Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Конкурс да бясконцасці альбо… тэндар на касавасць? (2011 г., Культура)

Конкурс да бясконцасці альбо… тэндар на касавасць? (2011 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

КОНКУРС ДА БЯСКОНЦАСЦІ
альбо… тэндар на касавасць?

Спрынт ці марафон на шляху да стварэння нацыянальнага рэпертуару для музычнага тэатра: пытанне – адкрытае, але ці будзе закрыта?

Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр аб'явіў конкурс. Не на замяшчэнне вакантных пасад, не ў творчую трупу, а на стварэнне новых твораў: музычнай камедыі (альбо аперэты ці камічнай оперы) і мюзікла. Умовы конкурсу з'явіліся на сайце калектыву, у іншых СМІ, у тым ліку і на старонках "К" – і тэатр запрасіў дзеячаў культуры на "круглы стол", прысвечаны гэтай падзеі. Размова на ім, пачаўшыся з абмеркавання значнасці дадзенага конкурсу, закранула куды больш шырокае кола праблем: ад рэпертуарнай палітыкі тэатра да кампазітарскіх конкурсаў увогуле, ад непрадказальнасці вынікаў любых спаборніцтваў да сацыяльных гарантый творцаў розных кірункаў. Сапраўды, ці патрэбны такі конкурс, калі вынікі яго будуць падведзены толькі праз год, а каб твор-пераможцу ўбачыў глядач, давядзецца чакаць яшчэ столькі ж? Як мінімум…

Ёсць у конкурсу пачатак, ды няма ў яго канца

Арганізатары адразу прадугледзелі і "заклалі ва ўмовы" амаль бязмежную дыстанцыю: маўляў, калі праз год тэатр не атрымае новых клавіраў ці партытур, годных увасаблення, дык конкурс будзе аўтаматычна працягнуты. Але і тады, калі тэатр займее доўгачаканы твор, конкурс працягнецца – дакладней, пачнецца нанова і будзе праводзіцца рэгулярна. Бо фарміраванне нацыянальнай афішы – справа не аднаго дня і нават не аднаго года.

Добра, канешне, што ў тэатры так клапоцяцца пра стварэнне "арыгінальных высокамастацкіх твораў для музычнага тэатра, якія павінны дэманстраваць унікальнасць, самабытнасць і багацце гісторыі і культуры беларускага народа ў кантэксце еўрапейскай і сусветнай культуры, быць канкурэнтаздольнымі, а таксама годна прадстаўляць сучасную Беларусь і тэатр на сцэнічных пляцоўках свету". Сапраўды, як прапаноўвалі арганізатары конкурсу, варта толькі вітаць трупу з такім пачынаннем. Але можна і задумацца: ці ўсе акалічнасці былі прадугледжаны? І на "круглым стале", і задоўга да абвяшчэння конкурсу, яшчэ ў канцы мінулага сезона, кіраўніцтву тэатра агучвалася шмат слушных прапаноў. Але ўсё так і засталося на ўзроўні абмеркаванняў ды абмену думкамі. Чым жа цяперашнія конкурсныя ўмовы могуць не задавольваць?

Дык дайце, дайце мне паэта! А лепш – гатовае лібрэта

Праз год, да 1 снежня 2012-га, удзельнікі конкурсу павінны прадставіць лібрэта і нотны матэрыял спектакля (дзве дзеі прыблізна па 50 хвілін кожная). Але, як сведчыць не толькі беларуская, але і сусветная гісторыя музыкі, усе оперна-аперэтачныя праблемы пачыналіся менавіта з лібрэта. А карэкціраваць яго лепей яшчэ да напісання музыкі, бо потым давядзецца перапісваць усю партытуру, а не адно літаратурны тэкст.

Больш за тое, праблемы лібрэта часта сыходзілі не столькі з уласна драматургічных пралікаў, колькі з пэўных ідэйных, нават проста тэматычных установак. Магчымасць падобных непаразуменняў закладзена ўжо ў самі ўмовы конкурсу. Бо там пазначана, што лібрэта павінна быць на беларускай мове, але нідзе не акрэслена яго скіраванасць: гісторыя ці сучаснасць, лірыка ці патрыётыка. Між тым, як паказаў "круглы стол", тэатр разлічвае на пастаноўку, найперш, твора з яркім беларускім сюжэтам. Але нават гэта ва ўмовах не акрэслена. Дый што лічыць тым самым "беларускім сюжэтам"? Ці быў, да прыкладу, той жа Максім Багдановіч цалкам "беларускім", калі звяртаўся да жанру санетаў ці рабіў пераклады? Яму, пэўна, пашанцавала: пры жыцці "небеларускасцю" яго не папракалі, а сёння ён стаў класікам, і, адпаведна, усе магчымыя прэтэнзіі зняліся. Нашым сучаснікам цяжэй: не паспеюць яны выканаць заказ, як той становіцца "састарэлым". Дастаткова ўзгадаць хаця б "Белыя росы" Эдуарда Зарыцкага, замоўленыя кампазітару былым кіраўніцтвам тэатра. І такі прыклад, які тычыцца найбольш працаёмкіх і складаных музычна-тэатральных жанраў, далёка не адзінкавы. Так здараецца яшчэ і таму, што тыя заказы і дамовы, у адрозненне ад савецкіх часоў, ніяк не фіксуюцца ў афіцыйным парадку, а таму не маюць юрыдычнай сілы: падумаеш, паабяцалі аўтарам ды расказалі журналістам пра хуткую прэм'еру – потым планы маглі і змяніцца.

А што рабіць, прабачце, аўтарам? Асабліва калі гэта беларускі сюжэт і беларускамоўны твор? Дзе яшчэ гэта можа быць увасоблена? Зноў перарабляць твор, намагаючыся хоць як прыстасаваць яго пад новыя ўмовы? Запытайце любую швачку ці будаўніка – яны ў адзін голас скажуць, што рабіць "з чыстага ліста" значна прасцей, чым перарабляць штосьці ўжо гатовае.

Таму адна з прапаноў, якія неаднойчы гучалі ў тэатры і былі зноў узняты на "круглым стале", – аб'яўляць спачатку конкурс на лібрэта. А ўжо потым шукаць кампазітара. Тым больш, што самім кампазітарам шукаць паэта "для далейшага супрацоўніцтва" ці, наадварот, паэтам шукаць кампазітара не заўсёды зручна: як гаворыцца, паэтам можаш ты не быць, а сябрам быць – ну, проста абавязаны. Іншымі словамі, чыста чалавечыя стасункі і ўласна творчыя – гэта крыху розныя рэчы. Цудоўна, калі яны супадаюць, але так бывае не заўсёды.

У гэтай сувязі ўзгадаем адну хрэстаматыйную конкурсную гісторыю – праўда, пра оперу, а не аперэту. Опера "Алека" С.Рахманінава, як вядома, была напісана пры заканчэнні кансерваторыі. Усе студэнты-кампазітары, каб атрымаць дыплом, спачатку атрымалі адно і тое ж лібрэта. Свае аднаактоўкі яны, можна сказаць, "абмянялі" на дыплом – такім чынам, ніхто не быў пакрыўджаны. А твор пераможцы – яшчэ і ўбачыў святло рампы.

Конкурс – не кан'юнктура

Намагаючыся сфармуляваць асноўныя патрабаванні да новых твораў, галоўны дырыжор Музычнага тэатра Алег Лясун адзначыў, што галоўным крытэрыем будзе цікавая музыка і п'еса, нейкая разыначка ў спектаклі, запамінальныя мелодыі. Рэжысёр Ганна Маторная была больш безапеляцыйнай: "Твор для нашага тэатра павінен быць касавым". Праўда, мастацкі кіраўнік тэатра Адам Мурзіч адразу ж унёс у гэта карэктывы: "Арыентавацца адно на касу мы таксама не будзем. Рашэнне правесці конкурс не кан'юнктурнае. Наша задача – выхоўваць, найперш, чалавека, а каса дадасца".

Дарэчы, а чаму касавасць і мастацкія каштоўнасці павінны апынацца па розныя бакі барыкад? І ўвогуле, навошта тыя барыкады? Калі ў тэатра ёсць свая публіка, якая мае ўласныя прыхільнасці, а "перавыхоўваць" яе і змяняць арыенціры – патрабуецца час, дык, можа, пайсці ёй у чымсьці насустрач? А яшчэ лепей – пачынаць нават не з лібрэта, а з самой ідэі: пра што, на якую тэму ці паводле якога сюжэта мы хочам атрымаць новы твор. Зірніце на цітры любога серыяла: там звычайна спачатку пазначаны аўтар ідэі, а ўжо потым – аўтары сцэнарыя і ўсе астатнія.

Адным з сааўтараў ідэі магла б стаць… сама публіка. Усё, што для гэтага патрабуецца, – паставіць у фае скрыначку для галасавання і разам з квіткамі на спектакль раздаваць апытальнікі: пра што вы хацелі б паглядзець новы спектакль? Каб гледачам было прасцей рабіць свой выбар, у апытальніку могуць быць пазначаны некалькі тэм. Каб атрыманыя даныя былі больш дакладнымі, такое апытанне павінна ахопліваць наведвальнікаў розных спектакляў, а не якога-небудзь аднаго.

Пры падобным "конкурсе" (а насамрэч, звычайным маркетынгу), да ўсяго, не будзе крыўд – накшталт той, што была выказана рэжысёрам Настассяй Грыненка: маў-ляў, мы вам тут ідэю народзім, потым лібрэта складзем – а што будзеце рабіць вы? І чаму мы павінны вас "вучыць", што і як рабіць, каб гэта было цікава?

Да таго ж, як паказвае практыка, новая пастаноўка можа прыцягнуць і новую публіку – трэба толькі больш акрэслена ўяўляць сабе мэтавую аўдыторыю будучай пастаноўкі. І, адпаведна, менавіта да гэтай аўдыторыі звяртацца, распаўсюджваючы квіткі.

Дзе тут у вас тэатральная "свацця"?

Вось мы і падышлі да галоўнага, чаго, здараецца, не хапае не толькі аднаму асобна ўзятаму тэатру, але і ледзь не ўсім нашым установам культуры. Сёння, як ніколі, запатрабаваны менеджары. Тыя, хто рабіў бы ўсё гэта не сам, не на ўласным энтузіязме, а сіламі найлепшых спецыялістаў, якіх бы збіраў, "сасватваў" адно аднаму, а таксама ставіў перад імі пэўныя задачы, абсалютна дакладныя тэрміны і іншыя "зададзеныя параметры", што дыктуюцца эканамічным складнікам, – і даваў пры гэтым творчую свабоду ў самавыяўленні. Дык чаму б не выкарыстаць той вопыт?

Сёння, як ніколі, нам патрэбны крэатыўшчыкі, якія выступяць завадатарамі тых ці іншых праектаў, скіраваных і на публіку, і на яе выхаванне. Бо нельга выхоўваць на тым, што не прымаецца і не ўспрымаецца, – як і нельга проста ісці за публікай, не прапаноўваючы ёй штосьці большае за тое, на што яна арыентавалася дагэтуль.

Дык што, конкурс увогуле непатрэбны? Чаму ж. Але аб'яўленне конкурсу тэрмінам на год зусім не азначае год чакання, "склаўшы рукі": маўляў, вось напішуць кампазітары штосьці, тады і будзем прымаць рашэнні. А не напішуць – працягнем конкурс яшчэ на год. Потым, калі што, працягнем зноў – і так да бясконцасці. Няўжо нельга паскорыць працэс? Ці стымуляваць яго яшчэ нейкімі захадамі?

Прабачце за побытавае параўнанне, але любая гаспадыня, накіраўваючыся на кірмаш, спачатку акідвае позіркам (ці ўзнаўляе ў памяці) ужо зробленыя прыпасы. А ці ведаем мы, што было напісана нашымі аўтарамі хаця б апошнім часам? На тым жа "круглым стале" ўзгадваліся ўжо прапанаваныя тэатру, але пакуль не пастаўленыя мюзіклы Уладзіміра Кандрусевіча, Ганны Казловай. Адказ бывае традыцыйным: няма грошай. Сапраўды няма? А на конкурс знойдзецца? Ці ўсё ж такі тэатр чымсьці не задаволены ў прапанаваным аўтарамі матэрыяле? Тады трэба сфармуляваць свае патрабаванні і прэтэнзіі. Ці, можа, пазнаёміць грамадскасць з ужо напісанымі творамі – у канцэртным варыянце, на які, зразумела, грошай хопіць.

Апошні варыянт усё больш распаўсюджваецца ў замежжы. Такія канцэртныя прэзентацыі забіваюць адразу некалькіх зайцоў. Прэм'ера – адбываецца. Грамадскасць – знаёміцца, што называецца, на свае вушы, а не атрымлівае пастаноўку ці яе адсутнасць як "рашэнне мастацкага савета". І, як вынік, маркетынг – адбываецца сам па сабе: зразумеўшы рэакцыю публікі на канцэртнае выкананне, можна прадбачыць і сцэнічны лёс твора. Бо якой бы шыкоўнай ні была пастаноўка, калі ў тым жа мюзікле слухаць няма чаго, публіка не пойдзе другі ды трэці раз глядзець адно на дэкар а цыі ды сцэнічныя строі.

Што ж уласна да конкурсу, дык, як справядліва заўважылі на "круглым стале" маладыя кампазітары, існуе і конкурсная мадэль, чымсьці падобная на кінапробы. Маючы гатовае лібрэта, арганізатары прапаноўваюць напісаць некалькі найбольш значных музычных фрагментаў – і запрашаюць пераможцу да далейшага супрацоўніцтва, замаўляючы яму ўвесь твор.

Дададзім, што такі конкурс можа быць накіраваны на пошук яшчэ не вядомых імёнаў, якія не паспелі заявіць пра сябе, але маюць багаты творчы патэнцыял. Што ж тычыцца астатніх, дык ведаючы ранейшыя творы і саму творчую манеру таго ці іншага кампазітара, можна практычна беспамылкова прадбачыць, якім будзе паводле стылю канчатковы вынік. І, зразумела, замаўляць твор таму з аўтараў, хто ўяўляецца больш адпаведным чаканням.

Так што аб'яўлены конкурс застаецца пакуль "адкрытым пытаннем". Не, ніхто не прапануе яго "ўзяць ды адмяніць". Але працягваць працу па пошуку і назапашванні нацыянальнага рэпертуару трэба не толькі конкурснымі метадамі. Дый саміх варыянтаў конкурсу, як пераконвае гісторыя і сучаснасць, можа быць безліч.

… Дык чаму ж творцы, якія павінны б радавацца аб'яўленаму конкурсу, ставяцца да яго, мякка кажучы, разважліва? Хтосьці глыбока задумваецца, а хтосьці ўвогуле не хавае свайго скепсісу. Як можна пераканацца з выказванняў, аўтары не ўпэўнены, ці дасць іх праца плён. Усё ж музычны спектакль будзе патрабаваць ад іх цэлага года, як кажуць, творчага альтруізму.

А тэатр, між іншым, хвалюе ўсё тая ж праблема. Беларуская пастаноўка будзе патрабаваць ад творчай групы сіл і часу для марных высілкаў. Бо перад вачыма – многія і многія прыклады беларускіх, найперш, опер, якія былі пастаўлены, але ў рэпертуары не затрымаліся. Нават на маёй памяці быў прыклад, калі адзін з такіх спектакляў быў вылучаны на Дзяржаўную прэмію Беларусі. Але на той час, калі камісія сабралася разглядаць пададзеныя заяўкі і больш падрабязна знаёміцца з творамі, спектакля ў рэпертуары ўжо… не было. І камісія прымала рашэнне на аснове прагляду відэакасеты. Опера ўсё ж атрымала прэмію – паводле музыкі, абсалютна заслужана. Але тут і сапраўды ёсць аб чым задумацца…

Па сутнасці, і творцы і тэатр пачуваюць сябе ў стане "без права на памылку", тупіковым для культуры. Бо "не памыліцца" можна толькі рухаючыся праверанай дарогай ці ўвогуле не робячы ні кроку. Можа, трэба проста пісаць ды ставіць? І не адзін спектакль, які адразу павінен атрымацца "шэдэўрам ва ўсіх адносінах", а адзін, другі, трэці… Можа, тады і публіка прызвычаіцца цікавіцца нацыянальнымі навінкамі, а не адно "праверанай класікай".

Вакол мюзікла: меркаванні

Дзе? Кім? Калі?

Уладзімір КУР'ЯН, кампазітар:

– Дайце мне лібрэта, якое мяне зацікавіць, – будзе мюзікл. Але што з ім рабіць далей? Асабіста для мяне такой знакавай працай сталася колішняя рок-опера "Масфан", якую я пісаў яшчэ да паступлення на кампазітарскае аддзяленне кансерваторыі. Я быў і аўтарам музыкі, і лібрэтыстам. Але ў кожнага твора – свой лёс. І для кампазітара ён неабыякавы. Клопат пра пастаноўку можна выявіць трыма словамі, перафразіраваўшы назву тэлешоу: "Кім? Дзе? Калі?". Ад гэтых трох складнікаў поспех музычнага спектакля залежыць не менш, чым ад лібрэта і партытуры. Таму, калі аўтар з самага пачатку ўяўляе, што і як можа атрымацца, яму прасцей. Але гэта, пэўна, – ужо не конкурсныя ўмовы. А калі і конкурсныя, дык не ў цяперашнім выглядзе.

Дык патрэбны ён ці не?

Уладзімір КАНДРУСЕВІЧ, кампазітар:

– У гэты конкурс, прызнацца, я не вельмі веру. Калі ў аўтараў атрымліваецца штосьці добрае, тэатр, дбаючы пра нацыянальны рэпертуар, павінен узяць такі твор без аніякага конкурсу. Дык для чаго тады конкурс? Каб стымуляваць аўтараў? Але заахвоціць іх можна іначай. Ці, можа, проста дзеля моды? Апошнім часам, калі што, адразу аб'яўляюць конкурс – і гэтым быццам бы закрываюць усе праблемы: маўляў, конкурс ідзе, мы сваю справу зрабілі. Але для аўтара, які захоча ўдзельнічаць у такім спаборніцтве, вельмі важна бачыць вынік. Асабіста я, да прыкладу, не зразумеў, якімі будуць крытэрыі. Пакуль, як мне здаецца, звяртаюць увагу адно на тэматыку твора. А ў мюзікле, на маю думку, галоўнае – мастацкі ўзровень. Таму для сябе я яшчэ так і не вырашыў, ці буду ў гэтым конкурсе ўдзельнічаць. З аднаго боку, ужо ёсць і напісаныя творы, і задуманыя. Але ў свой час тэатр не выказаў да іх зацікаўленасці: то грошай не было, то, можа, тэматыка не падыходзіла. З іншага боку, я звычайна працую крыху па іншым прынцыпе. Калі з'яўляецца ідэя, спачатку раблю некаторыя накіды, а потым адразу паказваю іх у тэатры. І ўжо далейшая праца ідзе адпаведна тым прапановам і пажаданням, якія мне выказваюцца. Дый увогуле, думаю, конкурсы прызначаны, найперш, для моладзі, якую пакуль яшчэ не заўважылі. Пакуль жа ў тэатры існуе дзіўнаватая сітуацыя. На добры, багаты па дэкарацыях спектакль, якім там хочуць бачыць беларускі твор, грошай няма. А між тым, выпускаецца па 5 – 6, а то і болей, спектакляў на год. Зразумела, больш танных. Дык, можа, знайсці нейкае сярэднеарыфметычнае на карысць доўгачаканай беларускай пастаноўкі? Яшчэ, я думаю, тэатр павінен збіраць на такія пастаноўкі моцную творчую каманду. Не абавязкова абыходзіцца выключна сваімі сіламі. Часам, пэўна, трэба запрасіць з боку і мастака, і харэографа, шукаць новыя рэжысёрскія рашэнні. У мюзікле заўсёды важныя не толькі музыка і сюжэт, але і відовішча! Сінтэз акцёрскай ігры і харэаграфіі, каб немагчыма было зразумець, што ў гэтай пастаноўцы галоўнае: спевы ці пластыка. Як паказвалі ранейшыя спектаклі ў жанры мюзікла ў нашым тэатры, звычайна праблемы ўзнікаюць менавіта на ўзроўні пастаноўкі.

Як давесці пастаноўку да публікі?

Ганна КАЗЛОВА, кампазітар:

– У конкурсе, аб'яўленым нашым Музычным тэатрам, буду ўдзельнічаць абавязкова. Я ўжо нават падала ім частку дакументаў, хаця наперадзе яшчэ цэлы год. Але ўвесь парадокс сітуацыі ў тым, што твор для гэтага конкурсу ў мяне даўно гатовы. Проста ў мяне няма іншага выйсця, як, можа, іначай прапанаваць тэатру свой мюзікл. Уласна кажучы, мюзікл не проста прапанаваны, але і "знаходзіцца не пад сталом, а на стале" ў мастацкага кіраўніка тэатра Адама Мурзіча, як той адзначыў на прэс-канферэнцыі і пасяджэнні, прысвечаных конкурсу. Ды толькі ніякага далейшага ходу, акрамя конкурсу, з боку тэатра няма. А між тым, гэта ўжо другая версія твора! Мой першы мюзікл пра апетае ў легендах і мастацкіх творах каханне Барбары Радзівіл і Жыгімонта называўся "У замку Радзівілаў, ці Гісторыя вечнага кахання". Ён, між іншым, нават быў пастаўлены – у… ПТВ хлебнай прамысловасці. Гэта было ў 2005 годзе. Да Новага года артысты опернага тэатра на чале з тагачаснай салісткай філармоніі Вольгай Сотнікавай (яна зараз жыве і працуе ў Мексіцы) падрыхтавалі гэты твор і паказалі яго на сцэне вучылішча. Поспех у моладзі быў – неверагодны! Але больш творам ніхто асабліва не зацікавіўся. Зараз у мяне напісаны новы мюзікл паводле ўсё той жа сюжэтнай лініі– "Барбара new". І хаця аўтарам лібрэта выступае ўсё тая ж Таццяна Сінкевіч, гэта зусім іншы твор. Першы быў прызначаны для дзіцяча-юнацкай аўдыторыі, у ім было больш містыкі, фэнтэзі, што запатрабавана ў гледачоў такога ўзросту. У другім– новая задума, іншы сцэнарый, новыя героі, дый сам разгорт тэмы, як можна зразумець ужо з назвы, больш сучасны. Але хто пра гэта ведае, акрамя, трэба спадзявацца, кіраўніцтва Музычнага тэатра? Як давесці ўсё гэта да публікі? Бо нават самі артысты, якія пазнаёміліся з творам, літаральна палаюць жаданнем хутчэй яго выканаць. Але надзей на тэатральнае ўвасабленне твора пакуль няма. Мне нават казалі: маўляў, шукайце спонсара, тады, можа, што і атрымаецца. У лютым у мяне павінен прайсці аўтарскі вечар. І я вырашыла, што другое аддзяленне на ім складзе канцэртны паказ мюзікла. Дарэчы, ва ўмовах конкурсу, аб'яўленага Музычным тэатрам, нідзе не занатавана, што гэта павінна быць абсалютна новая партытура, якая яшчэ нідзе не гучала. Дык хай хаця б прагучыць – для шырокай публікі!

Як без каманды?

Андрэй ЗУБРЫЧ, кампазітар:

– Я ўвогуле не аматар конкурсаў. Бо існуе і такі паказальнік, як, так бы мовіць, фармат. Калі да цябе звяртаецца кіраўніцтва творчага калектыву, калі ты працуеш "у камандзе", удзельнікі якой імкнуцца да адной мэты, калі яны разумеюць, да чаго трэба ісці і што павінна атрымацца, – гэта зусім іншая справа. Так, у мяне ёсць два мюзіклы, яны ідуць у Расіі. Але гэта была замова. Да мяне звярнуўся галоўны рэжысёр тэатра, ён жа выступіў аўтарам лібрэта – і праца пайшла. У Беларусі такіх прапаноў я пакуль не атрымліваў. Але калі яны будуць – калі ласка, пагаджуся не толькі я, тое ж самае вам адкажуць, упэўнены, астатнія. Аўтару заўсёды важна бачыць зацікаўленасць тэатра, жаданне і магчымасці ўвасобіць будучы твор на сцэне. Тады і папраўдзе ты можаш працаваць з разлікам на пэўныя пастановачныя рашэнні, тых ці іншых артыстаў. Мюзікл сёння – адзін з самых запатрабаваных жанраў. Яму падуладны любыя тэмы, бо ўсё залежыць, у рэшце рэшт, ад мастацкага складніка. Тое ж "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча – па ім безліч спектакляў зроблена. У нашым Вялікім тэатры і дагэтуль ідзе аднайменная опера Уладзіміра Солтана. Гадоў шэсць таму дырыжор Вячаслаў Воліч прапанаваў мне зрабіць сумесны сімфанічна-рокавы праект. Я тады падкрэсліваў, што атрымалася не рок-опера, а гэткі незвычайны вакальна-інструментальны твор з выкарыстаннем оперных тэм. Але паводле "Дзікага палявання…" мог бы быць і мюзікл. Чаму б не? Было б жаданне…

А можа "дэма" на пачатку…

Сяргей БАДАЛАЎ, студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:

– На сённяшні дзень для маладых кампазітараў існуе шмат магчымасцей заявіць пра сябе – у тым ліку праз конкурс. Але не думаю, што тое спаборніцтва, якое зараз аб'яўлена Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатрам, збярэ надта шмат ўдзельнікаў, нават сярод студэнцкай моладзі. Таму што, зноў-такі, ёсць шмат магчымасцей выбіраць. І кампазітару больш цікава напісаць, да прыкладу, камерны твор, які ён потым зможа выканаць у канцэрце. Мюзікл жа, калі той не будзе абраны тэатрам, гэтак "уладкаваць" будзе немагчыма. У выніку гэта будзе год-два працы, пра вынікі якой так ніхто і не даведаецца. Яшчэ я звярнуў бы ўвагу на такую акалічнасць. Як мне падалося, у арганізатараў пакуль няма дакладнага "рэгламенту", што яны хацелі б атрымаць. Ёсць толькі прыблізная працягласць твора і неабходнасць беларускай мовы. А раптам здарыцца так, што твор акажацца добрым па мастацкіх якасцях, але не падыдзе па нейкім фармаце, неабходным тэатру? Вось кампазітары і думаюць… Таму прапаную правесці конкурс на стварэнне дэма-версіі асобных фрагментаў твора, па якіх тэатр зможа зарыентавацца, пераканацца ў магчымасцях аўтара і тады ўжо замаўляць твор цалкам.

"Пастка" для тэатра

Алесь БАДАК, паэт:

– Конкурс на стварэнне музычнага спектакля, на маю думку, – рэч даволі небяспечная. І для творцаў, і для самога тэатра. Асабліва на тых умовах, якія зараз аб'яўлены. Бо жанры аперэты, музычнай камедыі, мюзікла – гэта, з аднаго боку, буйная форма, якая патрабуе вялікіх высілкаў з боку ўсіх яе стваральнікаў. Па-другое, тут важны "камандны дух". Па-трэцяе, магчымасці давесці свой твор да публікі. З песняй – усё куды прасцей. А з мюзіклам? Калі гэты твор не пераможа на конкурсе, у яго няма далейшага лёсу. Ці многа вы бачылі выдадзеных партытур нашых мюзіклаў? Вось і атрымліваецца, што ў падобных конкурсах, дзе "неперамога" вядзе да тупіковай сітуацыі, удзельнічаюць, пераважна, тыя, каму страчваць практычна няма чаго. Гэта значыць, не прафесійныя, сур'ёзныя аўтары, а, прабачце, графаманы. Мне неяк давялося працаваць у журы конкурсу на стварэнне гімнічнай песні (апошнім часам і асобныя гарады, і буйныя прадпрыемствы хочуць мець уласную падобную). І калі я паглядзеў, што было даслана, дык мяне жах ахапіў: прафесійных аўтараў практычна не было – адно вершаплёцтва, бессэнсоўныя, больш ці менш зрыфмаваныя радкі з жудасным рытмічным "кульганнем". Я тады задумаўся, чаму ж так, чаму гэты конкурс не зацікавіў добрых паэтаў, хаця на прызавы фонд там, здаецца, не скупіліся. І зразумеў: таму што такі гімн, калі ён раптам не пераможа, ты больш не рэалізуеш нідзе. А жанр мюзікла – тут, хочаш ці не, патрабуецца прафесіянал. Дакладней, каманда прафесіяналаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 2011. – 10 снеж. – С. 4–5.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: