Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Сеткавы" мюзікл (2011 г., Культура)

"Сеткавы" мюзікл (2011 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

"СЕТКАВЫ" МЮЗІКЛ

Як зрабіць з сыравіны прадукт?

11-50a

Сказаць, што пастаноўка "Блакітнай камеі" ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры была доўгачаканай, – значыць не сказаць нічога. Бо гэтае чаканне ўмела планавалася, рэжысіравалася і спраўджвалася – па ўсіх законах піяра і шоў-бізнесу. Упершыню пра будучую пастаноўку было заяўлена на "Славянскім базары ў Віцебску", праводзіліся шматлікія прэс-канферэнцыі, кастынгі. Нарэшце, адгрымела прэм'ера, выйшаў аўдыядыск з амаль усімі музычнымі нумарамі. Наперадзе – двухгадовы тэрмін, калі тэатр стане абкатваць спектакль не менш як чатыры разы на месяц…

Упэўнена: калі ў тэатры дамаўляліся на пастаноўку, дык наўрад ці ўяўлялі ўвесь аб'ём будучай працы, неабходныя намаганні, укладанні, клопаты. Гэта папраўдзе быў першы такі вопыт "сеткавага мюзікла", калі расійскі кампазітар і прадзюсар Кім Брэйтбург прыехаў да нас не толькі са сваім творам на лібрэта Карэна Кавалерана, але і з дакладнымі пастаноўчымі задачамі (што прайшлі апрабацыю ва Уфе і ў Краснаярску, дзе мюзікл ужо ідзе), і, адпаведна, са сваёй творчай групай. Гэта быў не перанос спектакля – не! Тут "абставінамі" выступаў пастаноўчы ідэал, пад які адбіраліся і "падганяліся" артысты. Таму інструментальная фанаграма замест жывога аркестра, пад якую жыўцом спяваюць і прамаўляюць тэксты, – гэта сродак зрабіць спектакль не толькі больш танным, але і больш прадказальным, бо нават многія дыялогі ідуць на фоне зададзенага фанаграмай-мінусоўкай тэмпарытму.

Пры такім падыходзе пастаноўка знешне можа адрознівацца, і вельмі значна (да прыкладу, там – дзесяць прыступак на лесвіцы, тут – пяць ці пятнаццаць, там – строі смарагдавага колеру, тут – бэзавага, і г. д.), але сутнасць яе застаецца нязменнай. Таму існуе магчымасць без аніякіх цяжкасцей рабіць "уводы" артыстаў з іншых пастаноўчых версій і такімі гастрольна-з'яднанымі складамі зноў распальваць цікавасць публікі.

Сутнасць новага спектакля выяўлена ўжо ў яго жанравым азначэнні, дадзеным самімі аўтарамі і пастаноўшчыкамі. Гэта – поп-мюзікл, блізкі, як яны падкрэсліваюць, да поп-музыкі і сённяшняга шоўбізнесу. Прыстаўка "поп-" папраўдзе ўсё змяняе! Галоўным становіцца не драйв сімфаджаза ці джазрока, уласцівага класічным мюзіклам. Не намёк на тэатр масак ці амплуа "асучасненага" аперэтачнага прасцяка, якім паўстае Нуарэ (больш абвостраны ў Антона Жукава і мякка "змікшыраваны" ў Дзяніса Баярэвіча). Не кантраст карнавалу і турэмных засценкаў, яднанне галопа з канканам і іншыя рэжысёрска-харэаграфічныя прыдумкі, якіх у спектаклі багата. Перад намі папраўдзе паўстае разгорт… цяперашняга стану расійскай эстрады. У другой палове спектакля, дзе, здавалася б, павінен вырашыцца лёс герояў, дзеянне быццам спыняецца, канчаткова мадулюючы ў гэткі гала-канцэрт. Да гэтага, пэўна, імкнуліся і пастаноўшчыкі, накіроўваючы артыстаў пад час спеваў не столькі на тэатральныя паводзіны, колькі на эстрадныя жэсты, не перашкаджаючы бясконцым слухацкім авацыям пасля кожнага нумара.

У спектаклі суседнічаюць павевы эстраднай лірыкі, раманса, шансона, аперэты, балады, фольку, прыпевак і іншага. Больш за тое: літаральна кожны музычны фрагмент мае свой меладычны "правобраз" і ўспрымаецца "варыяцыяй" на вядомую тэму. Прычым – абсалютна без іроніі, уласцівай жанру пародыі. Тут усё – быццам усур'ёз. Але – усур'ёз "понарошку". Калі мюзікл, у параўнанні з аперэтай, не баіцца трагічных развязак, дык "Блакітная камея" – наадварот, быццам ставіць за мэту "не пакрыўдзіць" гледача. Ледзь толькі ўзнікаюць перадумовы да хвалявання – увага гледача імгненна пераключаецца на нейкі забаўляльны момант. І гэтыя "весялушкі" не ўзмацняюць, па кантрасце, трагізм сітуацыі (трагедыя на фоне карнавалу яшчэ з эпохі рамантызму стала класічным прыёмам), а, наадварот, амаль цалкам яго перакрываюць.

Ды што там казаць, калі сумна вядомая гісторыя князёўны Тараканавай цяпер заканчваецца хэпіэндам! Праўда, крыху дзіўнаватым. За шчаслівую развязку выдаецца тое, што сумленнага, высакароднага графа Арлова вызваляюць ад дзяржаўных спраў і накіроўваюць "на хатняе пасяленне": разводзіць рысакоў і "заводзіць" паболей дзяцей. А вось інтрыган Шустаў застаецца пры імператрыцы: для яго "заўсёды праца знойдзецца". А што? Рэальны хэпі-энд. Бо жыццё, як кажа той жа Шустаў, – "гэта не французскі раман".

Дарэчы, менавіта Шустаў (найперш дзякуючы таленавітаму ўвасабленню Віктара Цыркуновіча) становіцца галоўнай рухаючай сілай спектакля, тым "чорцікам з табакеркі", які з д'ябальскай энергетыкай кіруе ўсімі і ўсім навокал. Яшчэ адным "забойным" персанажам, які выклікае бязмерныя глядацкія сімпатыі, выглядае… Турэмшчык (у тым ліку праз таленавітае ўвасабленне Дзяніса Нямцова). Але ўсіх перакрывае харэаграфія – дзякуючы ўдзелу запрошанага брэйк-гурта "Фаталіці", – што наводзіць на роздум: ці не пашырыць тэатру штат балетнай трупы? І мець не толькі акадэмічных танцоўшчыкаў, неабходных у аперэце, але спрактыкаваных на эстрадных кірунках, неабходных у мюзікле.

Спектакль папраўдзе насычаны "нацыянальнымі асаблівасцямі" і нагадвае эстэтыку тых тэлеканалаў, дзе адно аднаго змяняюць пазбаўленыя псіхалагізму мыльныя меладрамы, крымінал як "норма жыцця" і сенсацыйныя разгадкі. Станоўчыя ж персанажы, нягледзячы на ўсе намаганні такіх знаных салістаў, як эстрадная зорка Ірына Дарафеева і артыст-прэм'ер нашага Музычнага тэатра Дзмітрый Якубовіч, блякнуць пад уціскам "нашэсця чорных сіл". Бо найтонкія душэўныя зрухі, а не проста канстатацыя змены настрою, як у імператрыцы Кацярыны (Маргарыта Александровіч), у іх папросту не прадугледжаны: не той жанр. А між тым, менавіта гэтыя рысы заўсёды ўяўляліся "ментальнымі" для лепшых беларускіх мюзіклаў – таго ж Уладзіміра Кандрусевіча.

Вось яны, галоўныя здабыткі беларусаў у гэтым сумесным праекце! Неацэнны вопыт, перададзены расійскімі калегамі, як трэба ажыццяўляць і раскручваць падобныя пастаноўкі. І магчымасць параўнання з нашымі спробамі. Тут – адшліфаваны да дробязей, разлічаны на хуткае "паглынанне" шоўбізнес-"прадукт". У нашых мюзіклах – багатая, глыбокая аснова, разлічаная не толькі на забаўку, але і на працу думкі і душы. Але – няўменне давесці да неабходнай "кандыцыі", адсутнасць кідкай "упакоўкі" для экалагічна-чыстых, зусім не "сінтэзаваных" вырабаў ці ўвогуле сыравіны. Дык давайце гэтаму вучыцца! І паступова рухацца да так званага імпартазамяшчэння і – прадукцыі на экспарт.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА.
Культура. – 2011. – 19–25 лют. – С. 8.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: