Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Двойчы ў Амерыцы (2010 г., Літаратура і мастацтва)

Двойчы ў Амерыцы (2010 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ДВОЙЧЫ Ў АМЕРЫЦЫ

На сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра з розніцай у некалькі месяцаў з’явіліся дзве прэм’еры. Спектаклі настолькі не падобныя між сабой – ні якасцямі музычнага матэрыялу і драматургіі, ні жанрам, ні пастановачнай стылістыкай… Ці не варта было б гаварыць пра кожны з іх асобна? Ды так ужо сталася, што абедзве пастаноўкі яднае, у простым і ў пераносным сэнсах, агульнае месца дзеяння: не толькі адна сцэна, але і "геаграфічная прывязка". Сюжэты эксцэнтрычнай камедыі "Мая жонка – падманшчыца" і музычнага рэвю "Аднойчы ў Чыкага" грунтуюцца на рэаліях з амерыканскага жыцця. Хоць урэшце гэта зусім не мае прынцыповага значэння, бо і той, і другі спектакль, па сутнасці, не пра Амерыку ў розныя перыяды мінулага стагоддзя, а пра сучасных людзей і пра тое, што іх збліжае, пра зразумелыя нам пачуцці, пра звычайнае чалавечае імкненне да кахання, шчасця, жыццёвай пэўнасці і ўпэўненасці, устойлівасці.

press2010-153a З’яўленню на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра новай пастаноўкі пад знаёмай назвай "Мая жонка – падманшчыца" паспрыялі ўнутрытэатральныя згадкі. Са зменамі ў кіраўніцтве калектыву пачалася, як вядома, грунтоўная карэкціроўка агульнай творчай пазіцыі і рэпертуарных планаў. Вось тут і прыдаліся згадкі пра "забытае лепшае" – досвед артыстаў старэйшага пакалення. Яны прапанавалі вярнуць на афішу спектакль, які меў даволі трывалы глядацкі поспех каля трыццаці гадоў таму. А перачыталі музычную камедыю У. Ільіна і У. Лукашова (лібрэта Ю. Рыбчынскага паводле п’есы В. Мэё і М. Энекена "Падманшчыца") рэжысёр Галіна Галкоўская, дырыжор-пастаноўшчык Марына Траццякова ды мастак Любоў Сідзельнікава.

Галіну Галкоўскую як рэжысёра-педагога насцярожвае цяперашняя тэндэнцыя, нават у акадэмічнай харэаграфіі і ў оперы, акцэнтаваць увагу гледача на вонкавым баку пастаноўкі, на відовішчнасці, знарочыста агрэсіўных тэхнічных прыёмах, эпатажнай кідкасці дэкарацый, рэзкасці акцёрскай пластыкі. І яна прапануе не зусім традыцыйны сёння для гэтай сцэны акцёрскі спектакль. Развіццё сюжэтнай інтрыгі, якая ўтвараецца з чарады непаразумеласцей, падманаў, падазрэнняў у стасунках маладой сямейнай пары, "падаграваецца" не сцэнічнымі спецэфектамі, а сродкамі псіхалагічнага тэатра, праз імкненне рэжысуры і выканаўцаў роляў да паглыбленай распрацоўкі ўзаемадачыненняў персанажаў. Паглыбленай настолькі, наколькі гэта дазваляе зрабіць жанр эксцэнтрычнай камедыі дый здатнасць саміх артыстаў працаваць "паводле Станіслаўскага".

Гісторыя пра тое, як, не навучыўшыся падтрымліваць утульнасць і цеплыню, атмасферу ўзаемнага даверу і павагі ў доме, шалапутная жонка спрабуе вярнуць каханага раўніўцу-мужа, кінуўшыся на злом галавы ў вір бясконцай хлусні, з "прад’яўленнем" нібыта родных, а насамрэч выкрадзеных, а потым яшчэ і падмененых, немаўлят… Амаральна, жорстка, жудасна? Але ж не забывайцеся пра "лёгкасць" жанру: менавіта эксцэнтрычная камедыйнасць з адчувальным дамешкам сентыментальнасці, светлая гама сцэнаграфіі, маляўнічы і выразна абыграны рэквізіт спрыяюць панаванню ў зале вясёлага настрою. І смеху! Гэты смех знішчае ўсё, пакідаючы хіба для самых сур’ёзных і ўдумлівых гледачоў простую выснову: і шчаслівы шлюб, і сапраўднае сяброўства, і стабільная радасць у доме сілкуюцца любоўю, павагай, даверам і шчырасцю. А ўменне прыгожа бавіць час не вытрымлівае параўнання з клопатамі пра блізкага чалавека, пра дзяцей…

Спектакль "Мая жонка – падманшчыца" створаны, што называецца, навырост. Але ўжо з першага паказу вызначыліся дасціпныя і дынамічныя, па-тэатральнаму сакавітыя (і падтрыманыя аркестрам) каскады ансамблевых мізансцэн з удзелам маладых артыстаў Яўгена Ермакова (Уільям), Алы Лукашэвіч (яго жонка Кэці), Дзяніса Мальцэвіча (Джымі, сябар сям’і), Наталлі Дзяменцьевай (Мэджы, сяброўка галоўнай гераіні, жонка Джымі) ды іх віртуозных старэйшых партнёраў Наталлі Гайды (начальніца дзіцячага прытулка) і Васіля Сердзюкова (Генры, спачатку метрдатэль, затым паліцэйскі). Яркім тэатральным дэбютам і сапраўдным адкрыццём спектакля можна, без перабольшвання, назваць увасабленне Вікторыяй Стрыганковай ролі Бэтсі – няўклюднай, але кемлівай цемнаскурай служанкі, якая, раскрыўшы багатыя абертоны свайго голасу, надзіва арганічна і чулліва, нібы для роднага немаўляці, праспявала прыгожую калыханку…

press2010-138c Спектакль-сюрпрыз "Аднойчы ў Чыкага" ўяўляе сабой арыгінальны твор паводле матываў брадвейскіх мюзіклаў, лібрэта і вершы якога напісала яго рэжысёр Сусана Цырук. Сюжэт нагадае гледачу стары добры фільм "У джазе толькі дзяўчаты", а слых пацешыцца жывым гучаннем як знаёмых матываў з класікі сімфаджаза, так і іншых, у тым ліку менш вядомых для нашай публікі, але вельмі прыгожых мелодый.

Нагадаю, што мюзікл Дж. Стайна "У джазе толькі дзяўчаты" Сусана Цырук увасобіла ў тэатрах Новасібірска ды Іркуцка. Для мінскай сцэны прапанавала свой варыянт меладраматычнай гісторыі пра захапляльныя прыгоды вечна маладых і папулярных экранных герояў: Дафны, Джазэфіны і Душачкі (у спектаклі яе імя – Шугар, "цукар" па-нашаму) – з музыкай Дж. Стайна, Г. Мілера, Дж. Кандэра, К. Веласкес, Б. Стрэйзанд… Але не варта "па літарах" параўноўваць класіку кіно, завучаную многімі на памяць, з новым сучасным відовішчам. Дарэчы, тое, што на афішы сціпла пазначана словам "рэвю", па сутнасці – мюзікл, створаны шляхам адмысловай, не руцінна-механічнай, а крэатыўнай кампіляцыі, і ўвасоблены зладжанай камандай пад кіраўніцтвам рэжысёра: дырыжорам-пастаноўшчыкам Андрэем Галанавым, расійскімі мастачкамі Таццянай Каралёвай (сцэнаграфія) ды Ірынай Уторнікавай (святло), балетмайстрам-пастаноўшчыкам Аленай Дзмітрыевай-Лаўрыновіч, хормайстрам Святланай Пятровай, акцёрамі.

Гэты збалансаваны кактэйль фантазій, алюзій, кароткіх імгненняў пранізлівай лірыкі ды несупыннага гумару варта паспытаць і пераборліваму эстэту, і музычна-тэатральнаму гурману, і таму, хто называе сябе проста гледачом і ходзіць у тэатр па радасць і добры настрой, каб скінуць з душы цяжар будзённасці… Пасля гэтага шматкроп’я і дадаць няма чаго: не так і часта нараджаецца на мінскай сцэне жывы і цэласны арганізм – дзіця сапраўднага, прафесійнага музычнага тэатра, дык ці ж варта разбіраць яго па костках! Падчас дзеяння не заўважаеш зацягнутых паўз і швоў, масавыя харавыя сцэны пластычна пераходзяць у дыялог, размоўныя зоны далікатна "перахоплівае" танец… Густ, пачуццё меры, унутраная культура і прафесіяналізм усіх, хто годна, без двухсэнсоўнасцей і цыркавой банальнасці, увасобіў і ўвасабляе самыя крутыя і рызыкоўныя перыпетыі сюжэта "Аднойчы ў Чыкага", – уражваюць. А Настасся Цялежнікава-Шапо (Шугар), Дзмітрый Якубовіч (Джо-Джазэфіна), Дзяніс Мальцэвіч (Джэры-Дафна), Ігар Бычкоў (мільянер Філдынг), Святлана Маціеўская (кіраўніца жаночага джаз-бэнда), Віктар Цыркуновіч (менеджар Бінстак), майстры эпізодаў Віталь Краснаглазаў, Аляксандр Крукоўскі, Рыгор Крукоўскі ды іншыя артысты – таленавітыя, прыгожыя, пластычныя, тэмпераментныя – вартыя шчодрых авацый!

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 2010. – 24 снеж. – С. 10.


На здымках: сцэны са спектакляў "Мая жонка – падманшчыца" і "Аднойчы ў Чыкага".



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: