Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Воўк добры! Мне б такога тату..." (1993 г., Настаўніцкая газета)

"Воўк добры! Мне б такога тату..." (1993 г., Настаўніцкая газета)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

"ВОЎК ДОБРЫ! МНЕ Б ТАКОГА ТАТУ..."

"Чаму абмінае нас Сіняя птушка?" – з такім артыкулам выступіла "Настаўніцкая газета" тры гады таму. У публікацыі ставілася пытанне аб неабходнасці стварэння ў Рэспубліцы Дзіцячага музычнага тэатра. I, здаецца, наш голас пачулі: у кастрычніку 1991 года ў Мінску быў афіцыйна зарэгістраваны Дзіцячы музычны тэатр-студыя "Казка" пры Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі. За гэты час тут выйшлі ў свет чатыры прэм'еры. Апошняя з іх – "Дзіцячы альбом" П. Чайкоўскага, на якой пабывалі нашы карэспандэнты.

Спектакль заварожвае адразу. Такое ўражанне, што ты трымаеш у руках не простую паперку, дзе зазначаны рад і месца, а да "дзяцінства плацкартны білет". Багіня памяці Мнемазіна (ролю яе выконвае салістка балета Марына Філатава) разам з юным героем (артыстка С. Раманоўская) вяртае нас у Дзяцінства. Памяць высвечвае патаемныя куточкі светлых згадак маленства. Разам з хлопчыкам мы слухаем казкі яго няні, молімся Богу, жахаемся начных прывідаў, перажываем пачуццё першага кахання, ідзем у цырк, калядуем... Спектакль нібыта сатканы са шматлікіх міні-спектакляў, кожны з якіх мае сваю танальнасць, свой сюжэт. Суправаджаецца запамінальнай музыкай Чайкоўскага (лібрэта А. Пятрова па матывах твораў М. Гарына-Міхайлоўскага, У. Набокава, Л. Талстога).

Вядома, мы не можам сцвярджаць, што спектакль ва ўсіх адносінах бездакорны, ды, бадай, і не варта гэтага рабіць. Глыбокі і дэталёвы аналіз дзіцячай оперы П. Чайкоўскага "Дзіцячы альбом", які прапануе гледачу Дзіцячы музычны тэатр-студыя "Казка", справа прафесійных музыказнаўцаў. 

Мы ўсяго толькі – гледачы, бацькі, якія не могуць не парадавацца за сваіх дзяцей: аказваецца, у наш няпросты, мітуслівы час пра іх яшчэ памятаюць...

– Сотні дзяцей не толькі былі гледачамі, а і ўдзельнікамі незвычайнага спектакля англійскага кампазітара Д. Рансуіка "Чараўнік", прэм'ера якога таксама адбылася ў нашым тэатры. Прычым і Фінал яго гучаў на англійскай мове, астатнія тэксты – на беларускай, – расказвае мастацкі кіраўнік і дырыжор "Казкі" Глеб Аляксандраў.

Самым удалым лічым спектакль ленінградскага кампазітара Сяргея Баневіча "Гісторыя Кая і Герды". Цяпер рыхтуем беларускую прэм'еру Віктара Войціка "Вясновая песня". Толькі вось аўдыторыя наша не заўсёды падрыхтавана да сустрэчы з Мастацтвам.

Гэтай праблемай заклапочана і педагог-арганізатар тэатра па рабоце з гледачом Марыя Уладзіміраўна Басёнак. З ёй мы сустрэліся пасля спектакля. Перад тым, як запрасіць маленькіх гледачоў у тэатр, Марыя Уладзіміраўна напярэдадні сустракаецца з імі ў школе. Там яны гавораць пра паводзіны ў тэатры, пра будучы спектакль, пра тое, як музыка адлюстроўвае характары герояў. Вучні мінскіх школ дапамагаюць праводзіць ёй анкетаванне, каб выявіць кантынгент гледачоў "Казкі". Пасля спектакля Марыя Уладзіміраўна прапануе дзецям адлюстраваць свае ўражанні ў малюнку, на ўроках працы – у вырабах з саломкі, вышыўцы, макрамэ. У зручны для настаўнікаў час арганізуюцца экскурсіі за кулісы – дзецям заўсёды цікава ведаць, што там, за занавесам; працуе тэатральны універсітэт. Пасля спектакля дзеці сустракаюцца з мастакамі, касцюмерамі. Знаёмяцца са значэннем тэатральных тэрмінаў. Педагогу-арганізатару Марыне Басёнак дапамагаюць педагогі 170-й школы Мінска Міраслава Эдуардаўна Сярдзюк і Аксана Валянцінаўна Дунай, а таксама настаўніца са 165-й школы Ірына Міхайлаўна Барсук. Іх непакояць паводзіны не толькі маленькіх, а і дарослых гледачоў – бацькоў. – Вельмі бывае крыўдна, калі бачыш, з якой радасцю ідзе дзіця ў тэатр і як неўзабаве гэтая радасць азмрочваецца грубай, раздражнёнай лаянкай, а то і прычуханкаю маці, – гаворыць Марына Уладзіміраўна. – Бацькі чамусьці стараюцца "спіхнуць" сваё дзіця настаўніку альбо выхавацелю, а самі – пакуль ідзе спектакль – гадзіну-другую швэндаюць па магазінах. А чаму б ім не пасядзець разам з дзецьмі?! Упэўнена, кожны дзіцячы спектакль будзе ў нечым цікавым – і нават карысным – і для дарослых, нават калі яго глядзяць многа разоў: абсалютна аднолькавых спектакляў не бывае – розныя артысты, розны настрой...

На сцэне Дзіцячага музычнага тэатра-студыі "Казка" разам з прафесійнымі артыстамі можна ўбачыць і дзяцей, якія наведваюць студыю (тут іх трыццаць шэсць). Яны не толькі спяваюць у хоры, танцуюць, займаюцца сальфеджыо, а і вучацца майстэрству акцёра. Прынамсі, разам з імі працуе і знаёмая ўжо нам салістка балета Марына Філатава, іншыя артысты.

Многа цёплых слоў пачулі мы ў гэты вечар у адрас фундатараў тэатра – навукова-вытворчай кампаніі ВГТТ і яго прэзідэнта Валерыя Мацулевіча. Але ж па-ранейшаму ў Дзіцячым музычным тэатры шмат праблем, і ў тым ліку фінансавых. Няма свайго памяшкання.

"Зверху", як заўсёды, абяцаюць. Ніхто не стане аспрэчваць, што часы цяпер нялёгкія. Але давайце задумаемся. Не так даўно нашы сродкі інфармацыі паведамлялі пра малалетняга маньяка-забойцу з Бабруйска, а зусім нядаўна пачулі новае паведамленне пра садызм пінскіх дзяцей. Старэйшаму з іх – усяго толькі дванаццаць... На жаль, у апошні час прыклады такія множацца. Адбываецца самае жахлівае – мы губляем дзіцячыя душы. Упэўнена: хто па-сапраўднаму пасябруе з "Казкай", не здолее зрабіць зло. Нават пакрыўджаныя лёсам дзеці з дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў з затоеным дыханнем глядзелі дабрачынны спектакль-мюзікл "Залатое кураня" – пра злую Лісіцу і Добрага Воўка, які беражліва хаваў яйка, з якога неўзабаве вылупілася куранятка. Больш таго, ён пяшчотна палюбіў гэтую маленькую істоту. А як бярог яе ад злой драпежніцы! Многія дзеці не хавалі свайго захаплення паводзінамі высакароднага героя "Казкі". Вось выказванне аднаго з маленькіх гледачоў мюзікла: "Воўк добры! – мне б такога тату"... Словы дзіцяці шчырыя, без фальшу. Але ці пачуюць іх дарослыя?


Святлана ХОРСУН.
Настаўніцкая газета. – 1993. – 13 сак.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: