Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Зоркі тэатра ззяюць для нас! (2005 г., Культура)

Зоркі тэатра ззяюць для нас! (2005 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ЗОРКІ ТЭАТРА ЗЗЯЮЦЬ ДЛЯ НАС!

Пра "Баядэру" Імрэ Кальмана, прэм'ера якой адбылася ў Беларускім дзяржаўным музычным тэатры, марылі тут ажно з таго часу, як гэты спектакль сышоў з афішы. Між іншым, знік ён якраз з-за сваёй… папулярнасці: яшчэ пакуль тэатр не меў свайго прытулку, "Баядэру" паказвалі так часта, што, сцэнічныя строі прыйшлі ў непрыгоднасць.

Сапраўды, не любіць "Баядэру" немагчыма. На ўзроўні лібрэта гэта чарговы перапеў на тэму няроўнага кахання: на гэты раз – прыстойнага маладога чалавека вышэйшага саслоўя і дзяўчыны "непрыстойнай" акцёрскай прафесіі, якая, да таго ж, іграе ў парыжскім рэвю ролю баядэры – культавай танцоўшчыцы ў індыйскім храме. Хай сабе ў сюжэтных паваротах не хапае элементарнай логікі – не ў гэтым справа! А ў тым, што ў "Баядэры", як гэта часцяком бывае ў аперэтах Кальмана (у адрозненне ад Ф. Легара, І. Штрауса і, тым больш, заснавальніка жанру Ж. Офенбаха), няма не тое што "адмоўных" персанажаў, але і з мінімальнымі душэўнымі "дэфектамі": калі разыгрываецца трагедыя, дык ўсяго толькі з-за жадання зрабіць… "як лепей".

На ўзроўні партытуры "Баядэра" – прывабная сумесь рамантычных сантыментаў, салодкіх усходніх водараў-прысмакаў і амерыканскіх танцавальных рытмаў пачатку дваццатага стагоддзя. Гэта жанрава-стылёвая разнастайнасць і робіць твор цікавым для рознай аўдыторыі – і для саміх артыстаў, якія могуць ярчэй выявіць сваю індывідуальнасць. На ўзроўні ж рэжысуры гэта, бадай, адна з самых складаных аперэт, што, як і ўсялякая класіка, патрабуе і беражлівага стаўлення да традыцыі, і, адначасова, яе абнаўлення.

Апошняя рыса была асабліва кідкай у харэаграфічнай сюіце "Ружы Усходу" з другога акта, пастаўленай Нінай Дзячэнка: балетная неакласіка ў спалучэнні з сучаснымі бальнымі элементамі надала відовішчу "разыначку", але ж надта кантраставала агульнай эстэтыцы спектакля.

Падобна на тое, что рэжысёр Юрый Дражняк (Расія) якраз пра абнаўленне нават не задумваўся. Адзінай "навіной" стаўся паўтор у фінале харавой сцэны "Зоркі тэатра ззяюць для нас", што ператварыла любоўную гісторыю ў падабенства "тэатра ў тэатры". Але ж і з беражлівасцю да класічных традыцый у спектакля адносіны дзіўнаватыя. Усё ж меладраматызм новавенскіх аперэт сёння можа быць цікавы, найперш, псіхалагічнай распрацаванасцю, вытлумачанасцю паводзін герояў. У гэтай жа пастаноўцы, наадварот, да ранейшых сюжэтных "нестыковак" далучыліся новыя. Спачатку букеты ад паклоннікаў, як і належыць, прымае прымадонна, потым, незразумела чаму – паклоннікі ад яе (іншымі словамі, яна ім гэтыя кветкі папросту вяртае назад). Даведаўшыся ад сакратара пасольства, наколькі небяспечны для Раджамі шлюб з іншаземкай, Адэта адмаўляецца ад заручын з такой насмешлівай пагардай, што гэта выглядае не як бязвінны тэатральны "розыгрыш", а як абразліва-нахабны "пракід". Дый у іншых сітуацыях артысты часам не ведаюць, куды сябе "падзець", чым вытлумачыць (не толькі для публікі, але і для сябе асабіста) гэткую траекторыю паводзін сваіх герояў. Затое выхады "масоўкі", дзякуючы рэжысёрскім "разводкам" хормайстра-пастаноўшчыка Святланы Пятровай, атрымаліся часам больш псіхалагічна абгрунтаванымі і жывымі, чымсьці паводзіны салістаў.

Тым не менш, цудоўна, што спектакль вывеў на авансцэну суцэльнае сузор'е маладых (і, можа, не самых маладых, але ж і не самых "раскручаных") артыстаў. На жаль, заканчэнне гэтай прэм'ерай сезона перашкодзіла паказаць усе тры (а ў партыі Адэты і чатыры!) склады занятых салістаў. Але з тых, каго асабіста мне давялося пачуць і ўбачыць, вылучу, найперш, Антона Заянчкоўскага: у параўнанні з ранейшымі партыямі, ён зрабіў крок наперад у набліжэнні да класічнага, ва ўсіх сэнсах, выканання. Увогуле ж адзначаць трэба абсалютна ўсіх: відавочна, што трупа працавала прагна і з аддачай.

Як заўважыў мастацкі кіраўнік пастаноўкі (ён жа дырэктар-мастацкі кіраўнік тэатра) Аляксей Ісаеў, артысты хору ледзь не ўпершыню адчулі сябе добра апранутым. Дый салісты, дзякуючы фантазіям мастака Уладзіміра Пермякова (Расія), не паспяваюць змяніць стракатыя сцэнічныя строі, якім, праўда, часам не хапае французскасці. Але спектакль цешыць вока, музыка (дырыжор – Аляксандр Сасноўскі) – лашчыць слых (у тым ліку, адсутнасцю фальшы). Чаго яшчэ жадаць? А пра колішнія рэжысёрскія знаходкі ў той жа "Сільве" лепей не згадваць. Ці, можа, узгадаць у якой чарговай пастаноўцы? І тым самым даказаць, што і аперэтачная класіка можа быць увасоблена авангардна – і з добрым густам.

Надзея БУНЦЭВIЧ.
Культура. – 2005. – 6–12 жн.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: