Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Не сваяк не таго Якубовіча (2003 г., Культура)

Не сваяк не таго Якубовіча (2003 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

НЕ СВАЯК НЕ ТАГО ЯКУБОВІЧА

Дзмітрый Якубовіч, здавалася б, быў створаны для тэатра і літаральна "народжаны ў тэатры". Ён не толькі "наскрозь тэатральны", а яшчэ і цудоўна спявае, тонка адчувае музычную стылістыку. Hiколі не "цягне на сябе коўдру", як гавораць пра артыстаў-эгацэнтрыстаў, а наадварот, здольны i падыграць партнёру, i сымправізаваць, калі спатрэбіцца. А пра яго пластыку хутка будуць хадзіць легенды. Мала таго, што ён сам надзвычай пластычны, добра танцуе, дык яшчэ i паспяхова прымярае на сябе ролю харэографа, прычым не толькі ў спектаклях Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра, салістам якога з'яўляецца, але і на чужых падмостках – у тым жа Купалаўскім. Таму няма чаго здзіўляцца: сёлета Дзмітрый Якубовіч стаў уладальнікам "Крыштальнай кветкі", што i стала падставай для запрашэння яго на ролю чарговай "вельмі важнай персоны" нашага штотыднёвіка. Размову, натуральна, я пачала з віншавання, кампліментаў. І тут пайшлі неспадзёўкі…

– Не, у дзяцінстве я тэатрам не захапляўся i ўвогуле пра яго не думаў. Які тэатр у Лунінцы? Больш цікaвіла музыка. З класа шостага-сёмага я ўдзельнічаў у працы так званай "самадзейнай філармоніі": выступленнi ладзіліся на гарадской плошчы, дзе спецыяльна збілі драўляны памост. Спадабалася, пацягнула ў эстраду. У старэйшых класах нават арганізаваў BIA "Марш": двое гітарыстаў, барабаншчык i я, таксама з гітарай. Мы не толькі ў сваёй школе iгралі на дыскатэках – ездзілі з гастролямі ў Пінск, у Іванава.

– А не крыўдна было? Усе танцуюць, а вы ім культурны адпачынак забяспечваеце. Ці сам танцаваць не любіў, як звычайна ўсе хлопцы ў падлеткавым узросце?

– Не любяць тыя, хто не ўмее. Я ж займаўся брэйкам. Дый увогуле я пластыку люблю. I заўсёды лічыў, што людзі павінны больш рухацца, у рухах выяўляць свае эмоцыі, бо так, праз разняволенне цела прыходзіць i разняволенне духу, адчуванне ўнутранай свабоды.

– Музыка таксама давала адчуванне свабоды? Дарэчы, ты сам сачыняць не спрабаваў, што часта робяць лідэры эстрадных групп?

– Спрабаваў, i яшчэ раней, чым наша група з'явілася. Вельмі цікавіўся бардаўскай песняй, перапяваў Акуджаву, Візбара, нават на конкурсах выступаў ад школы. А вось свае ўласныя песні ніколі не паказваў: саромеўся. А пазней пачалася самакрытыка, зразумеў, што гэта ўсё ж не мае.

– Маўляў, тваё – гэта спевы ды ігра на гітары? Навуку гэтую спасцігаў у падваротні?

– Чаму ж? Спачатку самастойна, потым да выкладчыка ездзіў – ажно ў Баранавічы, бо збіраўся ў Баранавіцкую музычную вучэльню паступаць. Але нешта з тым выкладчыкам не склалася, i я паехаў вучыцца ў Гродна.

– Дык была за плячыма i дзіцячая музычная школа, раз у вучэльню збіраўся?

– Так, па класе баяна.

– А чаму баян? Бацькі інструмент выбралі?

– Я сам! На баяне іграла суседская дзяўчынка…

– …i Дзіма вырашыў, што ён не горшы?

– Мне дзяўчынка спадабалася! А з ёй – i яе інструмент.

– Вось яна, формула кахання i любові… да мастацтва! Уяўляю, як бацькі радаваліся за свайго "анёльчыка"!

– Ды яны не хацелі мяне музыцы вучыць: i за школу плаціць трэба было, i за інструмент. Але я так іх упрошваў – проста маліў. I яны, нарэшце, згадзіліся.

– Звычайна наадварот бывае: бацькі – "за", дзіця – "супраць".

– Як гады два павучыўся, i я быў супраць. Але тут ужо бацькі не дазволілі.

– Правільна! Няма чаго ўкладзеныя грошы на вецер пускаць, няма чаго па вуліцы гойсаць без усялякай справы!

– "Гойсаў" я "з веданнем справы": паралельна з музыкай займаўся яшчэ спортам – у ДЮСШ.

– Не, да атлета ты не подобны. Партнёрку, куды вышэйшую за сябе ростам, падымаеш, папраўдзе, без праблем – круціш-верціш "адной левай", сама бачыла. Дый на руках прайсціся "не слабо" – у той жа "Мэры Попінс". Але ж які з цябе Шварцнэгер? Hi сажня ў плячах, нi тупога выразу на твары.

– Дык я лёгкай атлетыкай займаўся, трохбор'ем: спрынтам (30 метраў, 60, 100), скокамі ў даўжыню i вышыню, але без шаста.

– Карацей, тымі відамі, што найбольш для артыста карысныя: каб па сцэне прабегчы ды праз яму аркестравую пераскочыць. Скажы, толькі шчыра: у артысты калі вырашыў падацца?

– Ды не збіраўся я ў артысты, нават калі скончыў Гродзенскую культасветвучэльню! У 1995 годзе ў складзе студыі "Забава" стаў дыпламантам конкурсу "Зорная ростань" у Віцебску.

– I гэта была яшчэ адна прыступка да эстраднага Алімпа. О, як блізка ажыццяўленне мары стаць спеваком! І раптам…

– Напярэдадні выпуску мы з хлопцам прыехалі ў Мінск "на разведку": прыкінуць, куды будзем паступаць праз год. Збіраліся, вядома, ва ўніверсітэт культуры. Але ішлі каля Акадэміі мастацтваў, а там якраз быў дадатковы набор на курс артыстаў музычнага тэатра. Мы i паспрабавалі. 

– Без падрыхтоўкі?

– Дык мы ж не збіраліся туды паступаць! Проста вырашылі схадзіць на праслухоўванне, сілы свае прымерыць, кансультацыю якую атрымаць. Хлопцам сказалі "дзякуй", а мне – "каб заўтра да 10.00 былі дакументы". Я паўночы па Мінску блукаў, разважаў: а ці трэба мне гэта? А потым патэлефанаваў дамоў, каб мне ранішнім цягніком дакументы выслалі. Думаў, артыстам, можа, i не стану, але ж атрыманыя веды на эстрадзе спатрэбяцца. Дый нельга ўпускаць шанц, калі яго сам лёс пасылае!

– А як жа з Гродзенскай культасветвучэльняй?

– Думаеце, кінуў? Не, атрымаў дыплом не толькі масавіка-забаўніка, але і – ніколі не паверыце – дырыжора аркестра рускix народных інструментаў. У Гродна ездзіў толькі на іспыты, а рэпеціраваў у Мінску, дырыжыруючы "пад магнітафон".

– Такім чынам, ты паспеў пабываць спеваком, гітарыстам, брэйк-"дансістам", спартсменам, дырыжорам… Астатнія прафесіі, я так разумею, набываў падчас уласна артыстычнай кар'еры: Бармалея ў "Айбаліце-2000", мастака ў "Мэры Попінс".

– Ну, "бармалеямі" ўсе мы часам бываем. А мастаком я i ў дзяцінстве паспеў пабываць. Напачатку ў мяне былі па маляванні адны "двойкі". Нават бацькоў у школу выклікалі: маўляў, што будзем рабіць. А ўсё таму, што я ляўша, а мяне прымушалі правай пісаць. Ад такіх "перавучванняў" я ўжо i заікацца пачаў – хаця, не: заікацца я пачаў раней, калі ў 5 гадоў у яму зваліўся ды вылезці не мог. А тут конкурс у школе аб'явілі – на самы фантастычны праект. I я намаляваў вялізнага, з сябе ростам, касманаўта.

– Мабыць, адной левай?

– Левай! Бо дома ж ніхто не кантраляваў. Мне далі галоўны прыз, я натхніўся – пачаў коміксы маляваць, яны па класе хадзілі…

– …з рук у рукі.

– Папулярнасць у мяне была – шалёная.

– З тваей знешнасцю i абаяльнасцю можна нічога не рабіць – i быць звышпапулярным. Асабліва сярод дзяўчат. Між іншым, слухаючы "гісторыю з баянам", я падумала, што "ў артысты" цябе спакусіла жонка. З боку паглядзець, дык Насця Грыненка, як прыроджаны рэжысёр, з чыста жаночай хваткай фарміравала сваю каманду – для большай вернасці, сямейную. На другім курсе прывяла ў Акадэмію мастацтваў свайго брата Аляксея – той таксама стаў артыстам, а да таго ж, яшчэ i перакладчыкам мюзіклаў, што ставіць Насця. Ты ў гэтых мюзіклах, акрамя ўласна акцёрскай iгры, выступаеш харэографам – сямейны падрад, дый толькі! Так што казку пра тое, як "мы з хлопцамі выпадкова iшлі", пакінь каму-небудзь іншаму.

– Ды мы з Насцяй толькі на занятках i пазнаёміліся! Будучыя артысты i рэжысёры займаліся ў адной групе па сцэнічным майстэрстве. Мы з ёй то адну сцэну любоўную рэпеціравалі, то другую. Барыс Пятровіч Утораў яшчэ вучыў нас, як правільна цалавацца, каб гледачам падабалася.

– Вам, відаць, таксама спадабалася, бо зараз вы ўдваіх цалуеце двухгадовую Ганульку Якубовіч. Дарэчы, наконт прозвішча: не даводзілася ў крытычным выпадку казаць, што ты сваяк "таго Якубовіча"?

– Навошта?

– Тады я жадаю табе, каб праз які час пра "таго Якубовіча" казалі, што ён твой сваяк. Бо мюзікл, на маю думку, – ці не такі ж моцны "сродак масавай агітацыі", як i тэлебачанне.

Надзея БУНЦЭВIЧ.
Культура. – 2003. – 12–18 крас.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: