Главная \ Пресса \ Беларускі мюзікл: "за" і "супраць" (2009 г., Літаратура і мастацтва)
« Назад

БЕЛАРУСКІ МЮЗІКЛ: "ЗА" І "СУПРАЦЬ"

Бадай, самае яскравае вынаходства ХХ стагоддзя ў сферы музычна-тэатральнага мастацтва з лёгкай рукі брадвейскіх прадзюсераў, якія прагнулі здзівіць гледачоў незвычайнай прыгажосцю даўганогіх танцоўшчыц ды спявачак з пэўнымі здольнасцямі драматычнай ігры, атрымала і замацавала ў галовах мільёнаў прыхільнікаў сваё ўласнае імя: МЮЗІКЛ. Яго шырокае распаўсюджванне пачалося з Амерыкі, затым па заходнееўрапейскіх краінах і далей па свеце. Апошнім часам гэтае гучнае слова можна сустрэць на афішах нашых музычных, драматычных, маладзёжных і нават дзіцячых тэатральных калектываў – ад прафесійных устаноў са статусам "Нацыянальны" да аматарскіх гурткоў. Каб неяк вызначыцца з тэрміналагічнай блытанінай ды паразважаць пра мэтазгоднасць стварэння на беларускай сцэне тэатральных праектаў такога папулярнага сёння кірунку (ці, можа, жанру), а таксама пра мажлівыя шляхі яго развіцця з улікам нацыянальных традыцый, я пацікавіўся думкамі самых уплывовых, на мой погляд, асоб у сферы практычнай рэалізацыі такіх праектаў. Гэта непасрэдныя ўдзельнікі працэсу стварэння большасці з наяўных сёння на беларускай сцэне мюзіклаў – дырэктар і мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра заслужаны артыст краіны Аляксей ІСАЕЎ і вядомы беларускі кампазітар, прадзюсер, аўтар мюзіклаў "Джулія", "Шклянка вады", "Афрыка", "Байкер" ды іншых Уладзімір КАНДРУСЕВІЧ.

press2009-09a press2009-09b


Пра тэорыю і гісторыю

– Дык што ж гэта за з’ява ў сучасным музычна-тэатральным мастацтве – мюзікл – і якім чынам вызначаць прыналежнасць да яго таго ці іншага музычнага спектакля?


Аляксей Ісаеў. На мой погляд, мюзікл – гэта, у першую чаргу, яркае шоу. У пэўнай ступені ён выйшаў з аперэты, і кожная з класічных венскіх аперэт можа быць прадстаўлена ў сучаснай "мюзіклавай" вопратцы. Багатая насычаная музычная структура лепшых твораў Штраўса, Легара, Кальмана дазваляе бясконца эксперыментаваць і ствараць сапраўдныя шоу. Па гэтым шляху можна пайсці яшчэ далей і "асучасніць" Рахманінава, Чайкоўскага, Вердзі…, бо невядома, якой з версій аддасць перавагу сённяшні слухач. Як прыклад магу прывесці вельмі папулярную перапрацоўку тэмы Барадзіна "Улетай на крыльях ветра" (хор з оперы А. Барадзіна "Князь Ігар". – Рэд.), якую слухаюць мільёны, і толькі малая частка з іх пойдзе на традыцыйную пастаноўку "Князя Ігара". Дарэчы, днямі зноў слухаў апошнюю інтэрпрэтацыю арыі містэра Ікс у выкананні Рэната Ібрагімава. Зусім іншае гучанне аркестра, іншыя інтанацыі ў вакале. Атрымаўся святочны канцэртны нумар мюзіклавага кшталту. Ідучы такім шляхам, можна зрабіць вельмі "смачна" і прыцягнуць новага гледача. Далучыць яго да ўзораў высокай музычнай культуры, хай нават праз іх "асучасніванне".

Уладзімір Кандрусевіч. Сучасны жанр вымагае сучаснай падачы. Іншы голас, іншая манера спеваў, індывідуальны тэмбр, фарбы. У нас вакалістам напачатку ставяць ніжнія ноты, затым "выцягваюць" верхнія, а сярэдзіну зусім пакідаюць. У мюзіклах, наадварот, да яе асаблівая ўвага. Тут зусім неабавязкова валодаць супервакальнымі здольнасцямі. Можна "размяць", прыстасаваць сярэдні голас і развіць яго адметнасці. Зрабіць больш яркім, афарбаваць, узмацніць. Наогул, патрэбна іншая акцёрская школа, без усялякага ўваходжання ў вобраз, без пераўвасаблення і перажыванняў. Падача і дэманстрацыя сябе, лепшых сваіх якасцей. Галоўнае – больш індывідуальнасці. Патрэбна пластыка – якой у нас няма. Згадаем хаця б такі факт. Славуты Міхаіл Барышнікаў, пераехаўшы ў ЗША, вучыўся, як звычайны пачатковец, новай пластыцыразам са спявачкай Лайзай Мінэлі.

– Давайце паспрабуем з другога боку падысці да праблемы і назавём тыя вядомыя пастаноўкі, якія маглі б служыць пэўным узорам сапраўднага мюзікла. 

А. І. У маіх руках энцыклапедычны даведнік "Сусветныя мюзіклы", дзе вельмі шырока прадстаўлены пастаноўкі розных часоў і краін. Аўтары выдання, відаць, карысталіся дэвізам: "Усё тое, што не опера, аперэта ды балет, і ёсць мюзікл". Дзесяткі гучных назваў і імёнаў. Сюды патрапіла чамусьці "Вясёлая ўдава" (1905 г.) і, зразумела, такія агульнапрызнаныя творы, як "Аклахома", "Валасы", "Кошкі", "Ісус Хрыстос – суперзорка", "Скрыпач на даху", "Прывід оперы", "Чыкага", "Кабарэ", "Поргі ды Бес" і яшчэ сотні іншых. Такім чынам робіцца відавочным, што на сённяшні дзень сам тэрмін "мюзікл" трактуецца вельмі шырока. Ён быццам бы страціў свае берагі. І ў той жа момант сучасныя пастаноўшчыкі ды прадзюсеры ў мэтах рэкламы сваіх твораў карыстаюцца павышанай цікавасцю гледачоў да гэтага жанру і атрымліваюць адпаведныя фінансавыя дывідэнды. У 20 – 30 гады мінулага стагоддзя, калі жанр толькі нараджаўся, яго стваральнікі адбіралі ўсё самае новае, прагрэсіў-нае. А каб неяк выйсці з абмежаваных рознымі канонамі класічных форм, увялі ва ўжытак гэты тэрмін. На мой погляд, тэрміналогія – гэта справа кампазітараў, лібрэтыстаў, мастацтвазнаўцаў. Я галасую за новыя назвы для новых форм музычных спектакляў.

У. К. Мяне больш вабіць еўрапейская мадэль мюзікла. Прыкладам, "Notre Dame de Paris" альбо "Romeo & Juliet" з моцнай драматургіяй, з асэнсаваннем падзей. А брадвейскія пастаноўкі кшталту "Mama mia" скіраваныя на пацеху публікі. Тут галоўнае – бляск, мітусня, дарагія дэкарацыі, шыкоўныя касцюмы і дыяменты. Хаця, што і казаць, выглядае шоу вельмі прыгожа.

Пра мастацкія здабыткі і фінансавыя выдаткі

– Як вы асабіста вырашаеце: ці патрэбна выносіць на афішу слова "мюзікл"?


А. І. Можа, мы і памыліліся, калі назвалі "Рускі фантом" мюзіклам? Не ведаю. Але ж аўтары далі свайму твору яшчэ больш заблытаную фармулёўку – "мюзікл-фантасмагорыя". Быў яшчэ варыянт: пакінуць адну "фантасмагорыю", але ж такі падыход таксама вымагаў бы дадатковага тлумачэння для гледачоў.

– Сучасны брадвейскі мюзікл – гэта нават не дзесяткі, а сотні мільёнаў долараў укладанняў. Ці ёсць хаця б тэарэтычная магчымасць у такога праекта акупіцца ў невялікай краіне?

У. К. Мой адказ – катэгарычнае "не". Абавязковая дзяржаўная падтрымка. І ставіць трэба не на трупу рэпертуарнага тэатра, а ў антрэпрызе, з адпаведным падборам артыстаў. І, галоўнае, – са спробай запрасіць, альбо адшукаць сярод моладзі, сапраўдную зорку. Мы паставілі "Байкера" ўсяго на 6 выканаўцаў плюс 12 танцораў. У іх ліку – Іван Вабішчэвіч, якога адзначыла сама Ала Пугачова. Чым не зорка! Нават пры такім невялічкім складзе выканаўцаў нам спатрэбіўся магутны спонсар.

А. І. Мюзікл – гэта тэатралізаванае відовішча для вялізных канцэртных залаў з адпаведным тэхнічным абсталяваннем, дэкарацыямі, касцюмамі. А "якасны касцюм", умоўна кажучы, можна пашыць толькі з дарагой тканіны. Каб пашырыць сцэнічную прастору, мы закупілі самае лепшае праекцыйнае абсталяванне. Публіка павінна атрымліваць асалоду не толькі ад спеваў, музыкі і танцаў, але і візуальна. У тым жа "Рускім фантоме" з дапамогай медыйных сродкаў ствараюцца шматлікія эфекты, а перад кожнай мізансцэнай раскрываецца яе змест. Усё гэта вымагае значных фінансавых укладанняў.

Пра нацыянальную адметнасць

– Не першы год ідзе гаворка пра стварэнне беларускіх мюзіклаў. Чаму ж пастаноўшчыкі не хочуць звяртаць увагу на арыгінальныя творы нацыянальнай драматургіі, музыкі, харэа графіі, выяўленчага мастацтва? Чаму не шукаем "Прарока" ў сваёй Айчыне?

А. І. Да нас апошнім часам звяртаюцца, у асноўным, лібрэтысты са сваімі ідэямі, сцэнарыямі, "накідамі". А тэатру патрэбны сапраўдны завершаны сцэнічны твор высокай прафесійнай якасці. Абавязкова з інтрыгуючым сюжэтам, якога прагне сённяшні глядач. Калі такі мюзікл у нашых творцаў з’явіцца, дык мы будзем толькі рады. Прыходзьце! 
Чакаем.

У. К. На маю думку, публіка пакуль не гатовая ўспрыняць нацыянальны мюзікл. Таму мы і бяром за сюжэтную аснову "раскручаны" твор. Традыцыі напрацоўваюцца гадамі, і павінна быць створана шмат розных мюзіклаў, каб нарэшце адзін "стрэліў". Спробу прачытання па-беларуску мы зрабілі ў спектаклі "Таямніца блакітных азёр", але драматургія не зусім адпавядала жанру. Затое сюжэт "Афрыкі" цалкам раскрыўся на такіх знакамітых нацыянальных сцэнах, як Купалаўская і Коласаўская. Былі і менш удалыя работы. Але я не страціў надзею, і ёсць планы і прапановы па стварэнні спектакля на нацыянальным гістарычным матэрыяле. Жыве ідэя ўславіць імёны вядомых асоб, якія адыгралі значную ролю ў гістарычным і культурным развіцці нацыі. Магчыма, гэта будзе аповед пра Соф’ю ды Ягайлу.

Не "расстаўляючы кропкі", якія ж высновы можна зрабіць наконт закранутай тэмы? У кожнай з прадстаўленых пазіцый ёсць рацыянальнае зерне і ёсць шмат чаго агульнага ў сэнсе ўспрымання мюзікла, у першую чаргу, як сучаснай формы музычнага тэатральнага дзейства з комплексам сродкаў выразнасці, што павінны адпавядаць сённяшнім запатрабаванням гледача, ці, прасцей кажучы, быць моднымі на дадзены момант. Гэта датьічыць і самой музыкі, і яе аранжыроўкі, і манеры выканання вакальных партый, і рэжысуры, і харэаграфіі, і вобразнасці драматычнай акцёрскай ігры, і сцэнічнага афармлення, і тэхнічнай аснашчанасці. Названыя сродкі мусяць садзейшчаць раскрыццю тэмы і сюжэта, якія, у сваю чаргу, раскрываюцца пастаноўшчыкамі з улікам рэалій сучаснага жыцця, нават калі ў аснову пакладзены добра вядомыя класічныя музычныя ці літа-ратурныя творы. Што ж да "беларускасці" твора, дык не сакрэт: поспеху ў значнай ступені садзейнічае апора аўтараў на перажытае, на добра вядомае, на сваё, арыгінальнае бачанне адвечных сусветных праблем і пытанняў. Своеасаблівасцю мінулага і сучаснага жыцця цікавыя белару-сы іншым народам. А тое, як нашы продкі адмыслова адаптавалі самыя "іншаземныя" формы розных відаў мастацтва, пераконваюць прыклады і з французскай кадрыляй, і з чэшскай полькай. Хіба ж гэта не шлях і для ааміляцьгі амерыканскага мюзікла? Пажывём – пабачым.

Ігар КУЗНЯЦОЎ.
Фота аўтара.
Літаратура і мастацтва. – 2009. – 17 ліп. – С. 10.

На здымках: дырэктар-мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра А. Ісаеў; кампазітар У. Кандрусевіч.