Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Старая гісторыя на новы лад (2005 г., Мастацтва)

Старая гісторыя на новы лад (2005 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

СТАРАЯ ГІСТОРЫЯ НА НОВЫ ЛАД

"Арфей i Эўрыдыка" А. Журбіна ў Беларускім музычным тэатры

Гэты тэатр ніколі не мог паскардзіцца на адсутнасць глядацкай увагі. Музыка, ды яшчэ ў спалучэнні з камедыяй (многія па звычцы называюць тэатр па-ранейшаму – тэатрам музычнай камедыі) – зваблівае відовішча! Жанры аперэты, савецкай i постсавецкай музычнай камедыі, а таксама заходняга i айчыннага мюзікла заўсёды – апрыёры! – карыстаюцца непараўнальна большай глядацкай i слухацкай увагай, чым музыка сур'ёзная – філарманічная, сімфанічная, камерная i т.д.

Па-другое, глядач, асабліва ў неспакойны i няпэўны час, ідзе ў тэатр найперш адпачыць, атрымаць зарад эмацыянальнай бадзёрасці i добрага настрою. I музычны тэатр дае яму гэтую магчымасць. Глядач ведае, што яго чакае спектакль, дзе i пяюць, i танцуюць, i проста размаўляюць – "зусім як у жыцці". Сінтэтычнасць моцна паядноўвае музычны тэатр з музычным рэвю або музычным шоу (жывым канцэртным ці запісаным) – любімым жанрам цяперашняй тэлевізійнай эстрады.

Але ж, як вядома, няма мяжы ў змаганні за свайго гледача! Кожны тэатр марыць не проста пра аншлаг, а i пра "звышаншлаг" Рэпертуарная палітыкa нашага Дзяржаўнага музычнага тэатра апошніх гадоў – пастаноўка легендарнага спектакля "Юнона i Авось" (з музыкай А. Рыбнікава i вершамі А. Вазнясенскага), пастаноўка яркага i дасціпнага дзіцячага спектакля "Бураціна.bу" – сведчыць менавіта пра гэта. А яшчэ, безумоўна, пра пошук сучасных інтанацый у музыцы i рэжысуры, пра імкненне наблізіць да слухача творы не толькі кампазітараў класікаў, але i сучасных аўтараў.

Працягам гэтых пошукаў успрымаецца i пастаноўка "Арфея i Эўрыдыкі" А. Журбіна. Новы спектакль пазначаны як "рок-опера-балет" у 2-х дзеях. Пазнака, ужо сама па сабе, красамоўна гаворыць аб тым, спектакль адрасаваны найперш маладзежнай аудыторыі.

Не магу тут не згадаць пра першую пастаноўку "Арфея", ажыццёўленую яшчэ ў 1975 годзе, пра што цікаўны глядач даведаецца з праграмкі спектакля. Тады "Арфей" успрымаўся амаль як рэвалюцыя ў тагачасным савецкім мастацтве. Гэта была першая на абсягах СССР рок-опера – з І. Панароўскай i А. Асадуліным у галоўных ролях. Не праміну пахваліцца: я досыць цьмяна, але памятаю паказ гэтага спектакля ў мінскім Палацы спорту.

Ідэю цяперашняй пастаноўкі "Арфея" у Мінску прапанавала мастацкі кіраўнік балетнай трупы тэатра Ніна Дзьячэнка. Некалі яна танцавала Фартуну ў "Арфеі", пастаўленым на сцэне Пермскага тэатра оперы i балета. Музыка А. Журбіна адразу пісалася як рок-опера. Для стварэння ж харэаграфічных партый у мінскай пастаноўцы планавалася запрасіць аднаго з найбольш цікавых сучасных pycкix харэографаў – Мікалая Баярчыкава. Але ён з прычыны занятасці вымушаны быў адмовіцца i прапанаваў кандыдатуру свайго былога артыста, а цяпер харэографа Кірылы Шмаргонера (у пермскім спекталі ён танцаваў Харона). Шмаргонер шмат гадоў быў вядучым танцоўшчыкам у Пярмі, ператанцаваў увесь класічны рэпертуар, потым пачаў шмат актыўна ставіць. Пра гэта сведчаць i лаўрэацтва на Міжнародных конкурсах, i прэмія імя Марыса Бежара.

Mінскi "Арфей" быў зроблены досыць хутка, літаральна за два з паловай месяцы. Пастановачная брыгада – беларуска-руская. З "нашых" у ёй – мастацкі кipaўнік пастаноўкі, дырэктар тэатра i спявак Аляксей Ісаеў, балетмайстар-рэпетытар Ніна Дзьячэнка, музычны кipaўнік Аляксандр Cacнoўcкi, а таксама дырыжор-пастаноўшчык i аранжыроўшчык Леў Карпенка. "Запрошаныя" – балетмайстар-пастаноўшчык Кірыла Шмаргонер, мастак-пастаноўшчык Раман Іваноў i мастак па касцюмах Ірына Сафронава.

Адметнасць новай пастаноўкі "Арфея i Эўрыдыкі", як сцвярджаюць самі пастаноўшчыкі, у тым, што "гучанне эcтpaднa-ciмфaнiчнaгa аркестра i жывога вакалу спалучаецца з xapэaгpaфiяй".

Прастора cцэнiчнaй пляцоўкі разумна размеркавана для гэтага "шматнаселенага" спектакля. На сцэне – месца для тых, хто танцуе. Адмысловыя лесвіцы i пляцоўка, узнятая над сцэнай, – для спевакоў. Артыстам – зручна, гледачам – усё відаць…

Вялікім клопатам было стварыць новыя аранжыроўкі. Літаральна для ўсяго твора, бо фактычна ад музыкі А. Журбіна засталіся адно мелодыі. Вялікая нагрузка – i вакальная, i эмацыянальная – лягла ў спектаклі на хор, які ў адпаведнасці з законамі сучасных відовішчаў ператвараецца ў бэк-вакалістаў.

Для кожнай партыі – вакальнай i харэаграфічнай – тэатр паспеў падрыхтаваць некалькі складаў выканаўцаў. Кожны вобраз (акрамя галоўных герояў, гэта Харон, Фартуна i спевакі) мае ў спектаклі i вакальнае, i харэаграфічнае вырашэнне. За выключэннем xiбa што Птушкі (К. Кузняцоў), якая ўспрымаецца як душа Арфея. "Раздваенне" асобы героя нiбы падкрэслівае складаны свет кожнага чалавека, у якім шмат незразумелага, таемнага. Адзінства ж вобраза падкрэслена падобнасцю касцюмаў вакаліста i танцора.

Новае сцэнічнае ўвасабленне "Арфея i Эўрыдыкі", бясспрэчна, трымаецца на маладых артыстах. Як сярод вакалістаў, так i сярод танцораў. Сапраўдным адкрыццём спектакля сталіся спевакі Аляксей Грыненка (Арфей) i Ілона Казакевіч (Эўрыдыка). Цікавае i харэаграфічнае ўвасабленне галоўных герояў – Віталь Краснаглазаў i Наталля Коўш. Выразныя ўсе – i харызматычны Харон, i спакуслівая Фартуна, i летуценная Птушка. Заўважу, дарэчы, што aпошнім часам балетная трупа тэатра выглядае непараўнальна лепш, чым некалькі сезонаў таму, калі відавочнай была элементарная малалікасць харэаграфічнага калектыву.

Магчыма, скептыкі ўсміхнуцца: ну што вы гэтак узнёсла пра чарговы сцэнічны рэмейк… Але скептыкаў не заўсёды варта слухаць, лепей самому схадзіць i паглядзець.

Acaбістa для мяне ў спектаклі найбольш цікавыя i актуальныя былі ўражанні i думкі, звязаныя з вобразам галоўнага героя. Антычны, даўно вядомы сюжэт i ягоныя разгалінаванні маюць шмат узроўняў успрымання. Некага зацікавіць сама паэтычная легенда пра Арфея. Нехта ўбачыць у ім прамую асацыяцыю з сучаснымі рок-зоркамі i рок-ідаламі. Але яшчэ адно вельмі актуальнае пытанне ўзнімае спектакль. Што з'яўляецца для творцы крыніцай натхнення? Цi можа мастак захаваць сваю жывую душу – ва ўмовах масавай культуры, у атмасферы поп-музыкі, у час, калі ён ужо не належыць самому сабе, а вымушаны існаваць па законах натоўпу i няспыннага "піяру"? Што чакае тых, хто страціў здольнасць ствараць? Што важней – прызнанне, слава цi каханне? Ці можна пяшчотны свет кахання i даткліва-крохкі свет мастацкай індывідуальнасці спалучыць з папулярнасцю? Як кажуць, пытанні на ўсе часы. Для кожнага, хто мае дачыненне да творчасці…

У бліжэйшых планах тэатра – пастаноўка класічнай "Баядэры" I. Кальмана, мюзік-хольнай праграмы, а таксама сцэнічнае ўвасабленне музычнай камедыі Э. Зарыцкага "Белыя росы". Аўтар сцэнарыя папулярнага фільма А. Дудараў спецыяльна напісaў новае лібрэта. Партытура музычнага твора ў кампазітара ўжо гатовая, i неўзабаве музычны тэатр прыступае да пастаноўкі…

Таццяна МУШЫНСКАЯ.
Мастацтва. – 2005. – №1.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: