Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Тэатр, што жыццё, – не кожны дзень адкрыццё (2000 г., Беларуская думка)

Тэатр, што жыццё, – не кожны дзень адкрыццё (2000 г., Беларуская думка)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ТЭАТР, ШТО ЖЫЦЦЁ, – НЕ КОЖНЫ ДЗЕНЬ АДКРЫЦЦЁ

Час бяжыць імкліва. Здаецца, зусім нядаўна аўтару гэтых радкоў давялося рыхтаваць матэрыял пра 25-гадовы юбілей Тэатра музычнай камедыі, а цяпер ужо яго 30-годдзе. Хоць першы спектакль – музычная камедыя "Пяе жаваранак" Ю. Семянякі прайшоў 17 лютага 1971 г., зразумела, тэатр быў заснаваны не ў дзень прэм'еры. Адбылося гэта 7 чэрвеня 1970 г.

Аб поспехах і праблемах трупы за папярэднія гады напісана нямала. Загадчык літаратурнай часткі тэатра заслужаная артыстка Беларусі Людміла Рабушка шмат зрабіла, каб ні адна прэм'ера, кожная больш-менш значная падзея ў жыцці калектыву не была абыдзена ўвагай прэсы. У сваю чаргу, многія журналісты ўдзячны ёй за дапамогу і падтрымку пры падрыхтоўцы матэрыялаў. Увогуле, пра жыццё кожнага тэатра можна пісаць бясконца, але праблемы заўсёды былі, ёсць і будуць. Галоўная з іх сёння – адсутнасць сродкаў для пастановак. Аднак, вядома, тонус творчаму працэсу (пры ўсялякіх матэрыяльных умовах) задае мастацкае кіраўніцтва тэатра.

Праблема лідэра

Тэатру музычнай камедыі з самага пачатку не шанцавала на галоўнага рэжысёра. А калі браць апошняе дзесяцігоддзе, то калектыў уступіў у яго, застаўшыся нават і без дырэктара. Праўда, "безуладдзе" працягвалася нядоўга – у 1990 г. калектыў узначаліў Сяргей Косцін. Дасведчаны адміністратар і знаўца спецыфікі музычнага тэатра, ён хутка здолеў наладзіць у калектыве творчы працэс. Неўзабаве рэжысёрам Барысам Уторавым быў пастаўлены мюзікл кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча "Джулія" паводле матываў рамана У. Маэма "Тэатр", разлічаны на Наталлю Гайду, і атрымаўся надзвычай удалым. Ішоў ёй шмат гадоў.

Сяргей Косцін працаваў у тэатры 5 гадоў. А ў 1992 г. быў прызначаны адначасова і мастацкім кіраўніком (галоўнага рэжысёра ў тэатры ўсё яшчэ не было). Унікаючы падрабязнасцей, назаву найбольш значныя работы таго перыяду: мюзікл Дж. Германа "Хэло, Долі" ў пастаноўцы Вячаслава Цюпы; камічная опера Г. Даніцэці "Viva la mamma", увасобленая вядомым рэжысёрам з Санкт-Пецярбурга Юрыем Аляксандравым; новы мюзікл Уладзіміра Кандрусевіча "Шклянка вады", жыццё якому даў Барыс Утораў; аперэта М. Стрэльнікава "Халопка", пастаноўка якой упершыню здзейснена Вячаславам Цюпам без купюр; аперэта Ф. Легара "Вясёлая ўдава" (таксама ўпершыню выкарыстана аўтарская партытура і першапачатковы тэкст лібрэта).

У гэты перыяд пры трупе быў арганізаваны дзіцячы музычны тэатр "Казка", мастацкім кіраўніком якога прызначылі дырыжора Глеба Аляксандрава. Адкрыццё яго адбылося ў канцы 1991 г. (пра першую пастаноўку цяпер не варта ўспамінаць, бо, паспешліва выпушчаная, яна аказалася слабай). А вось лепшыя са спектакляў, створаныя агульнымі намаганнямі "Казкі" і Тэатра музкамедыі, хочацца назваць: опера С. Баневіча "Гісторыя Кая і Герды" (паводле казкі Андэрсэна "Снежная каралева") у пастаноўцы Юрыя Аляксандрава і "Дзіцячы альбом" П. Чайкоўскага, увасоблены Аляксандрам Пятровым. Адны імёны славутых пастаноўшчыкаў з Санкт-Пецярбурга – так бы мовіць, гарант якасці названых работ. Атрымаў жыццё ў той час і дзіцячы твор Віктара Войціка "Вясновая песня" (рэжысёр Сусанна Цырук). Гэты спектакль каштоўны тым, што заснаваны на нацыянальным матэрыяле і ствараўся непасрэдна ў тэатры. Апошні раз "Казка" нагадала пра сябе ў 1996 г. – мюзікл Віктара Войціка "Прыгоды ў замку "Алфавіт" (паводле твораў Уладзіміра Ліпскага) у пастаноўцы Анатоля Касцецкага. Атрымалася павучальная гісторыя для дзяцей з акрэсленай выхаваўчай накіраванасцю і вытрыманая ў займальнай форме.

Але сапраўднага станаўлення дзіцячага музычнага тэатра так і не атрымалася. Ён хутка распаўся, і асноўная прычына – адсутнасць матэрыяльнай базы. Гэты тэатр існаваў хутчэй на паперы, а на справе яго пастаноўкі ажыццяўляліся сіламі калектыву музкамедыі (акцёры, аркестр, хор, балет, не кажучы пра памяшканне і рэквізіт).

Па-іншаму склаўся лёс яшчэ аднаго самастойнага калектыву, утворанага пад дахам Тэатра музкамедыі – балетнай трупы. Але пра гэта – крыху ніжэй. Зазначу толькі, што С. Косцін, ідучы насустрач галоўнаму балетмайстру, у нечым рызыкаваў, але чуццё прафесіянала падказала яму, што балетнай трупе для яе далейшага росту сапраўды трэба "развязаць рукі".

Пераломным стаў 1995 г., калі з прычыны шэрагу аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын С. Косцін мусіў пакінуць тэатр. На пасаду дырэктара прызначылі Расціслава Бузука, які ўзначальвае калектыў па сённяшні дзень і з'яўляецца дзевятым па ліку кіраўніком на такой пасадзе. Расціслаў Леанідавіч (з уласцівым яму гумарам) зрабіў падлік, з якога вынікае, што сярэдні тэрмін дырэктарства ў тэатры – 2,9 года. Як бачым, і С. Косцін, і сам Р. Бузук гэты "рэкорд" перакрылі.

Хто хоць калі-небудзь судакранаўся з унутраным жыццём тэатральнага калектыву, ведае, які гэта "клубок" страсцей і амбіцый, які напал эмоцый і г. д., не кажучы пра аб'ектыўныя цяжкасці. I ўтрымацца на гэтай пасадзе вельмі цяжка. У віну дырэктару могуць прывесці яго станоўчыя якасці – інтэлігентнасць і сціпласць, што не адпавядаюць жалезнаму стылю кіраўніцтва. А Р. Бузук далёкі ад дыктатарства, яго крэда, як кіраўніка, – калегіяльнасць. Усе творчыя пытанні павінен вырашаць мастацкі савет. На сумяшчэнне пасады дырэктара і мастацкага кіраўніка ён ніколі не прэтэндаваў, хоць такое права мае (тым больш што ён кандыдат мастацтвазнаўства).

У 1996 г. для пастаноўкі чарговага спектакля быў запрошаны Барыс Лагода – рэжысёр з Новасібірска (ён скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут). Гэта была аперэта Аскара Штрауса "Капялюш Напалеова" (з'ява даволі рэдкая на музычнай сцэне). А сваю наступную пастаноўку – "Цыганскі барон" Іагана Штрауса – Б. Лагода ставіў, будучы ўжо галоўным рэжысёрам (гэту пасаду ён заняў праз год). Абодва спектаклі блізкія сваёй тэматыкай і эстэтыкай пастаноўкі, вытрыманы ў традыцыйным жанры. I Б. Лагода, адчуваючы, што ад яго чакаюць нечага неардынарнага, прыступіў да чарговай работы. А гэтым часам выйшаў новы спектакль Б. Уторава – мюзікл М. Самойлава па п'есе Дж. Патрыка "Дарагая Памэла". У ім акцэнт свядома пераносіцца на літаратурную аснову. Н. Гайду глядач убачыў у ролі галоўнай гераіні і ў нязвыклым для яе амплуа.

Барыс Лагода парадаваў гледачоў пастаноўкай мюзікла К. Портэра "Цалуй мяне, Кэт!". У спектаклі няма супярэчнасці паміж характарам музыкі і прынцыпам увасаблення, ён уражвае сваёй стылістычнай навізной. Паводле ўсіх правілаў жанру, у ім здзейснены харэаграфія і пластыка, для чаго быў запрошаны вядомы харэограф з Санкт-Пецярбурга Галі Абайдулаў.

У хуткім часе Б. Лагода звярнуўся да савецкай класікі – музычнай камедыі К. Лістова "Севастопальскі вальс", вытрыманай у рамках жанру, але са своеасаблівымі, амаль няўлоўнымі рысамі сучаснасці. I, нарэшце, яго апошняя пастаноўка – камічная опера Ц. Хрэннікава "Даратэя" (паводле камедыі Р. Шэрыдана "Дуэння"), прэм'ера якой адбылася ў красавіку сёлетняга года. Гэта лірыка-камедыйнае дзеянне з уласцівымі для жанру падменамі персанажаў, уводам у зман, недарэчнымі сітуацыямі... Умела прымяняюцца прыёмы буфанады, завостранага гратэску, змешаныя з мяккім гумарам. Прыцягальная сама музыка – вельмі запамінальная, простая, але па-мастацку вытанчаная.

I раптам, літаральна на другі дзень пасля прэм'еры, стала вядома, што Б. Лагода паводле ўласнага жадання здымае з сябе абавязкі галоўнага рэжысёра і мастацкага кіраўніка (у апошнія гады ён сумяшчаў гэтыя пасады) і становіцца звычайным чарговым рэжысёрам. Відаць, не для ўсіх гэта падзея была нечаканай: у вірлівым тэатральным жыцці магчыма ўсё. Сам сабою напрошваецца вывад: няўжо Тэатру музкамедыі ўвесь час наканавана заставацца без мастацкага кіраўніка?

Салісты

На кожным этапе, са сваімі асаблівасцямі, стаяла і задача камплектавання трупы. С. Косціну з прыходам Аляксея Ісаева і Уладзіміра Пятрова ўдалося вырашыць праблему барытонавага рэпертуару. З салісткамі-вакалісткамі было цяжэй: Наталля Гайда, Вікторыя Мазур, Валянціна Пятліцкая, Зінаіда Вяржбіцкая і іншыя ўжо чыста фізічна не маглі на працягу дзесяцігоддзяў выконваць тыя ж амплуа. Патрабаваліся новыя сілы. Нарэшце, з'явілася Святлана Лугава – выдатная салістка. Ды не затрымалася – з яе ўдзелам выйшаў толькі адзін спектакль. Пакінулі тэатр і салісты Аляксандр Арцем'еў, Васіль Мінгалёў. I тыя ж Уладзімір Пятроў і Аляксей Ісаеў. Перспектыўны малады артыст Анатоль Олех таксама працаваў не больш як два гады. Прычыны такой міграцыі – творчыя стасункі, унутрытэатральная атмасфера. I не апошняя – нізкая зарплата.

Цяпер у тэатры дэфіцыт салістаў, а гэта вельмі адмоўна ўплывае на пастановачны працэс. Апошнія гады на амплуа гераіні фактычна была адна Ірына Шыцікава – ёю мог бы ганарыцца самы прэстыжны тэатр. Нават пры жаданні ў ёй не знойдзеш якіх-небудзь прафесійных хібаў, яна належыць да так званых арганічных артыстак, у якіх і вакал, і харэаграфічная падрыхтоўка, ды і драматычнае майстэрства знаходзяцца ў вельмі гарманічным спалучэнні. Да таго ж, у яе надзвычай сцэнічная знешнасць. Упершыню I. Шыцікава выйшла да гледача ў спектаклі "Цалуй мяне, Кэт", потым – у "Севастопальскім вальсе" і нарэшце – у "Даратэі". Калі I. Шыцікава застанецца ў тэатры, то прынясе яму не меншую славу, чым Н. Гайда, але для гэтага трэба, каб у тэатры застаўся яе муж Б. Лагода.

Апошнім часам заявілі пра сябе прадстаўніцы маладога пакалення, якія складаюць своеасаблівую кагорту актрыс характарнага плана, хоць некаторыя з іх могуць выступаць і ў іншым амплуа: Леся Лют, Ірына Цярэнцьева, Анжэла Чумакова, Лідзія Кузміцкая, Ала Баранава. А з маладых салістаў вылучаецца Антон Заянчкоўскі (будучы гонар тэатра), які сёлета скончыў Акадэмію музыкі і ўжо выканаў галоўныя ролі ў некалькіх спектаклях. Асабліва ўдалы яго дуэт з I. Шыцікавай у "Севастопальскім вальсе" і "Даратэі".

Сёння, у сутнасці, гэта адзіны дуэт у калектыве. А з тых салістаў, што пакінулі тэатр, вяртаецца А. Арцем'еў і да пачатку новага сезона, магчыма, вернецца і В. Мінгалёў. Як зазначыў Р. Бузук, нікому з тых, хто пакінуў тэатр, дзверы не зачынены.

Каб вырашыць праблему салістаў пры Акадэміі мастацтваў быў створаны эксперыментальны курс артыстаў музычнай камедыі, які ўзначаліў Б. Утораў. Як вядома, выканаўцаў гэтага жанру ў нас раней не рыхтавалі. На курсе вакал выкладаюць салісткі Н. Гайда і В. Пятліцкая. Адзін са студэнтаў Дзмітрый Якубовіч працуе ў тэатры.

А што датычыць салістаў старэйшага пакалення, то некаторыя з іх нарэшце дачакаліся прысваення ганаровых званняў. Народнымі артыстамі сталі Вікторыя Мазур і Пётр Рыдзігер, заслужанымі – Зінаіда Вяржбіцкая і Васіль Сердзюкоў. Заслужаны артыст Украіны Арнольд Ранцанц атрымаў званне заслужанага артыста Беларусі. Але ж, вядома, маральны стымул неабходны ў момант росквіту творчых сіл, а не ў перадпенсійным узросце.

Балетная трупа

Як адзначалася, балетная трупа тэатра пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Расіі Ніны Дзьячэнка вылучылася ў самастойны калектыў, які стаў другой балетнай сцэнай рэспублікі. Гэтаму паспрыяў шчаслівы збег абставін: па-першае, тэатр атрымаў новае папаўненне маладых танцоўшчыкаў, выпускнікоў харэаграфічнага вучылішча; па-другое, Н. Дзьячэнка, сама ў мінулым выдатная танцоўшчыца, была апантана ідэяй пастаноўкі балетных спектакляў; па-трэцяе, гэту ідэю падтрымаў тагачасны дырэктар С. Косцін.

Першыя два балеты былі аднаактовыя – "Штраусіяна" і "Іспанскі дывертысмент". Потым з'явіліся больш складаныя творы – балет "Шэхерэзада" і харэаграфічная мініяцюра "Па-дэ-катр". Пазней атрымалі жыццё "Шапеніяна", "Дон Кіхот", "Кармэн-сюіта" і іншыя спектаклі.

Хутка балетная трупа ўпершыню выехала на гастролі ў Іспанію. Потым паездкі адбываліся па некалькі разоў на год. Пасля Іспаніі былі паездкі ў Швейцарыю, Германію, Англію. Асаблівай папулярнасцю за мяжой карыстаецца апошняя пастаноўка – балет "Жызэль", які лічыцца вяршыняй рамантычнага балета і выканальніцкага майстэрства.

Сваімі дасягненнямі маладая трупа цалкам рассеяла недавер скептыкаў, якіх было нямала ў перыяд яе станаўлення. А між іншым, спектаклі тут ставілі такія вядомыя балетмайстры, як Наталля Васкрасенская, Ларыса Трамбавельская, Ксенія Тэр-Сцяпанава, Любоў Кунакова, Гедымінас Таранда (партнёр Маі Плісецкай), якія б са слабым калектывам не працавалі. Не лішне прывесці маленькую вытрымку з артыкула, змешчанага ў адной са швейцарскіх газет: "Самы паважаны балетны калектыў Еўропы". Каментарыі, як кажуць, лішнія.

Улічваючы, што век артыста балета кароткі – 15–20 гадоў, цяпер танцоўшчыкі знаходзяцца ў творчым росквіце сіл. З самага пачатку сваім майстэрствам і працаздольнасцю вылучаліся Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў. З першых спектакляў стала зразумела, што яны – вядучы дуэт трупы. Без перабольшання, на іх трымаецца ўвесь рэпертуар. У 1996 г. Ю. Дзятко і К. Кузняцоў вырашылі паспрабаваць свае сілы ў міжнародным конкурсе артыстаў балета. I перамаглі: К. Кузняцоў стаў лаўрэатам, а Ю. Дзятко – дыпламантам. Пасля гэтага быў удзел яшчэ ў чатырох міжнародных конкурсах, дзе нашы танцоўшчыкі атрымлівалі ўзнагароды. Напрыклад, у Люксембургу яны былі адзначаны як лепшы дуэт конкурсу. Але самым прэстыжным стаў міжнародны конкурс у Маскве, дзе К. Кузняцоў атрымаў сярэбраны медаль, а Ю. Дзятко стала дыпламантам. Разам яны зноў жа былі адзначаны як лепшы дуэт. Н. Дзьячэнка адзначае, што гэтыя танцоўшчыкі, лаўрэаты пяці міжнародных конкурсаў, па праву заслугоўваюць ганаровых званняў – і менавіта цяпер, а не тады, калі перамогі застануцца ў мінулым.

У трупе нямала і іншых высокапрафесійных танцоўшчыкаў. У тым ліку і дуэт: Дзіяна Стацура і Віталь Краснаглазаў. I знаўцы харэаграфічнага мастацтва, і гледачы заўсёды вылучаюць яго майстэрства, артыстызм і прыгажосць.

Але ў балетнай трупе існуе кадравая праблема, яна яшчэ больш вострая, чым у тэатра ў цэлым. Прынамсі, адкуль браць маладое папаўненне? З прычыны розных жыццёвых акалічнасцей вялікі адток танцоўшчыкаў (асабліва сярод дзяўчат), і калі так будзе працягвацца, трупе пагражае развал. Праўда, заяўкі ў харэаграфічнае вучылішча падаюцца штогод, але выпускнікі ідуць у Тэатр балета, дзе таксама адбываецца змена пакаленняў. У сувязі з гэтым Н. Дзьячэнка плануе стварыць пры тэатры харэаграфічную студыю, каб сваімі сіламі рыхтаваць таленавітую змену. З педагогамі асаблівых цяжкасцей не павінна быць: танцоўшчыца трупы Аксана Сямёнава мае дыплом балетмайстра (вучаніца Валянціна Елізар'ева), можа стаць педагогам Ю. Дзятко, К. Кузняцоў таксама пры неабходнасці выступіць у такой ролі.

Змена статусу

Даўно відавочна, што Тэатр музычнай камедыі выйшаў за рамкі свайго жанру і здольны ажыццявіць практычна кожную музычную пастаноўку: мюзікл, оперу, балет. Таму паўстала пытанне пра змену статусу, а дакладней – пра пераўтварэнне Тэатра музкамедыі ў музычны тэатр. Яно вырашалася даволі доўга, нарэшце, у пачатку сёлетняга года калектыў атрымаў новую назву: Беларускі дзяржаўны музычны тэатр. Гэта не азначае, што з рэпертуару знікне аперэта, але тут смела будуць брацца за музычныя спектаклі, і не будзе больш падстаў сцвярджаць, што музкамедыя, маўляў, займаецца не сваёй справай.

А так званая "не свая справа" – гэта паўнакроўная балетная трупа, а таксама сімфанічны аркестр, якому пад сілу любая партытура. Ужо 10 гадоў аркестр узначальвае галоўны дырыжор Аляксандр Сасноўскі. Яшчэ ў 1993 г., пасля атрымання новых музычных інструментаў, аркестр упершыню ў гісторыі тэатра выйшаў на сцэну з сольнай праграмай. Пасля былі розныя канцэрты, выконваліся складаныя творы класічных і сучасных кампазітараў. У сёлетнім маі у тэатры прайшоў канцэрт класічнай музыкі "Парад маладых дырыжораў", у якім прынялі ўдзел 7 дырыжораў. Хіба гэта не сведчанне прафесіяналізму і папулярнасці аркестра пад кіраўніцтвам А. Сасноўскага?!

А змена статусу – своеасаблівая прыступка творчага росту (і адпаведна – фінансавання і заработнай платы).

I як бы ў пацвярджэнне таго, што тэатр не збіраецца развітвацца з жанрам аперэты, на наступны сезон плануецца новая пастаноўка "Лятучай мышы" I. Штрауса. А балетная трупа возьмецца за балет "Золушка" С. Пракоф'ева. Яго ўвасобіць малады, але ўжо вядомы ў Беларусі балетмайстар Раду Паклітару, творчы почырк якога вызначаецца навізной і смеласцю харэаграфічнай манеры.

А дзе пошук, узнёсласць і праца, там абавязкова поспех, які высока ацэняць нашыя ўдзячныя гледачы.

Зоя ЛЫСЕНКА.
Беларуская думка. – 2000. – № 7. – С. 158–164.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: