Главная \ Пресса \ Скэнлан сарваў апладысменты ў Музычным тэатры (2012 г., Народная Воля)
« Назад

МАЙКЛ СКЭНЛАН САРВАЎ АПЛАДЫСМЕНТЫ Ў МУЗЫЧНЫМ ТЭАТРЫ

12-122aУчора і пазаўчора ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры адбылася прэм’ера першага ў Беларусі ліцэнзійнага мюзікла "Вестсайдская гісторыя".

Падчас адной са сцэн боек выканаўца галоўнай ролі — вакаліст і харэограф Дзмітрый Якубовіч атрымаў траўму галавы і ледзь не страціў прытомнасць, чым вельмі напалохаў сваіх калег…

Перад пачаткам мюзікла на сцэну выйшлі дырэктар Музычнага тэатра Аляксандр Пятровіч і Часовы Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

"Многія тэатры мараць мець у сваім рэпертуары гэты твор, — сказаў Аляксандр Пятровіч. — Але ў сілу розных прычын не ўсе могуць сабе гэта дазволіць. У нас увасабленне гэтай музычнай мары адбылося дзякуючы сумеснай творчасці з амбасадай ЗША".

Пасля яго слова ўзяў амерыканскі дыпламат.

"Добры вечар, шаноўнае спадарства! — павітаўся Скэнлан, і зала выбухнула апладысментамі, рэагуючы на беларускую мову. Дыпламат вымавіў усяго тры сказы па-беларуску, але пасля кожнага публіка гучна пляскала ў далоні. Скэнлан прыемна ўсміхаўся. — Дзякуй, што знайшлі магчымасць прыйсці. Спадзяюся, што вам спадабаецца мюзікл".

Астатнюю частку выступу Скэнлан прамаўляў па-англійску, але пераклад таксама быў на беларускую. Здавалася б, дробязь, але зала была ў захапленні.

Што тычыцца самога мюзікла, то публіка адназначна будзе на яго хадзіць. І будуць аншлагі. Бо спектакль даволі незвычайны для беларускай прасторы, зроблены на прафесійным ўзроўні і сапраўды можа лічыцца адной з самых лепшых пастановак Музычнага тэатра.

Дарэчы, многія адзначалі не толькі танцы, складаную харэаграфію, з якой выдатна спраўляюцца беларускія артысты (так выкладваюцца, што з іх проста пот ліецца!), але і стыльныя касцюмы герояў — яны атрымаліся ў трэндах цяперашняга сезона (і гэта пры тым, што, паводле слоў мастака па касцюмах Юліі Бабаевай, прыйшлося набываць ледзь не самыя танныя тканіны, паколькі на касцюмы быў выдзелены невялікі бюджэт).

Мяркуючы па рэакцыі залы, гледачам крыху зацягнутай здалася першая дзея, але, як слушна заўважыў лаўрэат міжнародных конкурсаў Віктар Цыркуновіч, які выконваў ролю Рыфа, верхавода адной з банд, калі нешта скараціць, то будзе не зусім зразумела, што да чаго. Другая дзея, дарэчы, даволі дынамічная. Але таксама — ёсць пэўныя шурпатасці. Напрыклад, надта гучны стрэл, якім забіваюць галоўнага героя Тоні. Трагічны момант развітання Марыі з каханым — сцэна, якая павінна выклікаць слёзы, бо яна вельмі кранальная, але гледачы спачатку ўздрыгваюць ад моцнага і нечаканага гуку, а потом яшчэ хвіліны дзве-тры "сплёўваюць спалох", а на сцэне тым часам працягваюць разгортвацца падзеі. Праўда, былі заўважаны і тыя, хто ўсё роўна праслязіўся…

"Нейкія заўвагі могуць быць, — адразу пасля першага спектакля выказаўся Віктар Цыркуновіч. — Але гэта і зразумела. Мы самі хвалюемся. Але, як водзіцца, разыграемся, і дзясяты спектакль будзе выдатным". (Для тых, хто не ў тэме: у акцёрскім асяродку кажуць, што прэм’ерныя спектаклі трэба глядзець прыкладна пасля дзясятага паказу, калі ўжо ўсё адточана і зладжана.)

Некаторыя знаўцы назвалі мюзікл "сыраватым". "Наша Ніва" напісала так: "Сіла арыгінала "Вестсайдскай гісторыі" была не толькі ў геніяльнай музыцы і харэаграфіі, але і ў ягонай сацыяльнай вастрыні. Нічога такога ў пастаноўцы Музычнага няма. Выйшаў не спектакль пра наш час, пра сучаснае нам каханне і адмарозкаў, а куртуазны маньерызм. Не, я не кажу, каб паліцыянт быў абавязкова апрануты спецназаўцам у крапавым берэце. Але такія дэталькі выбівалі б іскру".

Меркаванне, канешне, спрэчнае. Дарэчы, рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Анастасія Грыненка маральна падрыхтавана да негатыўных водгукаў.

"Я супраць таго, каб усё было толькі ў лоб, мне здаецца, адукаванаму чалавеку і так усё зразумела, — гаворыць Анастасія. — А ўвогуле, першы спектакль быў даволі вясёлым. Былі і светлавыя накладкі, і здарэнні. Артысты атрымалі некалькі траўм — Дзмітрыю Якубовічу падчас сцэны бойкі моцна заехалі ў галаву, ён упаў і думаў, што ўжо не ўзнімецца. Прычым актрыса ў адной са сцэн яго трасе, а ён не ўстае. Яна потым распавядала, што спалохалася, убачыўшы ў яго кроў на галаве. А Дзіма гаворыць: "У мяне кружыцца галава, я ляжу і думаю: "Ну ўсё, канец спектакля…" Але не ў гэтым справа, я думаю, усё будзе добра".

Адну з самых яркіх роляў у мюзікле выканала лаўрэат міжнароднага конкурсу Святлана Маціеўская.

"Звычайна на Брадвеі ідзе самы вялікі кастынг на ролю Аніты, — каменціруе рэжысёр Анастасія Грыненка. — Драматычная роля, трэба шмат танчыць. І калі заходняя артыстка мае ў багажы ролю Аніты, то гэта істотна павышае яе статус".

Некаторыя ролі маюць два акцёрскія склады, а галоўныя героі выконваюць толькі Дзмітрый Якубовіч і Ілона Казакевіч.

"Ролю галоўнай гераіні павінна была выконваць яшчэ і Наталля Глух, але яна зацяжарала. Кажа, што як толькі народзіць, дык адразу на сцэну!" — усміхаецца Анастасія Грыненка.

Пасля мюзікла гледачы не адпускалі артыстаў са сцэны — авацыі доўжыліся больш за пяць хвілін…


Засвяціліся

У зале былі заўважаны заснавальнік і саўладальнік найбуйнейшага інтэрнэт-рэсурсу Беларусі TUT.BY Юрый Зісер, палітык Андрэй Саннікаў з жонкай Ірынай Халіп (прычым, як адзначыў Андрэй Алегавіч, пасля ўсяго перажытага за апошні час гэты быў іх першы свецкі выхад), харэограф Валянцін Елізар’еў, кампазітар, народны артыст Беларусі Сяргей Картэс, пасол Венгрыі ў Беларусі Ферэнц Контра з жонкай ды іншыя прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса. Зала была поўная.

Марына КОКТЫШ.
Народная Воля. – 2012. – 25 мая.

http://www.nv-online.info/by/283/printed/45999