Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Як звязаць бюджэт, "хвасты" і лібрэта? (2012 г., Культура)

Як звязаць бюджэт, "хвасты" і лібрэта? (2012 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ЯК ЗВЯЗАЦЬ БЮДЖЭТ, "ХВАСТЫ" І ЛІБРЭТА?

Ёлкі-лапікі-ялінкі: трывалыя праблемы часовых праектаў

Новы год і Каляды заўсёды суправаджаюцца безліччу тэматычных канцэртных праграм, тэатралізаваных прадстаўленняў, спектакляў. З кожным годам іх становіцца ўсё больш. Галоўная ёлка краіны традыцыйна ладзіцца ў Палацы Рэспублікі і праходзіць з удзелам Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Узнікае і шмат іншых навагодніх ёлак, ялінак і нават, па сваіх маштабах, "лапікаў". Клапатлівыя бацькі з задавальненнем вядуць туды сваіх дзяцей — "дакрануцца да прыгожага". Але ж ці заўсёды тыя падарожжы ў свет мастацтва, да якіх далучаюць дзятву літаральна з двух-трох гадоў, пакідаюць такія ж чароўныя ўражанні?

Казка на Каляды

Стварыць добрую калядную казку, як высветлілася, не так проста. Гэта пацвердзіў і нядаўні конкурс на стварэнне анімацыйнага сцэнарыя падобнай тэматыкі. Першую прэмію было вырашана не прысуджаць, і ўжо адно гэта гаворыць пра многае. Але ж такіх казак штогод патрабуецца ўсё больш. Бо многія канцэртна-тэатральныя ўстановы і творчыя калектывы, узяўшы прыклад з Еўропы, імкнуцца ў калядны перыяд хаця б крыху парушыць звыклыя рэпертуарныя прынцыпы і паставіць нешта менавіта навагодняе.

Ці можна сёння, пасля столькіх гісторый пра тое, як Баба Яга перашкаджае Дзеду Марозу прынесці дзецям падарункі, знайсці штосьці больш арыгінальнае? Наталля Марчук, чый сюжэт увасоблены ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры, замяніла традыцыйную Бабку Ёжку Цётухнай Прастудай. А ў ролі памагатых, замест Лесуна ды Кікімары, узніклі пляменнікі Прастуды — хуліганістыя хлопчыкі Насмарк і Кашаль (дадамо, што ў свой час "К" друкавала гэтую п'есу ў "Куфры-радцы"). У больш ранняй казцы таго ж аўтара, якая сёлета была пастаўлена на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі, зведзены разам героі розных казак: Спадарыня Мяцеліца, Кот у ботах, Кашчэй Бессмяротны са сваёй світай, Чырвоны Каптурык з Воўкам і, вядома, Дзед Мароз са Снягуркай. Героі вядомых мульцікаў, не прэтэндуючы на галоўныя ролі, скачуць і ў казцы "Жыла-была Ёлачка" ў Малой зале Палаца Рэспублікі: дзеці павінны адгадаць, хто з іх хто. Дарэчы, апошняя казка, увасобленая ансамблямі "Харошкі", "Равеснік" і "Цернічка", увогуле не ўтрымлівае звыклага прыгодніцкага пачатку.

— Гэтым спектаклем, — распавядае народная артыстка Беларусі, мастацкі кіраўнік "Харошак" Валянціна Гаявая, — мне вельмі хацелася далучыць дзяцей да кнігі. Бо чытанне, у адрозненне ад гульняў-"стралялак", прывучае чалавека марыць, фантазіраваць, а не толькі глядзець гатовае шоу. Я зыходзіла з уласнага вопыту. У мяне трое ўнукаў, але, здараецца, як ні патэлефаную — яны ўсё тэлевізар глядзяць. А чалавеку хаця б калі-нікалі трэба адарвацца ад тэлевізара ды камп'ютара, паглядзець, што робіцца навокал: як зелянеюць ёлачкі, як яны "водзяць карагоды" (зноў-такі, у жывой прыродзе, а не на экране!), як лётаюць матылькі, выбрыквае конік… Можа, гэта навядзе дзіця на ўласныя фантазіі? І дапаможа яму ў гэтым кніга, якая вымусіць слоўныя вобразы "перавесці" ў візуальныя…

Усім гэтым і займаецца маленькі герой казкі, які жыве з бабуляй і дзядуляй: слухае казкі, адухаўляе прыроду, складае вершы. Здавалася б, папраўдзе светлы аповед — амаль калядная ідылія. Але… Куды падзеліся бацькі хлопчыка? Што сталася з тымі "людзьмі ў чорным", якія ссеклі елачку? Яны дрэнныя ці ўсё ж — добрыя, бо ёлка была ўсталявана на кірмашы? Надта шмат пытанняў паўстае, калі задумацца. А ці ж не да гэтага — да роздуму, а не да "сляпога спажывання" — заклікае новая казка?

Не менш пытанняў узнікае і ў іншых навагодніх сюжэтах. Залішняя даверлівасць Снягуркі — і скрадзены не толькі падарункі, але і стрэлка ў чароўным гадзінніку. На іх пошукі Дзед Мароз дасылае сваю ўнучку са Снегавіком, але вельмі хвалюецца, што тая, як заўсёды, усё пераблытае. Што ж робіць тым часам сам дзядуля? Ды нічога. Але, вядома, у самы апошні момант, калі быццам бы ўжо ўсё страчана, прыходзіць на дапамогу. Чым не праславутая "опера выратавання" — жанр ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзяў? А гэтай "нестыковачкі" можна было вельмі проста пазбегнуць. Снягурка, зразумеўшы, што беды пачаліся з-за яе неабачлівасці, вырашае самастойна выправіць сітуацыю, не параіўшыся з дзядулем. І Дзед Мароз, што называецца, "спяшаецца на дапамогу". Такі паварот падзей наводзіў бы дзяцей на думку, што са старэйшымі трэба раіцца, асабліва — у крытычных сітуацыях. Дый дарослыя задумаліся б, чаму, здараецца, дзеці не расказваюць ім пра свае праблемы: баяцца іх роспачы, залішняга хвалявання ці "раскатаў грому"?

Так што адна з праблем калядных казак — у няўменні звясці канцы з канцамі і, як вынік, у элементарных парушэннях логікі ці ўвогуле ў яе адсутнасці.

Рост і ўзрост

А ці задумваюцца аўтары і пастаноўшчыкі калядных казак пра мэтавую аўдыторыю сваіх твораў? У тую ж філармонію бацькі цягнулі тых, хто ледзь навучыўся хадзіць: дзеці да трох гадоў пускаліся бясплатна. І — раўлі пад час незразумелых для іх дыялогаў, вытрыманых у "лепшых савецкіх традыцыях", пра ўнутраную, а не вонкавую прыгажосць і першынство духоўнага пачатку…

У Дзяржаўным тэатры лялек Беларусі, паводле традыцыі, падрыхтавалі да канікулаў не часовы праект, а чарговую дзіцячую прэм'еру — "Асцярожна, свіння!". І ўсё б нічога, але гэтая папраўдзе "злая казачка" без звыклага хэпі-энду не зусім стасуецца з калядным падарункам, як абяцае Дзед Мароз у фінале даданага да яе навагодняга ранішніка. Дарослыя бачаць у казцы сапраўдны памфлет, з'едлівую сатыру, а самыя маленькія разумеюць хіба тое, што Свіння з'ела ўвесь торт, не пакінуўшы нікому ніводнага кавалачка. Пасля першай дзеі, прывучаныя да навагодніх аднаактовак, некаторыя не маглі ўцяміць: гэта ўжо ўсё ці яшчэ не? Пасля ж фінальных апладысментаў можна было бачыць той "маўклівы сыход" публікі, які звычайна завяршае ўбачаную… трагедыю. А дзеці на маё пытанне, хто ім спадабаўся больш, ледзь не ў адзін голас адказвалі: "Снегавікі!" — маючы на ўвазе герояў не самой казкі, а ранішніка (дарэчы, як і заўсёды ў гэтым тэатры, сапраўды яркага, заваднога, крэатыўнага). Шкада, бо ў самім спектаклі, пастаўленым Аляксандрам Янушкевічам, хапала цікавых знаходак — выкладзеных, на жаль, не заўсёды на дзіцячай мове. Тая ж Свіння пасля кожнага дрэннага ўчынку вырастае ў памерах — у гэтым добра чытаецца сімвал "панавання нахабства". Але ж як тады растлумачыць дашкольнікам, чаму дрэнны герой расце, а станоўчыя — не? Маленькім звычайна так хочацца вырасці! Дык з каго ім браць прыклад — няўжо са Свінні?

Што рабіць з вінаватымі?

Яшчэ адной "невырашанкай" калядных казак становіцца праблема фіналу. Вядома, ён не можа быць трагічным. Прычым у цяперашнім "казкастваральніцтве" яна крышталізуецца прыблізна ў наступнае: "Дык што ж рабіць з тымі, хто вінаваты?".

У м'юзік-фэнтазі "Чароўны гадзіннік, або Хто выратуе Новы год?" Цётухну Прастуду, Насмарк і Кашаль Дзед Мароз папросту "здувае": ім няма месца на свяце. Але, увасобленыя таленавітымі маладымі артыстамі Вікторыяй Жбанковай-Стрыганковай, Дзянісам Нямцовым, Дзмітрыем Маціеўскім і іншымі, у адметнай рэжысуры Настассі Грыненка і харэаграфіі Дзмітрыя Якубовіча, яны становяцца ўлюбёнцамі публікі. Дый Насмарк, як было зразумела з самага пачатку, зусім не "прыроджаны хуліган", а, як і Снягурка, надта даверлівы, пазбаўлены хітрыкаў хлопчык, які сваімі дзеяннямі парушае планы помслівых сваякоў. Што ні кажыце, але наўрад ці трэба навучаць сучасную дзятву прынцыпу сталінскіх часоў "Няма чалавека — няма праблем". А між тым, такія фіналы ўсё яшчэ застаюцца найбольш распаўсюджанымі нават у самых "свежаспечаных" казках.

Не пераконвае і "Жыла-была Ёлачка": маўляў, дзядуля аднёс навагоднюю ёлку ў лес — і тая хутка "распладзілася", абросшы цэлым карагодам маленькіх ёлачак. Нявырашаным застаецца і фінал лялечнай прэм'еры: маўляў, Свіння будзе жыць асобна ад астатніх. Зразумела, за аўтара п'есу не перапішаш, але сёння як ніколі распаўсюджваецца прынцып "перачытання", "рэжысёрскай версіі". Дык чаму б тую Свінню не адправіць, да прыкладу, у Школу добрых манер? Пры такім зыходзе многія пытанні адразу былі б знятыя.

Але "вінаватым", падобна на тое, не даюць шанцу выправіцца. Той жа Кашчэй у філармоніі, зазірнуўшы ў чароўнае люстэрка, быццам ужо "не той, што раней". Але чаму б тады яму не падзяліцца з астатнімі сваім чароўным снегам, які, паводле завязкі, і збіраюцца пазычыць у яго Чырвоная Шапачка са Снягуркай, выпраўляючыся ў небяспечнае падарожжа? Не, Снягурка сама начароўвае снег — і Кашчэй застаецца "не пры справах". Але ж калі яму няма чым заняцца, ці не возьмецца ён зноў за старое? "Адухоўленых" герояў гэта не хвалюе.

Па астаткавым прынцыпе?

На Захадзе, дзе антрэпрызны тэатр склаўся даўно, да кожнага спектакля ставяцца, як да часовага: ён ідзе да той пары, пакуль робіць зборы. У рэпертуарным тэатры, наадварот, стаўка робіцца на "добрае і вечнае". Адпаведна размяркоўваюцца грошы. Ганна Маторная, ставячы ў філармоніі "Чароўнае люстэрка…", і студэнтаў Акадэміі мастацтваў запрашала, і касцюмы з Музычнага тэатра пазычала, і казку, як магла, да ладу даводзіла. Дый вопыт амаль безбюджэтных, але надзвычай цікавых, высокамастацкіх пастановак у яе меўся багаты. Але…

— Больш ніколі, — ледзь не плакала маладая рэжысёр, — не буду пагаджацца працаваць над відавочна слабым матэрыялам. Але ж мяне запрасілі ўжо на апошнім этапе, калі і казку мастацкі савет прыняў, і музыка Уладзімірам Саўчыкам была напісана. Чаму ж не параіліся раней?..

У "Харошак" было інакш: Валянціна Гаявая ўсё рабіла сама.

— Задума ў мяне ўзнікла даўно, — распавяла Валянціна Іванаўна. — Сцэнарны план я прадставіла ажно год таму, але грошай не атрымала. І ўсё давялося рабіць выключна сваімі сіламі — нават казку пісала сама. А вось па музыку і песні звярнулася да вядомага кампазітара Дзмітрыя Далгалёва: праца пачалася ўжо з лютага. Колькі было цяжкасцей на этапе, калі асобныя нумары зводзіліся разам, не пераказаць… Рукі апускаліся! Але атрымала дасланае мне Прэзідэнтам Віншаванне з Новым годам — не "агульнае", а з пералікам маіх заслуг і творчых здабыткаў — і падумала: можа, тое, што я раблю, усё ж такі патрэбна?..

Музыка і харэаграфія — яркія, адметныя, запамінальныя — сталі самымі моцнымі бакамі спектакля "Жыла-была Ёлачка". Добра спраўляюцца артысты "Харошак" і з размоўнымі ролямі, ствараючы каларытнага Дзеда Мароза, пяшчотную Бабулю, лірычную Снягурку. А каб прывабіць да спеваў ды танцаў публіку, прыдуманы наступны ход. Навагоднія песні, напісаныя для спектакля, пачынаюць гучаць яшчэ да яго пачатку, ствараючы адпаведны настрой. У фінале ж удзельнікі праходзяць праз залу, забіраючы маленькіх гледачоў разам з сабой у фае, дзе водзяць з імі карагоды, навучаючы простым танцавальным рухам. Тут, дарэчы, музыка гучыць ужо жыўцом, у выкананні інструментальнай групы ансамбля. І ўсё б цудоўна, але… Чаму казку павінна пісаць сама Гаявая? Ну не царская гэта справа, як кажуць. Да таго ж, усім павінны займацца прафесіяналы. Ці, можа, у нас увогуле няма прафесійных драматургаў?

А менавіта ў гэтым, на жаль, пераконваюць навагоднія праекты. Чым больш рэжысёры "праехаліся" па п'есах, тым атрымалася лепш. Той жа "Чароўны гадзіннік…" у Музычным тэатры выйграе за кошт цудоўнай музыкі, крэатыўнай рэжысуры і выдатных артыстаў.

— Прыйшоўшы на прэм'еру, — падзялілася ўражаннямі кампазітар Алена Атрашкевіч, — я не пазнала п'есу. Яна ўжо ішла з маёй музыкай у Маладзечанскім абласным тэатры, і гэта была вельмі добрая пастаноўка, беларускамоўная. Але тут з'явілася столькі новага! Справа не толькі ў перакладзе на рускую мову. Скараціліся "расповеды", дадаліся ёмістыя, вобразныя фразы, новыя песенныя вершы, якія адразу "чапляюць" юных гледачоў, былі перароблены дыялогі, цягам усяго спектакля — інтэрактыў з гледачом… Дарэчы, яны самі вырашылі паставіць гэтую казку! Я нічога не прапаноўвала тэатру. Наадварот, здзівілася, калі мне патэлефанавалі і папярэдзілі, што будуць ставіць. І ўсё — запрасілі ўжо на прэм'еру… Цяпер вырашыла абавязкова напісаць і "дарослы" мюзікл — менавіта для гэтага тэатра.

У гэтым жа тэатры прапанавалі святочны праект і для дарослых — "Навагодняе кабарэ". Атрымалася шыкоўнае рэвю, надзвычай удала скроенае сапраўдным майстрам гэтага жанру, галоўным рэжысёрам Сусаннай Цырук. І задзейнічана ўся трупа: нават дырыжор Андрэй Галанаў і галоўны хормайстар Любоў Пятрова атрымліваюць ролі…

Гуляць ці навучаць?

Сапраўды, абодва навагоднія праекты Музычнага тэатра — дзіцячы і "дарослы" — гарманічна спалучаюць забаву з "навучаннем", але робяць гэта надзвычай тонка, "прыхавана", у гульнёвай форме, калі глядач нават не паспявае заўважыць, дзе скончылася "проста гульня" і пачаўся "намёк — добрым малайцам урок". Такімі, пэўна, і павінны быць калядныя казкі: добрымі, вясёлымі — і незаўважна павучальнымі. Бо насамрэч абсалютна ўсё ў жыцці набывае "навучальнае" адценне: бяздумнае шоу таксама навучае — ні над чым не задумвацца, адно "глытаць" тое, што прапанавалі.

…Да наступнага свята — цэлы год наперадзе. Ёсць час асэнсаваць сёлетнія навагоднія спектаклі, іх знаходкі і пралікі, задумацца над новымі здзяйсненнямі. А галоўнае — прыйсці да справядлівай высновы, што такія святочныя праекты могуць і павінны быць не толькі "данінай часу" ці адным са спосабаў "здабывання грошай" з даверлівых і клапатлівых бацькоў.

Новы год — самы, бадай, спрыяльны час для фарміравання будучых тэатральных прыхільнікаў. Не сакрэт, што ёсць у нас і папраўдзе тэатральна-канцэртная публіка, і тая, якая ўзгадвае пра "добрае і вечнае" менавіта на свята: маўляў, няблага было б зрабіць падарунак сабе і дзецям. Зацікавіўшыся спектаклем і, адпаведна, тымі, хто яго прапанаваў, глядач прыйдзе ў гэтую залу, на гэтых артыстаў яшчэ ды яшчэ. І наадварот. Няўдалы "культпаход" (дадамо, для многіх — першы ў жыцці) можа на доўгі час сфарміраваць негатыўнае стаўленне да ўсялякіх канцэртна-тэатральных мерапрыемстваў, надоўга "закрыць" дзверы ў тэатр і філармонію.

Улічваючы ўсё гэта, не трэба, відаць, шкадаваць ні грошай, ні, тым больш, фантазіі і добрага густу для стварэння падобных "часовых" праектаў: іх уздзеянне на гледача не абмяжоўваецца святочным тыднем, а распаўсюджваецца, бадай, ледзь не на ўсё жыццё. Дый тэатры і калектывы, пры жаданні, могуць выкарыстаць тое ж рэвю ў рэкламных мэтах. Бо падобнае "нанізванне" на сюжэт крыху перайначаных фрагментаў з ужо пастаўленых і добра адрэпеціраваных спектакляў можа не толькі скараціць бюджэт навагодняй пастаноўкі, але і добра "прарэкламаваць" азначаныя рэпертуарныя спектаклі: убачыўшы цікавы ўрывак, публіка захоча паглядзець і ўвесь спектакль цалкам.

Карацей, спрэс — выгоды: і для публікі, і для творчых калектываў. Засталося толькі скарыстаць іх — з розумам і ў радасць, а не толькі таму, што, маўляў, трэба. Ну, а фінальны святочны праект — паводле традыцыі, адзін з самых маштабных і прэзентабельных — яшчэ наперадзе. Гэта, вядома, "Вялікі навагодні баль у Вялікім тэатры", што пройдзе 13-га студзеня, акурат на стары Новы год.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 2012. – 7 студз. – С. 7.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: