Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Музычная сцэна: лепшае (2012 г., Літаратура і мастацтва)

Музычная сцэна: лепшае (2012 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

МУЗЫЧНАЯ СЦЭНА: ЛЕПШАЕ

12-102a Мудрае жыццё распарадзілася так, што новы праект Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра "Наталля Гайда запрашае" завяршыўся адкрытым фіналам. Як гэта разумець? А вось як: апафеоз адбыўся, але заключны гала-канцэрт удзельнікаў незабыўнага тыдня мастацтва не стаўся "апошняй кропкай" у працэсе іх унікальнай супольнай творчасці. Працяг будзе!

Наш час багаты на гучныя міжнародныя фестывалі, якія часцей нагадваюць камерцыйныя гастрольныя туры: збіраюць "зорную абойму" выканаўцаў, суправаджаюцца шыкоўнай рэкламай, ажыятажам вакол білетаў, недаступных для сціплага кашалька сярэднестатыстычнага бюджэтніка, студэнта, пенсіянера. Праект "Наталля Гайда запрашае", не займеўшы хаця б сімвалічнай падтрымкі спонсараў, раскручваўся без старонняй дапамогі: за кошт энергіі таленавітых і талковых людзей, якія працуюць у тэатры, дзякуючы ўнутранаму творчаму гарэнню, якое падтрымлівае ў калектыве яго кіраўніцтва. На запросіны легендарнай зоркі беларускай і савецкай аперэты адгукнуліся не гастралёры, а шчырыя сябры: артысты-вакалісты, кіраўнікі творчых калектываў, дырыжоры. Госці прыехалі з Азербайджана, Казахстана, Расійскай Федэрацыі (Екацерынбург, Іркуцк, Растоў, Санкт-Пецярбург). Яны не пачувалі сябе "вясельнымі генераламі", запрошанымі на адзін вечар. Яны былі сапраўднымі чыннікамі фестывальнага жыцця, распісанага па гадзінах: рэпетыцыі, творчыя візіты, экскурсіі, гутаркі. За ўсім гэтым — новыя эмоцыі, новыя веды і штодзённы абмен прафесійным досведам, якога ніколі не бывае зашмат. Поруч з беларускімі калегамі госці ўдзельнічалі ў разнажанравых і рознастылёвых пастаноўках нашага тэатра ("Бабскі бунт" Я. Пцічкіна, "Аршын мал алан" У. Гаджыбекава, "Сільва" І. Кальмана, "Граф Люксембург" Ф. Легара). Колькі новых сцэнічных ансамбляў нарадзілася за мінулы тыдзень у гэтых спектаклях!

А яшчэ больш інтэрнацыянальных дуэтаў утварылася падчас працы над праграмай гала-канцэрта, і ў той незабыўны суботні вечар перад шчырай мінскай публікай выступіла вялікая міжнародная сябрына, ці, як заўважылі самі артысты, — новая тэатральная сям’я. У калейдаскопе гэтых сямейна-тэатральных стасункаў апынулася ўсё, чым жыве музычная сцэна: класіка жанру аперэты, камічная опера, балет, мюзікл, песня. Усё прымалася на "ўра", у хвалі шчодрых воплескаў выкупаліся і легендарныя майстры, і прадстаўнікі новай тэатральнай генерацыі. Працяглая, але дынамічная імпрэза ўспрымалася не як нізка паасобных канцэртных нумароў, а як цэласная дзея — дзеля гэтага шчыравалі рэжысёр Настасся Грыненка, харэограф Дзмітрый Якубовіч, мастакі Аляксей Тарасаў (Расія) і Любоў Сідзельнікава, вядучыя Ірына Рымша ды Аляксандр Асіпец, знітоўваючы сцэнічныя сюрпрызы ў захапляльнае шоу. За дырыжорскім пультам змянялі адно аднаго піцерскі маэстра Андрэй Аляксееў і яго мінскія калегі Юрый Галяс, Алег Лясун, Мікалай Макарэвіч, Марына Траццякова. Наталля Гайда цягам вечара не раз выходзіла на сцэну, у выбітных сола і ў дуэтах пацвярджаючы высокі клас акцёрскага майстэрства і віртуознае валоданне голасам. Спеўная птушка з Азербайджана Інара Бабаева лашчыла слых меламанаў арыяй Адэты ("Баядэра"), а яе зямляк Фарыд Аліеў і наша Маргарыта Александровіч дэбютавалі як дзівосны дуэт Раджамі ды Адэты. Здзівіў выхад шаноўнага дырэктара Карагандзінскага акадэмічнага тэатра музычнай камедыі Амантая Ібраева з кавацінай Фігара ("Севільскі цырульнік"). А Таццяна Клімава з Растоўскага дзяржаўнага музычнага тэатра сваім віртуозным выкананнем песенькі "чарцяняці"-Пепіты ("Вольны вецер") дала паказальны ўрок тым, хто апраўдвае фанаграму на эстрадзе: аказваецца, можна скакаць,  хадзіць на руках, куляцца цераз галаву і пры гэтым заставацца ў вобразе, трымаць выдатную вакальную форму і не збіваць дыханне! Пацвердзілі свой новы статус куміраў мінскай публікі Андрэй Данілаў і Уладзімір Якаўлеў (Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны тэатр музычнай камедыі), Галіна Пятрова (Свярдлоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр музычнай камедыі), Аляксандра Гарашчук (артыстка Іркуцкага дзяржаўнага музычнага тэатра імя М. М. Загурскага).

Праз хіты сусветных мюзіклаў раскрыўся вакальны патэнцыял Алега Прохарава, Віктара Цыркуновіча, Лесі Лют, Ілоны Казакевіч, Сяргея Суцько. А "гарачы" каскадны дуэт Вікторыі Жбанковай-Стрыганковай ды Аляксандра Асіпца ў класічным "Шымі" адцянілі галавакружна пластычныя нумары з удзелам Дзяніса Нямцова, Дзяніса Мальцэвіча, Анзора Алімірзоева, Дзмітрыя Якубовіча. Што ўжо казаць пра бліскуча зробленую сцэну Элачкі, яе мужа — інжынера Шчукіна ды Астапа з балета "12 крэслаў" у выкананні Вольгі Лядскай, Дзмітрыя Маціеўскага ды Яўгена Яцкевіча!

Нават бясконцы пералік мае свае межы. І той, каго ўжо не выпадае назваць, няхай не крыўдуе: падчас канцэрта быў заўважаны кожны. А яшчэ пад шчымлівы спеў Кацярыны Дзегцяровай ("Пожалуйста, не умирай" З. Рамазанавай) тэатралы разам з артыстамі ўспомнілі тых, каго ўжо няма на сцэне і ў зямным жыцці, але чые вобразы засталіся ў неўміручай гісторыі мастацтва. Мы моўчкі ўглядаліся ў праекцыю на вялікім экране, пазнавалі ў чарадзе незабыўных твараў Міхаіла Вадзянога і  Глікерыю Багданаву-Часнакову, Ніну Равінскую і Анатоля Касцецкага... "Любоў мая — аперэта!" Гэтае вакальнае прызнанне Наталлі Гайды, падтрыманае артыстамі хору, арганічна перайшло ў гімн тэатра з мюзікла У. Кандрусевіча "Джулія". Разам з прымадоннай спявалі ўсе ўдзельнікі канцэрта. І сёй-той з гледачоў міжволі далучаў свой голас да гэтага ўрачыстага туцці.

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 2012. – 27 крас. – С. 18.

На здымку: На сцэне — народная артыстка Беларусі Наталля Гайда.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: