Главная \ Пресса \ Балет дзеяння, або Хто стане Астапам? (2011 г., Культура)
« Назад

БАЛЕТ ДЗЕЯННЯ, АБО ХТО СТАНЕ АСТАПАМ?

А вы занялі сабе "Дванаццаць крэслаў " у зале?

Рэпартаж з рэпетыцыі

У той час як Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр завяршаў сезон прэм'ерай "Кахання па-італьянску", балетная трупа гастралявала ў Брэсце і Кобрыне. А паралельна з рэпетыцыямі згаданай прэм'еры, дзе была задзейнічана ўсяго адна пара танцораў, ставіла двухактовы балет "12 крэслаў" паводле аднайменнага рамана І. Ільфа і Я. Пятрова. Датай прэм'еры абралі, згодна з колькасцю крэслаў, – 12 верасня, на пачатку новага сезона.

11-196a І вось я – на апошняй рэпетыцыі перад тым, як артысты пойдуць у адпачынак. Харэограф-пастаноўшчык Дзмітрый Якубовіч пачынае першы, чарнавы, прагон спектакля – у рэпетыцыйным класе, пад фанаграму, часткова аркестравую, часткова фартэпіянную. Вядома, спектакль будзе ісці пад жывы аркестр, але рэпетыцыі пад такі рабочы запіс, зроблены дырыжорам-пастаноўшчыкам Мікалаем Макарэвічам і канцэртмайстрамі тэатра, лепей скіроўваюць танцоўшчыкаў да той выканальніцкай версіі балета, якая і будзе ісці ў нашым тэатры. Прыходзіць на прагон і дырыжор – яшчэ раз удакладняе тэмпы і іншыя пастановачныя дэталі.

Артысты працуюць не проста зладжана, а папраўдзе натхнёна. Мне ж цікава паглядзець не толькі гэткі "папярэдні" вынік працы, але і адразу два склады "ў сінхроне". Амаль усе партыі, зразумела, дубліруюцца, і розныя іх выканаўцы часта танцуюць на рэпетыцыі адначасова. У балетны клас раз-пораз прыносяць яшчэ не завершаныя сцэнічныя строі, прыдуманыя мастаком па касцюмах Таццянай Лісавенка. Артысты могуць не толькі прымерыць іх, але і апрабаваць у танцы, выказаць свае пажаданні па магчымым удасканаленні.

Нават у такім "спробным" варыянце адразу відаць адметнасці будучай прэм'еры. Балет, хаця і названы Д.Якубовічам эксцэнтрычным, шырэйшы за гэтае азначэнне – ён папраўдзе полістылёвы: тут ёсць і неакласіка (часткова – нават на пуантах), пародыя на класіку, элементы мадэрна, эстраднага танца, побытавых рухаў. Акрамя цалкам усёй трупы, заняты і колькі небалетных артыстаў, гурт "Фаталіці", задзейнічаны ў мюзікле "Блакітная камея", а на ролі беспрытульнікаў запрошаны навучэнцы Мінскай харэаграфічнай школы № 1.

11-196b  Балетная трупа тэатра апошнім часам абнавілася. Астапа Бендэра танцуе вельмі прафесійны, добра падрыхтаваны Артур Іваноў, які нядаўна пераехаў да нас з Грузіі. Ён настолькі каларытны па сваіх акцёрскіх здольнасцях і яркай індывідуальнасці, што яму, здаецца, і грым не патрабуецца. У Кісу Вараб'янінава пераўвасоблены шыкоўны саліст, непераўзыдзены выканаўца шматлікіх характарных партый (а менавіта такія найбольш запатрабаваны ў гэтым тэатры) Віталь Краснаглазаў. Яму выпала, бадай, самая складаная задача: не знізіўшы балетнай віртуознасці, надаць кожнаму руху "ўзроставае" адценне, каб гледачы паверылі, што перад імі не хлопец, а – стары, які побач з "вялікім махінатарам" імкнецца памаладзець. А наколькі выразная Людміла Кісялёва ў ролі мадам Грыцацуевай! Сэнсам напоўнены не толькі яе рукі, але і кожны погляд.

Многія артысты заняты адначасова ў некалькіх партыях – ім увесь час даводзіцца змяняць не толькі вобразы, але і амплуа. Бо ў спектаклі шмат не толькі масавых сцэн, але і эпізадычных персанажаў– яркіх, запамінальных, з адметнай харэаграфічнай лексікай. Тая ж, у сваю чаргу, дыктуецца музыкай: у аркестры гучаць як працяглыя развітыя тэмы і знаёмыя па фільме лейтматывы, так і своеасаблівыя "рэчытатывы", пабудаваныя на гаваркіх інструментальных фразах, што атрымліваюць адпаведнае пластычнае рашэнне. Такая пастаноўка – знаходка для трупы, якая клапоціцца пра "гадаванне" ўласных талентаў і іх далейшае творчае развіццё.

Нарэшце, аб'яўляецца паўгадзінны "антракт" – ёсць магчымасць распытаць пра тое-сёе харэографа-пастаноўшчыка.

На стварэнне гэтага балета, – распавядае Дзмітрый ЯКУБОВІЧ, – мяне натхніла колішняя тэлетрансляцыя па канале "Культура" творчага вечара кампазітара Генадзя Гладкова. Усе ведаюць яго, найперш, па музыцы да мульцікаў і кіно, а там прагучаў фрагмент з балета "12 крэслаў". Мяне вельмі ўразіла спалучэнне сапраўднага сімфанічнага разгорту з нейкай амаль прыроднай танцавальнасцю гэтай музыкі. Калі юрыдычныя ўмоўнасці былі выкананы, кампазітар даў нам клавір, а пазней – і партытуру. Балет быў напісаны ў 1986-м і ставіўся ў Екацерынбургу. Але мы зрабілі сваю версію: тры дзеі змясцілі ў дзве, як гэта апошнім часам практыкуецца, пераставілі і нават пераасэнсавалі асобныя нумары – пад уласнае лібрэта.

– Выкарыстана ў вас і такая найноўшая балетная тэндэнцыя, як удзел у пастаноўцы не толькі харэографа, а яшчэ і рэжысёра. Гэта даніна модзе ці сямейным традыцыям? Бо рэжысёр Настасся Грыненка – ваша жонка, раней над усімі спектаклямі вы працавалі з ёй разам, але балеты сумесна не ставілі...

– Гэта нармальная заканамернасць сучаснага тэатра, незалежна ад жанраў. Над кожнай пастаноўкай павінна працаваць каманда прафесіяналаў. І далучэнне да працы над сучасным харэаграфічным спектаклем яшчэ і рэжысёра дазваляе атрымаць не толькі "погляд зверху", але і прафесійна распрацаваную драматургію. Разам з Насцяй мы складалі лібрэта, яна ж ажыццяўляе і канчатковую "зборку" спектакля. – Раней вы працавалі пераважна ў эстраднай стылістыцы, у гэтым жа спектаклі шмат неакласікі. Самі вы не маеце класічнай харэаграфічнай падрыхтоўкі, але трупа, як я заўважыла, ставіцца да вашых пластычна-танцавальных і папраўдзе балетных фантазій з пашанай і любоўю. У вас ёсць нейкі сакрэт?

– Я зыходзіў, па-першае, з музыкі, па-другое – з таго, што нашым артыстам бліжэй. Дык чаму б не выкарыстаць класіку ў сучасным прачытанні? Вы не бачылі яшчэ другой дзеі, а там будзе нават самы, бадай, пазнавальны фрагмент з "Лебядзінага возера", пастаўлены на музыку... факстрота. Ну, а стэп няхай адбіваюць вакалісты. Галоўнае, каб усе танцавалі, быццам гуляючы. Што ж да дыплома, дык яго наяўнасць ці адсутнасць – далёка не стопрацэнтныя гаранты прафесійных якасцей. Харэографу не абавязкова танцаваць класіку лепш за салістаў – неабходна, каб ён ставіў цікавыя для артыстаў задачы і мог растлумачыць ім на прафесійнай мове свае патрабаванні.

– Раман "12 крэслаў", фільмы паводле яго і музыка гэтага балета ствараліся ў савецкія часы. Вам нічога не хацелася перагледзець у трактоўцы сюжэта і характараў герояў?

– Вы яшчэ не бачылі фінал: ён у нас, хутчэй, трагічны. Гэты твор, на маю думку, нават у варыянце Ільфа і Пятрова, – пра недасягальнасць асабістага шчасця, калі ўсё скіравана на зладжанасць працы "вінцікаў" у механізме. Кіса Вараб'янінаў– тыповы прыстасаванец, такі ў савецкіх умовах не прападзе. А вось Астап Бендэр – асоба, і не яго віна, што ён не можа рэалізаваць свае багатыя арганізацыйна-прадпрымальніцкія здольнасці на карысць сабе і навакольным. Ён – чалавек дзеяння, а не выканання чужой волі. Таму яго сутыкненне з заведзенай машынай новай улады не можа не скончыцца трагічна. Але што я вам расказваю? Перапынак скончаны – глядзіце другую дзею!

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Сяргея СУЛАЯ.
Культура. – 2011. – 13 авг.