Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Талент + грошы = ? (2007 г., Мастацтва)

Талент + грошы = ? (2007 г., Мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ТАЛЕНТ + ГРОШЫ = ? 

У музычным жыцці краіны адбыліся дзве цікавыя падзеі, спалучаныя імем аднаго кампазітара – Уладзіміра Кандрусевіча. 

"Аўтар – жывы! І за раялем…" 


"Дзеці неба". Канцэрт-прэзентацыя прадзюсерскага цэнтра "Спамаш". 
Мастацкі кіраўнік Уладзімір Кандрусевіч. 
Рэжысёр Вячаслаў Панін. 
Канцэртная зала "Мінск". 

Знаёмства музычнай грамадскасці з прадзюсерскім цэнтрам "Спамаш" было праведзена па ўсіх правілах "піяру". Спачатку журналістаў запрасілі на прэс-канферэнцыю, якая ладзілася ў сталічным клубе "Гудвін". Кожнаму ўручылі аб’ёмную папку з рэкламнай прадукцыяй – буклет з інфармацыяй пра выканаўцаў, календары, дыск з песнямі, які так і называецца – "Дзеці неба". 

А праз колькі дзён цэнтр "Спамаш" запрасіў і на прэзентацыю праграмы "Дзеці неба". Публіка наша добра ставіцца да эстраднага жанру, ахвотна карыстаецца магчымасцю пабачыць штосьці новенькае, – і зала была поўная. 

Усё было салідна і прадстаўніча, таму спрыялі і разумная рэжысура вопытнага В. Паніна і абаяльнасць вядучай А. Спірыдовіч, і сучаснае выкарыстанне святла (слухачы бачылі сапраўднае лазернае шоу). Вялікую ролю адыграў і ўдзел інструментальнага гурта С. Анцішына, харэаграфічнага калектыву "Жамчужына", квартэта Музычнага тэатра. Большасць песень, што прагучалі, напісана У. Кандрусевічам у сааўтарстве з рознымі паэтамі. Аўтары некаторых – самі выканаўцы. 

Галоўных герояў прэзентацыі было шасцёра. Два хлопцы і чатыры дзяўчыны. Розныя індывідуальнасці, яны і пададзены былі па-рознаму. Найбольш ярка выглядалі Іван Буслай, артыст магутнай энергетыкі (што асабліва адчуваецца ў песні "Над дарогай"), і рамантычная Алёна Ланская, якой надзвычай адпавядае загадкавы імідж русалкі. Але ж і астатнія былі цікавыя: у нечым экстравагантная, эксцэнтрычная Дарыя, для якой можна (і варта) пісаць значныя, разгорнутыя творы, летуценна-лірычная Наталля Турава, стыльна-халаднаватая Юлія Гусева, дэмакратычны, "свой хлопец" Дзмітрый Карпінчык. 

Эмацыйнымі кульмінацыямі вечарыны сталіся вальс з балета "Мефіста", які выконваў сам У. Кандрусевіч (міжволі ўспаміналася крылатая фраза: "Аўтар – жывы! І за раялем…"), і ўрывак з мюзікла "Гоя", над якім цяпер працуе кампазітар, у выкананні ўсіх салістаў "Спамаша", а таксама брэйк-данс каманды "Hunters" і шоу-балета "ДНК". Галоўную ж партыю выканаў запрошаны саліст Габрыэль. Відовішча – атрымалася! Дынамічнае, імклівае, з сапраўды маладзёжным драйвам… Чым не канкурэнцыя не "нашым" мюзіклам "Чыкага" і "Нотр-Дам"?! 

Напрыканцы праграмы падумалася: чаму ў нас так мала прадзюсерскіх цэнтраў? Няўжо няма каго прадзюсіраваць? Але ж галасістых хлопцаў і дзяўчат шмат! Толькі губляюцца многія на шляху да вялікай сцэны. Аднаго не заўважылі, другога не падтрымалі, трэцяму прапанавалі песню, не адпаведную індывідуальнасці… Талент – як кветка, якую трэба даглядаць, пеставаць… У краіне нямала фінансава паспяховых фірм, якія свой прыбытак маглі б укладаць у маладыя таленты, "прасоўваць" іх, рухаць наперад. А адначасова рухаць і "прасоўваць" уласны брэнд. 

Скрыб, Кандрусевіч і… "Шклянка вады"

"Шклянка вады". Мюзікл. 
Музыка Уладзіміра Кандрусевіча. 
Рэжысёр-пастаноўшчык Барыс Утораў. 
Дырыжор Мікалай Макарэвіч. 
Мастак-пастаноўшчык Барыс Герлаван. 
Балетмайстар-пастаноўшчык Віктар Саркісьян. 
Хормайстар Святлана Пятрова. 
Мастацкі кіраўнік аднаўлення Аляксей Ісаеў. 
Рэжысёр аднаўлення Анастасія Грыненка. 
Балетмайстар аднаўлення Юрый Лапша. 
Беларускі дзяржаўны музычны тэатр. 

Наш глядач не спешчаны багаццем спектакляў на музыку айчынных кампазітараў. Таму кожная прэм’ера або спроба даць другое жыццё колішняй паспяховай пастаноўцы ўспрымаецца падзеяй. "Шклянка вады", мюзікл У. Кандрусевіча па п’есе Э. Скрыба, быў пастаўлены тэатрам у 1994 годзе. І можна толькі вітаць вяртанне калектыву да гэтай назвы. 

Спектакль па-ранейшаму эфектны, сучасны, сцэнічны. Дынамічная інтрыга. Лёгкая для ўспрымання музыка, разнастайная па тэмпах і інтанацыях, у тым ліку рамансавых і джазавых. Бліскучая сцэнаграфія, якая досыць віртуозна стварае вобраз пакояў каралеўскага палаца. Эфектныя пластычныя сцэны, якія перадаюць працэс нараджэння чутак і плётак – небяспечных палацавых інтрыг. Радыёмікрафоны дапамагаюць добра чуць тэкст. Зрэшты, зала музычнага тэатра – усё-такі не вялікая зала Палаца Рэспублікі, і ўзмацняльнай апаратуры ў спектаклі было ці не занадта. 

Вельмі ўдалы падбор выканаўцаў мужчынскіх партый. У іншых увасабленнях "Шклянкі вады", напрыклад, у тэлефільме рэжысёра Ю. Карасіка, капітан Мэшэм быў карцінна прыгожай, але абсалютна пустой і нецікавай асобай. Таму любоўныя памкненні каранаваных і некаранаваных жанчын выглядалі хутчэй як мара, як жаданне надаць рысы героя таму, што іх не мае. Мэшэм у Д. Якубовіча, аднаго з вядучых артыстаў, і малады, і абаяльны. Ён парывісты і шчыры, у ягоным псіхалагічным партрэце лірызм натуральна спалучаецца з мужнасцю. Відаць, менавіта гэтыя якасці прывабліваюць да капітана і каралеву Ганну, і яе ўсемагутную фаварытку герцагіню Мальбара, і сціплую паненку Абігайль. 

Цікавая дэталь. Напрыканцы спектакля герой Д. Якубовіча, яшчэ закаханы ў Абігайль, прызнаецца, што вельмі хочацца яму і славы, і грошай… Здавалася б, адна рэпліка, штрых. Але ён надае вобразу аб’ёмнасць! І глядач здагадваецца, што шляхі славалюбівага Мэшэма і магутнай, хоць і пераможанай, інтрыганкі-герцагіні абавязкова перакрыжуюцца. І невядома, ці возьме верх Абігайль са сваім каханнем…

Ролю лорда Балінброка выконвае ў спектаклі А. Ранцанц. Добра памятаю артыста і яго персанажа ў ранейшай "Шклянцы вады". Амаль паўтара дзесяцігоддзя, здаецца, ніяк не паўплывалі на аблічча героя! Балінброк А. Ранцанца дасціпны, заўжды жыццярадасны і… крыху цынічны. Ён добра ведае людзей і ўмее іграць на іхніх заганах артыстычна і віртуозна. 

З выканаўцамі жаночых роляў не ўсё бясспрэчна і бездакорна. Вядома, прэм’ера была паказана напрыканцы сезона, спектакль будзе яшчэ "абкатвацца", удасканальвацца, набудзе дадатковыя фарбы і штрыхі. Але ўсё ж некаторыя заўвагі хочацца выказаць…Абігайль ва ўвасабленні І. Казакевіч – гэткая ж маладая і абаяльная паненка, як і сама артыстка. Гераіня шчыра перажывае за каханага Мэшэма, ад усёй душы жадае суцешыць каралеву і дапамагчы Балінброку. Але, на маю думку, такая Абігайль – занадта "блакітная", занадта добрая і безабаронная. Хоць бы крыху дадаць ёй сарказму, вострага розуму, магчыма, злосці! Каб гераіня выглядала годнай саперніцай герцагіні. 

Што да апошняй, дык М. Александровіч, у жыцці таксама, маладая, і абаяльная, чамусьці вырашыла маляваць гераіню выключна чорнай фарбай. Герцагіня Мальбара атрымалася злоснай, раздражнёнай і непрывабнай інтрыганкай. Ды гэта бачаць не толькі гледачы, але і героі! Як магла каралева наблізіць да сябе такую фурыю? 

Добра памятаю герцагіню непараўнальнай Н. Гайды. Яе ігра была віртуознай! Карункі ролі, сатканыя з абаяльнасці, ілжывасці, хітрасці, пяшчотнага голасу, жаночага каварства… Ракавую жанчыну, своеасаблівага "дэмана зла" малявала славутая А. Дзямідава ў тэлеверсіі "Шклянкі вады". Магчыма, нашай выканаўцы трэба не саромецца час ад часу выяўляць уласную жаноцкасць. І паяднаць у партрэце гераіні розныя фарбы… 

Ды галоўны герой спектакля – музыка. У. Кандрусевіч валодае рэдкай якасцю – быць сучасным. Не апускацца да ўзроўню безгустоўных спажыўцоў, але і не прапаноўваць творы "мудрагелістыя", зразумелыя адзінкам. Партытура пабудавана на разумным і вывераным чаргаванні дынамічных эпізодаў, лірычных дуэтаў і сола, размоўных фрагментаў і пластычных сцэн. 

І яшчэ. Б. Утораў, чыю пастаноўку далікатна аднавіла А. Грыненка, з тых рэжысёраў, хто ўмеў адчуваць і будаваць форму эфектнага, відовішчнага спектакля. Канструкцыя, вынайдзеная амаль паўтара дзесяцігоддзя таму, аказалася даўгавечнай і трывалай. 

На заканчэнне – адносна думкі, вынесенай у загаловак. Кепска, калі ёсць грошы, але няма таленту. Вынік мы дастаткова часта бачым на эстрадных канцэртах, "жывых" і тэлевізійных. Кепска, калі ёсць талент, ды няма грошай. Тады адоранага чалавека мала хто ведае. А талент плюс грошы – гэта поспех і прызнанне. Таму па-добраму пазайздросцім артыстам, якія трапілі ў прадзюсерскі цэнтр "Спамаш". І павіншуем будучых гледачоў "Шклянкі вады", якіх чакае сапраўднае эстэтычнае задавальненне. І парадуемся за У. Кандрусевіча, творчае жыццё якога выйшла на новы віток…

Т. МІХАЙЛАВА. 
Мастацтва. – 2007. – № 9. 



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: