Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/ЦІ ЛЁГКА СТАЦЬ ПРЫМАДОННАЙ? (Зоя Матусевіч, "Полымя", жнівень 2015)

ЦІ ЛЁГКА СТАЦЬ ПРЫМАДОННАЙ? (Зоя Матусевіч, "Полымя", жнівень 2015)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ЦІ ЛЁГКА СТАЦЬ ПРЫМАДОННАЙ?

Колькі часу патрабуецца маладой артыстцы музычнага тэатра, каб стаць вядучай салісткай? Зрэшты, не ўсе такімі і становяцца. Але калі ў 1999 годзе ў Беларускім музычным тэатры з’явілася выпускніца Акадэміі музыкі Маргарыта Александровіч, то з першых жа спектакляў з яе ўдзелам было зразумела, што сярод салістак яна хутка выйдзе на вядучыя пазіцыі. Чаго варта было толькі яе насычанае, сакавітае сапрана вельмі прыгожага тэмбру, якім яна так умела валодала! А да таго ж яшчэ і прыроджаны артыстызм, і акцёрская арганіка, і неверагодна эфектная сцэнічная знешнасць. Яна не пачынала з масовак, а адразу ўвайшла ў рэпертуар, прычым даволі хутка на амплуа гераіні.

І неўзабаве маладая салістка атрымала сваю першую ўзнагароду: за стварэнне шэрагу яркіх вобразаў на сцэне музычнага тэатра ў 2005 годзе Маргарыце Александровіч была прысуджана Нацыянальная прэмія ў галіне тэатральнага мастацтва імя Ларысы Александроўскай. А праз чатыры гады за высокае выканальніцкае майстэрства і значны ўклад у развіццё беларускага музычнага мастацтва яна была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. Ёсць у артысткі і іншыя дзяржаўныя ўзнагароды: Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі — за яе педагагічную дзейнасць. А ў канцы 2014 года, калі Маргарыта Александровіч служыла ў тэатры ўжо 16-ты сезон, ёй было прысвоена ганаровае званне заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь. 

— Маргарыта, але ж вы не адразу вызначыліся з выбарам прафесіі. Вядома, што спачатку вы закончылі Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Але нешта не верыцца, што вы сапраўды хацелі працаваць у гэтай сферы… 

— А я ні аднаго дня і не працавала па сваёй першай спецыяльнасці. Мае патэнцыяльныя працадаўцы сказалі мне: "Паглядзіце на сябе ў люстэрка — вы бачыце там майстра-будаўніка, які можа трымаць у абцугах рабочых? Ды я і сама да таго часу зразумела, што вельмі хачу спяваць. І зрабіла рашучы крок насустрач сваёй мары — паступіла ў Акадэмію музыкі. 

— Многія студэнты, будучыя вакалісты, пачынаюць спрабаваць сябе на сцэне тэатра яшчэ ў час вучобы — звычайна як артысты хору ў масавых сцэнах. Некаторыя, праўда, атрымліваюць і ролі, і сольныя партыі. А вы прыйшлі ў тэатр ужо дыпламаванай вакалісткай. Сцэна музкамедыі — ваш свядомы выбар? 

— Яшчэ на трэцім курсе Акадэміі музыкі, я, разважаючы пра свой творчы лёс, звярнулася да Наталлі Віктараўны Гайды, каб пачуць яе аўтарытэтнае меркаванне, ці варта мне наогул думаць пра тэатр. Наша першая сустрэча адбылася ў студэнцкай аўдыторыі Акадэміі мастацтваў, дзе Наталля Віктараўна выкладала вакал. Я паказала ёй тыя хітовыя нумары, дзе найбольш яскрава можа праявіць сябе салістка ў гэтым жанры: "Карамбаліну" і "Джудзіту" з аперэт Кальмана і Легара і "Пепіту" з апэрэты Дунаеўскага. І Наталля Віктараўна падказала мне, як больш выразна выконваць гэтыя творы. А яшчэ я прыслухалася да яе парады: не спяшацца хутчэй трапіць на сцэну — спачатку трэба закончыць вучобу і атрымаць належную адукацыю і вакальную падрыхтоўку. 

— Вядома, што навучанне вакалу адбываецца статычна і спяваць лягчэй за ўсё, проста стоячы на сцэне — засяродзіўшыся на якасці выканання. Але ж упэўненае валоданне голасам — далёка не ўсё, што патрабуецца ад артыста музычнага тэатра… 

— Так, маладым вакалістам, якія прыйшлі ў тэатр, спачатку вельмі нязвыкла проста рухацца па сцэне, не кажучы ўжо пра ўменне танцаваць і ўвесь комплекс акцёрскіх навыкаў. Але я лічу, што калі яны могуць добра спяваць і валодаць голасам у статычным стане, то ў працэсе работы ў тэатры змогуць усё гэта звязаць разам — кожны ў меру сваіх артыстычных здольнасцей. Мне пашанцавала, што пры ўваходжанні ў рэпертуар са мной працавала рэжысёр па ўводах Зінаіда Віктараўна Вяржбіцкая, заслужаная артыстка, якая раней сама была адной з вядучых салістак тэатра. Некалі я проста любавалася яе ігрой — яна была вельмі выразнай і запамінальнай у сваіх ролях. Зінаіда Віктараўна строгая, патрабавальная, але пры гэтым добра адчувае, у які момант маладога артыста можна памуштраваць, а ў які трэба падтрымаць. Для мяне асабіста вельмі важнымі былі яе наступныя словы: "Ты навучыся любіць на сцэне, і тады глядач даруе табе ўсе недахопы!.." 
І асобна хочацца сказаць пра ролю Наталлі Віктараўны Гайды ў маім творчым станаўленні. Гэта — мега-зорка недасягальнай велічыні! Яе адказныя адносіны да работы і працаздольнасць самі па сабе былі найлепшым прыкладам для мяне. І яна ў свой час, і я выходзілі на сцэну ў адным і тым жа амплуа, выконвалі адны і тыя ж партыі. Як прафесіянал Наталля Віктараўна мне вельмі блізкая, таму я яе разумею з паўслова. А такое сустракаецца не часта. Бывае, што парады і падказкі іншых, няхай сабе і вельмі слушныя, ты проста не можаш успрыняць, бо інакш мысліш… 

— Для заўзятых тэатралаў шаснаццаць сезонаў, што вы адпрацавалі ў тэатры, — такі ж тэрмін з уласнай прафесійнай дзейнасці. Зазначу: помніцца ўсё. З першых спектакляў з вашым удзелам стала зразумела: вось яна — сапраўдная гераіня і будучая прымадонна. І гэта пры тым, што спачатку вы выйшлі да гледача ў амплуа субрэткі, а на амплуа гераіні вас сталі прызначаць крыху пазней. Што з таго пачатковага перыяду вашай творчасці застанецца ў вашай памяці назаўсёды? 

Margarita_Polymya_1— Ніколі не забуду, як я хвалявалася, выходзячы на сцэну ў сваім першым спектаклі: ад майго нястрымнага дыхання нават калыхалася кветка, якой быў упрыгожаны мой сцэнічны ўбор. Гэта была роля Валянціны ў "Вясёлай удаве". Крыху пазней я выйшла на сцэну ў гэтай самай аперэце ўжо ў ролі Ганны Главары — той самай вясёлай удавы. Так было і ў наступных спектаклях: напрыклад, у "Лятучай мышы" я спачатку іграла Адэль, а потым галоўную гераіню Разалінду; у "Марыцы" — Лізу, а потым саму Марыцу; у "Сільве" — Стасі, а потым Сільву… Канешне, гэта розныя амплуа, але я знаходзіла ў гэтых, здавалася б, супраць- леглых вобразах нейкія паралелі. Напрыклад, у Стасі шмат агульнага з Сільвай: яны прыкладна аднаго ўзросту, абедзве — разумніцы, маюць уласны погляд на свет, але пры гэтым Стасі, будучы арыстакраткай, лёгкая і бесклапотная ў жыцці, а Сільва вымушана сама забяспечваць сваё існаванне. А ўзяць Лізу і Марыцу: яны таксама паходзяць з розных сацыяльных слаёў, але ў жыццёвых перыпетыях падобныя, як дзве сяброўкі. І ўжо цяпер я магу сказаць, што гэта былі якраз такія ролі, якія я ў пачатку свайго творчага шляху і павінна была выконваць. Прычым я рабіла гэта з задавальненнем. У іх жа быў той акцёрскі сінтэз, які малады артыст абавязаны ў сабе развіваць. І потым я ўжо больш раскавана адчувала сябе ў амплуа гераіні. 

— У апошнія пяць гадоў у вашым творчым калектыве склалася вельмі спрыяльная сітуацыя менавіта для вакалістаў: мастацкі кіраўнік тэатра Адам Асманавіч Мурзіч — вядомы вакальны педагог, вучні якога праявілі сябе далёка за межамі Беларусі, зразумела, уважліва сочыць за кожным салістам тэатра і дапамагае яму падтрымліваць добрую вакальную форму. Наколькі важнай з’яўляецца яго падтрымка асабіста для вас? 

— О, Адам Асманавіч па сваім таленце, аўтарытэце і ўплыве — педагог нумар адзін! І не толькі ў маштабах Беларусі. А ў дачыненні да салістаў нашага тэатра ён вельмі дакладна ведае, што трэба кожнаму з нас, как лепш спяваць. І з кожным ён працуе індывідуальна. Раней я нават марыць не магла, што змагу паказаць сваю партыю педагогу такога ўзроўню! Я б звярталася да Адама Асманавіча кожны дзень (нават па два разы на дзень!), але яго занятасць гэтага не дазваляе. Лічу, што ўсім нам проста казачна пашанцавала, што ў тэатры ёсць такі высакакласны спецыяліст, здольны трымаць у належным тонусе ўсіх салістаў. 

Margarita_Polymya_2— Некалькі гадоў назад у тэатры пагаворвалі аб раздзяленні трупы на дзве часткі: у першую ўвайшлі б салісты з акадэмічнай вакальнай падрыхтоўкай, якія б удзельнічалі ў класічных пастаноўках, а ў другую — тыя, якім бліжэй мюзікл і іншыя сучасныя стылі. Нават не ўзнікае пытання, у якой частцы трупы вы б аказаліся, калі б такі падзел сапраўды адбыўся. Падобная практыка сёння існуе ў многіх музычных тэатрах, і яна апраўдана, бо сапраўды, манера выканання і галасавая падача ўжывую і ў мікрафон зусім розныя. Канешне, ёсць вакалісты, якім аднолькава добра ўдаецца спяваць і ў адной, і ў другой манеры, да якіх адносіцеся і вы, аднак усё ж гэта не ідзе на карысць голасу… Як вы асабіста ставіцеся да гэтага пытання? 

— З такім рацыянальным падыходам да справы нельга не пагадзіцца, але наша трупа не настолькі ўкамплектавана салістамі, каб яе можна было раздзяліць. І рэжысёры бачаць, хто з нас можа паспяхова працаваць у двух жанрах, а каму той ці іншы стыль або амплуа супрацьпаказаны. Сапраўды, з аднаго боку, для вакаліста лепш і лягчэй працаваць у адным жанры, а з другога — яго творчы дыяпазон пры гэтым будзе ў пэўным сэнсе абмежаваны. Мне асабіста цікава спрабаваць сябе ў розных жанрах і стылях, бо гэта развівае тваю акцёрскую сутнасць. Зразумела, я вельмі люблю класіку. "Сільва", "Прынцэса цырка", "Лятучая мыш", "Вясёлая ўдава", "Граф Люксембург"… Гэта спектаклі, дзе выходзіш на сцэну і, спяваючы ўжывую, проста купаешся ў музыцы!.. Але, напрыклад, я з задавальненнем працую і ў мюзікле "Шклянка вады", які вызначаецца яркасцю музычных вобразаў. Там вельмі прыгожая музыка Уладзіміра Кандрусевіча, якая дапамагае раскрыць вобраз маёй гераіні герцагіні Мальбара — жалезнай лэдзі, непахіснай і ў палітыцы, і ў каханні. У "Блакітнай камеі" таксама цікавая работа — роля Кацярыны Вялікай, якая на працягу амаль трох з паловай дзесяцігоддзяў правіла Расійскай імперыяй. А ўзяць ролю Панінай у "Паручніку Ржэўскім" — вобраз былой актрысы, якая вучыць дачку фліртаваць! А якая драматургічна насычаная роля Васілісы ў "Соф’і Гальшанскай"! Музыку да гэтага твора, якая вельмі моцна бярэ за душу, напісаў Уладзімір Кандрусевіч, лібрэта — Алена Турава. А пастаноўку ажыццявіў наш галоўны рэжысёр Міхаіл Кавальчык. У такіх спектаклях ёсць магчымасць акунуцца ў сапраўдныя драматычныя калізіі, праявіць свае акцёрскія здольнасці, больш ярка паказаць сябе ў дыялогу, у пластыцы, у танцы… Пасля гэтага ты ўжо больш раскавана адчуваеш сябе і ў класічнай пастаноўцы, бо сёння ж і аперэты ставяць не так, як 100 ці нават 50 гадоў назад. 

— Значнае месца ў вашым творчым жыцці займае і канцэртная дзейнасць. Ёсць праграмы, якія рыхтуюцца ў тэатры і нагадваюць тэатралізаваныя канцэрты, напрыклад, "Цудоўны свет аперэты", "Мюзікл-гала" або "Вечар раманса". Але ж вы выступаеце і на многіх канцэртных пляцоўках з самым разнастайным рэпертуарам, у тым ліку і з масавай песняй. Вам цікава адчуваць сябе проста спявачкай? 

— Так, я вельмі люблю канцэрты. На пачатку маёй творчай дзейнасці быў выпадак, калі я ў Дзень горада выступіла на пяці канцэртных пляцоўках! І цяпер, калі, напрыклад, з-за сваёй занятасці не магу прыняць прапанову, узнікае адчуванне своеасаблівай настальгіі — я люблю проста спяваць. Але не трэба думаць, што кожны канцэрт праходзіць для спевака лёгка і нязмушана. Часам даводзіцца зведваць і пэўнае псіхалагічнае напружанне, якога не бывае ў тэатры. Напрыклад, калі цябе не раздзяляе з гледачом рампа і ты адчуваеш на сабе не проста зацікаўленыя, а пранізлівыя позіркі… 

— У апошні час у Мінску здымаецца шмат фільмаў, у асноўным расійскіх, і многія артысты нашых тэатраў прымаюць у іх удзел, здымаючыся звычайна ў эпізодах. А ці даводзілася вам гэтым займацца? 

— Даводзілася. Здымалася ў невялікіх эпізодах у некалькіх фільмах. Мяне гэта работа прыцягвала сваёй навізной. Тут усё зусім не так, як у тэатры. Напрыклад, калі сёння ў спектаклі ў цябе нешта атрымалася не вельмі добра, то ў наступны раз можна зрабіць лепш. А ў фільме ўжо нічога не пераробіш, таму на здымкі, скажам, троххвіліннага эпізоду траціцца шмат гадзін работы. 

— Нельга абысці ўвагай і яшчэ адну важную сферу вашай дзейнасці — педагагічную. Вядома, што пасля заканчэння Акадэміі музыкі вы паступілі ў магістратуру і атрымалі акадэмічную ступень магістра мастацтваў. Відавочна, што вас прыцягвае паглыбленне ў сферу прафесійных ведаў і імкненне перадаваць іх другім. Якое месца ў вашым творчым жыцці займае педагогіка і як вы яе сумяшчаеце з работай у тэатры? 

— Працаваць у тэатры і выкладаць на кафедры вакалу ў педуніверсітэце я пачала адначасова — у 1999 годзе, пасля заканчэння Акадэміі музыкі. У маім дыпломе запісана, што па спецыяльнасці я "Оперная і камерная спявачка і выкладчык вакальных дысцыплін". На працягу 15-ці навучальных гадоў я выкладала вакал на музычна-педагагічным факультэце, дзе рыхтуюць настаўнікаў музыкі і спеваў, і была проста ў захапленні ад гэтай работы. На жаль, апошні навучальны год вызначыўся тым, што ў педуніверсітэце спынілі набор студэнтаў на дзённае аддзяленне па гэтай спецыяльнасці і шэрагу выкладчыкаў давялося пакінуць займаемыя пасады. А ўся гэта сітуацыя выклікана тым, што ў школе адбылося рэзкае скарачэнне ўрокаў музыкі і спеваў і адпаведна — колькасці настаўнікаў. Калі раней гэты прадмет выкладалі да сёмага-восьмага класаў, то цяпер толькі да чацвёртага. Але я ўсё ж спадзяюся, што гэта — не назаўсёды. Наогул, музыка — тая дысцыпліна, якая развівае не толькі культуру і творчыя здольнасці, але і спрыяе развіццю вобразнага мыслення, якое патрэбна ў розных відах дзейнасці. І я лічу, што для звычайных вучняў агульнаадукацыйнай школы адзін такі ўрок на тыдзень да восьмага-дзявятага класаў трэба захаваць. 
Цяпер я працягваю займацца педагагічнай дзейнасцю ва ўніверсітэце культуры, дзе выкладаю вакал на курсах павышэння кваліфікацыі — гэта значыць, працую з людзьмі, якія ўжо маюць адпаведную адукацыю і хочуць павысіць сваю кваліфікацыю ці атрымаць новую спецыялізацыю. Але я спадзяюся, што да сваёй ранейшай работы са студэнтамі ў педуніверсітэце я рана ці позна вярнуся і што прафесія настаўніка музыкі не стане выміраючай. 

— Ёсць такое паняцце — рэжым спевака, пра які ўсе вакалісты ведаюць, але які не заўсёды ў поўнай меры выконваюць. А вы, як вакальны педагог, да таго ж павінны прывіваць яго іншым. Цікава, а як вы асабіста ставіцеся да гэтага рэжыму і наколькі строга прытрымліваецеся яго ў штодзённым жыцці? 

Margarita_Polymya_3— Мне рэжым спевака і гігіена голасу проста неабходны! Інакш могуць узнікнуць праблемы. У першую чаргу трэба выконваць самае простае: засцерагацца ад пераахалоджвання і ў тым ліку ад банальнага скразняку, не піць у разгарачаным стане халоднае, і наадварот, прыйшоўшы з холаду, адразу не піць гарачае, бо гэта можа выклікаць захворванне органаў дыхання і, адпаведна, галасавога апарату. Трэба берагчы слізістую абалонку гартані і галасавыя звязкі ад раздражнення, якое ўзнікае пасля ўжывання ў ежу, напрыклад, цытрусавых, вінаграду, арэхаў, мёду… Шкодныя таксама і газіраваныя напіткі. Таму ў дзень спектакля ці канцэрта ад іх трэба адмовіцца. Не гаворачы ўжо пра марожанае, якое, дарэчы, я вельмі люблю, але дазваляю сабе толькі ў час адпачынку, калі не спяваю. 
Ёсць, канешне, унікумы, якія, разгарачыўшыся, могуць, напрыклад, малако адразу з халадзільніка выпіць і пры гэтым не мець ніякіх праблем. І як тут не ўспомніць выпадак пра аднаго з лепшых тэнараў сучаснасці Пласіда Дамінга, апісаны ў кнізе яго мемуараў "Мае першыя сорак гадоў". У час гастроляў у Маскве на банкеце славутаму тэнару падалі цёплае піва — ніхто б не рызыкнуў падаць яму ахалоджанае! Але Дамінга адрэагаваў на гэта зусім нечакана — загадаў паставіць яго ў халадзільнік!.. 
Вакалісту вельмі важна мець моцны імунітэт, каб супрацьстаяць прастудным захворванням. І наогул яму як артысту трэба знаходзіцца ў добрай фізічнай форме. Бо, напрыклад, калі ў цябе задышка, а ў спектаклі многа руху і танцаў, дык як ты будзеш спяваць? Акрамя таго, галасавы апарат павінен увесь час знаходзіцца ў тонусе. А калі ты некаторы час не спяваеш, то гэты тонус зніжаецца. Таму я і ў час адпачынку стараюся ў гэтым плане не расслабляцца. Канешне, бываюць сітуацыі, калі спяваць проста няма дзе. У мяне аднойчы быў выпадак, калі я прыляцела з Турцыі, а назаўтра — адразу канцэрт. Праграму праспявала добра, але адразу адчула, што голас падсеў. Вось што значыць не падтрымліваць галасавы апарат у тонусе. 

— Улічваючы вашу занятасць, вы не можаце шмат часу адводзіць, скажам, на актыўны адпачынак ці розныя аздараўленчыя працэдуры. Але ж фізічную форму, па ўсім відаць, пастаянна падтрымліваеце. Як вам гэта ўдаецца? 

— Я выкарыстоўваю кожную магчымасць, каб пабыць на прыродзе — гэта ж зараджае энергіяй і проста прыемна. Вельмі люблю ваду, плаванне, таму кожны год еду ў адпачынак на мора, дзе, здаецца, набіраюся сіл на цэлы год. Ну а тут, у Мінску, па магчымасці наведваю басейн, але не зімой, бо там скразнякі і можна прастыць. 
Відаць, любоў да прыроды, да ўсяго жывога ў мяне з дзяцінства. Бо я нарадзілася і вырасла ў доме, размешчаным у прыватным сектары Мінска. І да гэтага часу з настальгіяй успамінаю свае дзіцячыя і юнацкія гады… Мы жылі ў раёне вуліцы Чарвякова: выходзіш з дому — і ні з чым не параўнальнае адчуванне блізкасці зямлі!.. Свой садок, свой парнічок, градкі, кветкі… І незабыўны пах чаромхі!.. А зімою — свежы белы снег. І як у кожным прыватным доме — сабачка з коцікам, якія раскашуюць сабе на волі… 
Ужо даўно, з 1991 года, я жыву ў шматпавярхоўцы ў мікрараёне Малінаўка, на вуліцы Касманаўтаў. Спачатку мне цяжка было прывыкнуць да гэтай, так бы мовіць, абмежаванасці жыццёвай прасторы… Але з цягам часу я прызвычаілася да новых умоў жыцця і адчула іх перавагі. Самы просты прыклад: у доме раптам прапала электрычнасць, але я ведаю, што адпаведныя службы хутка ўсё наладзяць. А вось жывучы ў прыватным сектары, трэба ўсе пытанні жыццезабеспячэння вырашаць самім, не кажучы ўжо пра розныя рамонтныя работы… І паступова я пачала адчуваць сябе камфортна ў гэтым мікрараёне, ацаніла яго інфраструктуру і галоўнае — шыкоўны прыродны ландшафт, дзе знаходзіцца выток ракі Лошыца і закладзены цудоўны парк, які носіць імя былога мэра Мінска Міхаіла Паўлава. 

* * * 

Важна, як артыстку ацэньвае публіка, што пра яе пішуць крытыкі, але найбольшае значэнне мае вага яе творчага патэнцыялу ўнутры тэатра, сярод яго галоўных спецыялістаў. І яшчэ: для салісткі музычнага тэатра, якая выступае ў амплуа гераіні, вельмі важна мець пастаяннага партнёра — асабліва ў спектаклях класічнага рэпертуару. І калі такі трывалы дуэт у тэатры існуе, то і поспех пастановак ужо ў многім будзе прадвызначаны. І хто яшчэ больш кампетэнтна можа паразважаць аб гэтых пытаннях, як не кіраўнікі тэатра, якія адказваюць за яго пастановачны працэс і працуюць з кожным салістам. 

Мастацкі кіраўнік тэатра Адам Мурзіч: Ідэальным партнёрам для Маргарыты Александровіч на сённяшні день з’яўляецца, канешне, Антон Заянчкоўскі. Па зладжанасці выканання, па сваёй сцэнічнай выразнасці, па фактуры яны вельмі адпавядаюць адзін аднаму. І галоўнае, як ніхто іншы, яны адчуваюць дух класічнай аперэты. Я ж займаюся і з Маргарытай, і з Антонам, і з задавальненнем гэта адзначаю. У класічных пастаноўках Маргарыта, бясспрэчна — чыстая гераіня. Вельмі выразная і надзвычай арганічная. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова ўбачыць яе, напрыклад, у ролі Сільвы. Бог надзяліў гэтую артыстку яркай сцэнічнай знешнасцю, дзе ёсць усё — і прыгажосць, і рост, і стан; і вельмі прыгожым голасам, якім яна так умела карыстаецца. Ад прыроды ў Маргарыты лірыка-каларатурнае сапрана, але яна перастроілася на лірычнае сапрана, што больш адпавядае яе амплуа. Яна вельмі музыкальная, і свае вобразы ў спектаклях раскрывае перш за ўсё музычнымі, вакальнымі сродкамі. 
І ў мюзіклах Маргарыта не менш выразная і яркая. Надзвычай тонка адчувае музычную драматургію твора і ўмела праводзіць яе праз увесь спектакль. Гэта вельмі яскрава праяўляецца, напрыклад, у "Соф’і Гальшанскай", дзе артыстка паказвае шматгранны вобраз сваёй гераіні, раскрываючы яе ўнутраную драму. Здавалася б, такі прыгожы, пяшчотна-лірычны голас, а колькі ў ім адценняў і драматызму! 
Наогул, Маргарыта можа працаваць у любым жанры, спяваць у розных стылях, бо мае выдатную музычную адукацыю і добра арыентуецца ў свеце музыкі. У яе шмат канцэртных праграм, у якіх яна спявае і ў сучаснай манеры, але заўсёды стыльна і высакародна. Нават выконваючы масавую песню, яна ніколі не здрадзіць густу, не апусціцца да той планкі, дзе пачынае губляцца прафесіяналізм. А на творчы лёс Маргарыты ў тэатры вельмі дабратворны ўплыў аказала Наталля Віктараўна Гайда. Яна яе і вучыла, і падтрымлівала, і нават ў чымсьці аберагала. Гэта той рэдкі выпадак, калі старэйшая прымадонна сваімі рукамі вырошчвала малодшую. І сёння Маргарыта — бясспрэчная прыма, на якой трымаецца 75 працэнтаў рэпертуару. 

Галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Кавальчык: Маргарыта Александровіч — тая артыстка, якая, можна сказаць, ідэальна выконвае задачу рэжысёра. Але пры гэтым яна не слепа падпарадкоўваецца яго волі! Яна ўмее ў рэжысёрскую канцэпцыю прыўнесці нешта сваё, аўтарскае, што ў выніку толькі ўзбагачае ствараемы ёю вобраз. Гэта вельмі ўдумлівая артыстка, строгая і адказная ў рабоце, якая ніколі не дазваляе сабе на рэпетыцыях неяк расслабіцца ці працаваць напаўсілы. Яна і ў рэпетыцыйнай зале такая ж, як і на сцэне. Да таго ж Маргарыце ўласціва вельмі дакладнае пачуццё жанру: калі глядач прыйшоў, скажам, на класічную пастаноўку, то ў яе асобе ён бачыць на сцэне сапраўдную аперэтачную гераіню. Яна валодае поўным комплексам артыстычных якасцей і выразных сродкаў, якія патрабуюцца для гэтага амплуа. Да таго ж у яе вельмі яркая і выразная сцэнічная знешнасць, што разам з яе прыцягальнасцю і абаяннем проста заварожваюць гледача — у такую гераіню нельга не закахацца! Бясспрэчна, на сённяшні дзень яна — салістка нумар адзін у тэатры, сапраўдная прымадонна, на якую ідзе глядач. 
Так званы лёгкі жанр аперэты толькі з выгляду здаецца такім — дзякуючы сінтэтычнаму таленту выканаўцаў і іх адточанаму майстэрству. І не кожнаму артысту ён пад сілу. Вось нядаўна ў нас у Мінску гастраляваў славуты Дзмітрый Хварастоўскі, які выступаў на сцэне Палаца Рэспублікі разам з аркестрам нашага тэатра. І ў прыватнай гутарцы ён сказаў літаральна наступнае: "Выконваць аперэту я не магу, больш таго — не ўмею, бо ў гэтым жанры трэба яшчэ і гаварыць…" (А пра тое, што ў аперэце трэба яшчэ і танцаваць, славуты спявак наогул далікатна змоўчаў...) 
Артысты музычнага тэатра наогул павінны быць універсальнымі, і Маргарыта поўнасцю адпавядае гэтаму крытэрыю. Акрамя бліскучага комплексу артысткі аперэты, яна яшчэ мае і драматычны талент, што для мяне, як рэжысёра, надзвычай важна. Такая выканаўца здольна несці ў спектаклі вялікую драматургічную нагрузку. І гэта выразна праяўляецца ў мюзіклах, заснаваных, як правіла, на сур’ёзнай драматургіі. Напрыклад, у "Соф’і Гальшанскай" ёй удалося нават істотна ўмацаваць драматычную лінію сваёй гераіні, выпісаную, скажам так, не зусім па-чэхаўску. І нам трэба абавязкова паставіць спецыяльна на Маргарыту такі спектакль, дзе б яна выканала не проста цэнтральную, а бенефісную ролю. 

Зоя МАТУСЕВІЧ. 
Полымя. - 2015. - жнів. 
Фота з архіва тэатра.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: