Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Маэстра (2009г., Літаратура і мастацтва)

Маэстра (2009г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

МАЭСТРА

press2009-15a Сказаць пра Генадзя Панцеляймонавіча Праваторава можна шмат, бо ён супрацоўнічаў амаль з усімі музычнымі калектывамі Беларусі і ў кожным пакінуў значны след і добрыя ўспаміны пра сябе. А мне ўдвая прыемна распавесці пра яго, бо я з’яўляюся сведкам яго паспяховага ўваходжання ў прафесію са студэнцкага часу. Пазней нашы шляхі неаднойчы перасякаліся, пакуль не сышліся ў Мінску.

На адлегласці часу шлях творчага чалавека здаецца роўным і няўхільным узыходжаннем да вяршынь майстэрства. Насамрэч шлях гэты складаны, часам звілісты і не заўсёды ацэньваецца па заслугах. Зрэдчас таленавітым людзям шанцуе з першых крокаў у прафесіі ўтрымліваць высокую планку і станавіцца прызнаным майстрам сваёй справы, здабываючы павагу калег і любоў слухачоў. Такі наш юбіляр – Генадзь Праватораў. Можна не пералічваць яго шматлікія званні, узнагароды. Дастаткова сказаць, што дзе б ні праходзілі яго выступленні: у нас, у Расіі ці ў далёкім замежжы, – гэта заўсёды відавочная захопленасць музыкай; натхненне, якое заваёўвае слухачоў; канцэнтрацыя ўвагі аўдыторыі на змесце музыкі ды ўменне абуджаць неабыякавасць. А гэта – самае каштоўнае ў прафесіі выканаўцы. І ўхвальныя водгукі пра яго знойдзеш не толькі ў мясцовым друку, але і ў водгуках пераборлівых замежных рэцэнзентаў.

З Генадзем Панцеляймонавічам я пазнаёміўся, калі паступіў у Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю: ён тады заканчваў фартэпіянны факультэт у прафесара Аляксандра Гальдэнвейзера і паралельна займаўся ўжо дырыжыраваннем – спачатку ў Кірылы Кандрашына, а потым – у Аляксандра Гаўка. Мы некаторы час жылі ў інтэрнаце кансерваторыі, нават у агульным пакоі. Вялі бясконцыя гутаркі і спрэчкі пра музыку, абмяркоўвалі канцэрты. Яго ацэнкі былі заўсёды сталыя, глыбокія і павучальныя. Добра памятаю яго выпускную работу – выкананне 1-й сімфоніі В. Каліннікава. Ужо тады ў Праватораве-дырыжоры адзначалі імкненне да буйных форм, да дынамічна развітога матэрыялу і арыентацыю на айчынную класіку.

Пасля кансерваторыі я заўсёды цікавіўся лёсам і поспехамі Г. Праваторава. І павінен сказаць пра яго цудоўную работу ў Маскоўскім тэатры імя К. Станіслаўскага і У. Неміровіча-Данчанкі, што сталася эпахальнай падзеяй, – другую прэм’еру оперы Д. Шастаковіча "Кацярына Ізмайлава". Чаму другую? Таму, што першая яе пастаноўка ў Ленінградзе (1934 г.) была зганьбаваная партыйнай крытыкай, артыкулам "Сумбур замест музыкі", прызнаная шкоднай і знятая з рэпертуару. Больш як 30 гадоў яе забаранялася ставіць. Каб узяцца за такую работу, трэба было мець велізарную мужнасць і смеласць, бо заставалася шмат праціўнікаў вяртання оперы на сцэну. Аднак, была і значная дапамога ў гэтай справе з боку М. Растраповіча – аднаго з натхняльнікаў узнаўлення "Кацярыны Ізмайлавай". Знаны віяланчэліст асабіста браў ўдзел у падрыхтоўцы спектакля: прыйшоў як музыкант у аркестравую яму, прывёў увесь свой клас, узмацніўшы такім чынам аркестр тэатра. Мне пашанцавала прысутнічаць на той прэм’еры. Рэдкаснае і незабыўнае свята! Панаваў дух усеагульнага захаплення і адчування, што разарваліся ланцугі недарэчных догм, "вузкалобых" распараджэнняў. Гэта быў своеасаблівы працяг эпохі шасцідзесятнікаў у музыцы. А запіс оперы атрымаў у 1966 г. Гран-пры на штогадовым конкурсе грампласцінак у Парыжы. 

На той час Праватораў паўсюдна зарэкамендаваў сябе як адметны оперны дырыжор. І ўрэшце – паказаў сябе дырыжорам сімфанічнага аркестра. Тут за маэстра ўмацавалася слава бліскучага інтэрпрэтатара сучаснай музыкі. Часта ён быў першым выканаўцам новых твораў савецкіх кампазітараў. Варта сказать пра яго працу з аркестрам у Самары (тады г. Куйбышаў), значныя поспехі ў справе папулярызацыі сімфанічнай музыкі сярод месцічаў. Сімфанічны аркестр там стары, спанатраны, з традыцыямі, а тым не менш, раней не ладкаваліся цыклы канцэртаў з выкананнем усіх сімфоній Чайкоўскага, Рахманінава, Скрабіна, Шастаковіча. Ну, а такія цыклы, як "Усе сімфоніі Брукнера" ці "Усе сімфоніі Малера" Праватораў ажыццявіў упершыню ў СССР. Адно гэта можна назваць дырыжорскім подзвігам, бо, каб узяцца за такую працу, недастаткова дырыжору вывучыць вельмі нялёгкія партытуры, а аркестру справіцца з іх вялізнымі складанасцямі: трэба яшчэ і зацікавіць публіку зусім незнаёмай для яе музыкай.

У мінскі перыяд сваёй дзейнасці Праватораў выступаў і як оперны, і як сімфанічны дырыжор. Былі яркія прэм’еры ў нашым тэатры оперы і балета: "Вайна і мір" С. Пракоф’ева, "Кавалер руж" Р. Штраўса, "Візіт дамы" С. Картэса, "Страсці (Рагнеда)" А. Мдзівані, "Макбет" В. Кузняцова. Запомніліся ў выкананні Генадзя Панцеляймонавіча 4-я сімфонія Д. Шастаковіча, "Турангаліла" А. Месіяна, 10-я сімфонія Д. Смольскага… Творчы партрэт Праваторава дапаўняе яго плённая 20-гадовая праца як прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У яго шмат вучняў, самыя лепшыя і перспектыўныя паспяхова працуюць у музычных калектывах Беларусі.

80 гадоў – узрост падвядзення жыццёвых вынікаў. А ў нашага юбіляра яны сапраўды плённыя: ёсць з чым яго віншаваць і за што дзякаваць. З імем Генадзя Праваторава звязана жыццё творчае, насычанае, цікавае, яркае,пераможнае. Застаеццададаць да гэтага адно: "Здароўя і "многая лета!"

Вальтэр МНАЦАКАНАЎ, 
дацэнт БДАМ, намеснік старшыні Асацыяцыі оперна-сімфанічных дырыжораў БСМД.
Фота Уладзіміра ВІТЧАНКІ.
Літаратура і мастацтва. – 2009. – 17 крас. – С. 11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: