Главная \ Пресса \ Вясёлая навука: Музычны тэатр паміж "Бабскім бунтам" і "Дон Жуанам" (2010 г., Наша ніва)
« Назад

ВЯСЁЛАЯ НАВУКА: МУЗЫЧНЫ ТЭАТР ПАМІЖ "БАБСКІМ БУНТАМ" І "ДОН ЖУАНАМ"

У Музычным тэатры зноў прэм’ера. Ледзь паспелі аднавіць балет "Мефіста" – прадаюць квіткі на камедыю "Мая жонка – падманшчыца". І гэта не аднаўленне старога спектаклю 1978 года, што пратрымаўся на сцэне 20 год, а суцэльна новая пастаноўка.

Бо тады ставілі для таго, каб прывабіць не надта патрабавальную публіку і зарабіць грошай на правінцыйных гастролях. Цяпер ставяць з педагагічнымі мэтамі: каб акторы набіралі артыстычную форму.

Не ведаю, ці ставіў бы тэатр "Падманшчыцу", калі б гэта залежала ад новага кіраўніцтва. На час змены тэатральнай улады рэпертуар быў ужо звярстаны. Як і планавалася, 41 тэатральны сезон адчыніцца 11 верасня прэм’ерай музычнага рэвю "Аднойчы ў Чыкага" па матывах кінафільма "У джазе толькі дзяўчаты", а ў лістападзе – зусім у стылі былога рэжысёра Ісаева – адбудзецца прэм’ера музычнай камедыі "Аршын мал алан" Узэіра Гаджыбекава.

Але мяняецца сам падыход да гэтых прэм’ераў. Яны ўспрымаюцца як магчымасць сур’ёзна папрацаваць з "лёгкім" рэпертуарам і падрыхтавацца да складаных задач. Тут праца з "Падманшчыцай" вельмі карысная. Бо камедыя звычаяў – гэта камедыя чалавечых стасункаў, хлеб надзённы любога тэатра.

Пастаноўкай "Падманшчыцы" займалася рэжысёр Тэатра оперы і балета Галіна Галкоўская. У артыстычным асяроддзі ў Галкоўскай рэпутацыя рэжысёра суровага і патрабавальнага. Таму для мяне было сюрпрызам, з якой пяшчотай і захапленнем гавораць пра яе акцёры Музычнага тэатру розных пакаленняў: і юная выпускніца Акадэміі мастацтваў Вікторыя Стрыганкова, і заслужаны артыст Васіль Сердзюкоў, які ўдзельнічаў яшчэ ў першай пастаноўцы "Падманшчыцы". Асабліва падкрэсліваюць, што Галкоўская прайшла ГІТІСаўскую школу, і што яе настаўнікам быў колішні галоўны рэжысёр абодвух нашых музычных тэатраў Вячаслаў Цюпа.

Захапленне вучобай у тэатры не выпадковае. Бо нядаўна прызначаны мастацкі кіраўнік, заслужаны работнік культуры Адам Мурзіч – выдатны вакальны педагог. Само з’яўленне такога чалавека абуджае жаданне ўдасканальвацца. Дый новы кіраўнік ставіць перад тэатрам амбітныя задачы: стварыць нацыянальны рэпертуар, асвоіць жанр класічнай венскай аперэты і нават оперы… "Агатка", "Сільва" (сапраўдная, не апаганеная савецкімі цэнзурнымі нажніцамі!), "Дон Жуан" Моцарта – такія цяпер арыенціры ў Музычнага тэатра. 

Будуць і мюзіклы, з якімі працуе асобная частка трупы. Але 60-70% рэпертуару складзе класіка. Гэта вяртанне ў еўрапейскую культурную прастору, праз церні да зорак: ад "Бабскага бунта" праз "Падманшчыцу" і "Аршын мал алан" да "Дон Жуана".

У Музычным тэатры Моцарта хочуць не толькі праспяваць, але і дасканала паставіць. Як паставілі балет "Мефіста". Па яркасці музыкі ён нагадаў мне "Анюту" Бялінскага з музыкай Гаўрыліна, а па насычанасці эмоцыяў і тэатральнай дзеі – мой любімы купалаўскі спектакль "Больш чым дождж".

У "Падманшчыцы" такіх моцных пачуццяў напэўна не будзе. А будзе лёгкая музычная камедыя, якую так любіць публіка, асабліва ўлетку. Прэм’ерныя паказы адбудуцца 14, 15 і 18 ліпеня.

Юлія АНДРЭЕВА.
Наша ніва. – 2010. – 12 ліп.