|
« Назад Новае жыццё класічнай аперэты "Марыца": прэм’ера ў Беларускім акадэмічным музычным тэатры з сучаснымі рэжысёрскімі рашэннямі Рэпертуарную афішу Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра складаюць спектаклі розных жанраў: аперэты, музычныя камедыі, мюзіклы, рок-оперы, балеты, дзіцячыя пастаноўкі. Пры гэтым асноўным па праву лічыцца класічная аперэта, на якой выхоўваюцца ўсе пакаленні артыстаў гэтага тэатра і дзякуючы якой яны захоўваюць вакальную форму (на жаль, мюзіклавая манера выканання гэтаму не спрыяе). Але да апошняга часу ў афішы тэатра было толькі сем аперэт, у той час як мюзіклаў — дзесяць (без уліку дзіцячых), балетаў таксама дзесяць... І вось у канцы мая тэатр парадаваў прыхільнікаў класікі прэм’ерай аперэты Кальмана "Марыца". Для пастаноўкі гэтага спектакля запрасілі рэжысёра з Санкт-Пецярбурга — народнага артыста Расіі Юрыя Лапцева. А дырыжорам-пастаноўшчыкам стаў галоўны дырыжор тэатра Юрый Галяс. Гэта ўжо трэцяя пастаноўка "Марыцы" ў нашым тэатры. Першая адбылася ў 1975 годзе, і з усіх салістаў, якія былі ў ёй заняты, сёння ў тэатры працягваюць служыць двое — народная артыстка Беларусі Наталія Гайда і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Васіль Сердзюкоў. Другая пастаноўка адбылася ў 1992 годзе і пратрымалася ў рэпертуары да 2011-га, і некаторыя з артыстаў, якія ўводзіліся ў розны час, заняты і ў сённяшнім спектаклі. Новая версія "Марыцы" адрозніваецца ад папярэдніх перш за ўсё тэкстам лібрэта і трактоўкай вобразаў персанажаў. Як вядома, пры пастаноўцы класічных аперэт і цяпер карыстаюцца рознымі варыянтамі рускіх лібрэта, далёкімі ад арыгіналаў, якія былі створаны яшчэ ў савецкі час. І калі вобразы галоўных герояў істотнай трансфармацыі не падвяргаліся, то іх акружэнне — розныя графы, герцагі і бароны падаваліся ў сатырычным, а то і карыкатурным ключы. Новую сцэнічную рэдакцыю лібрэта "Марыцы", набліжаную да арыгінальнай, зрабіў санкт-пецярбургскі сцэнарыст Алег Солад, а вершы ўзяты з распаўсюджанага рускага тэкста Юрыя Дзімітрына. Але якім бы ні было лібрэта, у гэтым творы ўсё вызначае музычная драматургія. Віртуозныя партыі галоўных герояў, маштабныя ансамблевыя і харавыя сцэны, амаль оперныя фіналы актаў, у якіх спалучаюцца сольныя, ансамблевыя і харавыя эпізоды. А своеасаблівасць музыкі Кальмана заключаецца ў венгерскіх інтанацыях, якія пранізваюць гэты твор, і іх чароўнай мелодыцы, у спалучэнні парывістага чардаша і цыганскіх матываў, што надае аперэце асаблівы каларыт. Яе ж нездарма называюць самай венгерскай аперэтай ці венгерскай рапсодыяй. Нават дзеянне адбываецца не ў будапешцкіх ці венскіх свецкіх салонах, а ў венгерскай глыбінцы, дзе на маляўнічых прыродных ландшафтах раскінуліся ўладанні і фамільны замак маладога графа Тасілы Эндрэдзі-Вітэнберга, які ў адначассе ператварыўся з уласніка ў распарадчыка ўсёй сваёй маёмасцю, што набыла невядомая яму графіня Марыца Дзячэні... Як і ў іншых аперэтах Кальмана, перад гледачом разгортваецца сюжэт з вострым любоўным канфліктам, абумоўленым сацыяльнай няроўнасцю герояў. У спектаклі прадстаўлены ўсе тыпажы гэтага жанру: высакародная гераіня і такі ж высакародны герой, які напачатку вымушаны хаваць сваё паходжанне; каскадная пара маладых характарных герояў і ўзроставая камічная пара. У прэм’ерным спектаклі ролю Марыцы выконвала маладая салістка Яўгенія Крохіна, якая ўпэўнена заявіла аб сабе ў амплуа гераіні. Цікава зазначыць, што ў пачатку бягучага сезона яна была запрошана на выкананне гэтай ролі ў Санкт-Пецярбургскі тэатр музычнай камедыі, дзе аперэта з арыгінальнай назвай "Графіня Марыца" ідзе ў пастаноўцы сусветна вядомага венгерскага рэжысёра Габара Міклаша Керэньі. У ролі Тасілы паўстаў Арцём Хамічонак, які заўсёды пакарае публіку ў амплуа героя. Рамантычная драма гэтых персанажаў выпісана ў "венгерскіх танах", напрыклад, выхадная арыя Марыцы, вытрыманая ў манеры чардаша, гучыць нібы водгук на хор цыган, якія вітаюць новую гаспадыню замка; знакамітая арыя Тасілы таксама заканчваецца агнявым чардашам. Далей па ходу дзеяння іх вобразы раскрываюцца ў лірычных дуэтах і ансамблевых нумарах. Каскадная пара ў гэтым спектаклі набыла новыя рысы і нават нечаканыя пераўтварэнні. Так, Ліза, сястра Тасілы, якая праходзіць навучанне і выхаванне ў венскім пансіёне, напачатку ўспрымаецца такой жа наіўнай і паслухмянай, як і ў папярэдніх пастаноўках, але па ходу дзеяння ў яе праяўляюцца рысы тонкай назіральнасці і псіхалагічнага аналізу, а таксама яскравыя прыкметы жаночай эмансіпацыі (зазначым, у творы паказваецца Еўропа 1920-х гадоў). У гэтай ролі выдатна праявіла сябе Наталля Чабёлка, якая вызначаецца асаблівай акцёрскай арганічнасцю. А характарны акцёр Яўген Далідовіч прадстаў адразу у двух іпастасях — маладога барона Іштвана Эстэрхазі, таварыша Тасілы па універсітэце, і мясцовага маладога барона Каламана Зупана, малаадукаванага і недалёкага, але вельмі самаўпэўненага, які зусім нечакана з’явіўся ў замку, каб дамагацца рукі Марыцы. З гэтымі баронамі ўзнікае некалькі інтрыг — і драматургічных, і пастановачных. У ранейшых версіях лібрэта Марыца, стаміўшыся ад мноства прэтэндэнтаў на яе багатую спадчыну, размясціла ў газеце аб’яву аб сваіх заручынах з баронам, імя якога яна проста прыдумала. Але пазней высветлілася, што Каламан Зупан існуе! Прачытаўшы ў газеце аб’яву аб уласных заручынах з багатай графіняй, ён і не падумаў здзіўляцца ці разважаць, а адразу паспяшаўся да яе. Адзіным захапленнем і сэнсам жыцця Зупана была свінагадоўля, якая прыносіла добры даход. І ён, не паспеўшы пазнаёміцца з Марыцай, адразу прапануе ёй развесці найвялікшае ў свеце свінства, злучыўшы яго 18-тысячнае пагалоўе з яе 20-тысячным. У новай версіі лібрэта сярод персанажаў Зупана ўжо няма, але ж ён, як ні дзіўна, узнікае! Драматургічны ход з аб’явай у газеце тут таксама ёсць, і дзеля вясёлай забавы Тасіла ўгаворвае Іштвана пераўтварыцца ў жывога Зупана, праўда, не засяроджанага на свінагадоўлі. У выніку гэтыя жартачкі каштавалі Іштвану немалых нерваў. У дзеянні ўжо прымаў удзел не ён, а неіснуючы Зупан, і Ліза зрабіла выгляд, што гэты небарака яе вельмі зацікавіў, выклікаўшы ў Іштвана сапраўдную рэўнасць — да самога сябе! Узроставую камічную пару прадстаўляюць адстаўны генерал герцаг Морыц Драгамір Папулеску, самы настойлівы з жаніхоў Марыцы, і эксцэнтрычная герцагіня Бажэна фон Кудэнштэйн — цётухна Тасілы і Лізы, якая выкупляе фамільны замак і вяртае любімаму пляменніку яго спадчыну. Заадно яна ўмудраецца ажаніць на сабе адстаўнога генерала, напомніўшы яму, што было паміж імі ў Парыжы 20 гадоў таму. Гэтыя каларытныя вобразы яскрава ўвасобілі на сцэне заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Цыркуновіч і салістка Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова, якія былі заняты і ў папярэдняй пастаноўцы. Сярод іншых персанажаў асабліва вылучацца цыганка Маня, якая прадказвае і Марыцы, і Тасіле іх будучае шчасце. Роля быццам невялікая, але партыя цыганкі займае значнае месца ў музычнай драматургіі твора і вызначаецца сваёй складанасцю і віртуознасцю выканання. Гэты вобраз вельмі ўдала увасобіла народная артыстка Беларусі Маргарыта Александровіч, якая ў папярэдняй пастаноўцы спачатку выконвала ролю Лізы, а пазней Марыцы. Музычнай кульмінацыяй спектакля стала агністая "Венгерка", якая выпраменьвае моцны эмацыянальны зарад. Важным складнікам пастаноўкі з’яўляюцца танцы — венгерскія народныя і цыганскія. Балетмайстар-пастаноўшчык Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч заўсёды імкнецца рабіць харэаграфію сюжэтнай, якая ўзбагачае і дапаўняе дзеянне. І ў "Марыцы" ёй гэта таксама ўдалося. Зоя МАТУСЕВІЧ |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263