Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У палоне міфа (Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК, "Літаратура і мастацтва", 08.07.2018)

У палоне міфа (Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК, "Літаратура і мастацтва", 08.07.2018)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

У палоне міфа

Паэт, якога хочацца зразумець больш глыбока: яго вершы западаюць у душу, яго словы актуальныя дагэтуль. А ў яго біяграфіі застаецца шмат таямніц, шмат пытанняў, дакладных адказаў на якія гісторыя пакуль не дала. Таму кожны зварот да асобы Янкі Купалы — у кнігах, тэатральных пастаноўках, дакументальных кінапраектах — прыцягвае. І прымушае думаць пра тое, што было каштоўным для Купалы, як шануем яго каштоўнасці мы? І пра тое, якога шанавання сёння варты ён?..
4_26_kupala
Трэба хваліць.

Асабліва калі сваё.

Асабліва калі рабілі твае знаёмыя.

А тым больш на беларускай мове, якая гучыць не абы-дзе, а на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Менавіта з такімі светлымі думкамі я вяртаўся 28 чэрвеня з прэм’еры музычнага спектакля Алега Хадоскі "Жыццё і смерць Янкі Купалы".

Спатрэбілася некалькі дзён, каб я зразумеў, што ў гэтай пастаноўцы мне спадабалася ўсё.

Цудоўныя галасы, багатая на самыя розныя адценні музыка, неназаляльная ў сваёй сціплай нязмушанасці відэапраекцыя (куды без яе ў сучасным спектаклі?), лаканічная сцэнаграфія, з абавязковым, падвешаным зверху велізарным купальскім вянком (які ў асабліва драматычных момантах ператвараўся ў цярновы), звыкла-статычныя мізансцэны падчас арый, ды загадкавыя танцы масоўкі (асабліва эпізоды з удзелам пацукападобных тайных агентаў, чые імпульсіўныя рухі нагадвалі нейкую істэрычную гімнастыку).

Асабліва кранала сама драматургія.

Насуперак меркаванням многіх літаратуразнаўцаў, аўтары (Анатоль Дзялендзік, Анатоль Зэкаў, Алег Хадоска) з камсамольскай упэўненасцю пакідаюць у аснове свайго лібрэта даўні, кананічны міф пра тое, што сапраўдным каханнем Янкі Купалы была Паўліна Мядзёлка.

О, так! Не верыце ў існаванне такога адзінага і непаўторнага рамана? Атруціліся скепсісам Георгія Коласа, прачытаўшы яго кнігу "Карані міфаў"? Тады майце ў сабе смеласць забыць гэтае няправільнае выданне. Выкіньце з галавы як страшны сон і лепей перачытайце ўспаміны самой Мядзёлкі "Сцежкамі жыцця" (яны сталі драматургічным каркасам п’есы).

Паверце ў існаванне падобных "сцежак" так жа, як гэта зрабілі аўтары лібрэта (бо калі атрымалася ў іх, то няўжо не атрымаецца ў вас?), пастаўцеся да напісанага Мядзёлкай з той дзіцячай адкрытасцю верніка, які гартае Святое Пісанне, і тады нават думкі не дапусціце, што малады паэт мог мець раман з юнай Канстанцыяй Буйло (яны правялі рамантычную ноч у рэдакцыі "Нашай нівы", і ў далейшым Купала спрыяў яе творчасці), не будзеце фантазіраваць пра больш познія рамантычныя прыгоды нашага песняра, калі ён у канцы 30-х прыязджаў у адзін з грузінскіх санаторыяў, дзе яго з нецярпеннем чакала каханая доктарка.

Не, не і не.

Музай Янкі Купалы была, ёсць і будзе толькі адна Мядзёлка, а ўсё астатняе хай лепей патоне ў тумане мінуўшчыны.

Але стваральнікі спектакля не проста пераказваюць вядомую, яшчэ са школьнай парты, гісторыю кахання Янкі і Паўлінкі. Такой прадказальнай банальнасці вы не знойдзеце.

Тут падыход творчы.

Нават, не пабаюся гэтага слова, творча-постмадэрновы.

Постмадэрну, як вядома, уласціва цытатнасць.

Калі мы назіраем за любоўным трохкутнікам (Купала — Мядзёлка — Уладзіслава Францаўна), а затым бачым, як Паўлінку (цяжарную!) арыштоўвае ДПУ і ў турме яна губляе дзіця, то не ведаю, як астатнім гледачам, а мне захацелася запляскаць у ладкі і крыкнуць: "Якія ж вы, шаноўныя аўтары лібрэта, малайцы! Як тонка пераасэнсавалі сюжэт славутай кнігі Вольгі Івінскай “У палоне часу” і з якой балетнай лёгкасцю перанеслі на беларускую глебу".

Таму, хто не чытаў кнігу, нагадаю, у чым сутнасць. Вольга Івінская пакахала сусветна вядомага жанатага паэта Барыса Пастарнака, зацяжарыла, была арыштаваная савецкімі спецслужбамі, якія хацелі выкарыстаць Івінскую супраць каханка, і падчас зняволення ў яе адбыўся выкідыш.

У спектаклі Хадоскі сюжэт той жа. Чым не прычына палюбіць гэты багаты на алюзіі і творчыя сюжэтныя пераасэнсаванні спектакль з яшчэ большай сілай?

Ізноў жа трэба адзначыць тонкі густ аўтараў "Жыцця і смерці...". Акрамя згаданага моманту, падобнай постмадэрновай цытатнасцю яны не злоўжываюць (ну мо яшчэ ў фінале, гэтак жа, як і ў "Песняры" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага, завяршаюць свой спектакль Купалаўскай "Малітвай").

Стваральнікі памятаюць, ДЛЯ КАГО яны робяць гісторыю пра Янку Купалу.

Безумоўна, не для сённяшняй цынічнай моладзі, школьнікаў ці замежнікаў (гэтая пастаноўка падкрэслена нефестывальная).

Асноўны глядач "Жыцця і смерці Янкі Купалы" — старэйшае пакаленне. Тая шаноўная публіка, якая памятае эстрадны меладызм 70-х (гэтым рэтрацудам Алег Хадоска насычае свае дзівосныя арыі напоўніцу), хто любіць тонкую эстэтыку класічнага серыяла "Проста Марыя" і для каго немалаважнае значэнне мае знешні выгляд галоўнага героя. А Янка Купала на працягу ўсяго двухактовага дзейства глядзіцца не горш, чым на карцінах беларускіх савецкіх мастакоў, калі яны таго ж... Янку Купалу малявалі. І як у тэму пад канец спектакля на экране ўзнікае жывапісны вобраз паэта, работы менавіта вядомага майстра іканаграфічных партрэтаў Міхаіла Савіцкага.

Дык вось, пра бездакорны знешні выгляд Янкі Купалы.

Ці перад намі пецярбургская прэм’ера "Паўлінкі", ці сцэна допытаў у ДПУ, ці тонка-філасофскі дыялог паэта з двума Сталінымі (чаму менавіта такую колькасць Язэпаў Вісарыёнавічаў падкінулі Купалу — загадка, бо ў спектаклі гучыць думка, што Сталін паўсюль), ці містычныя эпізоды ў нейкай міжчасавай пасторы, дзе невядомыя інфернальныя героі спяваюць на латыні, — усюды паэт у нязменным выдатна адпрасаваным касцюме, з цудоўна ўкладзенай прычоскай, гаворыць з сябрамі і ворагамі заўсёдна-шыкоўным, добра пастаўленым бадзёрым тэнарам.

І гэта правільна!

Сапраўдны герой (хай хоць Ніягарскі вадаспад на яго абрынецца) павінен выглядаць як Кэры Грант ці Жан Марэ, каб ні валасінкі на ім не варухнулася.

Памятаю, калі ў дзяцінстве глядзеў на канікулах раннія шпіёнскія фільмы Альфрэда Хічкока, то вялікай іх прыхільніцай была і баба Люба.

А чаму?

Ёй падабаўся востры нечаканы сюжэт? Не! Галоўнае было тое, што "герой добра ўвабраны, у хорошым піджаку і штанах". Згадзіцеся, як і для хічкокаўскіх стужак, так і для спектакля, прысвечанага Янку Купалу, гэта адзін з асноўных неабходных элементаў пры стварэнні паспяховай гісторыі.

А тое, што падобны спектакль будзе мець поспех, — бясспрэчна.

Бо пра што ставіць рэжысёр Міхаіл Кавальчык? Пра што пісалі Алег Хадоска, Анатоль Дзялендзік і Анатоль Зэкаў лібрэта? Пра "Жыццё і смерць Янкі Купалы"? Падаецца, што не. Гэтай падкрэслена раманснай назве верыць не трэба.

Адказ — у эстэтыцы спектакля.

Рэжысёр і пералічаныя драматургі заклікаюць: беражыце ўласныя міфы, не чапайце іх, не рушце! Стварайце не новую сумнеўную, няхай і заснаваную на праўдзівых фактах, гісторыю, а ўпрыгожце даўно вядомы канон ледзь заўважнымі штрыхамі. Не забывайце: беларусы ў сваёй аснове не любяць наватарства, яны страшныя кансерватары. А таму не трэба іх расчароўваць.

Хіба не дэманструюць, дзякуючы падобным заклікам, аўтары спектакля сваё тонкае і такое кранальнае адчуванне беларускай душы?

А таму трэба хваліць.

Асабліва калі сваё.

Асабліва калі рабілі твае знаёмыя.

А тым больш на беларускай мове. І не абы-дзе гучыць гэтая мова, а на сцэне Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.

Публіка прымала "Жыццё і смерць Янкі Купалы" стоячы.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК
Літаратура і мастацтва. - 2018. - 8 ліп.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: