Главная \ Пресса \ Нішто не праходзіць бясследна (1992 г., Народная газета)
« Назад

НІШТО НЕ ПРАХОДЗІЦЬ БЯССЛЕДНА

Задумайцеся, будучыя спонсары

Спачатку была канкрэтная справа.

У Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь месяц назад прайшла дабрачынная акцыя на карысць дзяцей-інвалідаў і дзяцей-сірот.

Юным гледачам з цяжкім лёсам быў паказаны спектакль "Стойкі алавяны салдацік", для іх арганізавалі бясплатны буфет. Былі падарункі з замежнай гуманітарнай дапамогі. Некаторыя дзеці атрымалі інвалідныя каляскі.

Вось якую канкрэтную добрую справу арганізавалі разам з адміністрацыяй тэатра і фінансавалі Беларускі дзіцячы фонд, малое прадпрыемства "БІТ" з асацыяцыі "Белэкс", таварыства інвалідаў.

Быў у добрай ініцыятывы і працяг.

У сакавіку на вячэрнія спектаклі тэатра прыходзілі бясплатна і дарослыя інваліды. У далейшым ёсць намер выдзеліць шэсць пастаянных месцаў для такой катэгорыі гледачоў. Спансіраваць гэтую задуму бярэцца вытворча-творчае аб'яданне "Логас". Аб'яднанне, дарэчы, ужо закупіла для дзяцей-інвалідаў з Першамайскага раёна Мінска 200 білетаў на ранішні спектакль.

Добрая справа неабходная не толькі тым, да каго мы праявілі спачуванне.

Яна неабходная і нашым сэрцам і душам. Бо нішто ў гэтым суровым свеце не праходзіць бясследна…

Віталь ЮДЧЫЦ,
галоўны адміністратар Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь.
Народная газета. – 1992. – 4 крас. – С. 5.