Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ад Піцера да Брэста… цягнік ідзе праз Мінск (2005 г., Культура)

Ад Піцера да Брэста… цягнік ідзе праз Мінск (2005 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

АД ПІЦЕРА ДА БРЭСТА…

Можа, уласна з "цягніком" Александра Сасноўскага i не параўняеш (у такix выпадках гавораць: маўляў, "камплекцыяй" не выйшаў), а вось з рухавічком, што i прымушае той цягнік, а за ім i вагончыкі распачаць ход, – гэта так. I тое, што ягоным "асноўным прытулкам" стаўся менавіта музычны тэатр, – таксама заканамернасць, а не выпадковасць. У некаторых спектаклях ён, між іншым, вельмі імпазантна ўпісваўся ў акцёрскі склад, артыстычна кідаючы рэплікі ў залу – на правах гэткага "кіраўніка". 

Хай не пакрыўдзяцца сталічныя аматары музыкі, але свае юбілеі (25-годдзе творчай дзейнасці i ўласнае 50-годдзе) дырыжор Аляксандр САСНОЎСКІ адзначыў спачатку ў Брэсце i толькі потым – у Мінску. І зyciм не таму, што, маўляў, гэта яго радзіма. Дый вучыўся ён у Магілёве, а не ў Брэсце, iгpaў на баяне ў аркестры Магілёускага музычнага вучылішча (i аркестрам, і вучылішчам у той час кipaвaў знакаміты сёння Леанід Іваноў, які i падштурхнуў юнака абраць прафесію дырыжора). Але з Брэстам у А. Сасноўскага i сапраўды апошнім часам звязана шмат. Бо ён паспявае ўзначальваць сімфанічныя аркестры і Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, i Брэсцкага абласнога драмтэатра, выкладаць i ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, i ў яе брэсцкім філіяле, а таксама ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Адным словам, ледзь не палова жыцця – у цягніках паміж Мінскам i Брэстам. I гэта ўжо традыцыя! Бо крыху раней ён гэтак жа "па рэйках" вымяраў шлях між Мінскам i тагачасным Ленінградам: спачатку вучыўся ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі ў класе Іосіфа Абрамica, потым – у Ленінградскай, дзе займаўся ў Іллі Мусіна, Эдуарда Грыкурава, Юрыя Цемірканава. I ўжо на трэцім курсе "Сільвай" Кальмана распачаў свой "аперэтачны" cпic – менавіта ў Мінску. 

Але ж, баюць, упершыню ўзяць на сябе адказнасць за спектакль яму давялося яшчэ ў Ленінградзе, на другім курсе кансерваторыі. Тады выключна па сваей ініцыятыве ён наведваў рэпетыцыі опернай студыі, дзе ставіўся "Яўген Анегін" Чайкоўскага. Аднойчы, у адсутнасць дырыжора, музыканты папрасілі Аляксандра дапамагчы. Ён стаў за пульт, а сапраўдны дырыжор, які моўчкі сачыў за працай свайго часовага "пераемніка", прапанаваў яму гэтак жа правесці i спектакль. Пазней дырыжыраванне менавіта гэтай операй сталася яго дзяржаўным іспытам. 

А вось прыход А. Сасноўскага ў Сімфанічны аркестр Брэсцкага абласнога драмтэатра стаўся іспытам i для дырыжора, i для калектыву. 

Пра аркестр загаварылі як пра сапраўдную з'яву ў культурным жыцці не толькі горада над Бугам, але i ўсёй вобласці. Музыканты значна ўзнялі свой выканальніцкі ўзровень, пашырылі рэпертуар. У праграме з'явіліся складаныя для інтэрпрэтацыі творы Барадзіна, Рымскага-Корсакава, Бізэ, Дэбюсі, Равэля, Пракоф'ева, Шастаковіча. Загучала аперэта, адбыліся вечары памяці беларускага кампазітара Уладзіміра Солтана, знакамітага дырыжора Іллі Мусінa. З аркестрам выступалі такія славутыя выканаўцы, як Iгap Алоўнікаў, Наталля Гайда, Эдуард Пелагейчанка, Андрэй Ciкорскі, вядомы paciйскі кампазітар Людміла Лядава, іншыя замежныя музыканты, у тым ліку лаўрэаты міжнародных конкурсаў. 

Аркестр стаў, як кажуць, "выязным": яго пачалі запрашаць на замежныя гастролі. Але ж, бадай, аднымі з самых значных "справаздач" калектыву сталі яго выступленні ў Мінску. 

Так што, можна сказаць, свой дзень народзін Аляксандр Сасноўскі адсвяткаваў канцэртам у Брэсце, а вось юбілей творчай дзейнасці – акурат у сталіцы.

Алена КАПАЧОВА. 
Брэст. 

… ЦЯГНІК ІДЗЕ ПРАЗ МІНСК

Да таго ж, Аляксандр Пятровіч не з тых, хто баіцца сваё "кіраўніцтва", так бы мовіць, "перадавяраць" іншым. Вось i ў юбілейным канцэрце на сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра ён намагаўся i "сябе паказаць", і… іншых дырыжораў. Прычым не толькі cваix калег (а музычныя сюрпрызы дарылі яму Андрэй Галанаў, Пётр Вандзілоўскі, Рыгор Сарока, Вячаслаў Воліч), але i вучняў, у тым ліку пачаткоўцаў, якія адзін за адным станавіліся да пульта. На сцэне ж сядзеў не звычайны аркестравы калектыў, а, як назваў яго намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Гедройц, "Сасноўскі зводны мінска-брэсцкі вялікі ciмфанічны аркестр". Вось i атрымаўся не столькі юбілей, колькі гэткі "парад" аркестраў i дырыжораў (дадам, што менавіта А. Сасноўскаму пяць гадоў таму належала ідэя правядзення аднайменнага фестывалю "Парад дырыжораў" з удзелам студэнтаў БДАМ). Заўважу: калі ў дырыжорскай практыцы "асістэнты" звычайна праводзяць усю папярэднюю працу развучвання з калектывам новых твораў, галоўнаму ж дырыжору застаецца ўнесці свае штрыхі i прымаць апладысменты, дык у Сасноўскага ўсё бывае наадварот: менавіта ён узвальвае на сябе "чарнавік", пакідаючы славу тым, хто "наступае на пяткі". 

Так i на гэтым канцэрце: скарыстаўшы свой юбілей, А. Саснoўcкi па сутнасці зpaбіў "прамоўшн" дырыжору з Брэста Аляксандру Куўшыннікаву, cваім выхаванцам Юрыю Галясу, Іллі Чарапко, Марыне Траццяковай, прымусіў публіку (без усялякага "прымусу" са свайго боку) запомніць Мікалая Макарэвіча ("па сумяшчальніцтве" – кларнетыста аркестра нашага музычнага тэатра), які прадэманстраваў сапраўдную дырыжорскую энергетыку сталага прафесіянала. 

Што ж да салістаў, дык канцэрт стаўся сапраўдным творчым спаборніцтвам паміж тэатральнай моладдзю i "мэтрамi", у якім перамаглі менавіта апошнія на чале з Наталляй Гайдай і Зінаідай Вяржбіцкай. А хор i ўвогуле – пад кіраўніцтвам B. Bолічa выдаў такія "Палавецкія скокi" з оперы Барадзіна "Князь Iгap", што не верылася, адкуль бярэцца гэткая спеўная моц пры надзвычай сціплым раскладзе: усяго на дзесяткі два харыстаў – не менш за сотню аркестрантаў ды з цяжкой меддзю! 

Сам жа юбіляр крыху змяніў свой імідж, абраўшы для сябе не толькі бяспроігрышныя нумары так званай "лёгкай музыкі", але i патрыятычныя песні, прысвечаныя Вялікай Айчыннай (дарэчы, Ірына Цярэнцьева так праспявала знакамітую "Баладу пра маці" Мартынава, як не снілася ніводнаму з канкурсантаў "Славянскага базару ў Віцебску" нi "Залатога шлягера" у Магілёве, якія бралі яе ў свой рэпертуар). А галоўнае – А. Сасноўскі прапанаваў слухачам такую зусім не "музкамедыйную" партытуру, як уверцюра-фантазія Чайкоўскага "Рамэа i Джульета". I вось дзіва! У гэтым творы, дзе, здавалася б, вядомая кожная нота, раптам з'явіўся гэткі дуалізм вобразаў, знік рэзкі падзел на "добрых" i "дрэнных" герояў: сілы зла казаліся не такімі страшнымі, лёс – не такім ракавым, дый харальная тэма, што звычайна трактуецца сімвалам "змрочнага Сярэднявечча", гучала дастаткова дабратворна. Можа, i сапраўды Сасноўскаму, як прапанаваў адзін з выступоўцаў, можна даць званне "філосафа ў музыцы"? Хаця i звыклае "заслужаны-народны" яму, відаць, не перашкодзіла б…

Надзея БУНЦЭВІЧ. 
Культура. – 2005. – 22–28 кастр. – С. 8.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: