Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Што паказала новая прэм'ера (1972 г., Літаратура і мастацтва)

Што паказала новая прэм'ера (1972 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ШТО ПАКАЗАЛА НОВАЯ ПРЭМ'ЕРА

Спектакль "Увага, здымка!" ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР 

Тэатр музычнай камедыі БССР працуе ўсяго трошкі больш года, і пачаў ён сваю творчую дзейнасць з накаплення разнастайнага рэпертуару. Гэта дыктавалася неабходнасцю зацікавіць гледачоў і прыцягнуць іх увагу да тэатра, а таксама жаданнем праверыць магчымасці трупы на творах розных аперэтачных кірункаў. У калектыве замацаваліся і знайшлі прыхільнікаў у тэатральнай публікі такія ўзоры класічных музычных камедый, як "Сільва", "Баядэра", "Фіялка Манмартра", "Халопка", "Вольны вецер", беларуская аперэта "Пяе "Жаваранак", азербайджанская – "Каўказская пляменніца", а днямі адбылася прэм'ера твора Андрэя Эшпая "Увага, здымка!". 

Безумоўна, гэта каштоўна, што малады тэатр імкнецца мець разнастайны рэпертуар, што ён надае належную ўвагу творчасці савецкіх аўтараў, робіць захады да стварэння нацыянальных музычных камедый, працуе з беларускімі кампазітарамі і лібрэтыстамі. Але як справа з прафесійным, творчым ростам калектыву (павышэннем вакальна-сцэнічнага майстэрства салістаў, чысцінёй строя і ансамблевасцю, тэнічнай вывучкай аркестра, хору, балета і інш.)? Мне здаецца, у чымсьці ён нават зрабіў крок назад у параўнанні з тым, чаго дасягнуў раней. Напрыклад, пагоршыўся строй хору, губляюць дыкцыйную яснасць і чысціню інтаніравання асобныя салісты, некаторыя выканаўцы спяванне "замяняюць" размовай пад аркестр. Асабліва адчуваецца гэта ў спектаклі "Сільва" і на апошняй прэм'еры, гаворка аб якой зараз і пойдзе. 

"Музычны спектакль з пралогам, эпілогам, танцавальнымі дывертысментамі" – так назвалі кампазітар А. Эшпай і лібрэтысты У. Рацэр і У. Канстанцінаў сваю камедыю. Твор гэты тэхнічна складаны. Літаратурны тэкст тут вершаваны і патрабуе ад выканаўцаў умення даносіць яго натуральна, свабодна, лагічна, прычым не губляючы рытмічнай структуры радкоў не толькі ў маналогах, але і ў дыялогах. Другая цяжкасць у тым, што частка размовы герояў ідзе ў суправаджэнні аркестравых эпізодаў як своеасаблівы моўны картрапункт да музычных тэм-вобразаў. Зазначым, што метрарытмы ў музыцы і вершах тут розныя, а гэта досыць нязручна для неспрактыванага вуха некаторых выканаўцаў, і ўзнікае штучнасць гаворкі, алагічныя моўныя акцэнты. Дадамо, што вельмі нізкая тэсітура вакальных партый, наяўнасць вакалізаў, шпаркія тэмпы – усё гэта патрабуе ад выканаўцаў выдатнай тэхнічнай узброенасці. Але яе не хапае многім і многім. 

На жаль, аўтарам спектакля часам нестае пачуцця мастацкага такту. 

Калі раскрываецца заслона, перад гледачамі праходзіць нейкі імклівы калектыўны танец, накшталт не надта прыгожага па малюнку нумара ў мюзікхольным рэвю. Магчыма, можна даваць такому танцу і яго выкананню іншую ацэнку. Але ці ёсць права выконваць яго на плошчы, ля мемарыяла загінуўшым, ды яшчэ ў той час, калі тут збіраюцца ветэраны-франтавікі і партызаны, каб успомніць мінулае? 

Імкнучыся зрабіць сцэнічнае дзеянне больш дынамічным, рэжысёр-пастаноўшчык А. Даўгаполаў бярэ на ўзбраенне кінапрыём "наплываў" адных падзей на другія. Так, калі былая разведчыца, а зараз дырэктар гасцініцы, дзе жыве кіназдымачная група, Вольга Сяргееўна ў песні "Дваццаць год дзяўчынцы..." расказвае сваё баявое жыццё, наплывае эпізод мінулага – арышт у рэстаране мужнай партызанкі. Пярэчанне выклікае не прыём у прынцыпе, а тое, што выканаўца ролі Вольгі Сяргееўны ў час успамінаў "выключаецца" рэжысёрам з мізансцэны. Яна прымушана стаяць і чакаць, пакуль яго закончаць, – і потым працягваць сваю мізансцэну з "сённяшнніх" дзён. Аналагічнае рашэнне атрымаў у пастаноўшчыка дуэт-дыялог мастачкі кінагрупы Марыны і закаханага ў яе студэнта ветэрынара Сені. Спачатку выконваецца на авансцэне песня герояў пра іспанскую карыду, а потым, як ілюстрацыя да вакальнага дуэта, артысты балета выконваюць іспанскі танец: Марына і Сеня чакаюць, пакуль ён скончыцца, каб дзейнічаць далей... 

Як ужо гаварылася вышэй, значнае месца ў творы А. Эшпая займаюць танцавальныя эпізоды – ці непасрэдна ўключаныя ў яго драматургічную канву, каб раскрыць унутраны стан герояў, ці як харэаграфічны дывертысмент. У першым з гэтых выпадкаў адказнасць за характар танцавальнасці ўскладваецца на рэжысёра-пастаноўшчыка спектакля. І тут зноў трэба сказаць, што на сцэне Мінскай музычнай камедыі сапраўднага рэжысёрскага "погляду" на харэаграфічныя "паводзіны" герояў спектакля не адчуваецца. Чужыя Веры яе прытанцоўкі ў сцэне с Ігарам і ў лірычнай песні пра Мішку-ляльку. Нейкія знешнія, не звязаныя з душэўным станам гераіні і харэаграфічныя "паводзіны" ў спектаклі другой гераіні – Марыны... 

Наогул, у балетмайстра спектакля Л. Травініна адчуваецца імкненне "прачытаць" харэаграфію пастаноўкі сродкамі эстрадных парадыйных танцаў. А чакаеш жа не гратэска, а весялосці, аптымізму, уласцівых маладосці. 

Цяжка патрабаваць ад музычная кіраўніка спектакля дырыжора Э. Арашкевіча яркага гучання аркестра, бо яго няпоўны склад, неадпаведнасць колькасці музыкантаў у групах патрабаванням ансамбля паміж струннымі і духавымі інструментамі не дае дырыжору такой магчымасці. Але дабіцца чысціні інтаніравання ў аркестры, хоры (кіраўнік Г. Паленкава) і салістаў, ансамбля ўсіх выканаўцаў – гэта яго прамы абавязак. І быў гэты абавязак на прэм'еры выканан дырыжорам не да канца. У параўнанні з папярэднімі пастаноўкамі нашага тэатра тут страты відавочныя. 

У музычным спектаклі, асабліва ў музычнай камедыі, немагчыма разглядаць асобна вакальны і сцэнічны бок партый. На жаль, многія з выканаўцаў спяваюць "прыблізныя" ноты, парушаюць рытмы, дрэнна вымаўляюць словы і г. д. 

Найбольш цэласнае вакальна-сцэнічнае ўражанне пакідаюць Н. Равінская (Вольга Сяргееўна), К. Лосеў (студэнт-гісторык Валодзя), Р. Курлыкова (Дама з сабачкам), Ю. Лазоўскі (дырэктар кінагрупы Дуднік). Неблагі малюнак вобраза "кіназоркі" Веры Чарновай стварае Н. Белавусава, але выканаўцы трэба звярнуць увагу на яснасць дыкцыі, адточанасць вакалу. У чымсьці хацелася б бачыць яе гераіню больш шчырай. 

Я выказваю свае думкі, якія ўзніклі пасля новай прэм'еры Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР, не з жадання перакрэсліць плён дзейнасці калектыву – гэта спроба звярнуць яго ўвагу на тое, без чаго цяжка, можа быць, немагчыма дасягнуць творчай сталасці. 

І. НІСНЕВІЧ.
Літаратура і мастацтва. – 1972. – 12 мая.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: