Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Шукаем ідэальны open-air (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 22.06.2013)

Шукаем ідэальны open-air (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 22.06.2013)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ШУКАЕМ ІДЭАЛЬНЫ OPEN-AIR

Знайсці месца пад сонцам ці выправіць гледача на вуліцу?

Калісьці імпрэзы open-air — на адкрытым паветры — былі чымсьці эксклюзіўным. Цяпер іх становіцца ўсё больш, канцэртна-тэатральныя арганізацыі "абжываюць" літаральна кожны кавалачак зямлі ў горадзе ды на прыродзе, прыдатны для "ўзрошчвання" артыстычных падзей. І што ж? Мастацтва вакол нас становіцца больш? Ці яно, адпушчанае на волю, папросту распускаецца ў паветры? Лета — самы час паразмаўляць пра гэта. Бо без фестываляў open-air ужо не абыходзяцца ніводныя з выхадных: "Баль у Соф’і Гальшанскай", "Джаз-суботы ля Ратушы", "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў", арт-фэст "Тэатр Уршулі Радзівіл", тэлепраекты ля сцен Мірскага замка…

Без аблямоўкі?

Пра тое, што Соф’я Гальшанская ладзіла баль у… вёсцы, не пажартаваў хіба толькі лянівы. Але ж ідэя была папраўдзе цікавая!

І нават шматслойная — з тых, што павінны б адным стрэлам забіваць адразу некалькі зайцоў. Ды толькі тыя ўпадабалі іншую прымаўку і разбегліся ў розныя бакі, каб іх не злавілі: вольнае паветра, неабсяжныя прасторы… Сапраўды, ці стала вечарына ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту годнай прэзентацыяй мюзікла Уладзіміра Кандрусевіча "Соф’я Гальшанская", прэм’ера якога прызначана ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры на наступны сезон?

Быццам бы ўсё было, што трэба. Галоўныя героі мюзікла папросту не сыходзілі са сцэны: адспяваўшы сваё, Соф’я з Ягайлам паселі "на троне ў залатой кароне" ды яшчэ і вершы часам чыталі. Нумароў з прэм’еры было багата — ажно сем, іх адзін за адным пракруцілі напачатку.

Прыехалі і госці, ды не абы-якія, а замежныя. Прычым менавіта з тых краін, якія маюць самае непасрэднае дачыненне да адлюстраванай у мюзікле гісторыі: Літва (Клайпеда і Каўнас) і Расія (Масква) — хіба Польшчы не хапала. Дзякуючы гасцям фрагменты з "Соф’і Гальшанскай" успрымаліся, што называецца, "у кантэксце". І не толькі ўласна артыстычным, але і музычным, бо побач з "беларускім мюзіклам" узніклі прыклады двух брадвейскіх розных гадоў: класічнага — "Скрыпач на даху" і зусім новага — "Аіда", які быў напісаны паводле вядомага опернага сюжэта, але з істотнымі яго змяненнямі, Элтанам Джонам і Цімам Райсам у 2001-м. А самае, бадай, цікавае, што дадаўся фрагмент мюзікла-аднагодка — "Небяспечныя сувязі" Глеба Мацвейчука, прычым яго прэм’ера ў расійскім Тэатры імя Массавета чакаецца ўвосень, прыблізна тады ж, калі і "Соф’і Гальшанскай". Вельмі дарэчы быў і "танцавальны анонс" балета "1001 ноч" Ф. Амірава ў пастаноўцы народнай артысткі Азербайджана Медзіны Аліевай. Тым больш, што Віялета Герасімовіч, паказаўшы адтуль Адажыа ў пары з Сяргеем Глухам, вымусіла загаварыць пра магчымыя перспектывы балетнай трупы нашага Музычнага тэатра.

Дык чаго не хапіла? Няўжо, як у тым анекдоце, дзе госці вяртаюцца з вяселля незадаволенымі, бо "прымусу не было"? Дык быў жа, быў! І танцаваць усіх запрашалі (будзем лічыць: прымушалі), і перад пачаткам балю навучалі ўсіх ахвотных — ды не дыскатэчным выкрунтасам, а старадаўнім шляхетным шэсцям ды скокам, дзеля чаго на баль быў запрошаны Клуб гістарычнага танца "Версаль".

А не хапіла ўсяго нічога — блакітнай аблямоўкі на сподачку: каб усё сабранае ды назапашанае было прыгожа паднесена, каб былі расстаўлены патрэбныя акцэнты, каб гледачу, што называецца, "асвяцілі шлях" — у прамым і пераносным сэнсе, а не збівалі з панталыку.

Пэўна, улічыўшы памылкі мінулых гадоў, арганізатары імкнуліся ўкласці баль у паўтары гадзіны, каб гледачы паспелі вярнуцца ў горад, пакуль ходзіць грамадскі транспарт. Таму вядзенне канцэрта, апроч вершаваных радкоў, уяўляла з сябе варыяцыі на дзве тэмы: "А цяпер…" і "А зараз…", — пасля чаго ішлі імёны артыстаў і назва нумара. Між тым, некаторыя нумары можна было б скараціць. Вальс Штраўса настройваў зусім на іншы баль (лінолеум на траўцы на месцы паркета — ах, бедныя артысты балета!). Дзіўнавата выглядаў і танец "Самаварчык", які мог бы ўпрыгожыць любы іншы канцэрт. А ў вядзенне так і хацелася дадаць дзесьці гумару, дзесьці — інфармацыйнасці, абавязкова — давяральнасці: нас усё ж не на афіцыйны прыём запрасілі, а на гэткі "хатні"… прабачце, "сядзібны баль" (і адначасова "сядзебны" — ад слова "сядзець", а не танчыць). А то замест таго, каб атрымліваць асалоду ад папраўдзе княжацкай постаці, прыгажосці ды маладосці Вольгі Жалезскай (студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, яна стала дыпламанткай сёлетняга конкурсу імя С.Манюшкі "Убельская ластаўка" і была запрошана тэатрам паспрабаваць сябе ў ролі 17-гадовай Соф’і), гледачы "разгадвалі загадку", навошта яна ўзяла рэпертуар Алены Ланской — знакамітую "Белую ластаўку", з якой тая два гады таму перамагла на "Славянскім базары ў Віцебску". Усё наадварот! Спачатку гэта была песня Соф’і, напісаная сем гадоў таму, і толькі дзякуючы выкананню яна стала самастойным эстрадным нумарам. Гэтак жа — з усім астатнім! Замест таго, каб прагна ўслухоўвацца ў мелодыі нацыянальнай прэм’еры, нам быццам прапаноўвалі абмеркаваць, ці маглі п’яныя гальшанцы, што падпалілі хату, наліваць самагонку і каралю Ягайлу? Ці мог той, дарэчы, ездзіць у карэце? І ў якім стагоддзі жыла тая самая Соф’я, калі гісторыкі кажуць пра пачатак ХV-га, а мы бачым — ад ХVIII і да… умоўна-казачнага?

Самае галоўнае, што ўсё ж у гэтым праекце было пачатковым: "Соф’я Гальшанская" ці скансен — музей-вёска пад адкрытым небам? Чаму знаёмства з будучым мюзіклам трэба было рабіць менавіта там? Ці наадварот: чаму ў музеі трэба было ладзіць менавіта такі праект? Бо там хапае фальклорных, з’явіўся нават сырны фестываль. Каб сабраць пабольш гледачоў мюзікла — ці, зноў-такі, наведвальнікаў скансена? Каб мець большы розгалас у прэсе? Каб зрабіць крэатыў? Каб атрымаць грошы? Пакуль тэатр не адкажа сам сабе на гэтыя пытанні — шчыра, без хітрыкаў і ўтойвання сапраўдных намераў — не трэба брацца за наступны праект.

Суботні джаз: стане модай або выключэннем?

Праект "Джазавыя суботы ля Ратушы" на згаданыя вышэй пытанні, падобна на тое, адказаў.

Ён — бясплатны. Для наведвальнікаў, зразумела, бо прыезд вядучых замежных музыкантаў — справа нятання (пра сваіх казаць не будзем, бо для іх выступленні за сімвалічныя грошы ці ўвогуле за "дзякуй" — справа звычная). Перад арганізатарамі не стаіць пытанне прывозу-адвозу наведвальнікаў: цэнтр горада, пачатак 19-й, завяршэнне — праз тры гадзіны. Вядзенне канцэрта скіравана не толькі на стварэнне настрою, але і на нейкія асветніцкія дробязі: як называецца не ўсім знаёмы інструмент, у якім стылі працуюць музыканты, на што звярнуць увагу ў наступным творы, і г. д. Цяжкасці — хіба з утульным уладкаваннем. Не ўсе, да прыкладу, гатовыя прастаяць тры гадзіны, а сесці няма дзе. На лаўках у скверыку месцаў мала. Дый чуваць адтуль толькі музыку, а не словы. Не бачна, вядома, нічога. Але з "бачаннем" дрэнна і ў тых, хто стаіць. Моладзь прыходзіць цэлымі гуртамі — усёй кампаніяй, некаторыя прыносяць пляжныя матрацы, іншыя прылады. Месца пакуль хапае. Джаз лепш слухаць за столікам кавярні? Ёсць і гэта. Збоку — летнія столікі, ды яшчэ пад навесам.

"Няўжо ўсё гэта — у Мінску?" — горача перапытвае дзяўчына, пачуваючы сябе "ў Еўропе". Па-еўрапейску ж і граюць! Бо гэта не "вулічная музыка", дзе грае кожны, хто хоча, а добра распрацаваны праект з прадуманай арганізацыяй, магутнай фінансавай падтрымкай (вядома, праз спонсараў), збалансаваны па ўдзеле дзяржаўных, камерцыйных, прыватных структур.

Паміж "зменай дэкарацый", калі са сцэны сыходзіць адзін гурт і выходзіць наступны (вядома, са сваімі інструментамі, расстаноўкай, падключэннямі і г.д.), — ніякіх "паўгадзінных" перапынкаў, усё хутка, весела, у рытме працоўна-радаснага настрою. Ніякіх пераапрананняў у палатках ці аўтобусах. Артысты выходзяць з Канцэртнай залы "Верхні горад" — і трапляюць на сцэнічную пляцоўку. Гэтак жа сыходзяць. Не стала праблемай нават прыбіранне "пуху і пер’я", што ляцелі з беларускага "Show-оrchestra" Аляксандра Ліпніцкага — самым непасрэдным чынам, бо ўдзельнікі ў фінале папросту разрывалі маленькія падушачкі, даводзячы гледачоў да экстазу. Праўда, яшчэ раней іх давяла да гэтага стану музыка: лепшыя хіты, прафесійнае выкананне, захапленне саміх музыкантаў сваёй працай.

Праграмы будуюцца на кантрасце. Змяняюцца не толькі калектывы, але і стылі. А тое, што кожны выступае прыблізна гадзіну, стварае натуральны тэмпарытм, калі можна і паслухаць, і падсілкавацца, і сувеніры ў кіёсках паглядзець.

Ды ўсё ж асабіста для мяне самым важным у гэтым праекце падаўся не арганізацыйны і нават не ўласна эстэтычны складнік, а… выхаваўчы. Бо джаз, балансуючы паміж акадэмічнай музыкай і эстрадай, яднае розныя пакаленні. Прывівае добры густ. Як мастацтва высокаінтэлектуальнае скіраваны не адно да эмоцый, а яшчэ і да розуму. Не патрабуе перакладу, бо на якой мове ні гучалі б яго кампазіцыі, усё роўна галоўным застаецца сэнс музычны. І гэтая ўніверсальнасць адрасатаў джаза пакідае надзею на тое, што калі традыцыя такіх агульнадаступных вечароў захаваецца, калі яны стануць своеасаблівай "модай", а не выключэннем з правілаў, мы атрымаем новае пакаленне, такое ж інтэлектуальнае і крэатыўнае, як джазавае мастацтва. Бо мы складаемся не з таго, што вучым у школе раз на тыдзень, а з усяго таго, што нас атачае ў побыце — у тых жа гарадскіх ландшафтах, дзе апошнім часам знаходзіцца месца і карцінам "на плоце", і Шагалу з Малевічам "на плошчы", і джазу — "ля Ратушы", і мюзіклу — "у вёсцы".

Дык каму на вуліцы добра?

Прыклады канкрэтных "вулічных імпрэз" і музычна-сцэнічных "пленэраў" з усімі іхнімі плюсамі-мінусамі можна доўжыць да бясконцасці. Але ж як вывесці нейкія такія "правілы", карыстаючыся якімі, можна было б стварыць ідэальны праект open-air?

Пэўна, іх папросту няма. Ці — ёсць, але не ў нашых геаграфічных шыротах, дзе ў любы момант могуць умяшацца нябёсы і нарабіць памылак у надвор’і. Але існуюць усё ж нейкія заканамернасці, без уліку якіх мы не зрушымся з месца. Пэўна, гэта нейкія змены ў псіхалогіі саміх артыстаў, якія павінны ўспрымаць такога роду выезды (ці проста выхады на прыступкі залы) як заваёву новай тэрыторыі, а не "блуканні бяздомных". А для гэтага трэба мець хаця б крыху прыстойныя ўмовы (не буду згадваць, дзе, але сама была сведкай, калі артысткам у канцэртных строях прапаноўвалі замест прыбіральні "схадзіць у кукурузу: яна ж высокая парасла"). Гэта і клопат пра гледачоў, якія на такіх "прыродных" імпрэзах павінны мець магчымасць паглядзець, пасядзець, пагуляць, пад’есці (на свежым паветры апетыты растуць!). Пры жаданні — далучыцца да відовішча. Калі ж не — збочыць, не перашкаджаючы іншым.

Адкрытае паветра патрабуе іншых падыходаў да рэпертуару. Ці хаця б яго карэкцыі. Большага інтэрактыву. Бо проста паглядзець можна і дома, сам-насам з камп’ютарам ці тэлевізарам. А каб той інтэрактыў спрацаваў (усё ж нашы гледачы куды больш закамплексаваныя, чым у замежжы), у зале павінны быць "свае людзі", за якімі пацягнуцца астатнія.

Да таго ж, кожнае месца мае сваю аўру. І часта само падказвае арганізатарам ды рэжысёрам дадатковыя хады, як гэта адбылося летась у Нясвіжы, калі Станіслаў Аўгуст Панятоўскі прыязджаў да Радзівілаў у сапраўднай карэце, спыніўшыся ва ўнутраным дворыку замка ля сцэны (сёлета "Пане Каханку" Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага будзе там паўтораны). Трэба толькі ўважліва слухаць — яшчэ і саму навакольную прыроду, якая "дрэннага не параіць".

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 22 чэрв. – С. 4.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: