" у афішах і праграмах? Няўжо гледачы не павінны ведаць, каму яны абавязаны зачароўваючым танга пад гулкі шоргат маракасаў?

Дарэчы, балетныя фантазіі, пастаўленыя Н. Дзьячэнка, былі "да твару" касцюмам і глядзеліся цудоўна. Як і салісты балета (асабліва любімыя ўсімі Ю. Дзятко і К. Кузняцоў). Як і артысты аперэты, нарэшце! Н. Рэвінская, Л. Шаўчэнка, З. Вяржбіцкая, В. Пятліцкая, А. Чумакова, А. Ранцанц, Г. Казлоў, А. Касцецкі, Г. Нікіцін – кожны ўносіў сваю фарбу ў страката-рознагалосую палітру спектакля. Вось толькі слёзы ў мяне штосьці больш не капалі.

I не толькі таму, што я не магла (і не хацела!) пазбавіцца зачараванасці мінулай пастаноўкай гэтай аперэты з Н. Гайдай і Р. Харыкам у галоўных ролях. Няўлоўна танюткая духоўная матэрыя таго спектакля саступіла месца знарочыстай ненатуральнасці, "тэатральнасці масак" гэтай пастаноўкі. Але ж калі іранічныя рысы надаюць непаўторнасць герою В. Шабуні, дык яны зусім не пасуюць герою А. Ісаева. Так, гэты спявак зрабіў велізарны крок у бок артыстызму, але яго Даніла стаўся хутчэй характарным персанажам, чым лірычным, у якога б адраэу закахалася лепшая палова ўсёй глядзельнай залы.

Абедзве Ганны (Л. Станевіч, І. Лінкевіч) прэтэндуюць на Гран-пры ў конкурсах прыгажунь ці выканаўцаў бальных танцаў – ды не зусім уражваюць палётнасцю вакала, сардэчнай пранікнёнасцю. Вось і застаецца на ўвесь спектакль усяго адзін закаханы, каму спачуваеш, – Каміл дэ Расільён В. Мінгалёва. Ці не замала? Усё ж аперэты новай аўстрыйскай школы "на венгерскі матыў", да якіх адносіцца і твор Легара, – гэта тыповыя меладрамы: з адценнем верысцкай оперы, але шчаслівым зыходам. А "Вясёлая ўдава" ў яе цяперашнім "венска-менскім" варыянце зрабіла накірунак да шоу: крыху эпічнага, крыху забаўляльнага, крыху палітызаванага. I замерла на палове шляху ў эклектычным роздуме – нібы тыя "жывыя карціны", што ствараюць акцёры напрыканцы кожнай дзеі (рэжысёр М. Дотлібаў).

Які ж крок наступны? Прайшло шэсць спектакляў запар – і пастаноўка, як кажуць, "набрала абароты": з'явіўся прэм'ерны бляск, куды лепей, у параўнанні з апошнімі рэпетыцыямі, загучаў аркестр (дырыжор А. Лапуноў). Ды толькі я ўсе шэсць прэм'ер не дасядзела: ужо на трэцяй мяне "зманілі" ў тэатр-лабараторыю "Вольная сцэна", дзе ў той вечар ішоў "Рычард III" у пастаноўцы В. Анісенкі. Тут усё было "дрэнна": I Шэкспіра "сапсавалі", зрабіўшы вялізныя купюры (выдатны пераклад на беларускую А. Дударава), і ў музыцы У. Кандрусевіча не было "прыгожанькіх" мелодый, і ўзрост артыстаў не адпавядаў узросту герояў (Рычарда, напрыклад, непаўторна іграў найталенавіты Алег Гарбуз – мінулагодні выпускнік Беларускай Акадэміі мастацтваў), і ніводнай каралеўскай раскошнай сукенкі не паказалі, звёўшы ўсю сцэнаграфію да шэра-чорных фарбаў, плеценай фіранкі – ды трона, што пераўтвараецца то ў магільны склеп, то ў драбінкі-калымагу (мастакі В. Маршак, Т. Лісавенка). Але ж слёзы ў мяне так і ліліся : Божачкі, калі ж і ў музычным тэатры з'явіцца нешта падобнае! Падобнае па ўзлёту думкі і Мастацтва – а не толькі курсу ўкладэеных сродкаў.


Надзея БУНЦЭВІЧ.
Добры вечар. – 1995. – 27 чэрв.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: