Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Дзе ты, муза мюзікла? (2009 г., Культура)

Дзе ты, муза мюзікла? (2009 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ДЗЕ ТЫ, МУЗА МЮЗІКЛА? 

Даўно мінулі тыя часы, калі мюзікл асацыіраваўся адно з буржуазнай культурай, культам грошай і разбэшчанасцю. Сёння ні яго, ні іншыя музычныя жанры ў гэтым не папракаюць. Дый публіка, здавалася б, галасуе "за": дастаткова побач з назвай спектакля ці фільма напісаць гэтае запаветнае слоўца – цікавасць моладзі забяспечана. Сведчаннем таму – аншлагі на мюзікле "Байкер" (гл. "К" № 51 за 2008 год), што паспяхова пракатваецца не толькі на сталічных сцэнах, уключаючы Палац Рэспублікі, але і ў абласных цэнтрах, паўнюткія залы на музычных спектаклях Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага. Ды і новыя "брадвейскія" праекты на сцэнах філармоніі і Маладзёжнага тэатра эстрады пацвярджаюць меркаванне: жанр мае свайго гледача. Але тут паўстае пытанне з адэкватнымі прапановамі на глядацкі попыт ад айчынных кампазітараў: чаму пыляцца на паліцах нерэалізаваныя партытуры? Можа, і сапраўды, як мяркуюць некаторыя даследчыкі, гэты жанр – не для нашай ментальнасці? 

Дабрыдзень! Ты хто? 

Не толькі паводле зместу, формы, якасці адрозніваецца адзін мюзікл ад іншага – перш за ўсё гаворка пра адпаведнасць твора гэтаму жанру. Вядома, нарадзіўся апошні раней, чым атрымаў імя. Але не паспела адбыцца "імянарачэнне", як узніклі спрэчкі наконт паходжання "дзіцяці" і адгалінаванняў яго генеалагічнага дрэва. Дыскусіі вядуцца і дагэтуль. Палягаюць яны, у тым ліку, і ў такой плоскасці: ці лічыць мюзіклам любую тэатральную з’яву, у той ці іншай ступені звязаную з музыкай? 

А часцяком менавіта так і мяркуюць! Не дзіва: модным слоўцам, здараецца, называюць усё, што не ўпісваецца ў звыклыя рамкі. Але ж мюзіклам сёння, бывае, называюць і самае звыклае, традыцыйнае – тыя ж экранізацыі аперэт ці вадэвіляў. Адна з падстаў такой пашыранай трактоўкі – у перакладзе слова "мюзікл", што гучыць усяго толькі як "музычны". Спачатку ўзніклі два тэрміны: "музычная камедыя" і "музычная драма". Потым у кожным з азначэнняў засталося адно першае слова. Бо яднала тыя камедыі і драмы музычная стылістыка: з моднымі рытмамі, кідкімі мелодыямі спалучаліся ўжо не толькі забаўляльныя, але і сур’ёзныя, нават трагедыйныя сюжэты. Дый слова "драма" магло трактавацца не толькі як жанр, але і як драматычны тэатр увогуле. Менавіта адсюль – шматлікія расійскія "мюзіклы" 1970-х – 80-х гг., якія, па сутнасці, уяўлялі з сябе спектаклі з песнямі. 

А калі гэта "опера з песнямі"? Невыпадкова вядомы беларускі дырыжор Андрэй Галанаў жартоўна называе мюзіклам – оперу "Кармэн" Ж. Бізэ: маўляў, у ёй што ні нумар – сапраўдны хіт, прычым не проста спеўны, а спеўна-танцавальны. Калі ж сур’ёзна, дык мюзікл – дзіця оперы і драмы. Ад драмтэатра ў яго – размоўныя дыялогі. Ад оперы – музычная драматургія, у наяўнасці ці адсутнасці якой пераканацца вельмі проста. Калі са спектакля мысленна прыбраць музычныя нумары і ён пры гэтым не страціць свайго сэнсу – гэта не мюзікл, а драматычная пастаноўка з музыкай. Такіх на Беларусі – процьма! І ставяцца яны, адпаведна, любой драматычнай трупай, дзе ёсць артысты, якія больш ці менш спяваюць. Чаму ж тады з такімі цяжкасцямі робіцца наступны крок – да сапраўднага мюзікла? Можа, з-за ягонай "опернасці"? 

Хто са сваякоў "бліжэйшы да цела" 

Самай блізкай да мюзікла аказваецца рок-опера, адсюль хісткасць мяжы паміж гэтымі жанрамі ў творчасці, скажам, Эндру Лойда Уэбэра. І рок-опера, і сапраўдны мюзікл патрабуюць папраўдзе оперных сродкаў выразнасці: не толькі салістаў, але і хору, аркестра, здольных стварыць разгорнутыя музычныя кульмінацыі. Цікава, што гэтую новую сутнасць опернасці кожны з творцаў выяўляе па-свойму, таму азначэнне "рок-" часта замяняецца іншымі "прыстаўкамі", а тэрмін-аснова "опера" – застаецца. 

Да прыкладу, сусветна знакаміты французскі кампазітар Рыкарда Качыянтэ, стаўшы госцем леташняга "Славянскага базару ў Віцебску", пастаянна падкрэсліваў, што свае музычна-тэатральныя творы называе не мюзікламі і не рок-операмі, а папулярнымі операмі, замацоўваючы тым самым сувязь з французскай традыцыяй (і, у прыватнасці, з той жа "Кармэн" Ж. Бізэ, багатай на "хіты"). 

"Арфей і Эўрыдзіка" расійскага кампазітара Аляксандра Журбіна – зонг-опера. Мабыць, у 1970-я папросту баяліся вызначаць сам жанр рок-музыкі? 

Яшчэ адзін расійскі кампазітар Уладзімір Дашкевіч свайго "Клапа" паводле аднайменнай п’есы Маякоўскага назваў фольк-операй (нагадаю, гэты спектакль прынёс у 1980-я тагачаснаму Тэатру музычнай камедыі БССР усесаюзнае прызнанне), а гогалеўскага "Рэвізора" – проста операй. 

І справа тут не ўласна ў назве і драматургіі, а, на маю думку, яшчэ і ў кампазітарскім імкненні захаваць свой аўтарскі прыярытэт на новы твор. 

"Кіты" і хіты жанру 

Калі музыка, паводле вобразнага параўнання Дзмітрыя Кабалеўскага, трымаецца на трох "кітах" – на кампазітары, выканаўцы і слухачы, дык у мюзікле да іх далучаецца прадзюсер, бо скіраванасць на касавыя зборы для падобных праектаў вельмі важная. Няўжо тады ўсе праблемы толькі ў тым, што ў нас шасцярэнькі шоу-бізнесу яшчэ не так добра адладжаны, як у далёкім замежжы? Зрэшты, тое замежжа таксама далёка не аднастайнае: яно мае нацыянальныя асаблівасці нават на ўзроўні энцыклапедычных вызначэнняў. 

Калі амерыканскія выданні акцэнтуюць у мюзікле забаўляльнасць, дык нямецкія, не адмаўляючы камерцыйнасці, падкрэсліваюць "адзінства стылёвых сродкаў", "актуальнасць зместу", "сур’ёзны характар літаратурнага сюжэта". 

Паводле аднаго з французскіх слоўнікаў, мюзікл, да ўсяго, "надае значэнне жаночаму целу". А вось савецкія і постсавецкія даведнікі ледзь не аднагалосна асноўнай рысай мюзікла называюць яго сінтэтычнасць, сцвярджаючы, што гэта "сінтэз вышэйшага парадку". 

Дык што ў мюзікле галоўнае? Калі адказаць – грошы, дык мюзікл і папраўдзе "не наш" жанр. А калі сказаць – сінтэз? О, тады мюзікл не проста нам блізкі, ён, можна сказаць, – літаральна "наш, родны". Стагоддзямі ў беларускай культуры выпрацоўвалася ўменне не толькі "ўдзячна прымаць" самыя разнастайныя ўплывы, але і, галоўнае, перапрацоўваць, перайначваць іх на свой лад, збліжаючы і нават яднаючы ў адзінае цэлае самыя, здавалася б, супрацьлеглыя тэндэнцыі. Ды і фальклор любога народа – сінтэтычны ўжо паводле сваёй прыроды. Бо дзе яшчэ так шчыльна зліваюцца змест і форма, гукавая палітра і відовішчнасць? А энергетыка рытму, сціслых, запамінальных "формульных" папевак! Менавіта яна становіцца "фішкай" і ў няхітрых народных "заклічках", і ў выбітнай джазавай пластыцы. Гэтыя паралелі паміж архаікай і сучаснасцю пачалі плена распрацоўваць у сусветным мастацтве ХХ стагоддзя. Мо таму "рускія" балеты Ігара Стравінскага, беларускія "абрады на сцэне", распаўсюджаныя ў пачатку ХХ стагоддзя, панаванне джаза, што выйшаў з нетраў негрыцянскага фальклору, нарэшце, дэмакратызм мюзікла, заснаваны на ўсім зразумелых побытава-эстрадных інтанацыях, што і ўтвараюць хіты, – усё гэта звёны аднаго ланцужка. І наша далучэнне да мюзікла трэба разглядаць не толькі як далучэнне да сусветных тэндэнцый, але і як працяг свайго, уласнага, нацыянальнага развіцця. 

"Зваротны адлік" па-беларуску 

Нягледзячы на тое, што некаторыя беларускія творы маглі сціпла называцца аперэтай ці музычнай камедыяй (як, да прыкладу, "Мільянерка" Яўгена Глебава паводле Бернарда Шоу), нават проста спектаклямі (як "Дванаццатая ноч" і "Снежная каралева" Эдуарда Зарыцкага), падобныя партытуры ўпэўнена пракладалі ў нас шлях да мюзікла яшчэ з 1970-х. У 1976-м была пастаўлена рок-опера "Масфан" Уладзіміра Кур’яна – праўда, сіламі студэнтаў музычна-педагагічнага факультэта тагачаснага педінстытута імя М. Горкага. Захады вяліся не толькі з тэатральна-музычнага боку, але і ўласна з музычнага. 

Па-опернаму шырока разгарнуліся буйныя кампазіцыі "Песняроў" – "Гусляр" Ігара Лучанка паводле Янкі Купалы, "На ўвесь голас" Уладзіміра Мулявіна паводле У. Маякоўскага. 

Далейшы "рэпертуарны голад" на мюзіклы правакаваўся таксама не кампазітарамі. Напісаныя імі партытуры пыліліся і цяпер пыляцца на паліцах. 

Можа, такой яны якасці, што там ім і месца? Не, не і не! І доказам – іх замежныя пастаноўкі. 

Мюзікл Уладзіміра Дамарацкага паводле аповесці "31 чэрвеня" Джона Бойнтана Прыстлі быў паспяхова ўвасоблены Новасібірскім тэатрам музычнай камедыі – ужо пасля смерці кампазітара. У Польшчы рыхтуецца да пастаноўкі "Барбара Радзівіл" Ганны Казловай. Ёсць прапановы і на "не наша" сцэнічнае жыццё "Белых Рос" Э. Зарыцкага (спектакль паводле аднайменнага фільма быў замоўлены кампазітару Беларускім дзяржаўным музычным тэатрам, але з цягам часу планы змяніліся). Безумоўна, пералічаныя творы – розных "вагавых" катэгорый. Але ж, каб скласці "залаты фонд" беларускіх мюзіклаў, з імі трэба хаця б пазнаёміцца. І пазнаёміць публіку! Можа, няма адпаведных артыстаў, якія ўмелі б адначасова спяваць-іграць-танчыць? 

Калісьці так і магло быць. Але сёння ўсё змянілася! Я маю на ўвазе не толькі і не столькі сёлетні выпуск маладых артыстаў музычнага тэатра, што падрыхтаваны Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў. Навучанне стала для іх усяго першай прыступкай на шляху да прафесіі. Надалей патрабуецца мэтанакіраваная праца рэжысёраў, балетмайстраў, педагогаў-рэпетытараў, дырыжораў, канцэртмайстраў, каб раскрыць патэнцыйныя магчымасці творчай моладзі, у якой хапае амбіцый і жадання здзейсніць "мастацкі цуд". 

Але ж ёсць у нас і суперпрафесіяналы! Маладыя салісты Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра Кацярына Дзегцярова і Дзяніс Нямцоў сталі нядаўна лаўрэатамі міжнароднага конкурсу. Калі яны паказалі там нумары з найноўшых "элітных" замежных мюзіклаў, невядомых на постсавецкай прасторы, члены журы ахнулі: відаць, Беларусь стала ледзь не Брадвеем, калі ў гэтай краіне ведаюць і так выдатна выконваюць такую музыку! 

Да суперпрафесіяналаў можна залічыць увесь колішні выпуск рэжысёра Барыса Уторава на чале з "сямейнай суполкай": рэжысёр Настасся Грыненка, харэограф і артыст Дзмітрый Якубовіч (яе муж), перакладчык і артыст Аляксей Грыненка (яе брат). Менавіта іх сіламі з прыцягненнем аднадумцаў і ажыццяўляюцца ў нас лепшыя пастаноўкі мюзіклаў – непасрэдна ў тэатры ці ў выглядзе антрэпрызы. Былі ў нас і варыянты, блізкія да "майстар-класаў". Як тут не ўзгадаць "Прарока", калі з нашымі артыстамі, падабранымі пад час кастынгаў, працавалі польскія пастаноўшчыкі і педагогі? Ці нядаўні прыезд амерыканскіх майстроў, якія за два тыдні паставілі са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў некалькі стыльных нумароў? 

Своеасаблівым "майстар-класам" можна назваць і працэс пастаноўкі мюзікла "Байкер" Уладзіміра Кандрусевіча. Каб сабраць удзельнікаў праекта, прадзюсерам давялося пераняць замежную схему, калі падбор удзельнікаў пэўнага праекта ажыццяўляецца праз кастынг, а іх далейшая падрыхтоўка ідзе непасрэдна ў час працы над спектаклем, пад час якога паступова адсейваюцца тыя, хто не вытрымлівае павышаных нагрузак. 

Дык чаго ж нам не хапае, калі ёсць, здаецца, усё? Ёсць творы, выканаўцы, публіка, якая прагне мюзіклаў. Няма хіба каардынацыі паміж усімі гэтымі намаганнямі. А яшчэ – веры, што беларускі мюзікл – не міф, а магчымая, цалкам дасягальная рэальнасць, якая так і просіцца на сцэну.

Надзея БУНЦЭВІЧ. 
Культура. – 2009. – 4–10 сак. – С. 19.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: