Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Кацярына ШЫМАНОВІЧ: "Жанчыне-кампазітару даводзіцца даказваць, што яна можа пісаць музыку" (Любоў Сыцько, "Літаратура і мастацтва", 03.05.2019)

Кацярына ШЫМАНОВІЧ: "Жанчыне-кампазітару даводзіцца даказваць, што яна можа пісаць музыку" (Любоў Сыцько, "Літаратура і мастацтва", 03.05.2019)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

Кацярына ШЫМАНОВІЧ: "Жанчыне-кампазітару даводзіцца даказваць, што яна можа пісаць музыку"

Біяхімік па першай спецыяльнасці, спецыяліст па музычнай тэрапіі, шматдзетная маці — усё гэта сышлося ў адной асобе, якая плённа стварае як кампазітар. Напрыклад, напрыканцы сакавіка на сцэне Музычнага тэатра адбылася прэм’ера балета для дзяцей "Джэймс і Персік-волат" у пастаноўцы Сяргея Мікеля. Музыку балета напісала малады кампазітар Кацярына Шымановіч.

шиманович лим — Даволі распаўсюджаны стэрэатып, быццам дзіцячая музыка простая, абмежаваная тэхнічна і вобразна. На што варта звярнуць увагу кампазітару пры напісанні музыкі для дзяцей? На які ўзровень складанасці трэба арыентавацца?

— Складанне дзіцячай музыкі — задача адказная і няпростая, патрабуе пэўнага кампазітарскага майстэрства. Калі гаворка ідзе пра творы, прызначаныя для выканання самімі дзецьмі, аўтар на шляху дасягнення пастаўленай мастацкай мэты абмежаваны ўзроўнем тэхнічнай складанасці, даступнай юнаму выканаўцу. Калі ж гаворка пра музыку для дзіцячай аўдыторыі ў выкананні прафесійных музыкаў, на першы план выходзіць патрабаванне мастацкай значнасці і яркасці мастацкага матэрыялу.

Сапраўды, існуе меркаванне, што, складаючы дзіцячую музыку, кампазітар можа не асабліва напружвацца і пісаць прасцей. Я ж прытрымліваюся іншага меркавання. Многія дзеці па глыбіні і шчырасці ўспрымання могуць даць фору сярэднестатыстычнаму абывацелю, які па волі выпадку апынуўся на канцэрце сучаснай музыкі. Акрамя таго, музыка, якую дзіця чуе сёння, фарміруе мастацкі густ і каштоўнасці наступнага пакалення слухачоў і музыкантаў. З гэтага пункту гледжання, сачыненне дзіцячай музыкі — задача складаная і адказная, да яе рэалізацыі трэба падыходзіць адпаведна.

— На мой погляд, вяршыня жанру ў галіне твораў для дзяцей, у любым відзе мастацтва, няхай гэта будзе літаратура, музыка або жывапіс, — творы, у якіх дарослыя таксама могуць многае вынесці для сябе. Як у музыцы знайсці выразныя сродкі, якія будуць даступныя і дзецям, і дарослым?

— Калі вярнуцца да тэмы балета, у якім няма дыялогаў, а сюжэт глядач даведваецца з кароткага зместу ў праграмках, уся гісторыя павінна быць напісана вельмі буйнымі мазкамі, а ўсе вобразы трэба зрабіць вельмі яркімі. Сюжэтная лінія павінна быць паказана максімальна выпукла, утрыравана, для таго, каб быць слухачу зразумелай, асабліва калі гаворка пра дзецей.

У сваёй творчасці я заўсёды імкнуся максімальна выкладвацца, пісаць глыбокую музыку, нават для маленькіх слухачоў. І тады гэта музыка можа быць цікавая і дарослым, і дзецям. Агульнавядомы факт, што нованароджаным дзецям для гарманічнага развіцця рэкамендуюць слухаць Моцарта. А яго музыку ніхто не можа папракнуць у павярхоўнасці і адсутнасці глыбіні. Да гэтага ўзроўню трэба імкнуцца.

— Балет "Джэймс і Персік-волат" — не першае ваша маштабнае сачыненне для дзяцей. Тры гады таму ў выкананні капэлы "Санорус" прагучала прэм’ера музычнай казкі "Дарункі для сапраўднай прынцэсы". Ці былі адрозненні ў працы над гэтымі творамі?

— Было некалькі істотных адрозненняў. Першае датычыцца жанру. "Дарункі для сапраўднай прынцэсы" — гэта музычная казка, дзе на першым плане сцэнічнае дзеянне, а музыка, хутчэй, дапаўняе яго і надае спектаклю аб’ём. Але, у першую чаргу, слухач усё ж захоплены дыялогамі і ігрой акцёраў. У балеце ж музыка выходзіць на першы план, а харэаграфія яе ўвасабляе і дапаўняе.

Другое адрозненне заключалася ў тым, што ў казцы, якую ставіла капэла "Санорус", была выкарыстана музыка, што я стварыла раней. Сюжэт быў напісаны спецыяльна пад ужо існуючыя творы, у якія толькі трэба было ўнесці невялікія праўкі. А што датычыцца балета, то сюжэт і лібрэта з’явіліся да таго, як пачалася праца над музычнай часткай твора.

Ну і, вядома, нельга абысці ўвагай той факт, што ў абодвух выпадках за дырыжорскім пультам стаяла выдатны ва ўсіх сэнсах дырыжор Марына Траццякова.

— У Акадэміі музыкі вы вучыліся ў Вячаслава Кузняцова — прызнанага майстра, у тым ліку і ў галіне балетнага жанру. Ці запазычылі для сябе нейкія метады? Як ішло навучанне?

— Манера выкладання на кафедры кампазіцыі ў розных педагогаў адрозніваецца, таму важна знайсці роднасную душу. Мне вельмі пашанцавала ў гэтых адносінах, паколькі, на мой погляд, мы ідэальна падыходзілі адзін аднаму. Вячаслаў Уладзіміравіч даваў большую свабоду дзеянняў, але ўмела накіроўваў у патрэбнае рэчышча, заахвочваў усе пачынанні. Напрыклад, на першым курсе я напісала сімфанічны твор, што ўвогуле не ўхваляецца на кафедры, паколькі навучанне кампазіцыі будуецца па прынцыпе паступовага ўскладнення музычных формаў і маштабаў твора. Сачыненне для сімфанічнага аркестра — задача складаная, патрабуе глыбокіх ведаў, сумежных з кампазіцыяй дысцыплін: інструмента, інструментоўкі. Таму па праграме студэнт-кампазітар павінен пісаць сімфанічны твор толькі на чацвёртым курсе — пасля таго, як авалодае асновамі кампазітарскай тэхнікі. Калі ж я, будучы першакурсніцай, прыйшла на ўрок да Вячаслава Уладзіміравіча і выказала жаданне напісаць твор для сімфанічнага аркестра, ён мяне цалкам падтрымаў і дапамог вырашыць складаную задачу, якую я паставіла перад сабой. Думаю, гэты эпізод аказаў істотны ўплыў на маю далейшую творчасць. І сёння я пішу шмат сімфанічнай музыкі.

Вядома, Вячаслаў Уладзіміравіч не толькі выдатны настаўнік, але і бліскучы мастак, які запальвае вучняў асабістым прыкладам. Безумоўна, ён для мяне — прыклад для пераймання і натхнення.

— Па першай спецыяльнасці вы біяхімік. У гісторыі музыкі вядомыя прыклады, калі ў кампазітары злучаюцца некалькі прафесій: так, Ксенакіс быў яшчэ і архітэктарам, што аказала ўплыў на яго партытуры. Ці ўплывае ваша першая прафесія на кампазітарскую творчасць?

— Я лічу, што падзеі, з якімі мы сутыкаемся ў жыцці, адбываюцца не проста так. Усе яны фарміруюць нашу асобу і наша мысленне. Мой звілісты шлях да кампазіцыі, безумоўна, аказаў уплыў на фарміраванне мяне як кампазітара і надаў пэўную індывідуальнасць. Акрамя таго, два з паловай года таму я атрымала прапанову, якая дазволіла аб’яднаць абедзве мае прафесіі. На працягу двух гадоў я выкладала музычную тэрапію ў Акадэміі музыкі. За час падрыхтоўкі курса і выкладання музычнай тэрапіі я прачытала мноства літаратуры на гэтую тэму і прыйшла да больш глыбокага разумення таго, што музыка не толькі фарміруе душу, але і ўплывае на псіхіку і нават на цела. І гэта таксама з’яўляецца адной са сфер адказнасці кампазітара перад слухачом.

— Кампазітар Галіна Гарэлава ў інтэрв’ю не раз адзначала, што, нягледзячы на тое, што на кафедры кампазіцыі Акадэміі музыкі сёння вучацца пераважна дзяўчаты, у прафесіі ў асноўным застаюцца мужчыны, паколькі заняткі кампазіцыяй патрабуюць поўнай аддачы, а рана ці позна жанчыне даводзіцца рабіць выбар паміж прафесіяй і сям’ёй. Вы шматдзетная мама. Як вам удаецца сумяшчаць прафесійную дзейнасць з сямейным клопатам?

— Вялікую ролю адыгрывае падтрымка маёй сям’і — мужа і бацькоў. Значную дапамогу ў творчасці адчуваю з боку мужа Яўгена Шымановіча. Ён высакакласны музыкант-кларнетыст. Таму ў мяне шмат твораў для кларнета, прэм’еры якіх гучаць у выкананні мужа. Ён мяне пастаянна падтрымлівае і, што не менш важна, з’яўляецца першым і абавязковым цэнзарам маіх твораў.

Наяўнасць жа дзяцей змушае пастаянна вучыцца правільна распараджацца сваім часам і рэсурсамі і дасягаць максімальнага выніку за мінімальны тэрмін. А гэта дае перавагу ў такіх "спрынтарскіх" праектах, якім стаў, напрыклад, балет "Джэймс і Персік-волат": ад моманту з’яўлення канчатковай версіі лібрэта і да прэм’еры прайшло каля 4 месяцаў. Акрамя таго, мне, напэўна, прасцей зразумець вобразную сферу дзяцей, адчуць, што ім можа быць цікава, на якім узроўні гэта павінна быць выкладзена, пераняць, калі трэба, дзіцячы стыль мыслення.

Што датычыцца таго факту, што ў прафесіі застаюцца ў асноўным мужчыны, мне здаецца, справа не толькі ў тым, што дзяўчаты з галавой сыходзяць у сям’ю. На мой погляд, істотную ролю адыгрывае тое, што кампазіцыя негалосна лічыцца мужчынскі прафесіяй і жанчыны-кампазітары ўспрымаюцца як артэфакт, да якога з падазрэннем ставяцца нават іншыя кампазітар-she. Таму жанчыне-кампазітару даводзіцца даказваць, што, нягледзячы на свой пол, яна таксама ўмее і можа пісаць музыку — магчыма, робіць гэта крыху па-іншаму, але не горш за мужчын. А вось да гэтага, мне здаецца, гатовыя не многія.

Любоў СЫЦЬКО
Літаратура і мастацтва. - 2019. - 3 мая



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: