Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Каханне тое мацуюць трое (2011 г., Культура)

Каханне тое мацуюць трое (2011 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

КАХАННЕ ТОЕ МАЦУЮЦЬ ТРОЕ

11-54aРаптам карцінка "ажывае"!

"Сільва", пастаўленая ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, цалкам пацвердзіла азначэнне гэтай аперэты І.Кальмана як "вечна маладой". Толькі цяпер яно тычылася не адно аўтарскай партытуры, а ўсіх трох складнікаў спектакля: уласна пастаноўкі (уключаючы лібрэта ў аўтарскай версіі рэжысёра Сусанны Цырук), яе ўвасаблення рознымі складамі артыстаў і нават саміх гледачоў.

Асалоду ад музыкі Імрэ Кальмана забяспечыў прызнаны майстар тонкай выразнасці Алег Лясун, які нядаўна стаў галоўным дырыжорам тэатра. Ужо з першых тактаў уверцюры склалася ўражанне, што мы глядзім на свет кампазітарскіх фантазій праз чыстыя, вымытыя вокны пасля доўгай зімы разам з капрамонтам. З мелодый, што, здаецца, ужо набілі аскоміну сваёй хітовасцю, знялі не толькі верхнюю "пабелку", але і яшчэ некалькі слаёў ранейшай "касметыкі", а то і проста бруду, – і яны заззялі яркімі, асветленымі сонцам фарбамі: "вокны" ў пачатак ХХ стагоддзя ("Сільва" была напісана ў 1914–1915 гг.) ператварыліся ў вітражы, але – са зменлівымі колерамі. З усёй паўнатой адчулася музычная драматургія партытуры: замест паўтораў мелодый паўстала дасканалая сістэма лейтматываў, што змянялі свае абліччы адпаведна сцэнічнай сітуацыі. Бы ў казцы: адзін рух чароўнай палачкі – і… А насамрэч – вялікая праца, заснаваная, да ўсяго, на жаданні саміх аркестрантаў рушыць на новую прыступку прафесіяналізму.

Імя пастаноўшчыка – Сусанны Цырук, якая нядаўна стала галоўным рэжысёрам тэатра, – яшчэ да ўбачанай прэм'еры настройвала на штосьці незвычайнае, вельмі стыльнае, надзвычай сучаснае, адпаведнае найноўшым еўрапейскім тэндэнцыям. Тым больш, што, паводле традыцыі, яна працавала разам са сваёй "камандай", вядомай у нас па спектаклі "Аднойчы ў Чыкага". Як вызначыла сваю "Сільву" сама рэжысёр, гэта – "высокі мадэрн", без венгерскага каларыту ў афармленні, але з дынамікай у сцэнічным дзеянні, з ярка акрэсленым "светам куліс", дзе "няма мяжы паміж тэатрам і жыццём". Але нават пасля такой папярэдняй "артпадрыхтоўкі" ўбачанае найперш здзівіла. Прычым ужо цягам згаданай уверцюры: пасля таямнічага гучання лірычнай тэмы, на фоне далейшай надзвычай каларыстычнай музыкі – трывожная чорна-белая графіка халоднага бляску металічных канструкцый (мастачка Таццяна Каралёва).

Ды раптам – "карцінка" ажывае! І халодны метал разаграваецца да чырвоных усплёскаў гарачых пачуццяў. Сцэнічныя ж строі, асабліва – так званай "масоўкі", можна разглядаць да бясконцасці, бы надзвычай стыльную конкурсную калекцыю авангарднай моды (Таццяна Каралёва-малодшая).

Парадокс, але пры такой разнастайнасці, калі вочы, у поўным сэнсе слова, разбягаюцца, калі кожны з "масоўкі" мае не толькі свой касцюм, але і свае паводзіны і нават свой лёс (у С.Цырук практычна не бывае звыклага падзелу на цэнтральных і другасных герояў), думка засяроджваецца на галоўным: пра што цяперашні спектакль? Гэтае пытанне ў дачыненні да "Сільвы" заўсёды вырашалася аднолькава: пра сацыяльную няроўнасць і каханне, што яе перамагае. Новая пастаноўка – пра іншае. Пра лёс жанчыны, пастаўленай перад выбарам: тэатр – ці каханне і сям'я. Змяніўся і жанр. Замест "мыльнай" меладрамы з даўно размеркаванымі ролямі-маскамі– ланцужок псіхалагічных дуэлей і люстэркавых адбіткаў: не толькі Сільва + Эдвін і Боні + Стасі, але і Сільва + маці Эдвіна (вось яно, люстэрка часу!), Эдвін + лейтэнант Ронс (люстэрка супрацьлегласцей), Боні + Натарыус (дапаможнік, як правільна і як няправільна будаваць стасункі з гуллівай стайкай прыгажунь), Фэры + Мішэль (апошнія з рамантыкаў, таму – бы блізняты, што разумеюць адно аднаго з паўслова-паўпогляду) і многія іншыя. Нарэшце, гледачы ў зале + на экране: вочы ў вочы. Але ўсе гэтыя філасофскія дадаткі гэтак жа тонка і акрэслены: быццам на аднатоннай, але багатай на адценні карціне, дзе фантазіі гледача могуць не толькі расшыфраваць свядома кінутыя аўтарскія "знакі", але і дамаляваць куды больш, чым задумвалася.

11-54bАрыгінальна вырашаны харэаграфічныя нумары (Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч), асабліва – більярд з кіямі і сімвалічнае ўвасабленне "прыгажунь кабарэ" з дапамогай двух чырвоных веераў у руках мужчынскага балета: адзін веер – замест кароткай спаднічкі, другі – замест пер'яў на галаве (і для паказу ветру ўнутры яе). Усё, здаецца, вельмі проста, але так эфектна! Ну, а тое, як танчаць спевакі – увогуле фантастыка! А ўжо спяваюць! І як, дарэчы, іграюць! Тут прыдатнымі будуць усе самыя ўзнёслыя кампліменты – літаральна пра кожнага, хто выступіў на прагоне і двух прэм'ерных паказах: Леся Лют, Дзяніс Нямцоў, Дзяніс Мальцэвіч, Аляксандр Асіпец, Алег Прохараў, Дзяніс Баярэвіч (той самы, з кастынгу "Блакітнай камеі"). Калі Маргарыта Александровіч і Антон Заянчкоўскі "прымадоннілі" ўжо ў ранейшай пастаноўцы "Сільвы", дык у новай, акрамя іх зорнага партнёрства, узніклі і іншыя выканаўцы. Надзвычай упэўненым, раскаваным Эдвінам паўстаў той жа Андрэй Марозаў, лірычна-імпульсіўным – Сяргей Суцько. Непрадказальнай, схільнай да сумневаў ды істэрык Сільвай – Наталля Дзяменцьева. А як расквітнела акцёрскае майстэрства Яўгена Ермакова ў ролі Боні!

Нечаканымі ў дачыненні да сваіх ранейшых партый і абсалютна рознымі аказаліся Наталля Гайда і Лідзія Кузьміцкая (маці Эдвіна, якой, акрамя музыкі І.Кальмана, дадалі яшчэ фрагмент з аперэты "Баль у Савоі" венгерскага кампазітара Пала Абрахама). Першая – увасабленне маці, другая – прымадонны ў ролі княгіні. У адной – настальгія, у другой – "пакута актрысаю быць" і яшчэ большая пакута – ёю не быць. І ў абедзвюх – аднолькавая формула шчасця: каханне, свабода, музыка. Брава!

Формула ж кахання будзе выведзена 11 красавіка. У канцэрце "Барытоны Беларусі спяваюць пра каханне" сыйдуцца салісты Музычнага і Вялікага тэатраў – хто каго?

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Сяргея СУЛАЯ і Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА.
Культура. – 2011. – 2 крас.

На здымках: Маргарыта Александровіч; Наталля Гайда і Аляксандр Асіпец.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: