Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Падарожжа ў казку (1988 г., Настаўніцкая газета)

Падарожжа ў казку (1988 г., Настаўніцкая газета)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ПАДАРОЖЖА Ў КАЗКУ

Адна з апошніх прэм'ер Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР – мюзікл для дзяцей "Залатое кураня" кампазітара В. Уланоўскага.

Напэўна, самым галоўным крытэрыем у ацэнцы дзіцячага спектакля з'яўляецца рэакцыя залы. А яна была адназначнай: спектакль спадабаўся, яго прынялі безагаворачна. Думаю, што і дарослыя не пашкадавалі аб тым, што прывялі сваіх дзяцей у тэатр і самі прыйшлі разам з імі. Бо дарослыя і ўспрымаюць казку "па-даросламу", пазнаючы ў многіх яе героях сябе і свае, зусім не дзіцячыя, праблемы. Менавіта такой аказалася казка аб Залатым кураняці. Яна – пра дабро і зло, пра даверлівасць і каварства, пра шчырасць і бесчалавечнасць.

Цяжка пераказаць "сур'ёзнай" мовай сюжэт дзіцячай казкі. Таму я не стану гэтага рабіць. Скажу толькі, што яна сучасная. У ёй ёсць хітрая Ліса з дачай, машынай і багатым хвастом, ёсць стары, добры, але бяздомны Воўк, які складае вершы, і ёсць Залатое кураня – даверлівая маленькая істота. Без цяжкасці ўгадваюцца ў гэтых і іншых казачных персанажах людзі – дарослыя і дзеці, якія вельмі моцна залежаць адзін ад аднаго і ўплываюць адзін на аднаго.

Спектакль "Залатое кураня" – творчая ўдача яго пастаноўшчыкаў рэжысёра В. Яшчука, дырыжора А. Сасноўскага, сцэнографа А. Марозава і харэографа А. Шылянковай.

Спектакль атрымаўся вельмі арганічным. Гэтаму ў немалой ступені садзейнічаюць музыка і лібрэта мюзікла – іранічныя і дасціпныя.

Пастаноўка мюзікла варта ўвагі ўдзелам у ёй, у асноўным маладых акцёраў. Яны ўсе вельмі шчырыя і натуральныя. Асабліва прыкметная Л. Сучкова (Кураня), вельмі пластычная і артыстычная. У яе добрыя дыкцыя і вакальныя даныя, дзякуючы чаму тэкст і музыку яна прыпадносіць дакладна і выразна. У гэтых адносінах крыху прайгравалі I. Літвін (Ліса) і асабліва В. Барухін. Яго Воўк атрымаўся ў цэлым вельмі сімпатычным і добрым, але вакальныя эпізоды акцёру даваліся не без цяжкасці.

Пастаноўка мюзікла, якая ўдалася ў цэлым, падштурхоўвае на некаторы роздум.

Дзеці з уласцівай ім непасрэднасцю вельмі жыва ўспрымаюць усё, што адбываецца на сцэне, каменціруюць падзеі ўслых, хорам падказваюць героям, куды пайшла Ліса, напрыклад, або тое, што яна сцягнула з сабой Кураня, пакуль Воўк шукаў яму на абед чарвякоў. Акцёры ж нібыта не заўважаюць гэтых "падказак", застаючыся прывязанымі да тэксту лібрэта. Думаецца, у даным выпадку дапушчальна некаторае адступленне ад тэксту і ўцягненне ў жывы дыялог з гледачамі. Гэта значыць размова ідзе аб элементах акцёрскай імправізацыі, якая ўпаўне дарэчы ў канкрэтных сітуацыях сцэнічнага дзеяння. Прадугадаць рэакцыю дзяцей, зразумела, немагчыма. Але нельга пасля "каментарыя" "Ліса Кураня сцягнула!" стаяць, чакаючы, калі ж змоўкне гул, і задаваць пасля гэтага пытанне аб тым, куды ўрэшце рэшт падзелася Кураня? Дзеці ў разгубленасці, бо яны ж так гучна і дружна падказваюць. Няўжо Воўк не чуе?..

I яшчэ аб адным хацелася б сказаць. Калі ў тэатр прыходзяць дзеці – гэта заўсёды свята. I для іх саміх, і для работнікаў тэатра. На самай справе, як пераўвасабляецца зала, калі ў ёй знаходзяцца маленькія гледачы! I добра, што іх сустракае музыка, якая гучыць у фае. Але каб падтрымаць асаблівую святочную атмасферу, можна пачаць нават не з музыкі і, як кажуць, не з вешалкі, а значна раней. Напрыклад, з праграмак, якія прадаюцца ля самага ўваходу. Звычайныя, стандартныя праграмкі. Такія ж друкуюцца і для "дарослых" спектакляў. А добра б праявіць фантазію і для дзіцячых прадстаўленняў прыдумаць прыгожыя буклеты з ілюстрацыямі або фатаграфіямі сцэн са спектакля. Бо дзецям, прама скажам, не вельмі цікава, што "Залатое кураня" – гэта "Мюзікл для дзяцей у 2-х дзеях". I што, напрыклад, "заг. сталярнай майстэрні – Н. Нікіценка". Звесткі аб аўтарах спектакля і яго выканаўцах, вядома, неабходны. Але неабходны яны, у першую чаргу, бацькам. А спектакль жа – для дзяцей!

Бываючы даволі часта ў тэатры музычнай камедыі, я не раз звяртала ўвагу на адну з работніц, якая сочыць за парадкам у зале. I робіць яна гэта нярэдка са словамі "не стойце на праходзе", "адыдзіце ўбок" і гэтак далей.

Я тут жа ўспамінаю тэатр С. Абразцова ў Маскве, дзе на дзвярах службовых уваходаў напісана, напрыклад, не казённае "Пабочным уваход забаронены", а больш памяркоўнае: "Сюды ўваходзіць нельга..." Ужо адзін гэты надпіс сведчыць не толькі аб адносінах да маленькіх гледачоў, але і аб інтэлігентнасці работнікаў тэатра, якая выражаецца, аднак, і ў іншых вельмі важных дробязях. Вось бы некаторым нашым білецёрам і вахцёрам хоць бы крышачку ўнутранай культуры і такту...

Аднак хочацца ўсё ж вярнуцца да спектакля і павіншаваць з прэм'ерай тых, хто быў заняты ў яго падрыхтоўцы. Спектакль атрымаўся. Гледачы былі задаволены. Але ж праблемы засталіся, і яны чакаюць свайго вырашэння.

В. КАЦ-БРЫЛОН.
Настаўніцкая газета. – 1988. – 4 чэрв.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: