Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Падарунак усім, хто перажыў вайну (1999 г., Літаратура і мастацтва)

Падарунак усім, хто перажыў вайну (1999 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ПАДАРУНАК УСІМ, ХТО ПЕРАЖЫЎ ВАЙНУ

Лепшыя песні К. Лістова, як старонкі гісторыі, не забываюцца: "Пра тачанку", "У зямлянцы"... І – "Севастопальскі вальс", лейтматыў аднайменнай аперэты. Сама ж яна, створаная на пачатку 60-х, музычна-тэатральнай публіцы Мінска, бадай, невядомая: ніколі ў нас не ставілася. Чаму? Відаць, таму, што да часу адкрыцця Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі (1971 г.) страціла сваю эстэтычную каштоўнасць і не адпавядала далейшай рэпертуарнай палітыцы, скіраванай на ўзоры аперэтачнай класікі, сучаснага мюзікла, на заахвочванне беларускіх аўтараў да супрацоўніцтва з маладым творчым калектывам.

А сёлета "Севастопальскі вальс" у Мінску паставілі. Прэм'ера прыцягнула ўвагу крытыкаў, і яны, як вядзецца, заклікалі ўсіх астатніх зазірнуць праўдзе ў вочы.

Праўды ж, як у такіх выпадках кажуць, – мінімум дзве. Давайце лічыць.

Праўда, напрыклад, тое, што ў безвыходных фінансавых умовах тэатр знайшоў выйсце і, ахвяраваўшы прыгожымі утапічнымі планамі, зрабіў прэм'еру ў пэўным сэнсе танную. "Севастопальскі вальс" – плён супольнага праекта Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі, Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл РБ, Мінскага аркестра духавых інструментаў "Няміга".

Праўда тое, што Б. Лагода, які ставіў спектакль; А. Сасноўскі, які ажыццявіў музычнае кіраўніцтва; І. Шыцікава, якая зрабіла літаратурна-сцэнічную рэдакцыю лібрэта Я. Гальперынай ды Ю. Анненкава; Я. Ждан, які прапанаваў мастацкае афармленне, і В. Жалонкіна, якая прыдумала касцюмы; балетмайстар Ю. Лапша ды хормайстар С. Пятрова, – усе людзі тэатра з добрымі намерамі працавалі над аб'ектам свядомага рэпертуарнага выбару.

Праўда і тое, што Беларусь-партызанка магла б збянтэжыцца, не зразумеўшы малакарэктнае стаўленне да яе ўласнай гераічнай гісторыі: чаму, маўляў, на 55-годдзе вызвалення Беларусі прэзентуюць аперэту пра байцоў-чарнаморцаў і жыхароў пасляваеннага Севастопаля? Далёкі паўднёвы Крым: экзатычныя пячоры Інкермана, помнік караблям, загубленым падчас руска-турэцкай вайны; боцман з украінскай гаворкай; данскі казак; узбек з "каўказскім" акцэнтам; спявачка з Ленінграда; дзяўчына-патрыётка Севастопаля; марскія афіцэры. Яшчэ, праўда, нехта безыменны ў масоўкі I дзеі з адной-адзінай настальгічнай рэплікай пра "бульбу з салам" (напэўна, вынік літаратурна-сцэнічнай адаптацыі першакрыніцы да тутэйшае глебы)...

Праўда, гэтак разважаць не варта: да класікі савецкай аперэты трэба ставіцца памяркоўна, не параўноўваючы яе з палітычнай гісторыяй, не шукаючы кан'юнктурных намёкаў на сенняшні дзень шматпакутнага паўвострава і да т. п.

Але праўда і тое, што нават у часы існавання адной неабсяжнай дзяржавы даты, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, у БССР адзначаліся адмыслова п'есамі, фільмамі, спектаклямі, музычна-тэатральнымі творамі, прысвечанымі падзеям на Беларусі. Яно і праўда: гэтым разам без увагі засталіся творы, тэматычна звязаныя з гераічным і трагічным лёсам беларускай зямлі, нашага народа, звязаныя, да таго ж, і з творчымі традыцыямі тэатра: "Пяе "Жаваранак" Ю. Семянякі, "Судны час" (паводле "Трыбунала" А. Макаёнка) Р. Суруса. Родная класіка...

Праўда, гэткія сентэнцыі падаюцца недарэчнымі адносна "лёгкага" жанру і яго шматлікіх непераборлівых прыхільнікаў. Публіка прызвычаілася давяраць улюбёнаму тэатру, а не разважаць. Ёй даспадобы немудрагелістыя наіўныя відовішчы: хтосьці ўспрымае іх як рэтра, вяртанне ў шчырую, легкадумную, летуценную маладосць; хтосьці – як "іранічны сац-арт"... Людзей сталага веку замілоўваюць аперэтачныя персанажы, якія нібыта выйшлі з атмасферы колішніх савецкіх кінастужак, ажылі на сцэне пад мелодыі К. Лістова, у атачэнні "залатых шлягераў" (і старадаўні "Вараг", і некалькі вядомых савецкіх песень з трапным прыцэлам устаўлены ў канву спектакля).

Праўда і тое, што "Севастопальскі вальс" на мінскай сцэне – старанная музычная праца. Сёння ў тэатры ёсць артысты з гожымі пеўчымі галасамі: А. Ісаеў (Аверын), І. Заянчкоўская (Ніна), А. Заянчкоўскі (Генка), І. Шыцікава (Любаша), З. Вяржбіцкая (цётка Дзіна)... Годна зведзены ў ансамбль два аркестры ("Няміга" месціцца на сцэне), тэатральны хор, армейскія спевакі...

З дня прэм'еры (20 чэрвеня) адбылося некалькі паказаў "Севастопальскага вальса", у тым ліку і дабрачынны. На кожны запрашаліся ветэраны, інваліды мінулай вайны, ленінградскія блакаднікі, якіх нямала і ў Мінску. Тэатр абвясціў гэты спектакль падарункам да знамянальнай даты вызвалення Беларусі – усім, хто перажыў вайну. Гуманітарная акцыя заўсёды выклікае радасць у адказ. Праўда, ёсць і расчараваныя, і незадаволеныя новай пастаноўкай, і схільныя трактаваць яе як спекуляцыю на сентыментальнасці старэйшага пакалення, разлік на "ўсяеднасць" талерантных беларусаў. Але ж і ў тым праўда, што падарункі не абмяркоўваюць: за іх ветліва дзякуюць.

Спроба вярнуць да жыцця забытыя старонкі савецкай аперэты – справа нежартоўная. Але праўда ў тым, што жанр рэанімаванага твора пазначаны на афішы як "рамантычная музычная камедыя". Значыць, не трэба ставіцца да ўбачанага задужа сур'ёзна. Можна і пасмяяцца з усяго, што смеху варта. Бо варта. Ці ж не праўда?

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 1999. – 2 ліп. – С. 1, 3.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: