Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ці не Фаменка гэта?.. (1974 г., Тэатральны Мінск)

Ці не Фаменка гэта?.. (1974 г., Тэатральны Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ЦІ НЕ ФАМЕНКА ГЭТА?..

press1974-04aЁн з'явіўся перад глядзельнай залай у ліку іншых персанажаў спектакля "Паўлінка". У гэтых мітуслівых абставінах, на фоне яркай, вясёлай музыкі, сярод натоўпу ў маляўнічых касцюмах ён, здавалася, мог у той момант і згубіцца, застацца незаўважаным. Але гэтага не здарылася, пана Быкоўскага заўважылі адразу. За якіх некалькі секунд гледачы ўлавілі характэрныя рысы яго аблічча. Заўважылі прэтэнцыёзны касцюм – жоўтыя штаны ў клетку і зыркі сіні пінжак, капялюш і нязменны парасон, белыя пальчаткі. Заўважылі смешныя вусы і самаўпэўнены выраз твару, і разам з тым – яўную бездапаможнасць і разгубленасць у стракатым натоўпе. Так, пана Быкоўскага заўважылі адразу, ды і не магло быць інакш: так рэзка вылучалася на фоне вясёлага кірмашу гэта недарэчная фігура. Потым, ужо ў другім акце, пан Быкоўскі з'явіўся на вечарынцы ў доме Сцяпана Крыніцкага, куды ён быў запрошаны гаспадаром для своеасаблівых "агледзін": госці павінны былі ацаніць магчымага "жаніха" Паўлінкі, а сам пан Быкоўскі меўся пазнаёміцца з Паўлінкай і ўпэўніцца ў дастатку і добрабыце яе дома. Тут гледачы атрымалі магчымасць убачыць яркае сцэнічнае дараванне выканаўцы ролі пана Быкоўскага – заслужанага артыста БССР Вячаслава Фаменкі. Ён стварыў адметны вобраз зухаватага ганарыстага шляхцюка. За душой у яго няма ані гроша, пад пінжаком няма нават сарочкі, але затое пан Быкоўскі валодае мастацтвам хлусні і хітрыкаў. Ён сам верыць у тое, што ён арыстакрат, шляхціч; ён адчувае сябе арыстакратам "знутры", так сказаць "нутром", і гэта асабліва ўражвае ў сцэнічным малюнку вобраза, створанага В. Фаменкам. Без найгрыша і націску, пераканаўча і абгрунтавана іграе артыст адну са сваіх лепшых роляў у спектаклі Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР – аперэце "Паўлінка" беларускага кампазітара Ю. Семянякі...

Побач з панам Адольфам Быкоўскім жывуць на сцэне тэатра і многія іншыя персанажы, створаныя В. Фаменкам: Боні ў аперэце "Сільва", Марсель у "Фіялцы Манмартра", Напалеон у "Баядэры" I. Кальмана, Андрэй у музычнай камедыі "Чацвёра з вуліцы Жанны" А. Сандлера, Слаўка ў гераічнай музычнай камедыі "Пяе "Жаўранак" Ю. Семянякі, Мікі ў "Вольным ветры" I. Дунаеўскага, Буба ў "Каўказскай пляменніцы" Р. Гаджыева... Якія яны розныя, героі В. Фаменкі! Сярод іх можна сустрэць сучасных хлопцаў і персанажаў класічных аперэт, што жылі ў розныя эпохі, вельмі розных па характары, манеры паводзін. Кожны раз акцёр пераўвасабляецца, свабодна адчуваючы сябе ў прапанаваных п'есай і рэжысёрам абставінах... 

Амплуа Вячаслава Фаменкі – "прастак", адзін з традыцыйных персанажаў аперэты. Даводзіцца іншы раз іграць і характарныя, камедыйныя ролі; яны лягчэйшыя. А вось роля "прастака" – складанейшая, у ёй многа музыкі, спеваў, танцаў. Тут даводзіцца артысту дэманстраваць сваю музыкальнасць, добрае пачуццё рытму, свабодную пластыку руху. 

Ці вялікі стаж яго артыстычнай працы? Так, немалы. Калі папрасіць артыста ўспомніць, як усё пачыналася, то першае, аб чым ён будзе расказваць, гэта аб сваіх дзіцячых уражаннях. Тэатр увайшоў у яго жыццё літаральна з дзяцінства. Ён нарадзіўся ў Баку, у сям'і артыста. Бацька Вячаслава працаваў у розных тэатрах юнага гледача, драматычным тэатры, аперэце. Музыка, сцэна – гэта былі самыя моцныя ўражанні дзяцінства Вячаслава, яны занялі ўстойлівае месца ў яго будзённых інтарэсах. Ці быў тэатр яго дзіцячай марай? Бадай, не. Школьнікам ён удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці, танцаваў, выступаў у драматычным гуртку. Але ў душы жыла іншая мара: ён вельмі любіў маляваць, наведваў студыю пры Бакінскім мастацкім вучылішчы, марыў стаць мастаком... I ўсё ж, як аказалася, спакваля, зусім не думаючы аб гэтым, рыхтаваў сябе да сцэны... 

Скончыўшы школу, Вячаслаў падае дакументы ў мастацкае вучылішча, але не праходзіць па конкурсу. Што далей? Рашэнне прыходзіць само сабой – тэатр! Ён едзе у Балашоў, у драматычны тэатр, дзе ў той час працуе яго бацька. У яго няма спецыяльнай адукацыі, няма, натуральна, ніякага сцэнічнага вопыту. Толькі маладосць, захапленне, цяга да сцэны і талент, якому яшчэ прадстаіць раскрыцца... 

Дапаможны склад драматычнай трупы... Тут Вячаслаў удзельнічае ў масавых сцэнах, часам атрымоўвае невялікія эпізадычныя ролі. I галоўнае – ён пачынае сур'ёзна займацца самаадукацыяй. Вучыцца ў старэйшых таварышаў, бывае на ўсіх рэпетыцыях, прыслухоўваецца да ўсіх заўваг рэжысёраў: перачытвае многа спецыяльнай літаратуры. Усё больш і больш зацвярджаецца ў думцы, што тэатр – яго прызванне, яго жыццё. 

Нарэшце яму даручаюць вялікую ролю, першую ў яго жыцці вялікую ролю – Алега ў п'есе В. Розава "У пошуках радасці". Першая творчая ўдача! Яго пераводзяць у акторскі цэх. На працягу сямі гадоў адзін за адным з'яўляюцца на драматычнай сцэне яго героі: Солнышкін у "Дальняй дарозе", Яшка-аганёк у спектаклі "Імем рэвалюцыі", блазан у "Васілісе Мяленцевай", Сашко ў "Вясёлцы", Родзік у "Іркуцкай гісторыі", Аркадзь у спектаклі "Чайкі над морам", качагар Палада ў "Пагібелі эскадры", Крыс Келер у спектаклі "Усе мае сыны", Фёдар у "Барабаншчыцы", галоўная роля ў спектаклі "Жыццё і злачынства Антона Шэлестава" (за гэтую ролю В. Фаменка быў удастоены дыплома Першай ступені на Саратаўскім абласным аглядзе творчай моладзі). 

Але ж калі ён урэшце сутыкнецца з музычным тэатрам, з музыкай? Будзе яшчэ Растоўскі ТЮГ, Жданаўскі драматычны тэатр і, нарэшце, Бабруйскі музычна-драматычны тэатр. Тут, у Бабруйску, пачаўся другі этап яго творчага шляху – уваходжанне ў новы для яго жанр музычнай камедыі, аперэты. Зноў усё давялося пачынаць з азоў. Пачаў спяваць у хоры, вывучаць нотную грамату, займацца па вакалу. Вось калі пачаліся велізарныя цяжкасці – цяжкасці авалодання музычнай мовай, рытмікай, "ужывання" ў музычны спектакль. Першая значная роля ў такім спектаклі – Стэфан у аперэце I. Кальмана "Марыца"... 

Адсюль пайшло яго жыццё на музычнай сцэне. В. Фаменка вельмі хутка ўвайшоў у бягучы рэпертуар тэатра, які неўзабаве быў перайменаваны ў Магілёўскі тэатр музычнай камедыі. Мноства самых разнастайных роляў выканаў артыст у тыя гады, сярод іх – Косця ў аперэце "Цырк запальвае агні", Кайтан у "Каламбіне", Андрэйка ў "Вяселлі ў Малінаўцы", Педра ў "Каралеве прыгажосці", Рамон у "Пацалунку Чаніты", Мітрусь у "Халопцы", Ваня Іваноў у аперэце "Дзяўчына з блакітнымі вачыма", Золтан ("Цыганскае каханне"), Тоні ("Прынцэса цырку"), Трапло ("Чорны дракон"), Боні ў "Сільве", Фальк у "Лятучай мышы". Некаторыя з гэтых роляў В. Фаменка іграе і цяпер, на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР, у якім артыст працуе з дня яго заснавання. Новая работа яго – Джэры Фін у музычнай камедыі Р. Гаджыева "Чацвёрты пазванок", пастаноўку якой ажыццяўляе тэатр. 

Кола інтарэсаў артыста шырокае. Яго вабіць рэжысура; у якасці асістэнта рэжысёра Вячаслаў Фаменка прымаў удзел у пастаноўцы такіх спектакляў, як "Пяе "Жаўранак", "Цыганскае каханне", "На досвітку". У яго ёсць мара – паступіць на рэжысёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Завочна, канечне, асноўнае для яго зараз – гэта сцэна, яго ролі, без якіх ён не ўяўляе свайго жыцця. 

Ёсць у Вячаслава хобі. Думаеце, па-ранейшаму маляванне? Не, з гэтым ён увогуле даўно расстаўся. Артыст захапляецца фатаграфіяй і кінааматарствам. У яго мноства фатаграфій акцёраў і сцэн са спектакляў. Зняты нават фільм пра адкрыццё нашага тэатра музычнай камедыі, ёсць кінаэпізоды гастрольных паездак калектыву тэатра. 

У яго кіно- і фотатэцы часта сустракаецца актрыса Раіса Курлыкова – жонка, сябар, калега па мастацтву. Яны не раз выступалі на сцэне ў дуэтах – Сашка і Слаўка ("Пяе "Жаўранак"), Марыэта і Напалеон ("Баядэра"), Ліза і Стэфан, Стасі і Боні, Поленька і Мітрусь (у спектаклях Бабруйскага тэатра "Марыца", "Сільва", "Халопка"). Яны сустракаюцца разам і ў "Паўлінцы", дзе Раіса выконвае ролю Альжбеты, маці Паўлінкі, мяркуемую цешчу Адольфа Быкоўскага... 

Зноў я звяртаюся да думкі аб вобразе пана Быкоўскага, апошняй значнай працы Вячаслава Фаменкі. Нешта ў гэтым вобразе, як трактуе яго артыст, ёсць, мне здаецца, ад славутага гогалеўскага Хлестакова. Манеры, паводзіны простых сялян, жаданне "зрабіць уражанне", ашукаць тых, хто навокал, і пажывіцца за чужы кошт – гэта ён іграе тонка і трапна. 

Трэба адзначыць беларускую мову Быкоўскага-Фаменкі. Гэта сакавітая, каларытная купалаўская мова выдатна даносіцца артыстам да гледача. А нельга ж не ўспомніць, што гэта першая роля, якую выканаў В. Фаменка на беларускай мове. 

Вячаслаў Фаменка ў росквіце сваёй творчай працы. Наперадзе ў яго новыя ролі, новыя сустрэчы з гледачамі, якія высока ацэньваюць яго майстэрства. 

Алена РАКАВА. 
Тэатральны Мінск. – 1974. – № 1.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: