Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Шукайце жанчыну, альбо Вы верыце ў вясну без страсці?.. (2012 г., Звязда)

Шукайце жанчыну, альбо Вы верыце ў вясну без страсці?.. (2012 г., Звязда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ШУКАЙЦЕ ЖАНЧЫНУ, АЛЬБО ВЫ ВЕРЫЦЕ Ў ВЯСНУ БЕЗ СТРАСЦІ?..

Тады яны працуюць для вас!.. Жанчыны тэатра. Яны ведаюць правільны адказ. І не проста скажуць яго ўслых, а праілюструюць сваё бачанне гэтага адказу. Калі за рэжысёрскую справу бяруцца жанчыны і прапаноўваюць гледачу свае спектаклі, то трэба чакаць, што адказ атрымаецца: па першае — пачуццёвым, па-другое — разгорнутым, па-трэцяе — відовішчным. Асабліва вясной. 

І калі вы, прайшоўшы шлях надзей і расчараванняў, гатовы даць адмоўны адказ на пастаўленае пытанне, то гэта можа азначаць толькі адно: вы проста яшчэ не знайшлі жанчыну, якая б вам вельмі тэатральна патлумачыла, дзеля чаго наогул жывуць людзі і як развіць пачуццёвасць у асобна ўзятай душы. Я маю на ўвазе тое, што можна знайсці "сваю" жанчыну-рэжысёра, якая ставіць спектаклі нібыта адмыслова для вас і пра вас. Пра тое каханне, якога ўсе мы вартыя і якое абуджае вясну ў душы. Самы час.

Прэм'ер, прапанаваных жанчынамі-рэжысёрамі гэтай вясной шмат. Але няўдзячная справа — выбіраць паміж прац жанчын, тым больш, калі можна пазнаёміцца з усімі.

МУЗЫЧНАЯ

12-84a Вы ажаніліся, але не ведаеце, з кім. Вам было ўсё роўна, таму што ваш шлюб быў фіктыўны і прынёс грошы. Але аднойчы вы моцна пра гэта пашкадуеце: узнікае рэальнае каханне, а вы не свабодны… Не, гэта не жорсткі сон. Гэта рэальны спектакль. Ферэнц Легар напісаў аперэту "Граф Люксембург" сто гадоў таму, а яна ўсё не сыходзіць са сцэны. Зразумела чаму: каханне, грошы, інтрыгі, і ўсё гэта ў спалучэнні з прыгожай, лёгкай музыкай.

Сусана Цырук, галоўны рэжысёр Дзяржаўнага музычнага тэатра, прапанавала беларускаму гледачу тое, што праверана на расійскім: яе пастаноўка аперэты "Граф Люксембург" у Іркуцкім тэатры намінавана сёлета на прэстыжную тэатральную прэмію "Залатая маска", лаўрэаты якой будуць названы літаральна днямі. У Беларусі мы маем магчымасць, у прынцыпе, паглядзець той спектакль, толькі з нашымі выканаўцамі.

Што адметна: гэтая аперэта пастаўлена ў нас упершыню! І адразу ў аўтарскай інтэрпрэтацыі Сусаны Цырук, якая здолела зрабіць спектакль дынамічным: усяго два акты, і сутнасць падзей зразумелая. Як і адчуваецца дух часу, дух месцаў, дзе яны адбываюцца.

О, Парыж! Манмартр!.. Майстэрня мастака з відамі на горад. Відэапраекцыя дапамагае перанесціся ў тое асяроддзе і адчуць сябе чалавекам, які назірае за развіццём падзей знутры. Які разам з героямі вандруе. І вось ужо ты на італьянскім карнавале — у віры вяселля і прыгод. Карцінка мяняецца. І ты смакуеш дэталі, як гэта ўсё паказана: яскрава, арыгінальна, з выдумкай (дзякуй за афармленне Любові Сідзельнікавай і аўтару касцюмаў расіянцы Таццяне Каралёвай). Людзі ў дзіўнаватых касцюмах на вуліцах — натуральна, яны ж на карнавале. Вось парк са скульптурамі — жывымі! Як гэта сапраўды бывае ў еўрапейскіх гарадах. Адчуваеш сябе турыстам на свяце жыцця, дзе ёсць месца і танцам, і жартам. Дзе прадстаўляюць сваю гісторыю героі, з якімі — у адпаведнасці з жанрам — усё павінна быць добра, і таму не адчуваеш напружання, а проста наталяешся тым, што бачыш і чуеш.

Граф, нават калі ён бедны, — усё роўна застаецца графам. А жанчына, калі яна бедная, можа заваяваць сэрца графа і не перажываць з нагоды яго беднасці. Але тады, калі яна закаханая. А калі закаханая спявачка — чакай чароўных мелодый, якія кладуцца на слых, а потым суправаджаюць цябе па дарозе дадому. І хочацца спяваць, як ад рэальнага кахання, героямі якога могуць стаць не толькі Рэнэ з Анжэль ды Арман з Жульетай. Таму што, адчуўшы пасля такога спектакля лёгкасць у душы, любы захоча перажыць аднаўленне пачуццяў ці завязаць іх наноў. І пажадана, не абмяжоўвацца недарэчнымі інтрыжкамі: жыццё ж — кароткае імгненне, таму так цяжка бывае ў ім ухапіць сапраўднае пачуццё, дзе б ты ні жыў, і кім бы ні быў.

ІНТЫМНАЯ

Чаго толькі не здарыцца з закаханымі ў Парыжы! Прычым можна нават не ехаць туды, а паглядзець, да чаго гэтыя паездкі прывялі іншых. Ён і яна ў рамантычным падарожжы. Ёсць яшчэ другая пара — таксама маладажоны. Але звязвае іх не толькі гэта…

Валянціна Еранькова ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага абрала Ноэла Каўарда. Не, зусім не таму, што англійскі драматург — прыклад арыстакратычнай чапурыстасці. Ён, хутчэй, распавёў гісторыю спакуслівай фрывольнасці. Але нам, абцяжараным побытавымі турботамі і штодзённымі абавязкамі, можа, і карысна бывае ўявіць сітуацыю, якая нагадае пра тое, што ты чалавек, маеш пачуцці і, бывае, падумваеш пра асабістыя сакрэцікі і патаемныя жаданні. І тады вось выйсце — "Інтымная камедыя". Спектакль, які дае падставу для ажыўлення пачуццёвасці, таму што звяртаецца да самай прыемнай пары ў жыцці закаханых: падарожжу маладажонаў.

Той, каму давялося з'ездзіць у рамантычнае падарожжа, можа ўзгадаць пачуцці, а той, хто пра гэта толькі марыць, атрымае ўрок: што патрэбна для таго, каб ён не аказаўся сапсаваным для сябе і для іншых. Таму што бываюць жа ў жыцці сітуацыі з серыі "наўмысна не прыдумаеш"! Хоць у нашым варыянце драматург па сваёй волі паставіў герояў у пэўныя абставіны, прымусіўшы выбіраць паміж адным каханнем і другім. А хіба так бывае?

Ну вось жа: пры нечаканай сустрэчы Эліёт і Аманда ўзгадваюць сваё былое сямейнае жыццё. Пачуцці зайгралі зноў, яны збягаюць ад сваіх "палавінак" у Парыж… Сібіла і Віктар хочуць зразумець, што адбываецца. А Парыж — гэта тое месца, дзе ўсё можа заблытацца канчаткова…

Напрыклад, могуць утварыцца любоўныя квадраты. Ці нават паралелепіпеды з выцягнутымі бакамі паралеляў. Інтрыга ў тым, хто ў якой паралелі існуе, а хто з кім проста перакрыжаваўся ў адной кропцы. Проста каханне часам такія фінты выкідвае, што ніякае самае гарачае танга не перадасць. Але менавіта гэты танец, на думку рэжысёра Валянціны Ераньковай і кампазітара Аляксея Еранькова, лепш за ўсё перадае настрой закаханых. Натуральна, што ў гэтым сужэнцам Ераньковым хочацца паверыць. Як, у прынцыпе, можна верыць аўтару п'есы ў тым, што чалавек, па сутнасці сваёй, здольны ўвесь час шукаць сваю другую палову. Нават тады, калі адну ўжо знайшоў… А вось правільна гэта ці не — вясной самы час падумаць. Але што тут думаць? "Інтымная камедыя" — на тое і камедыя. Вы толькі вырашаеце, што ў ёй варта смеху…

ЖОРСТКАЯ

Што можа рабіць у ліфце, які завіс паміж паверхамі, адзінокая жанчына з маладым хлопцам? Ні за што не здагадаецеся! Не, не!.. Таму што ў гэтыя абставіны іх паставілі жанчыны, з іх асаблівым уяўленнем пра важнае і цікавае. Насамрэч, у ліфце можна займацца… псіхааналізам. І бывае, што ў адно імгненне перад чалавекам праплывае ўсё жыццё.

Ніколі не пакутавала ад клаўстрафобіі — і ніколі не баялася ездзіць у ліфце. Юлія Чарняўская, аўтар п'есы "Ліфт", і Галіна Чарнабаева, якая яе паставіла ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, патлумачылі, чаму яго часам варта абыходзіць. Вось бы яшчэ адчуваць — калі і каму…

У прыватнасці, адзінокім жанчынам, якія перажылі асабістую драму, страціўшы каханага, а з ім — і частку сябе. І не важна, куды і чаму ён сышоў. Важна, што потым доўга-доўга-доўга і бясконца можна чапляцца за жыццё і не верыць, што яно недзе ёсць. І толькі апынуўшыся ў "падвешаным стане", паміж жыццём і магчымай смерцю, ты разумееш, дзе насамрэч трэба шукаць кропку апоры. Калі побач у замкнёнай прасторы раптам аказваецца чалавек з нажом. Але калі нагадаць яму, што ён чалавек — магчыма, усё можа аказацца і не так сумна?..

Калі вас зацягнуў тэатральны "Ліфт", то тут нікуды не падзенешся: сум закладзены загадзя ў вызначаным аўтарам жанры "хроніка аднаго забойства". П'еса сучасная, чаго ў нашых тэатрах вельмі-вельмі мала. Як і сучасных беларускіх герояў, у якіх бы ўзіраўся як у люстэрка, імкнучыся лепш зразумець сябе. А часам тэатр дае магчымасць зразумець, што, можа, і не варта надта глыбока капацца ў сабе…

З самага пачатку пазнаёміўшыся з героямі, ты гатовы да таго, што нехта акажацца здольны забіць, а нехта не акажацца здольны жыць. Застаецца толькі цярпліва назіраць: хто? І гадаць: ці не адбудзецца ўсё-такі тут нейкі цуд? А раптам усё-такі якая нечаканасць: забойства ж у мастацтве можа быць і зусім не сапраўдным… Тым больш што гэта спектакль жаночы. Што можа быць у ім?

Жаночыя пачуцці, з якімі абыходзяцца жорстка. Ціхі заклік: будзьце літасцівымі. У ім можа быць жаночая цярплівасць. І тады спектакль — яе выпрабаванне. І пакорлівасць. У гэтым выпадку яна спатрэбіцца гледачу, які можа паставіць сябе на месца ахвяры і скрозь усё дзеянне вызначацца: жыць ці быць забітым. У ліфце ж сядзець можна доўга, і цягам часу можна адчуць ледзь не сапраўдны прыступ клаўстрафобіі…

Але тады разумееш, як жа добра дыхаць вольным паветрам і быць жывым. Рэальна.

Ларыса ЦІМОШЫК.
Звязда. – 2012. – 14 крас. – С. 6.

http://zviazda.by/ru/pril/article.php?id=95987



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: