Главная \ Пресса \ Кветкі для юбіляра (2005 г., Народная трыбуна)
« Назад

КВЕТКІ ДЛЯ ЮБІЛЯРА

"Музыка – маё жыццё" – напэўна, так павінен называцца творчы юбілейны вечар прызнанага ў Беларусі майстра сцэны Аляксандра Сасноўскага. Каб пераканацца ў яго апантанасці музычным мастацтвам, дастаткова прыгадаць паслужны спіс. Маэстра – галоўны дырыжор Дзяржаўнага Музычнага тэатра Рэспублікі Беларусь, выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Мінскага дзяржаўнага універсітэта культуры. Свой вопыт і веды ён перадае студэнтам брэсцкага філіяла Акадэміі музыкі. Як дырыжора сімфанічнага аркестра абласнога драмтэатра Аляксандра Сасноўскага ведаюць заўзятыя аматары музыкі Брэстчыны. Менавіта яны 27 верасня і запоўнілі тэатральную залу, каб адсвяткаваць круглую дату дырыжора і паслухаць зорак беларускай сцэны – народную артыстку РБ Наталлю Гайда, заслужаных артыстаў Рэспублікі Беларусь Аляксея Ісаева, Зінаіду Вяржбіцкую, Германа Казлова, лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі РБ Лідзію Кузьміцкую, Ірыну Скарабагатаву і іншых.

Відаць, шчаслівым павінен адчуваць сябе той чалавек, у каго на дзень нараджэння збіраецца столькі прыхільнікаў музыкі, каго прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі мясцовай улады, розных арганізацый і ўстаноў. Падалося, юбіляр быў у добрай творчай форме, яго бадзёры светлы настрой перадаваўся слухачам. Тыя апладзіравалі, неслі віноўніку ўрачыстасці кветкі. Аркестр з дырыжорам выдатна спраўляліся са сваёй роллю – чаравалі публіку цудоўнымі мелодыямі І. Штрауса, Ф. Легара, П. Чайкоўскага, І. Дунаеўскага, Я. Пцічкіна.

Многія заслужана адзначалі, што пры Аляксандры Сасноўскім музыканты значна паднялі свой выканальніцкі ўзровень, пашырылі рэпертуар. У праграме паявіліся творы А. Барадзіна, М. Рымскага-Корсакава, Д. Шастаковіча, Ж. Бізэ, М. Равеля, К. Дзебюсі. Для школьнікаў аркестр падрыхтаваў цікавую сімфанічную казку Сяргея Пракофьева "Пеця і воўк", на працягу многіх гадоў знаёміў з музыкай кампазітараў-класікаў і рамантыкаў. З прыходам Аляксандра Сасноўскага ў горадзе над Бугам загучала аперэта, а вечары памяці адкрылі дагэтуль невядомыя імёны кампазітара Уладзіміра Солтана, ураджэнца Брэста, які ў 41 год пайшоў з жыцця, і прафесара Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі Іллі Мусіна, педагога Аляксандра Сасноўскага.

Калі гаварыць пра сімфанічны аркестр як пра з'яву ў культурным жыцці вобласці, трэба прыгадаць славутых выканаўцаў, якім давялося выступаць разам з ім. Ігар Алоўнікаў, Наталля Гайда, Эдуард Пелагейчанка, Андрэй Сікорскі, кампазітар Людміла Лядава, лаўрэаты міжнародных конкурсаў К. Дуда з Польшчы, А. Навакава з Чэхіі і іншыя. Сімфанічны аркестр – удзельнік Першага беларускага фестывалю "Парад маладых дырыжораў" (Мінск, 2000 г.), Дзён культуры Брэсцкай вобласці ў Мінску (2002 г.). Калектыў запрашалі на калядныя сустрэчы ў польскія гарады Ольштын (2000 г.) і Люблін (2002 г.), у Маладзечна (2003 г.), у гарады Іспаніі (2005 г.). Творчая актыўнасць аркестра – канцэрты, гастролі – безумоўна, звязана з дзейнасцю і аўтарытэтам Аляксандра Сасноўскага.

Дарэчы, ад яго сёлетняга юбілейнага да першага публічнага выступлення прайшло 25 гадоў. Баявое хрышчэнне адбылося, калі Аляксандр вучыўся на другім курсе Ленінградскай кансерваторыі. Тады ён выключна па сваёй ініцыятыве наведваў рэпетыцыі опернай студыі. У той час ішла работа над операй "Яўген Анегін" П.І. Чайкоўскага. Аднойчы дырыжор Равіль Мартынаў спазніўся і надоўга. Спевакі, каб не страціць рэпетыцыю, звярнуліся да Аляксандра, чый твар добра прымільгаўся, і папрасілі падырыжыраваць аркестрам. Той з радасцю згадзіўся. Калі нечакана з'явіўся Равіль Інверавіч, не стаў умешвацца, а моўчкі сачыў за работай свайго часовага пераемніка. Потым пры сустрэчы прапанаваў юнаку без рэпетыцыі ўстаць за дырыжорскі пульт і папярэдзіў трымаць гэта ў сакрэце.

Пра замену ніхто нічога не ведаў. Аляксандр знайшоў фрак – сапраўдны, пашыты венскім шаўцом з выдатнага сукна, і ў назначаны дзень пайшоў насустрач свайму лёсу. З хваляваннем спусціўся ў прыцемках у аркестравую яму. Калі праходзіў уздоўж аркестра, збянтэжаныя музыканты пераглядваліся: "Хто гэта?". Першая скрыпка, убачыўшы незнаёмы сілуэт, з жахам прашаптала: "Дзе Равіль?". "Я замест яго. Равіль Інверавіч папрасіў яго выручыць," – растлумачыў Аляксандр. "А вы калі-небудзь гэта рабілі?" – і скрыпачка памахала ў паветры смычком. "Не", – сціпла прагучала ў адказ. Калі без сучка і задзірынкі прайшла першая карціна оперы, усё тая ж першая скрыпка з адабрэннем торкнула яго смычком: "Малайчына!".

На дзяржэкзаменах зноў давялося дырыжыраваць "Яўгенам Анегіным". Равіль Мартынаў не прамінуў павіншаваць выпускніка з заканчэннем кансерваторыі і заўважыў: "Ці ведаеш? А той спектакль быў самы лепшы!" Адбылося гэта 26 красавіка 1980 года.

Увогуле, Аляксандру шанцавала на добрых музыкантаў. Адзін з першых, хто падштурхнуў яго абраць прафесію дырыжора, быў дырэктар Магілёўскага музычнага вучылішча Леанід Іваноў – вядомая асоба ў музычным свеце Беларусі. Аляксандр іграў у яго аркестры на баяне і цвёрда вырашыў: буду дырыжорам.

У Беларускую дзяржкансерваторыю паступіў лёгка і трапіў у клас Іосіфа Абраміса – педагога з вопытам. Аднак разумеў: каб стаць дырыжорам з імем, трэба вучыцца ў Ленінградскай кансерваторыі, але дарога ва ўсесаюзную alma-mater музыкантаў з вялікай літары была адкрыта на той час толькі выпускнікам вышэйшых музычных навучальных устаноў, таму вучоба ў Мінску была неабходнай прыступкай для ўзлёту.

На другім курсе Аляксандр пазнаёміўся з Валерыем Гяргіевым. Цяпер гэта прыкметная фігура – галоўны дырыжор Марыінскага тэатра, а тады 24-гадовы музыкант толькі што атрымаў званне лаўрэата на Міжнародным конкурсе дырыжораў імя Герберта фон Караяна і прыехаў у Мінск з народным артыстам СССР Ціханам Хрэннікавым для ўдзелу ў аўтарскім канцэрце кампазітара. Аляксандра цікавіла кансерваторыя, яе парадкі, экзамены, выкладчыкі – усё! Валерый параіў яму сустрэцца з прафесарам Іллёй Мусіным – педагогам першай велічыні, да якога едуць вучыцца нават іншаземцы, які выхаваў не адно пакаленне сусветна вядомых дырыжораў. Імя Іллі Аляксандравіча не выходзіла з галавы студэнта Сасноўскага. Раптам на трэцім курсе па лініі камсамолу арганізуецца турпаездка па маршруце "Прыбалтыка – Ленінград – Ноўгарад – Пскоў". Аляксандр едзе. У Ленінградзе першай справай замест экскурсіі – да бацькі ўсіх дырыжораў. Ён быў прыемна здзіўлены, што юнак – вучань Абраміса, які яшчэ да вайны іграў у яго аркестры. Вось так слова за слова разгаварыліся, а потым у наступным годзе сустрэліся як настаўнік і вучань. Заняткі Іллі Аляксандравіча былі адкрыты для ўсіх жадаючых. У клас набівалася да 20, а то і да 30 чалавек. Жэсты, рэплікі – усё запаміналася да дробязей. Гэта была унікальная магчымасць пераняць дырыжорскае мастацтва непасрэдна з рук вялікага майстра.

На першым курсе Аляксандр займаўся ў класе прафесара Эдуарда Грыкурава, а пасля яго смерці напрыканцы IV і на V курсе вучыўся ў народнага артыста СССР Юрыя Цямірканава. Яго тэмпераментнае прачытанне партытур выяўляла высокую музычную культуру і сілу інтэлекту. Тонкасці прафесіі Аляксандр спасцігаў у вядомага дырыжора сучаснасці народнага артыста Расіі Генадзя Праваторава. Летась яму споўнілася 75. Аляксандр ніколі не забываў павіншаваць з днём нараджэння сваіх педагогаў. Яму пашчасціла прысутнічаць на пяці юбілеях Іллі Мусіна. Кожны раз той выходзіў да публікі і дырыжыраваў найскладанейшым буйным творам – тым самым выклікаў вялікую павагу да сябе як да музыканта і чалавека моцнага духам. У свае 95 ён бліскуча справіўся з "Італьянскім капрычыо" П. Чайкоўскага.

"Я вучыўся ў выдатных настаўнікаў, вышэй за якіх не было", – аднойчы з гонарам прызнаўся Аляксандр Пятровіч. У свой юбілей ён увесь вечар дырыжыраваў аркестрам, самааддана працаваў на сцэне. Іншага не дадзена, бо музыка любіць тых, хто да кроплі прысвячае ёй сваё жыццё.

Алена КАПАЧОВА.
Народная трыбуна. – 2005. – Вып. 7.