Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пра фантом і сіндром (2008 г., Культура)

Пра фантом і сіндром (2008 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ПРА ФАНТОМ І СІНДРОМ

press2008-15a Падзеяй у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры стала прэм’ера мюзікла расійскага кампазітара Ігара Левіна "Рускі фантом" (паводле "Гіпербалоіда інжынера Гарына" А.Талстога). На старонках "К" яе абмяркоўваюць музыказнаўца Надзея БУНЦЭВІЧ, тэатразнаўца Таццяна КОМАНАВА і малады балетны крытык Святлана УЛАНОЎСКАЯ. 

Т.К.: – Мяне асабіста надзвычай здзівіла стылістыка спектакля, што адсылае гледачоў да навагодніх "агеньчыкаў" канца 70-х. Такое адчуванне, быццам мы закансерваваліся ў сваім тэатральным развіцці і не ведаем, што робіцца ў музычным тэатры сёння. Названы мюзіклам, спектакль вышэй "музычнай камедыі" сярэдняга ўзроўню не ўзнімаецца. 

Н.Б.: – Мае "нядобрыя прадчуванні" пачаліся некалькі месяцаў таму, калі на адной з прэс-канферэнцый дырэктар – мастацкі кіраўнік тэатра, заслужаны артыст Беларусі Аляксей Ісаеў расказаў пра сваё будучае дзецішча. Яго захапленне зразумела: ён выступае рэжысёрам, музычным кіраўніком пастаноўкі, аўтарам сцэнаграфіі, музычнай і літаратурна-сцэнічнай рэдакцыі, а таксама адзіным, без дублёраў, выканаўцам ролі Гарына (дарэчы, ягоны вакал у гэтым спектаклі – бездакорны). Але паказаны тады дэма-варыянт аўдыёзапісу не ўразіў: музыка нагадвала "Угадай мелодыю". Цяперашняя фанаграма з новай аранжыроўкай шмат у чым "завуаліравала" першапачатковыя хібы, толькі як схаваць другаснасць мелодый? У спектаклі шмат "абмузычанага шуму", ды няма музыкі. Але наша трупа ў гэтым не вінавата: яна не проста сумленна ўвасобіла, а яшчэ і максімальна ўдасканаліла прапанаванае. Як паведаміў лібрэтыст Васіль Пучаглазаў, мюзікл ствараўся па замове растоўскага тэатра, але потым там адмовіліся яго ставіць, матывуючы тым, што тамтэйшая трупа будзе імкнуцца да опернага жанру. Затое цяпер спектакль збіраюцца ставіць у Іркуцку. 

Т.К.: – Калі пры жывых аўтарах рэдакцыя робіцца трэцім чалавекам – Ісаевым, – гэта наводзіць на думку: няўжо тыя самі аказаліся не здатныя ўлічыць рэальныя пажаданні тэатра? Нават нягледзячы на актуальнасць самой тэмы глабальных катастроф, спектакль не ўзнімаецца да ўзроўню іх філасофскага асэнсавання, дэманструючы небагаты набор галівудскіх штампаў: звар’яцелы на глебе ўласнай геніяльнасці вучоны, вытворчы магнат-мільярдэр, эфектная бландзінка, з-за валодання якой разгараецца мужчынская канкурэнцыя, мафія і, канешне ж, расійскія спецслужбоўцы… У выніку мы, гледачы, напружана сочым за тым, "хто з кім і як", і прыходзім да высновы, што прычыны ўсіх катастроф – у жаночай нявернасці ды мужчынскай амбіцыйнасці. 

С.У.: – На прэс-канферэнцыі непасрэдна перад прэм’ерай шмат гаварылася пра тое, што ў спектаклі акцэнтаваны не сацыяльныя матывы, а каханне. Таму і Зоя, у адрозненне ад гераіні рамана, у спектаклі ператвараецца ў рамантычную закаханую. 

Н.Б.: – Штосьці не кранае тое каханне. Героям не спачуваеш, бо ні ў лібрэта, ні ў музыцы, ні ў самой пастаноўцы – нідзе не "прапісаны" іх пачуцці ва ўсёй дэталёвасці адценняў. 

С.У.: – Няма моцна закручанай інтрыгі, уласцівай мюзіклу, драматургіі характараў і ўвогуле дзеяння. Дзве гадзіны на сцэне амаль нічога не адбываецца. Вобразы герояў, змены падзей паказваюцца не ў развіцці, а як дадзены факт, плакатна-прамалінейна, спрошчана. 

Т.К.: – Бадай, адзінае, што насамрэч можа прыцягнуць глядацкую ўвагу ў гэтым спектаклі, гэта яго сцэнаграфічна-камп’ютэрнае афармленне: сёння ў беларускім тэатры падобныя тэхналогіі амаль не выкарыстоўваюцца. Магу ўзгадаць хіба "Пясочны замак" у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек, пабудаваны па прынцыпе камп’ютэрнай анімацыі. Але ж нідзе ў праграмцы няма прозвішчаў тых, хто ўсё гэта зрабіў. Няўжо хтосьці невядомы ў прамежку паміж рэпетыцыямі авалодваў камп’ютэрнай графікай і стварыў гэтыя трохмерныя выявы? 

С.У.: – Паводле слоў рэжысёра, былі і яго ўласныя намаганні, і дзейсная дапамога Беларускага тэлебачання. Сапраўды, візуальнае вырашэнне – тэхналагічна-наватарскае і нетрадыцыйнае ў кантэксце беларускай сцэнічнай практыкі. Падобныя дынамічныя відэапраекцыі выкарыстоўваліся хіба ў расійска-беларускім мюзікле "Прарок". Аднак на сцэне дзяржаўнага тэатра, не прызначанай для такіх мастацкіх фокусаў, дадзены прыём узнік упершыню. 

Н.Б.: – Гадоў дзесяць таму Беларуская опера пачынала звяртацца да відэапраекцыі (праўда, без цяперашніх камп’ютэрных "прыбамбасаў"), але яе не зразумелі, растлумачыўшы: маўляў, вось да чаго даводзіць безграшоўе. Дый колішнія палотны Яўгена Лысіка ў балетах Валянціна Елізар’ева, нягледзячы на традыцыйнасць іх жывапіснай тэхналогіі, куды больш "камп’ютэрна-касмічныя", бо яны не ілюстрацыя, а – канцэнтраваная думка з безліччу асацыяцый. У цяперашняй жа "фантомнай" сцэнаграфіі далёка не напоўніцу выкарыстаны багатыя магчымасці гэтага прыёму: нам дэманструюць то палацавы гламур, то быццам "дакументалістыку" разбурэння будынкаў. А галоўнае – відэарад і музыка знаходзяцца ў абсалютна розных тэмпарытмах: на фанаграме – аркестравыя жарсці, а на малюнку – вялізная застылая свечка. 

С.У.: – Дзейснасці не хапае і харэаграфіі, якая ў асноўным выконвае фонавую функцыю, унісонам дублюючы асноўныя падзеі і не пашыраючы, не дапаўняючы іх сэнс. 

Н.Б.: – Тым не менш, менавіта харэаграфія, пастаўленая знакамітым расійскім танцоўшчыкам і балетмайстрам Галі Абдулавым, і трымае ўвесь спектакль. Можа, яна не суперавангардная, без сіндрому звышгеніяльнасці, затое абсалютна натуральная, стылёва вытрыманая. Вы заўважылі, з якой заўзятасцю танчаць усе артысты? Вядома, па-за ўсялякай канкурэнцыяй адухоўленая пластыка Віталя Краснаглазава. Але падцягнулася ўся балетная трупа, ледзь не нанова набраная. Палова ж астатніх танцораў, між іншым, – зусім не з харэаграфічнага каледжа, гэта ўсё салісты-вакалісты ды артысты хору. Як раскрылася моладзь! Наталля Зубарава (Маша) – проста мега-суперзорка! Канстанцін Лапацін, сёлетні выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Анжаліка Чумакова, Кацярына Пасічнічэнка, Ягор Сятун, Віктар Цыркуновіч, Аляксандр Асіпец вырабляюць папраўдзе фантастычныя па! Іншая справа, што і разведчыкі, і бандыты-мафіёзі, паводле спектакля, – усяго толькі звычайныя персанажы музкамедый. А сцэна залатой утопіі быццам пазычана з аперэты, кабарэ, рэвю. Перайначваючы сюжэт, трэба было, можа, параіцца з эканамістамі: танны продаж насельніцтву золата, здабытага з дапамогай гіпербалоіда ў неверагоднай колькасці, наўрад ці прывядзе да сусветнага ўладарства. Але ўсё гэта – дробязі. Галоўнае, што наша трупа цалкам гатова да ўвасаблення самых неверагодных творчых праектаў. Дык давайце ставіць! Сваё, беларускае. А калі замежнае – дык папраўдзе выключнай якасці.

Н. БУНЦЭВІЧ, Т. КОМАНАВА, С. УЛАНОЎСКАЯ. 
Фота М. ПЯТРОВА. 
Культура. – 2008. – 5-11 ліп. 


На здымку: у ролі інжынера Гарына – заслужаны артыст Беларусі Аляксей Ісаеў.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: