Главная \ Пресса \ Новая "Асоль" ці Прывід Елізар’ева? (Дзяніс Марціновіч, "Будзьма беларусамі!", 18.01.2013)
« Назад

НОВАЯ "АСОЛЬ" ЦІ ПРЫВІД ЕЛІЗАР’ЕВА?

Пастаноўкі спектакляў па творах нацыянальных кампазітараў — вострае і балючае пытанне для нашай культуры. У савецкія часы іх перыядычнае з’яўленне ў рэпертуары было абавязковым: мусіла ж дзяржава праяўляць клопат пра культуру нацыянальных рэспублік! На пачатку 1990-х гадоў здарылася пэўнае ажыўленне, але цяпер усё вярнулася да таго, што было некалі. З той толькі розніцай, што кіраўнікі тэатраў могуць самі вырашаць, ставіць ім ці не ставіць спектакль з музыкай айчынных аўтараў. У выніку на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета ідзе пяць спектакляў нацыянальных кампазітараў, у Музычным — тры. Большасць з іх паказваецца на сцэне дастаткова рэдка ("Дзікае паляванне караля Стаха" у Оперным — ледзь не раз на год). Чаму?

Узровень самасвядомасці нашай нацыі такі, што гледачы не ўспрымаюць айчынных кампазітараў як герояў ці як асоб, вартых вялікай грамадскай увагі. У дадатак радыё і тэлеэфір запаланіла эстрада не найлепшага гатунку. Таму кампазітары, якія працуюць у акадэмічных жанрах (опера, балет, сімфонія), знаходзяцца далёка не ў цэнтры ўвагі. Не аднойчы быў сведкам таго, як спектаклі з музыкай нават айчынных класікаў (Я. Глебава, А. Мдзівані) часам ішлі пры далёка не поўных, а дакладней, напаўпустых залах. У той жа час кіраўніцтва тэатраў, ведаючы такую глядацкую рэакцыю і, адпаведна, нізкія касавыя зборы, далёка не заўжды схільнае сустракаць кожнага кампазітара з вялікай радасцю.

Апошнім часам Музычны тэатр вырашыў зрабіць пастаноўкі на музыку нацыянальных аўтараў часткай сваёй стратэгіі. Яе праява — пастаноўка балета "Асоль", асновай для якога зрабілася аповесць "Пунсовыя ветразі" Аляксандра Грына (беларуса паводле паходжання і, дарэчы, сына паўстанца 1863 года). Аўтар музыкі балета, кампазітар Уладзімір Саўчык піша шмат, прычым у розных жанрах. Ён вядомы як таленавіты меладыст, аўтар многіх харавых твораў. Асновай для балета зрабілася сімфонія, напісаная аўтарам дваццаць гадоў таму (пазней яна зведала дзве рэдакцыі).

Прафесіяналы ўспрынялі музыку па-рознаму. Гэта паказала прэс-канферэнцыя, якая папярэднічала прэм’еры. Дырыжоры Алег Лясун і Марына Траццякова ў прысутнасці кампазітара заявілі, што яго партытура падобная на "стракатую коўдру". Трэба добра ведаць айчынныя рэаліі і схільнасць творчых асобаў пратэставаць у кулуарах, каб зразумець: гэта або крык душы, або сведчанне, што далёка не ўсе ў тэатры былі зацікаўлены ў такой пастаноўцы.

Прэм’ерны паказ засведчыў: дырыжоры, на жаль, шмат у чым мелі рацыю. Для аб’ектыўнасці заўважым, што асобныя фрагменты музыкі У. Саўчыка прыгожыя. Меладычныя, з ярка выяўленым рытмам, яны сапраўды танцавальныя. Але да ўзроўню маштабнай партытуры музычны матэрыял "Асолі" так і не ўздымаецца. Скразных тэм няма, структура нумарная і часам будуецца паводле прынцыпу: "А ў нас ёсць яшчэ адзін цікавы фрагмент…" Некаторыя эпізоды нагадваюць балет "Дон Кіхот", некаторыя — творы рускіх кампазітараў ХІХ стагоддзя.

Маючы такі зыходны матэрыял, бадай, толькі геніяльныя харэографы маглі выратаваць сітуацыю. Для аб’ектыўнасці скажам, што Уладзімір Іваноў паспрабаваў адысці ад шаблоннага ўспрымання "Пунсовых ветразяў". Ствараючы лібрэта, ён адмовіўся ад большасці знаёмых нам персанажаў (марака Лангрэна, старога Эгля), затое ўвёў у дзеянне Апавядальніка (Артур Іваноў). Згодна з сюжэтам, апошні выбірае сярод дзяўчат гераіню ўласнага аповеду — Асоль (Міку Сузукі). У будучым дзяўчына сустрэне і пакахае свайго абранніка — Грэя (Дзмітрый Лазовік). Але перад тым Апавядальнік праводзіць герояў праз шматлікія выпрабаванні і толькі пасля робіць магчымай іх сустрэчу.

Сама па сабе ідэя выглядае арыгінальнай, калі б не некалькі "але". У адным з інтэрв’ю харэограф Раду Паклітару выказаў думку, што класічны танцоўшчык мае невялікія шансы дасягнуць прызнання як харэограф. Прычына простая: цягам кар’еры прызвычайваецца як да традыцыі выкання пэўных балетаў, так і да пластычных рашэнняў пастаноўшчыка.

На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў лідарам айчыннай харэаграфіі быў Валянцін Елізар’еў. Цяпер на першыя ролі балетмайстраў выйшлі былыя вядучыя танцоўшчыкі яго трупы. Але пэўныя прычыны (доўгая праца ў цені мэтра і безумоўны ўплыў яго творчасці) пакуль не дазволілі ім гэтак жа ярка рэалізаваць сябе ў якасці пастаноўшчыкаў. Вучні Елізар’ева або выкарыстоўваюць і паўтараюць элементы яго харэаграфіі (як Юрый Траян у балеце "Трыстан і Ізольда") або парадзіруюць іх (Уладзімір Іваноў падчас пастановак танцаў у оперы "Чужое багацце нікому не служыць"). Так, у цяперашняга галоўнага балетмайстра Музычнага быў вельмі удалы дэбют — спектакль "Мефіста", пастаўлены ім у Музычным (цяпер яго няма на афішы, бо з тэатра сышлі выканаўцы вядучых партый). На поспех "Мефіста" паўплывалі прадуманае і глыбокае лібрэта Юліі Чурко, музыка Уладзіміра Кандрусевіча, аднаго з самых таленавітых беларускіх кампазітараў. У выніку нарадзілася адметная, арыгінальная харэаграфія. А ў "Асолі" Іваноў шмат у чым выкарыстаў драматургічную мадэль… елізар’еўскага "Шчаўкунка".

Мяркую, большасць чытачоў памятае казку Гофмана, у якой дзяўчынцы Машы падарылі цацку — Шчаўкунка, які ноччу ўступіў у барацьбу з каралём Мышэй і перамог яго. У свой час Елізар’еў, паставіўшы балет "Шчаўкунок" у Тэатры оперы і балета, вывеў на першы план постаць Драсельмеера — настаўніка Машы, які пераапранаецца ў караля Мышэй і такім чынам выпрабоўвае каханне Машы і Прынца.

Калісьці Уладзімір Іваноў з поспехам танцаваў у гэтым балеце партыю Драсельмеера. А што мы бачым у "Асолі"? Апавядальнік надзіва падобны на гэтага персанажа. Светлы і рамантычны Дзмітрый Лазовік куды больш нагадвае Прынца, чым Грэя (нават у сцэнах з картачнай партыяй ён больш падобны на анёла-херувіма, чым на разбэшчанага хлопца). Па сваіх знешніх параметрах тэхнічная Міку Сузукі — ідэальная Маша, менавіта маленькая дзяўчынка з балета "Шчаўкунок".

У першай дзеі "Асолі" Апавядальнік праводзіць яе праз выпрабаванні (сустрэча з русалкамі, наведванне таямнічага балю і знаёмства з піратамі). У нечым падобныя паміж сабой і другія дзеі абодвух балетаў — "Шчаўкунка" і "Асолі". І там, і тут харэографы зрабілі стаўку на дывертысмент (устаўныя нумары). У "Шчаўкунку" гэта японскія, французскія, рускія, персідскія і іспанскія танцы. У "Асолі" — цыганскі (які нагадвае фрагмент з другой дзеі "Дон Кіхота") і ўсходні, агульны рок-н-рол, які выглядае абсалютна недарэчна, а таксама сцэна картачнай гульні.

Будзем аб’ектыўнымі: у мастацтве сапраўды ёсць пэўная колькасцю сюжэтаў і тэмаў, якія могуць вар’явацца. Але кожны з іх павінен быць пераканаўчым. Харэограф "Асолі" ішоў услед за музыкай, але можа лепей ён бы гэтага не рабіў? Да ліку найбольш каштоўных і сапраўды паэтычных можна аднесці сцэны з русалкамі і піратамі. У першых ёсць лірызм, у другіх — дынаміка. У той жа час сцэна картачнай гульні зусім статычная, яна чамусьці вырашаецца выключна праз мізансцэны драматычнага спектакля і ігру акцёраў, якія купкай сядзяць у дальнім куце сцэны, але амаль не рухаюцца.

Заўважу, што моцны спектакль мусіць мець жорсткі драматургічны каркас. Калі нельга пазбавіцца ад пэўнага эпізоду, трэба памяняць яго на іншы, бо іначай "разваліцца" ўся структура. У "Асолі" можна скараціць, дадаць ці памяняць месцамі многія фрагменты. Прынцыпова нічога не зменіцца.

Ці азначае ўсё сказанае, што "Асоль" чакае лёс сваіх шматлікіх папярэднікаў, а значыць, непрацяглае знаходжанне ў рэпертуары? Як ні дзіўна, але не! Сцэнаграфія Валянціны Праўдзінай, якая мае яркае і нечаканае колеравае рашэнне, надае спектаклю казачнасць і шматмернасць. Маладыя артысты (і выканаўцы вядучых партый, і кардэбалет) танцуюць з задавальненнем і нават азартам. Дый гісторыя кахання (яшчэ і са шчаслівым фіналам) запатрабаваная ў шырокай аўдыторыі. А занадта простая музыка не стане перашкодай для аматараў Музычнага тэатра. Таму, хто прыйшоў проста адпачыць і прыемна прабавіць час, спадабаецца, таму, хто шукае мастацкіх адкрыццяў, лепей выправіцца на іншыя спектаклі.

Што тычыцца прывіду Валянціна Елізар’ева, дык ягоныя адкрыцці, ідэі і мастацкія здабыткі сапраўды блукаюць па Мінску. Не хачу выглядаць песімістам, але ў бліжэйшы час прынцыповых зменаў у беларускім балеце не чакаецца. А пастаноўкі ўзроўню "Асолі" цудоўна адлюстроўваюць яго цяперашні стан.

assol5 assol6

Дзяніс МАРЦІНОВІЧ.
Фота Анжалікі ГРЭКОВІЧ.

Сайт грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі!". 18.01.2013.